Зброя — Раздзел IV

Елі і пілі ў Маскве па-рознаму. Але словы «Масква любіць і ўмее паесці», «маскоўскі культ гастраноміі», «магістры наконт пад’есці» — датычыліся той Масквы, што трымала хатніх кухараў і ела ў рэстарацыях, а не той, што купляла на «царскім рынку» па тры капейкі флякаў, загортвала іх у брудную паперу і несла, у якасці закускі, у кабак.

Першую Маскву Алесь ведаў добра. Суботнія абеды Ангельскага клуба, ягоная юшка, якую варылі раз у год і якая лічылася лепшай на свеце (нічога яна не вартая была ў параўнанні з Азярышчанскай, калі два разы ў адной вадзе вараць тэрхаляў-акунёў ды насачоў-джгіроў, а потым кладуць, пакуль у рыбіны вочы не пабялеюць, у булён сцярлядак, ды перац, ды цэльную рэпчатую цыбулю, ды яшчэ з лазовым дымком, ды з блакітам над галавою або месяцам на вадзе); Купецкі клуб, які пачынаў біць славу Ангельскага; французская кухня рэстарана «Шэўрые» ў Газетным завулку, «Дюсо» і «Ангельшчына» на Пятроўцы; сціплы, але грунтоўны стол «Яра», тады яшчэ не сапсаванага раскошай; «Эрмітаж» — дзіўнае спалучэнне тракцірных парадкаў і вытанчанай французскай кухні.

Дзівосныя па кантрастах сталы ў «Дрэздэне» і «Брытаніі» — і крыкліва-безгустоўныя, але смачныя, сталы на купецкіх банкетах: «Кансаме а-ля Барацінскі», або «Бафер дэ Пядро» з піражкамі «Рысалішасэр», або з валаванамі «фінанс’ер»; Шафруа з перапёлак з таючым страсбургскім паштэтам і падлівай правансаль; асятры «а-ля Русь» (пісьменнасць купецкая кульгала) з падлівай «Аспергез» (абы падзівосней, абы не хатні барановы бок і дзве сотні ракаў пад піва). Да асятроў — мандарынавы пунш, а пасля іх смажаніна, таксама ўся нетутэйшая: «фазаны кітайскія», «рабчыкі сібірскія», «пулярды французскія». Сярод усёй гэтай заморскай камарылы сіратліва стаялі «курапаткі чырвоныя» і «сядло з касцявым мозгам па-сялянску». А потым зноў ішло буянства «салатаў рамэн са свежымі агуркамі» і «саварэнаў з французскай садавінай».

Гасцей пасля такога цягнула на капусту і квас, які распівалі ў задніх пакоях.

Тысячы гаспадарак працавалі на гэта: аранжарэі, гароды, жыварыбныя садкі ля Маскварэцкага моста (рака была яшчэ параўнаўча чыстая, так што аршынныя жывыя сцерлядзі маглі плаваць у садках месяц-два), грыбныя кірмашы, рынкі — чэрава вялікага горада, яго абжорная душа.

І тракціры, якія, што датычыцца кухні, пабівалі рэстараны: той жа «Наватроіцкі», «Цестаўскі» ў доме Патрыкеева ды «Вялікі Маскоўскі» Гурына. Зайсці туды свежаму чалавеку было страшнавата: затхлыя брудныя сходы з дрэнным вузкім дываном, затэрханым нагамі, і поручнямі, абцягнутымі чырвоным сукном, гардэроб, прылавак з гарэлкай і перастаялай закускай, зала са столікамі і канапкамі на чатырох, кабінеты, фартэпіяна. Але затое ежа была — не ўясіся. І танна. І многа, так што нават палову порцыі мог з’есці толькі прывычны.

Малочныя парсюкі на блюдах, як немаўляты з Назарэі, сутачная капуста з кашай, падрумяненыя, тлустыя, як адкупшчыкі, расцягаі, сялянкі, пажарскія вагнедышныя катлеты, расольнік — нектар п’яных, бліны з ільснянай чорнай ікрою, падовыя пірагі, прывабныя, як смяротны грэх. І ўсё гэта ў меру нячыста або, наадварот, чыста да халоднасці, але смачна — язык праглынеш. Чыста гатавалі ў беспапоўца Ягорава, дзе было забаронена курыць і паўсюль віселі іконы старога пісьма «з негасімымі».

Затое ў Гурына курылі, і пераважна з доўгіх чубукоў самога тракціршчыка, устаўляючы толькі ў іх свежы муштук з гусінага пяра. Палавыя ў яго былі чыстыя, сцяпенные і строгія — не забалуеш. Віны — лепшых склепаў, але моладзь на віны налягала рэдка, і сучасныя амерыканцы, пэўна, страшэнна здзівіліся б, даведаўшыся, што іхнія кактэйлі маскоўская вынаходка і прыдумана маладымі заўсёднікамі гурынскага тракціра.

Сухіх гатункаў яшчэ не было, «Лампапо» пілі аматары… Відаць, усё пачалося з таго, што моладзі абрыдла цягнуць з лёду «Рэдэрэр Сілеры». Спачатку пайшлі айчынныя «яршы» накшталт «мядзведзя», сумесі гарэлкі з портэрам, а потым, ад захопленага стану, і кактэйлі.

Першапродкам, прабацькам, Адамам усіх кактэйляў быў продак сучаснага «маяка», хаця і са змененымі інгрэдыентамі. Назва ў яго была прасцецкая і неавантажная: «Турка». Бралі высокі і ёмісты, «замястоўны» келіх, да паловы налівалі яго лікёрам мараскінам, выпускалі туды сыры жаўток, далівалі каньяком і выпівалі ўсё гэта нагбом.

Тракціраў было шмат. Але Бубнаўскі быў самы адметны, самы багаты наведвальнікамі («чым горш, тым лепш») і самы страшны з усіх.

Па вузкіх, страшэнна стромых і небяспечных сходах яны спускаліся ў сутарэнне пад тракцірам, славутую «бубнаўскую яму». Недзе высока засталіся «чыстыя пакоі» з купцамі, прыказчыкамі, парай чаю і гандлёвымі здзелкамі.

— Дваццаць прыступак, — глуха даляцеў аднекуль знізу голас Чыўіна. — Лічыце там, не аступіцеся.

Ён ішоў наперадзе, як Вергілій. За ім спускаўся ў цемру Алесь: з прыступкі на прыступку. Макар замыкаў шэсце, як той анёл-ахоўнік, што збярог для культуры і паэзіі Дантаву душу.

А знізу насустрач ім усё мацней і мацней аддаваўся нейкі дзіўны гул, падобны на пякельныя скаргі: бурчанне, прагны крык, лямант адчаю, хрыплы, нібы трыумфуючы смех, брыдкая лаянка, плач.

Нехта рыдаў, нехта глуха біў чымсьці аб сталешніцу, — магчыма, галавою, — нехта скуголіў, нехта крычаў тым ачмурэлым дзікім голасам, якім крычаць, калі здасца зялёны змей ці «дэман зла».

Бу-бу-бу… Божа… Божа… Божа… Бу-бу-бу.

— Чырвоныя сабакі… як сліва… І шчыты на мордах… Біце іх, біце іх…

— Палав-вы, жалаю казённай… Салоны гурок з вяндлінай…

— Спай-маў, глядзі ты… Спаймаў… Во, поскудзь!..І язык высалапіў…

— Ты яго пад пузам паласкачы або — крыж на яго, нячыстую сілу.

— І вось, разумееш, тут табе храм мастацтва, а я бяру яе за азадак…

— Усе яны так… Ты лепей налі.

Вялізны нізкі склеп, глыбокая падземная яма без акон, з адзіным уваходам. Некалькі сталоў з абрусамі, падобнымі на анучы, «трупы» смяротна п’яных ля сцяны.

Астатняе ўсё разгароджана на маленькія каморкі, дзе з дзвярыма, а дзе і з занавескамі замест дзвярэй.

Цьмяна, як у лазні, свяцілі праз выпарэнні, туман і дым сінія газавыя ражкі.

— Як тут Бабкіна Пуда Іюдавіча знайсці? — спытаў Чыўін у палавога.

— Унь, — торкнуў пальцам у адну з каморак хлопец з разбойніцкай мордай. — Пэўна, яшчэ цвярозы. Яны пад раніцу набіваюцца гэтай гарэлкай, што больш не ўваб’еш.

Зайшлі ў аддзяленне. Газавы ражок. Стол. Чатыры крэслы. Акрамя іх — толькі-толькі стаць палавому. Перагародкі з голых дошак. Смурод і бруд. Адусюль такі крык, што молатам б’е ў галаву. За сталом, апусціўшы галаву на ліловы ад віна — хоць выціскай — абрус, спіць чалавек у кафтане старога пакрою.

Алесь адразу хацеў ісці. Але чалавек узняў галаву, і пад ёю аказалася ўцірка, складзеная ў дзесяць столак.

— Га?

Твар быў бледны ад вечнай цемры, пракуранага паветра і віна, але шырокі, разумны. Невялікая бародка. Валасы стрыжаныя ў скобку, але радок не пасярэдзіне, а трохі збоку — шыкарней.

— Што ж гэта вы сябе так забіваеце? — спытаў Чыўін. — Хіба так можна? Без паветра, без святла.

— А вам што? Вы хто такія?

— Мы ад начотчыка.

— А-а… Палавы!

Палавы з’явіўся адразу: відаць, падслухваў. Надта ўжо дзіўны быў у гэтым скляпенні Алесь.

— Бліноў на загавіны. З цешай. Усім… Ікры накладзі ў місу ды цыбулькай — ёю, родненькай… Ды гарэлкі.

— Якой загадаеце?

— Маёй… Самай таннай… З чырвонай галавою… А калі будзеш пад дзвярыма стырчаць — гарчыцай нос вымажу і прымушу з гэткім носам дзве гадзіны стаяць.

І звярнуўся да гасцей, якія ўжо расселіся:

— Ну…

Алеся муціла ад дрэннага паветра, ад дыму, ад галасу і рыку, ад гукаў непрабуднай п’янкі, якая, відаць, ніколі не канчалася.

— Начотчык загадаў прыкалоць флейты ад кіслай воўны па ер-ведзі-он, — сказаў Алесь.

— Гм, — Бабкін уважліва глядзеў на яго. — Ну добра, выпіце, пакуль тое, пасядзіце.

Палавы ўжо стаяў у дзвярах. Усе аж здзівіліся. Нібы абрус-самабранка ляжаў у яго за дзярыма. З’явіўся чортам з табакеркі і ўжо ставіў на стол стосы бліноў, паліваў іх маслам, ляпаў на голыя дошкі (абрус таргануў мезенцам і кінуў у кут) талеркі і нажы.

Знік на хвіліну і паставіў на стол чатыры халодныя бутэлькі.

— За гэта — люблю, — сказаў Бабкін. — А валасы ўсё адно павыдзеру. Ты гэта по-омні.

Алесь даў палавому рубель — толькі каб хутчэй знік. Яго муціла, ён баяўся, што можа званітаваць проста ў кут.

— Тут наконт гэтага проста, — сказаў Бабкін. — Блюй, галубчык, прыбяруць. Таму і сядзім, што проста. Жанчын няма — хочаш — лайся, хочаш — крычы. І не трэба нам, «трагладытам», нічога, акрамя каб не чапалі нас. Ні неба, ні святла, ні паветра, ні шчасця.

— Не разумею, як вы можаце тут піць, — сказаў Алесь.

— І ты выпі. Вось убачыш — адразу дапаможа… Ну, за справу…

Алесь выпіў пахучую гарэлку. Яна была абрыдлівая, і, аднак, яму сапраўды палегчала. Не так назаляў галас, дый нос не так заўважаў смуроднае, аж ліпучае, туманнае паветра.

— Прыцярпеўся, — сказаў Бабкін. — Ды гэта што? Ты адсюль выберашся ды, пэўна, у лазеньку паедзеш, парай бубнаўскі смурод выганяць. А што рабіць тым, якія тут гадамі… усё жыццё… акрамя ночы?

— Быць не можа, — сказаў Алесь.

Дзікі крык аддаўся недзе, лямант, скавытанне.

— Вось, — сказаў Бабкін. — Гэты тут умудрыўся вялікае багацце, нязмерную маёмасць прасадзіць… У палавога спытайце… Па імю бацьку ўсіх такіх кліча. Елізараў, напрыклад, Флегонт Савіч, тут дваццаць год сядзіць… У краме — прыказчыкі. А ён кожны дзень тут выпівае сорак чарак віна і гарэлкі.

— Брахня, — сказаў Макар.

— Малады ты ошшо, — павучальна сказаў Бабкін. — Гэты яшчэ мала. Ёсць такія, што за тыя ж гады кожны дзень па пяцьдзесят — шэсцьдзесят чарак п’юць. Во гэта дык майстры… Я падлічыў… Дваццаць адна тысяча дзевяцьсот чарак у год… Чатырыста трыццаць восем тысяч чарак за дваццаць год… Дзвесце дзевятнаццаць вёдраў… Пяць з паловаю саракавядзёрных бочак… А вы кажаце, брахня… Гэта, брат, сіла нязмерная… Трагладзіты. Людзі апраметнай.

Еў бліны, скручваючы іх пакуначкам і двума-трыма рухамі сківіц адпраўляючы ў рот. Скончыў з імі.

— Дык, кажаце, флейты?.. А купіла хопіць?

— Колькі іх у вас? — рэзка спытаў Алесь.

— Знойдзем.

— Карты на стол… Колькі?

Бабкін глядзеў на яго ўважліва і пільна. Потым, відаць, зразумеў: гэты не прадасць.

— Дзве тысячы, — ціха і вельмі важка сказаў ён.

У Алеся пацямнела ў вачах. На хвіліну паплыў кудысьці, стаў аддаляцца і знікаць пякельны голас бубнаўскай дзіркі. Потым гукі лінулі зноў.

— Дзе тавар? — непарушна спытаў ён.

— Грошы, — сказаў Бабкін.

Чыўін штурхнуў быў Алеся ў бок, але той ведаў, што рабіць. Справа была не ў грошах, справа была ў штуцэрах, адзіных, патрэбных, як паветра, тых, за якія ён з ахвотаю, хоць сёння, заплаціў бы жыццём.

— Паўтары тысячы, — пасунуў ён да Бабкіна тры крэдытныя білеты.

— Астатнія?

— Астатнія — напалову ў банку Лемана, напалову — па чэку. Атрымаць — у канторы Вішняковых. — Алесь пісаў на лістках чэкавай кніжкі. — Ведаеш іх?

— Чаму не. Фірма вядомая, з французскага пажару сядзяць на Малой Якіманцы. Золатапрадзільні, можна сказаць, на ўсю імперыю. А яны што, ведаюць вас?

— Грошы ўнесены. А ведаць ім мяне — без патрэбы.

— Хі-ітры, — сказаў Бабкін. — Ану, дай глянуць.

— Глядзі.

— Шэсць тысяч пяцьсот? Гэта за што ж лішнія пяцьсот сорак?

— За камісію.

— А калі я гэта — у кішэнь?

— Тут адзін подпіс. А гэта абгаворана. Толькі пасля другога. А другі — калі тавар будзе агледжаны, упакаваны і адасланы на месца… Давай… Дзе?

— Ля Смаленскай заставы, — сказаў Бабкін. — Вось табе адрасок… Вось табе і словы: «Флейты прыкалолі… шпількі ў нас… за падман — шпільку ў сэрца».

— Гэта каму? — усміхнуўся Алесь.

— Ім, — сказаў Бабкін. — Гужавы абоз наймі дзе хочаш. Не мая гэта справа. Не мне ў яе тыркаць нос. А табе на камісійных — дзякуй, невядомы купец… Пі гарэлку… Помні бубноўскую дзірку…

— Вып’ю, — сур’ёзна сказаў Алесь.

Ён умеў, калі трэба, не грэбаваць. Гэтая філія пекла была таксама кутком зямлі. Гэтыя цені таксама былі людзі.

А ён быў не толькі князь, але і беларускі мужык таксама, а значыць, у кожным, самым нізкім і страшным, падзенні бачыў не ганьбу, а няшчасце, і шкадаваў гэтае няшчасце, і не хацеў мыць рукі, дакрануўшыся да яго.

— Я табе яшчэ раю, — сказаў Бабкін. — Ты на Балчуг не хадзі. Гэта, брат, Замаскварэчча, а там што ні чалавек, то або Падхалюзін, або паддзячы, або прадажная лярва… Ты ідзі на Гасціны двор, ля біржы. Уначы ідзі, вось з імі.

— Бываў.

Алесь сапраўды бываў там. Калісьці яны спецыяльна рабілі гэта ўначы, для настрою. Вялізны будынак, ноч, бясконцыя аркі галерэй на ўнутраным двары. Запусценне, нямая цішыня і глухія крокі на плітах. А над калодзежам двара — месяц у хмарах. Аркі на ноч закрывалі дошкамі, а вартаўнікі спускалі сышчыкаў, але за грошы пускалі паглядзець.

— Вось туды і ідзі. Таксама пекла. Усё можна купіць. І жалеза і флейты.

— Пайду, — сказаў Алесь.

І тут Чыўін нечакана адхіснуўся. Ён сядзеў спіною да занавескі. І якраз над яго галавою, дыхаючы яму ў патыліцу, тырчала з завесы, як з хусткі, страшнае, усё ў ліловых і жоўтых разводах (ад старых і новых сінякоў), аблічча.

— Якія гэт-та флейты, — спытала морда страшнавата ялейным голасам, — хто гэта тут такі-кі музыкант? А калі — у часць?!

У яго было аблічча «аблаката ад Іверскай», што — за касушку — піша ў тракціры для кліента такое прашэнне, што яго не разумеюць ні ў судзе, ні, назаўтра, самі кліент і аблакат. Нос сізы, у жылках. Твар азызлы.

— А вось я вам дам флейты, — чалавек нібы ўпаўзаў у клятушку.

Макар быў стаў за яго спіною.

— Ці-ха, — сказаў Бабкін, — не трэба. Мы — самі… Ты што ж гэта, былы сорак пятай гільдыі1 купец, а потым страка прыказная, лезеш куды не загадана?

— Папакутаваў за праўду, — сказаў той, узняўшы руку. — То што ж вы флейты купляць будзеце, а я… кап-пейкі збіраць? Не ўжо! Як я, так і вы! Так! Вось так! Толькі так! Я вас адсюль не выпушчу. Прымушу даць адказ, якія гэта флейты… уначы, у Гасціным двары.

Тут Алесь убачыў, што спалохаўся і Бабкін. Трэба было ратаваць становішча. Вядома, можна было адгаварыцца экспедыцыяй, але ехаць туды? Нашто? І да таго ж забароненая купля ваенных стрэльбаў. Катарга для Бабкіна? Допыты і высылка для яго, Алеся. Праваленая справа жыцця. Папаліся, як кураняты.

А чалавек-тля наступаў:

— І вас… І вас у яму… І вам пад плот, у жабракі… Каб вошы вас елі, чысценькія… Што, аднаму мне?

Палавы, відаць, некуды адлучыўся, бо толькі цяпер з’явіўся ў дзвярах і падрыхтаваўся схапіць гэтага мятага паддзячага за плечы.

— Кінь, — сказаў Алесь. — Сядайце, пан…

— І сяду, — куражыўся той. — Сяду, аж пакуль вы… Выпіце па апошняй…

— А вы з намі.

Распусны, як разлезлы грыб, рот паддзячага торгаўся. Самовыя вочы прагна глядзелі на бутэльку.

…Ён выпіў поўную шклянку.

Усе глядзелі на яго і бачылі, як паступова нібы трохі памякчэў мясаедскі твар.

— І суд не купіце, — разваліўся ён. — Хаця і прадажны, а не купіце. З канфіскацыі сваё атрымаюць… Забойства?! Фальшывыя грошы?! Што там у вас?! Ужо я на вашых галовах паскачу!

Алесь наліў другую шклянку. Паддзячы са стогнам выпіў.

— Поіце. А чаму? Рыла ва ўсіх у пушку. Дык усім нічога, а мне… мне…

Нешта цёмнае і страшнае лямантавала за гэтымі бязладнымі словамі.

Бяссільны, п’яны, гэты гной быў усё ж страшны, як тхор, прыціснуты ў канцы нары, калі за спіною нічога няма: вось кінецца і схопіць за сонную артэрыю. Апошні, на мяжы існавання, адчай рухаў ім.

— Хабары. А як без хабару? Калі пісар квартальны… дзесяць рублёў пенсіі палучае… Дурні толькі, — у яго ўжо заплятаўся язык.

Алесь наліў зноў.

— До, — сказаў Макар. — Ён алкаголік. Яму і чаркі — до!

— Мяне дык вось так… А за бычка залатога… Што прыставу… за бычка залатога?.. А я вас… У Сібір-р.

Галава ягоная ўпала на стол.

— Правароніў? — са страшнай пагрозай сказаў палавому Бабкін. — Ну, што цяпер? Прымусіць, каб сам… сляды замёў?

— Не прымушайце…

— То як? Цябе — галавою.

— Стойце, — сказаў Алесь. — Не трэба. Вы нас не ведаеце. Я не ведаю вас. Ты правароніў — ты і рабі. Вазьмі грошы. Узвалі гэтую падлу на свайго рамізніка. Вязі адсюль аж на Ласіны Востраў і там кінь. Толькі без дурыкаў — рукі не пэцкаць. Ён п’яны як мех. Праспіцца ў лесе — падумае: здалося, сон сасніў… А вы — звяжыцеся моцным словам.

— Маеш рацыю, — сказаў Бабкін. — Цягні яго адсюль. І запомні: яшчэ раз такое здарыцца — сам яго ў «Воўчую даліну» павядзеш. А мне аб гэтым распіску напішаш.

— Злітуйцеся.

— Я сказаў, — у «купца дзіркі» быў цяпер амаль страшны выгляд. — Я не паўтараю.

Алесь маўчаў. Ён быў шчаслівы, што прыдумаў нейкі выхад, што гэтую слізь хоць сёння, хоць па ягонай віне ў «Воўчую даліну» не павязуць2.

Палавы пацягнуў паддзячага за ногі. Ніхто з суседзяў не звярнуў на гэта ўвагі: такое здаралася тут штодзённа.

— Усё, — уздыхнуў Бабкін.

— Хто такі? — спытаў Чыўін.

— Калі не зменіцца — харч для маскварэцкай рыбы. А быў купец — прагарэў, сеў у яму. Стаў канцылярыстам — за хабары паляцеў. Спіўся.

Памаўчаў.

— Вось вам і жыццё наша. Добры ты сэрцам, купец. Ну ды ўсё адно… заб’юць яго не сёння, дык заўтра. Канец. Смерць. Наша Масква, схаваная ад усіх, яна не жартуе… А таму сядайце, ды яшчэ па пары чарак, ды гайда справу рабіць.

— Што гэта ён, разлезлік гэты, пра нейкага бычка залатога звягаў? — спытаў Алесь.

Бабкін, закусваючы, усміхнуўся.

— Гісто-орыя, — сказаў ён. — Расказаць, дык не паверыце.

— Чаму? — сказаў Алесь. — Я шмат чаму верыць навучыўся.

— Тады ты, сапраўды, чамусьці навучыўся ў жыцці. А ў гісторыі гэтай — уся праўда. Можаш мне, Бабкіну, верыць.

Ён думаў, відаць, над тым, з чаго пачынаць.

— Дык вось, купец, ты пэўна ведаеш, як у нас паліцыя сок вядзе. Скажам, ёсць у кожным квартале сярод абывацеляў такія, што ў іх на мордзе напісана: падазроныя. І вось сярод такіх знаходзяць чалавека здольнага дый кажуць яму: «Ты, Яшка, скажам, патаемны шынок трымаеш або крадзеным польскім бабром часам гандлюеш. То мы будзем на гэта праз пальцы глядзець (не вытыркайся толькі, не нахабнічай), а ты нам за гэта часам паслужы». І вось калі трэба адшукаць нейкага асабліва нахабнага злодзея, то клічуць Яшку. А ўжо Яшка, калі толькі сам не ўкраў, намякне, куды яно ўсё падзелася. Калі кажа «не ведаю» — значыцца, шукаць — справа дарэмная: не можа сказаць, не хоча сказаць, баіцца сказаць або папрацаваў нехта старонні… Ну, аднойчы абчысцілі футравы магазін Мічынера на Кузнецкім. Купец у слёзы — футраў на сто тысяч, ды самыя дарагія, ды ўсе мечаныя. Вось кузнецкі квартальны наглядчык кліча да сябе свайго «Яшку»: «Выкладвай». — «Не смею», — кажа той, а сам ледзь не рагоча. Наглядчыку крыўдна, бо іншых спосабаў сыску ў нас бадай што і няма. «Кажы, калі ласка». — «Вы мяне выдадзіце». — «Дальбог, не». Яшка думаў, думаў, дый махнуў рукою: «Мічынераўскія футры ўсе ў прыстава Цвярской часці Хрулёва». — «Не можа быць?!» — «Шчырая праўда, ваша высакароддзе». Наглядчык за галаву схапіўся, але ведае: Яшка брахаць не будзе… Едзе ён да паліцмайстра, палкоўніка Агарова. Той таксама за галаву хапаецца, але паколькі Хрулёў пару разоў пракраўся ўжо ды яшчэ бацькоўскага агароўскага папроку не паслухаўся — Агароў едзе да обер-паліцмайстра, і там яны вырашаюць даць справе законную хаду. Уварваліся да Хрулёва з павальным вобыскам… Бабкін змоўкнуў, толькі вочы смяяліся.

— А далей? — спытаў Макар.

— А далей знайшлі футры, знайшлі іншыя каштоўнасці. І, акрамя іх, залатога бычка не нашае работы, а замест вачэй — буйныя брыльянты. І каштуе гэты бычок нешта каля пяцісот тысяч — як снегу.

— Як падумаеш, то не такі ўжо вінаваты гэты п’янюга, — ціха сказаў Алесь.

— А я хіба што кажу? — сказаў Бабкін. — Ну, узяў нейкія там дзве сотні… Горш тое, што людзей пачаў страшыць — ужо гэта яму абавязкова жыцця будзе каштаваць… Дык вось далей… Пачалі ў Хрулёва і ў іншых пытаць, адкуль бычок… Выяўляецца, за год да вобыску два іншаземцы спыніліся ў гасцініцы. Адзін гуляць пайшоў, а яго таварыш і перакладчык тым часам рэчы ягоныя забраў і знік. Той вярнуўся, пачаў крычаць. Яго ніхто не разумее. Паслалі па паліцыю. З’явіўся Хрулёў, абыскаў іншаземца, дакументаў не знайшоў, са слоў нічога не зразумеў, а таму чалавечка даслаў у Бутырскі астрог, аж пакуль не выявіцца, хто ён. А выявіць гэта не было як, бо мовы гэтага чалавека ніхто не разумеў.

І вось сядзеў ён у астрозе год, а тут кража ў Мічынера. Пытаюць у Хрулёва, чый бычок. Той урэшце прызнаўся: забраў яго ў таго іншаземца. Той усё аддаваў, а бычка не хацеў, бо той бычок, па ўсім відаць, іншаземцаў бог. Таму што іншаземец той насіў яго пры сабе… І толькі тут усе ахнулі, бо гэтага чалавека ўжо год як шукаў Пецярбург. І не знаходзіў. І скандаліў. І ўсе прыкметы сыходзяцца: падарожнічаў са сваім сакратаром, знік, тварам цёмны, ідалапаклоннік, схіляецца перад залатым бычком. Словам, арапскія казкі, а не рабунак у Мічынера на Кузнецкім… Чалавека тады — з Бутырак. Прывялі — глянуць жах: вашывы, у лахманах, кашляе. Людзі, якія шукалі, — на калені перад ім. І выяўляецца, што чалавек гэты ёсць дагамейскі наследны прынц3.

— Брахня, — сказаў Чыўін.

— Ты што, хочаш, каб я крыж пацалаваў? — сказаў Бабкін. — Не, брат, на жаль — праўда.

— А што было б, каб не кража ў Мічынера? — спытаў Алесь. — Каб Агароў быў трохі ў лепшых адносінах з Хрулёвым? Тады што было б з прынцам?

— Памёр бы ў турме, як бадзяга, — сказаў Чыўін. — Што ён, першы?.. Ды ён, урэшце, і так пярхаў, як авечка. Кажуць, скора памёр… Гэта, брат, наша турма. І ўсё ў нас такое, «ад Пермі да Таўрыды»… Вось табе і дагамейскі прынц… Так што рабіце свае справы, купцы, ды хутчэй, хутчэй адсюль. А то як бы самім не трапіць.

Лямант з-за перагародак зноў ускалыхнуў паветра. «Падземны горад» скардзіўся, рагатаў, плакаў і выў.

  1. Купецкіх гільдый было толькі тры ў залежнасці ад велічыні капіталу і роду гандлю або прамысловасці. Памер капіталу мяняўся. Скажам, аб’яўлены капітал для першай гільдыі быў пяцьдзесят тысяч, для другой — дваццаць, для трэцяй — восем.
  2. Месца між Масква—ракой і Водаадводным каналам, або «канавай», было забудаванае самымі страшнымі трушчобамі. Іх забаранілі рамантаваць і чакалі, пакуль яны разваляцца. У большасці дамоў ужо ніхто не жыў, акрамя тых, хто хаваўся. Вялікі Каменны мост за тры гады да падзей быў яшчэ стары, пабудаваны ў ХVІІ стагоддзі, гарбом, з тратуарамі, аддзеленымі ад праезджай часткі высокімі каменнымі брустверамі. Хадзілі цэнтральным праездам, бо на тратуарах, між дзвюма высокімі сценамі, рабавалі. Па той бок моста, налева, калі ісці ў слабодку, змяшчаўся ў брудным двухпавярховым доме тракцір «Воўчая даліна», прытон самага цёмнага люду. Там ледзь не кожны тыдзень забівалі, прычым трупы кідалі пад мост, у раку. Непатрэбныя падземнаму свету людзі ледзь не ўсе канчалі жыццё там.
  3. Сапраўдны выпадак. Глядзі кнігу Е.І.Казлінінай: «Запіскі старэйшай расейскай журналісткі. За палову веку. 1862–1912». М., 1913 г.
Яндекс.Метрика