Пісаць цікавей, з большай адказнасцю

(з выступлення на VIII з’ездзе пісьменнікаў Беларусі 14 — 15 красавіка 1981 г.)

Таварыш Быкаў зусім слушна гаварыў аб роўным, памяркоўным характары нашай літаратуры апошняга часу, аб тым, што яна губляе сваю ваяўнічасць, свой гнеў. Гэта мяне таксама дужа турбуе. Такая літаратура нагадвае паверхню якога—небудзь Марса, дзе з цягам часу ўсё выроўніваецца, горы рассыпаюцца, даліны заносяцца жвірам і рэльеф робіцца больш—менш роўным. Для літаратуры гэта кепска, і нам, таварышы, трэба думаць не толькі аб тым, што ў нас сёння свята, а ўсур’ёз устрывожыцца гэтай тэндэнцыяй да спакойнай ураўнаважанасці духу літаратуры.

Сапраўды, большасць таго, што мы пішам і друкуем, сведчыць толькі пра тое, што мы ўмеем пісаць. Але ўмелі пісаць таксама і валасныя пісары… Бяда наша — сярэдні ўзровень, шэрасць.

Турбуе тое, што творы нашы ўсё менш выклікаюць спрэчак. На вялікі жаль, здараецца яшчэ і так, што творы, якія маглі б усхваляваць, прымусіць думаць, спрачацца, штучна прытупляюцца або не пускаюцца ў свет праз лішнюю «осмотрительность» некаторых рэдактараў.

Яшчэ адна бяда, аб якой гаварылася, на жаль, мала, — гэта невыразнасць, нівеліраванне мовы, што таксама спараджае шэрасць у літаратуры.

Што зробіш, агульная урбанізацыя адбываецца і ў нас. Аднак пішам мы ў большасці шэра, нецікава і тым самым адштурхоўваем і таго чытача, які ёсць. Кніжны бум праходзіць; няхай нас не цешыць тое, што кніжкі нашы разыходзяцца: нас выручае мода на прыгожыя кніжкі, але мода пройдзе, пройдзе гэты бум (мэблевы, можа, не пройдзе, а кніжны пройдзе). Тады становішча будзе незайздроснае. Мне будзе дужа шкада, калі, скажам, унукі нашы не будуць чытаць раманаў прысутных тут пісьменнікаў. Як унікнуць такога становішча? Пра гэта трэба думаць сёння.

Мы ўсе павінны знайсці слова для новых з’яў, для новых рэчаў, новага свету. Трэба памятаць, што мы самі шкодзім і сабе, і народу нашаму, пішучы рэчы пасрэдныя. Пісаць трэба цікавей, пісаць з большай адказнасцю. А то іншы раз мы займаемся бог ведае чым, толькі не той справай, да якой закліканы.

Упершыню — «Літаратура і мастацтва», 1981, 24 крас.

Яндекс.Метрика