Зброя — Раздзел II

Алесь і не думаў хадзіць да тытуннікаў, тым больш да людзей свайго кола.

Ён занадта добра ведаў іх, і жыццё маскоўскага дваранства не выклікала ў ім нічога, акрамя пагарды.

Рэформа не змяніла іх. Такога не дазволіў бы сабе ні Раўбіч, ні Клейна, а гэтыя і цяпер дасылалі старога слугу ў паліцыю з запіскай:

— Хочаш і надалей есці мой хлеб — ідзі і дай сябе адхвастаць.

— Куды ж я пайду ад вас? Я і не ўмею нічога.

— То ідзі.

Усё ў іх сваё, дамарошчанае. І прыслуга, і большая частка прадуктаў, і свечы, і нават мудрасць. Гэтая мудрасць была затхлая, як паветра ў іхніх пакоях, начыста пазбаўленых вентыляцыі, засмуроджаных курэннем «смолак»1.

Было ў іхнім жыцці і сімпатычнае, бо яны былі гасцінныя і ветлівыя людзі, і дамы іхнія заўсёды былі перапоўнены прыжывалкамі, але тое, як яны трымаліся чына і месца, — вось што было страшна.

Нельга было ўявіць сабе, што тут Майцы, нявесце ягонай, ніхто не дазволіў бы адной хадзіць па вуліцах і чытаць што-небудзь, акрамя маральных да абрыдлівасці ангельскіх раманаў. Нельга было ўявіць сабе, што тут Вацлаў, брат, павінен быў бы маўкліва згаджацца з заўвагамі старэйшых, няхай нават бязглуздымі.

Нельга было ўявіць сабе, што тут ён, Алесь, павінен быў бы хаваць свае сімпатыі нават да Граноўскага, ужо не кажучы аб Шаўчэнку.

Ліберальныя гурткі, якіх было шмат, хаваліся. Рэдкія выступленні моладзі канчаліся разгромам і маўчаннем. Грамадскасць сурова асудзіла тых хлопцаў, што ішлі за труной дзекабрыста Трубяцкога. Калі пачаліся студэнцкія хваляванні і масы студэнтаў прыйшлі на Цвярскую плошчу да генерал-губернатарскага дома з патрабаваннем адпусціць арыштаваных сяброў — на іх напусцілі паліцыю. Жандары абкружылі студэнтаў і жорстка збілі іх ля мура гасцініцы «Дрэздэн», што супраць губернатарскага дома. Гэта было зусім нядаўна, у кастрычніку шэсцьдзесят першага.

— Бітва пад Дрэздэнам, — горка жартавалі збітыя. А старыя бурчэлі:

— Справядлівасці ім захацелася, нігілістам. Хадзілі б сабе па знаёмых на тынцы, гулялі ў шарады, частаваліся, яблыкі елі б. Цукеркі ад Эйнема, Studentenfrass, batins de roi de Negovi, le quatre mendiants2 — як добра!

Просты пачастунак, але здаровы. Іншага ім, бачыце, пачастунку захацелася — вось і атрымалі.

Пачуццё брыды выклікала гэтае зларадства над чысцінёй. Лаялі новае — а чаго дабіліся за свой век? Хіба што пагубілі дзяржаву і зрабілі яе сімвалам усякага гвалту, сімвалам развалу. Нават тут, у горадзе.

У горадзе была вышэйшая на ўсю Эўропу смяротнасць: з тысячы паміралі трыццаць тры — таму што снег і гной ніколі не звозілі, а сметнікаў ніколі не чысцілі… Двары патаналі ў памыях і адкідах, з крам ішоў смурод разлажэння, па прыбіральнях гойсалі пацукі (на ўвесь горад ледзь-ледзь з’явіўся першы дзесятак ватэрклазетаў, і іх паказвалі гасцям, як дзіва).

Паўз Ахотны рад нельга было праехаць, а жыхары куплялі тут ежу.

У горадзе нішто не забяспечвала абывацельскай бяспекі, і пешаходу часта даводзілася разлічваць толькі на сябе. Калі ўначы з бульвараў далятаў «гвалт!» — жыхары мацней зачыняліся ў сваіх кватэрах. Адзінай «дапамогай» было адчыненае акно, у якое голасна крычалі: «Выходзім! Трымайся!..» На вуліцу выбягалі толькі найбольш мужныя. І ўсё гэта аніяк не датычылася паліцмайстра Агарова, які замест дзейсных захадаў займаўся фліртам з актрысамі.

Сум Алеся па дому, калі яму даводзілася трапляць сюды, з часам рабіўся нясцерпны. Ён не ведаў, як магчыма тут жыць. І ў гэты прыезд толькі мэта, дзеля якой ён сюды прыехаў, суцішвала бязмерную настальгію. Трэба было дачакацца вясны, калі адсюль звязуць у Маскву катаржан, вясны, калі пачынаюць адпраўляцца па Ўладзімірцы этапы. Нельга было пакінуць Андрэя, дзядзькаванага брата, самага ўлюбёнага з усіх Кагутоў — калі не лічыць Кандрата — друга, паплечніка, чалавека, які пакутаваў, у пэўнай меры, з-за яго. Нельга было, каб ён уздымаў кайданамі пыл, каб цягаў тачку, каб з яго здзекаваліся, каб ён жыў сярод чужых. А час да вясны трэба было выкарыстаць на куплю зброі.

…Вечарам таго самага дня Алесь даслаў Кірдуна ў «Дрэздэн», да Маеўскага. Там усё было на месцы, і фальшывыя пашпарты вярнулі з паліцыі без аніякіх заўваг. Кандрат паспеў пасябраваць з гасцінічнымі слугамі і непрыкметна зведаць ад іх, хто з дворнікаў і персаналу звязаны з сыскам. Выявілася, што купец Вакх Шандура са слугою ніякіх падазрэнняў сваёй персонай не выклікаў.

Алесеў загад Мсціславу быў ранейшы: сядзець ціха, у меру «гуляць», часам ездзіць для «здзелак» у Кітай-горад, але «сутнасць сваіх камерцыйных спраў» трымаць у сакрэце.

…Вечарам наступнага дня князь Загорскі паехаў на Ўзвіжанку, у прыватны цырк Сулье, і там сустрэўся з прадстаўніком зямляцтва ў Маскве. З купляй зброі справы ў «землякоў» былі дрэнныя. «Белая» група, як багатая, павінна была выдзеліць на гэта грошы, але, відаць, спалохалася. І тут быў недавер, панская пагарда і дрэнна прыхаванае пабойванне перад беларусамі. Усё гэта так абрыдла Загорскаму, што ён вырашыў самым рэзкім тонам патрабаваць у Кастуся адмежавацца ад усёй гэтай навалачы.

«Ублытаюць у сваю справу, падманам прымусяць каштаны з агню цягаць, а потым здрадзяць, як гэта ўжо сто разоў бывала. І пойдуць „браткі“ зноў здыхаць пад чужымі сцягамі. І пойдзе гуляць па нашых спінах бізун. А і пераможам — будзе тое самае рабства. Беларусі, бачыце, яны патрабуюць, старых, велікапольскіх, межаў. А хто спытаўся ў беларусаў, хочуць яны гэтага ці не? Гарматнае мяса ім патрэбна, а не сябры. Як не лічыліся з намі, так і не будуць лічыцца, пакуль карцеч і шыбеніца іх чамусьці не навучаць, як заўсёды, запознена».

Глухое абурэнне аж душыла Алеся. Невідушчымі вачыма ён глядзеў на выбрыкі клоўна Віля, на дзівосна прыгожую наезніцу Адэль Леангарт і ведаў, што большасць гэтых ягоных думак прападзе марна, што «белыя» пачнуць бунт, калі гэта будзе выгадна ім і толькі ім, у самы непадыходзячы для Беларусі і Літвы момант. А «чырвоныя» не палічаць за магчымае кінуць іх у бядзе і таксама выйдуць са зброяй. І атрымаюць «узнагароду» за прыроджаную пыху.

А варта было б кінуць. Варта было б правучыць за фанабэрыстасць. Як бы адразу заскакалі?! Якія б абяцанні пачалі даваць?! Якія адразу «дарагія» сталі б «правінцыялы»? Як бы адразу пачало «паважаць» іхнюю чалавечую і народную годнасць гэтае паршывае панства?!

…Гінуць за чужога дзядзьку. Якая лухта! Якая трагічная памылка! Без імя, без правоў лезці ў чужую кашу, для пана, які пагарджае «тутэйшым хамам». Дабіцца толькі таго, каб уласнае адраджэнне назвалі «польскім мяцяжом», або, у лепшым выпадку, «вынікам польскай інтрыгі».

Ён ведаў: усе сілы свае ён пакладзе на тое, каб гэтага не было. Калі паміраць, то паміраць за сваю волю і веліч. Не паўставаць, калі белае панства наплюе на інтарэсы Беларусі. Хай гінуць!

І няхай нават потым нехта назаве гэта «здрадай». Чужыя здраджвалі гэты бедны народ тысячу разоў. Няма чаго служыць чужым. Мы ім не негры. Хай скачуць у паветры, хай хрыпяць пад тымі вербамі, з якіх столькі год рэзалі розгі на беларускую спіну. Чысцейшае будзе паветра.

…Нешта дні праз два ён гаварыў аб гэтым з прадстаўніком «чырвонага» крыла варшаўскага зямляцтва і з прадстаўніком расейскай «Зямлі і Волі». З першым сустрэўся ў Праломных варотах Кітай-горада, на рынку лубачных кніг. З другім — у славутым гроце Аляксандраўскага саду, запушчаным, спісаным непрыстойнымі надпісамі самага бруднага і жывёльнага тону.

Абодва хлопцы абяцалі «падумаць» над гэтым. Алесь і не спадзяваўся ні на што іншае. Яго справядлівае абурэнне збоку магло выглядаць як спроба завесці несвоечасовыя звады. Ну і д’ябал з імі. Неяк абыдземся.

А між тым і таму і другому варта было над гэтым падумаць. Алесева ідэя датычылася і палякаў і расейцаў. Палякаў таму, што іхняе слова і іхні нацыянальны гонар былі заталочаныя ў гразь. Расейцаў таму, што іхняе становішча таксама было небліскучае.

Як гэта ні дзіўна было, але расейская навука, мастацтва, літаратура таксама знаходзіліся ў стане самага глыбокага крызісу. Сялянства не чытала зусім, мяшчанства і купецтва абыходзілася «Ерусланам Лазарэвічам» і жывацела ў стане самага страшнага бескультур’я і быдлячага свінства. Астыла любоў да роднага слова і літаратуры нават у асвечанай праслойкі. Дваранства ледзь не канчаткова кінула родную мову і, у большасці сваёй, не чытала нічога, акрамя французскіх раманаў.

Алесь з жахам упэўніўся ў гэтым. З кожным днём больш і больш яму здавалася, што расейскія калегі павінны з гэтай прычыны біць у набат і, праз свой глыбокі боль, асабліва добра разумець падобны боль суседа. Нічога такога, аднак, не было. Нават самыя перадавыя цікавіліся больш палітыкай, чым пытаннем, як жыве свая мова, свая культура. А ўмовы іхняга існавання былі страшныя.

Высока трымаў сцяг адзін Малы тэатр, і таму нешматлікія людзі, якія адчувалі трывогу, не проста любілі, а абажалі яго. Астроўскі быў у іх богам. Садоўскі, Шумскі і Самарын — апосталамі. Але і тут не было поўнага «ансамбля», і тут заўсёды грашылі ў сэнсе дэкарацыі, гістарычнай праўды, касцюмаў. Волаты ігралі побач з пігмеямі. І Алесь не мог не думаць, наколькі нават гэты тэатр у адносінах да ансамбля, да вернасці, аксесуараў, да сыгранасці — наколькі ён ніжэй за тэатр у Вежы. Такіх мужчын у Вежы, вядома, не было, калі казаць аб коміках (хто мог стаць побач з Провам Садоўскім?!), але затое якія слабыя былі актрысы ў параўнанні з Геленай! Нават Фядотава.

Кульгала і рэжысёрская частка. Паўзы і збоі часам былі нясцерпныя.

…Калі так было ў лепшым тэатры — што ўжо было казаць аб астатніх.

Оперная расейская трупа літаральна жывацела, бо яе забівалі італьянцы. Bel canto3 відавочна перамагала слабую яшчэ расейскую школу. Нікога не цікавіў сэнс слоў і гульня акцёраў.

Антрэпрэнёр Марэлі пры ўпамінанні расейскай трупы і расейскай музыкі пагардліва крывіў вусны. І, у пэўнай меры, меў рацыю. Добрых галасоў амаль не было. Дэкарацыі былі зацяганыя і бедныя. Халатнасць і абыякавасць трупы і кіраўнікоў кідаліся адразу ў вочы. І таму партэр амаль пуставаў, ложы наведваліся па кантрамарках, і толькі на галёрцы была сякая-такая публіка.

Слабы бедны хор з абрыдлівымі галасамі: басы, якія равуць, як бугаі на арэне, поўная нясыгранасць — глядзець на ўсё гэта было балюча. Словы «тише, тише» спявалі на самых высокіх нотах. Пры словах «бежим, спешим» стаялі на месцы. Плявацца хацелася.

Алеінавыя лямпы люстраў часта лопаліся і дымелі. Калі ў царскія дні палілі замест іх свечы — на галовы гледачоў плыў стэарын. Сеткі пад люстрай яшчэ не было, і часам гарачыя асколкі лямпавага шкла падалі на людзей.

І, галоўнае, нічым гэтага, па агульнай абыякавасці, нельга было выправіць. Да таго ж дурні з цэнзуры літаральна рэзалі ўсё свежае. Даходзіла да недарэчнасцей нават у дробязях. Назва оперы па-італьянску заставалася той самай (усё адно Іван не разбярэцца), а на расейскую мову перакладалася зусім іначай. Нашто ўпамінаць такое небяспечнае імя, як «Вільгельм Тэль», — хай опера завецца «Карл Смелы».

Нашто бузаваць царкву, упамінаючы назву «Прарок»? Гэта ж блюзнерства! Няхай завецца «Аблогай Гента».

…Тое самае, што з тэатрам, адбывалася і ў мастацтве, і ў архітэктуры, і паўсюль. І, аднак, людзі не зважалі на гэта.

Яны маглі дазволіць сабе такое. Алесь — не мог.

  1. У старых маскоўскіх дамах, калі паветра рабілася нясцерпна цяжкае, не адчынялі фортак (часта іх зусім не было), а курылі «для асвяжэння» смолкай, конусападобнай пасудзінай з бяросты, набітай смалою з домессю чагосьці накшталт ладану. Яе распальвалі жарынкай і насілі па пакоях. Парадныя пакоі «асвяжаліся» распаленай цаглінай, пакладзенай у таз з мятай і воцатам, або жароўняй, якую палівалі парфумай.
  2. Студэнцкі пакорм… каралеўскія пернікі… Чатыры жабракі (то бок разынкі, чарнасліў, фісташкі і міндаль).
  3. Стыль вакальнага выканання, што вызначаецца спявучасцю і лёгкасцю.
Яндекс.Метрика