За старым, закінутым млынам

За старым, закінутым млынам,
Дзе зарослы заліў ракі,
Скачуць жоравы на лугавіне —
Танканогія шляхцюкі.
У цыбатых усё ў парадку:
Ежа ёсць, прайшлі халады,
Ім асіна пляскае ў ладкі
На касе ля балотнай вады.
Толькі я перапоўнены сумам.
Зросся я з гэтай весняй зямлёй
Не птушыным сэрцам бяздумным,
А трывожнай людской душой.
Мне лягчэй бы стала, напэўна,
Каб забыла мінулае ты,
Каб страла мая ўпала гнеўная
І ўваткнулася перад царэўнай
У гарлачыка ліст залаты.
Ты прыходзь, далёкая, любая,
Ты развей усмешкай тугу.
Пакладзі мне далонь на губы.
Не магу без цябе. Не магу.

Упершыню — У кн.: Вячэрнія ветразі.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 74, 75.

Яндекс.Метрика