Званы Віцебска — Карціна першая
Хроніка з XVII стагоддзя ў трох дзеях, шасці карцінах
ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ
Сцяпан Пасіёра — завадатар паўстання 1623 года ў Віцебску.
Марцыян Ропат — цэхавы збраяроў-мечнікаў.
Антоні-Лар Вольха — залатых. спраў майстра.
Багуслава (Багуся) Данель — дзяўчына, дачка аднаго з віцабскіх радцаў.
Прузына Трапашкава — яе «мамка».
Еўга Бабук — былая павітуха, напаўюродка.
Баба Абдзярыха — гандлярка калдунамі.
Навум Воўк
Сымон Неша
Іля — свавольны поп.
Неўсця Ярамяшэвіч-Скверша
Васка Матыс
Янка Гужнішчаў — званар.
Ладысь — аршанец
Пятро — палачанін
Васіль — яго сын
Вінусь — вільнянін
Зуліся
Вальгіна
Іасафат (Ізахват) Кунцэвіч — уніяцкі арцыбіскуп Полацкі і Віцебскі.
Архідыякан Дарафей — давераная асоба Кунцэвіча.
Леў Сапега — вялікі канцлер Вялікага княства.
Палікар Абрагімовіч — тысячнік, галава біскупскай «гвардыі».
Станіслаў Касінскі — езуіт, духоўнік Кунцэвіча.
Аляксандр Корвін-Гансеўскі — рэферэндарый і дзяржаўны сакратар Вялікага княства, Веліжскі, Пуньскі, Купінскі і іншы стараста.
Член камісарскага суда.
1-шы вартавы.
2-гі вартавы.
3-ці вартавы.
Мяшчане, гвардзейцы, члены трыбунала, варта, муляры, служкі, кат.
І i ІІ дзеі адбываюцца ў Віцебску ў жніўні — лістападзе 1623 года, ІІІ — у лютым 1624 года, там жа.
ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
КАРЦІНА ПЕРШАЯ
Цьмяныя контуры дамоў і вежаў. Ляцяць над імі і клубяцца чорныя страшньш хмары. Амаль поўная цемра. Хаос. I з гэтага хаосу — Голас.
Голас. Гэта было роўна 350 год таму. Чалавецтва змучылася ў рэлігійных войнах XVI стагоддзя. Многім людзям здавалася, што нават змрок Сярэднявечча — лепшы, бо ў ім была раўнавага духоўная.
I Рым, папа ўзнамерыліся «даць гэтую раўнавагу, даць спакой душам». Нават агнём і мячом, не думаючы, ці варта плаціць за парадак гвалтам і разбоем.
На беларускія землі быў дасланы для вайны з ерасямі, увядзення уніі, саюзу з Рымам і знішчэння іншаверцаў — біскуп Іасафат Кунцэвіч.
Хто не згодзен — плаха, хто гаворыць і думае па-свойму — меч. I таму XVII стагоддзе было асабліва страшнае для Беларусі, якая ніколі яшчэ не стаяла так блізка да загібелі.
I ў тым, што так не здарылася, — заслуга і гонар многіх. Але аднымі з першых узнялі свой голас супраць знішчэння і смерці — Віцебскія Званы.
Паступова святлее. Ясны, залаты асенні дзень. Плошча перад царквой Успення маці божай (прачыстай) на Узгорскім пасадзе, пры ўпадзенні Віцьбы ў Дзвіну. Галоўны ўваход у царкву — справа, а перад намі — бакавы. Злева ад царквы, за садам, з якога звісаюць чырвоныя арабіны, — аркады гасцінага двара, далей — сілуэт ратушы, а правей ад аркадаў — задні мур двара арцыбіскупа.
Правей, за плошчаю, халодна сінеюць хвалі Віцьбы і Дзвіны, відаць каменныя,крыху пабітыя часам замкавыя вежы.
На плошчы натоўп. У многіх у руках пучкі каласоў з гронкамі арабіны: прыйшлі свяціць. Ціша і спакой. I раптам гул абураных галасоў.
Галасы. А людзейкі, а добрыя! А што ж гэта робіцца?! Біскупскія людзі нас з каласамі ад царквы гоняць.
Вальгіна. На прачыстую, у імя якой храм! На ўспенне маці божай.
Зуліся. Проста па гарбузах кіямі да крыві б’юць.
Навум Воўк. Здохні, біскуп Іасафат!
Матыс. Здохні, кунцэвічаўскае адроддзе! Не Марына… было… імя тваёй маці, а сука!
Абдзярыха. Антыхрыста спарадзіла!
Зуліся. Не Гаўрыла-шавец яе за падол хапаў, а чорт!
Вальгіна. Божухна! Гэта ж цяпер, якраз перад сяўбою і каласочкі пасвяціць недзе! Не ўзыдуць зярняткі!
Плач.
Гэта ж ён, падла уніцкае, на арабіну, на кроў сына яе, святой вадою пырснуць не хоча.
Зуліся. Бацька ягоны боты псаваў, а гэты псуе душы.
Абдзярыха (накрываючы дзежку з калдунамі). Каб табе, піндзюр, не толькі маіх, на свеце лепшых, калдуноў не паспытаць, каб табе — ніякіх.
Iля. Ідзіце адсюль, людзі, ідзіце да мяне ў шалаш, у Задзвінне. А гэтымі — няхай іхнія ж дзеці ў голад давяцца.
Абдзярыха. Каб табе, гнідзе, у Дзвіне захлынуцца! Каб табе столькі язваў было, як гронак на арабінках гэтых!
Еўга. Язваў, як гронак! Язваў, як гронак! А там яго прыпякуць, прыпякуць! Галава рассядзецца, на азадак будзе падобная!
Ланцуг служак, так званая біскупская «гвардыя», цясніць народ. Наперадзе тысячнік Палікар Абрагімовіч, здаравенны змрочны грак у варанёных даспехах.
Палікар. Кідай каласы! Кідай арабіну гэтую паганскую!
Зуліся. Палікар Абрагімовіч! Крумкач ты!
Iля. Татарын тваю прабабку таптаў, а і ты — «за хра-ам».
Вальгіна. Б’юцца! У імя бога б’юць!
I тут на дарозе «гвардыі» паўстае другі ланцуг: Марцыян Ропат, поп Іля, Навум Воўк, Сымон Неша, Неўсця Ярамяшэвіч-Скверша, Васка Матыс, іншыя. Спынілі.
Навум Воўк. Ану, хто супраць бога і Віцебска?!
Неўсця (тысячніку). Адыдзі, галубачка, адыдзі, ластавачка ты наша. Ты што ж гэта віцьбічаў зачапіў? Гэта ты — дарэмна… Ану, гець з дарогі, маць тваю не займаць, бацькі не чапаць!
Матыс. Яно… Што ж гэта… людзі… Яно… хаця і ў скарботным падпіцці, бо — успенне, а… крыўдна…
Неша. Хай скажа Сцяпан Пасіёра! Лепей не скажаш.
Пасіёра. Ціха, людзі. Не трэба пакуль. Час яшчэ не прыйшоў. Патрывайце.
Галасы. Не-не. Сцяпана на рукі!
Сцяпана Пасіёру падымаюць на рукі, даюць яму жардзіну, каб ёю абапіраўся на зямлю. Пасля людзі ставяць яго сабе на плечы.
Зуліся. Бач ты, пышны які! А гожы. Галоўка — проста як макаўка… пустая.
Вальгіна. Ды што ты яго вечна зневажаеш?
Зуліся. А так, балбатун. Адно словы гаворыць.
Пасіёра. Людзі слаўнага места Віцебскага! Каменем мураванага! Дубам чорным апаясанага! Упрыгожанага безліччу званіц і палацаў! Багатага разумнымі дзядамі, магутнымі мужамі, жонкамі, што як вясёлкі. Чыстага водамі, зялёнага садамі, працавітага і кніжнага… Ды не. Раней багатага, раней кніжнага. Уніты прыйшлі. Хай рассыпецца слава наша — жарам. Ім — усё адно.
З’яўляецца Багуся Данель з Прузына й Трапашкава й, сваёй «мамкай».
Мамка. Хадзем, сонейка, хадзем, пяшчотка, у царкву. Сам арцыбіскуп там. Ён — святы. Ён нават спавядае часам проста так, на вуліцы.
Багуся. I п’яных таксама?
Мамка. Ну, гэтага не ведаю. Можа, часам і п’яных. Ды што п’яны? Не ўвесь жа час п’яны? Затое ж гаворыць!
Багуся. Па мне дык гэты лепей гаворыць. Унь вочы якія! I побач… унь Антоні Вольха.
Пасіёра. Плач коціцца ад Узгорскага пасада і да Задунаўскага, і ўсёй вуліцай Вялікай, ад канца да канца. Воўк драпежны прыйшоў у Віцебск. Біскуп уніцкі Ізахват. Школы зачыненыя, цэрквы запечатленыя. Якія уніты не аднялі, і ў тых — корчмы і дамы распусты.
Iля. I нужнікі ў алтарах.
Пасіёра. Каб мір зберагчы, мы згадзіліся былі і на унію. Хай будуць два народы, польскі брат ды наш, пад адным началам папы. Хай бы пакінулі нам абрады нашы і мову…
Палікар. Уга! Мы — па-лацінску. Вы — па-славянску! I тое, і тое незразумелае.
Пасіёра. …I родную нам мову ў кáзанях. Тую, з якой нас бог у свет пусціў. Але пастыры-ваўкі загадваюць адарваць сэрца ад родных нам крыніц і мову сваю — забыць, стаўшы лацінянамі. А ў першым пасланні карынфянам сказана: «Бо калі я малюся на незнаёмай мове, то хаця дух мой і моліцца, але розум мой застаецца без плода». Што ты на гэта, убоіска бязмозглае? Што нам з католікамі дзяліць? Людзі як людзі.
Галасы. За вунію роўных мы стаялі б.
Зуліся. А тое за вушы цягнуць! Хто да папы, хто да іншых чужынцаў? Як ні назаві ярмо, яно — ярмо.
Пасіёра. Цяпер яны, сыраядцы, захацелі пазбавіць нас апошняга, беднага, але нашага свята. Спакон вякоў на прачыстую свяцілі нашы людзі каласы. І вось яны захацелі, каб Маці, паміраючы, не блаславіла іх на ўваскрасенне.
Галасы. На кавалкі іх раздзерці! У Дзвіну іх!
Iля. Ды кіньце вы іх. Хай сваім смуродам дыхаюць. Бо яны ні палякі, ні русіны.
Зуліся. Ні мужчыны, ні жанчыны. Так, невядома хто. Пасярэдзіне.
Пасіёра. Ну чаго ты ўстраеш? Чаго?
Зуліся. А не лезь ты на ражон перад усімі. Ды хоць бы справай, а то… Гаворыш добра. Дзеўкі аж млеюць.
Пасіёра. Толькі ўжо я й на словах?
Зуліся. Не да той ты, сокал, са справай лезеш.
Бярозанька пасячона,
Добра дзеўка пазычона.
Ой, няпраўда твая,
Заўжды лепшая свая.
Пасіёра. Чаго ты чэпішся, чаго чэпішся, язва?
Вальгіна (з дакорам). Зуліся!
Зуліся. А, хадзем! Бабздыр! (Палікару.) Чаго вылупіўся?
Палікар. Я такіх, як ты, сто бачыў.
Зуліся.
Ой, хойна, хойна,
З сотняй дзевак война.
Сотня дзевак ялавіцы,
Адна толькі дойна.
Палікар Абрагімовіч махнуў рукою і пайшоў, на чале сваіх, прэч. Да Вольхі падыходзіць Пасіёра са сваімі людзьмі.
Пасіёра. Здароў, Антоні.
Вольха. Здароў. Здароў, браце Ропат, Матыс, Навум, Неўсця, Сымон, здаровы былі.
Ропат. Мы — здаровыя. А вось ты, Антоні-Лар Вольха, ці здаровы?
Матыс. Ён, гэта, падковы ломіць, а… ён галавою нездаровы…
Вольха. Чаму гэта галавою?!
Ропат. А таму, што толькі торбаю стукнуты можа ў такі час убаку стаяць.
Пасіёра. Разлічвае сваю макітру зберагчы, на выпадак, калі нашы з плячэй паляцяць.
Вольха. Ты мне сябра, Ропат? Мы сябры?
Неўсця. Яшчэ якія сябры, каток! Такія сябры, што сарочку няма калі перамяніць, ваўкі вас еш.
Вольха. Дык вось, першы сябра Марцыян Ропат, і вы, сябры. Я… не веру ў праўдзівасць нашае справы. Дарэмна смуту заводзіце.
Ропат. Ты… ты гэта што?
Вольха. Вунія — гэта мір з Польшчай, мір з каралём, мір з Рымам. Яны хрысціяне і людзі, як мы. Няўжо вам войны не абрыдлі? Няўжо ты, Ропат, не хочаш, каб скутая табою зброя мірна драмала, аж пакуль не нападуць на твой дом? Каб са шкуры, якую ты, Васка, вырабіў, не рабілі ножны, а рабілі вокладкі для кніг? А ты, Неўсця, няўжо хочаш, каб у тваіх катлах варылі ваякі апошнюю карову абяздоленага селяніна? I ты ж, Сцяпан, хочаш, каб у скрынях, што ты робіш, не вецер свістаў, а ляжала багацце, што людзі сабралі работай і сумленным гандлем? Чаго вы лезеце? Няўжо вы не прагнеце пасля войнаў, паўстанняў, плах — спакою?!
Ропат. Так. Але не спакою магілы.
Вольха. Якая магіла? Аксціся!
Пасіёра. А вось якая. Так, яны хрысціяне. I яны хар-рошыя людзі. Можа, лепшыя за нас. Але хіба яны кіруюць? Кіруюць намі і імі, братамі, — ваўкі! I ў ваўкоў права жыцця і смерці, нашай і іхняй. Васкавы шкуры? Ён скора з Васкі і ўсіх нас шкуры здзярэ і нацягне на кнігі. Свае.
Матыс. Шкуру… яно… неяк у дрыжыкі кідае.
Пасіёра. Зброяй нашай ваўкі нашы храмы, нашы ратушы адбіваюць. У катлах нашых вараць нязгодных.
Неша. Та-ак.
Пасіёра. Адзін Кунцэвіч замест усяго права. То нашто нам такое права?
Вольха. Але ж мір. Мі-ір! Ну змірыцеся з уладай папы, і ўсё.
Навум Воўк. Ды мірыліся мы. Мірыліся і з яго ганаровай уладай, чорт з ім і ёю, калі толькі яна. Але не памірыліся мы з прыніжэннем.
Неўсця. Мовы нас пазбаўляе, як жывёл якіх. Няўжо гэтага твая галоўка светлая не разумее, каб ты здаровы быў?!
Матыс. Гэна… У паныласці… людзі.
Пасіёра. Ну так, мы ганарымся, што ў нас цярпенне першых хрысціян. Яны на вялікдзень праз прытвор удзіраюцца ў алтар…
Iля. Быдлам беларускім нас завуць. Смяюцца да гробу Панскага, плашчаніцу шарпаюць. Шкаляры ўрываюцца, паняў, каб вішчэлі, шпількамі колюць. Пад купалам стоячы, непрыстойныя гукі робяць.
Пасіёра. Але ёсць мера і ў нашым цярпенні. Часам нават вельмі невялічкая. Калі такія асцервяненні вуніі робяцца там, дзе людзі не звыклі да пакут і ярма. А мы, віцьбічы, не звыклі.
Праходзіць Багуся з «мамкай».
Мамка. А, дзень добры, каточкі. Хай вам добранька п’ецца ва ўдоў.
Матыс. Чаму… ува-ўва… удоў?
Мамка. А што, хіба ўдовам так і хадзіць без суцяшэння? Яны што, ні грудзей, ані ног не маюць?
Неўсця. Ды, на цябе гледзячы, ма-аюць.
Вольха. Змоўчце вы! Дзяўчына побач. Дзень добры, Багусенька.
Багуся. I табе добры дзень… (да Вольхі) мілы Антосю.
Ропат (агледзеўшы, іх, жорстка). Ага, ясна, чаму ты так да спакою прыкіпеў. З гэтай прычыны, можа, і я больш пра галаву думаў бы, а не пра…
Вольха. А не пра што?
Ропат. А не пра шчасце горада, не пра Белую Русь.
Вольха. Ропат!
Ропат. Што Ропат? Я спрадвеку Ропат. А вось ты не вольха, а асіна. Толькі ты памятай і пра таго, хто на асіне павесіўся.
Усе адыходзяць ад Вольхі. Ропат ідзе за жанчынамі.
Багуся. Ну што табе, Марцыяне?
Ропат. Ты мне так і не адказала, дзяўчынанька.
Мамка. Но-но. Ты што гэта? Забыўся, што я да яе прыстаўлена, каб вакол розныя каты не марцавалі?
Ропат. Ты, мамка, і сама б памарцавала, хаця на дварэ і жнівень.
Мамка. Гэта на гэтым дварэ — жнівень. А на маім яшчэ толькі на май кідаецца.
Багуся. Прузы-ына! Якая ж ты нямілая…
Мамка. Ну-ну. Тады мамка была міла, як нешта мыла.
Ропат дае ёй нешта ў руку.
Ага, куку ў руку? Ды ты што думаеш? Ды ты думаеш, што я?! Ды я — у вочы!
Ропат (адступае). Ну-ну-ну, ну-ну-ну.
Мамка. Ды я вочы кожнаму за яе шчасце выдзеру. Хіба я не разумею? Маладым — як галубам. Усё бурката-аць бы. Дык ты не пойдзеш у храм, Багусенька?
Багуся. Не. Архідыякан, навушнік гэты, шпег, кат гэты, Дарафей. I САМ страшны.
Ропат. Ідзі ты, Трапашкава, калі ласка, ідзі.
Мамка. Я на хвіліначку толькі. Не бойся тут гэтую хвільку, Багуська. (Пайшла.)
Ропат. Угм. Тут з табою баяцца трэба, а не без цябе.
Багуся. Што з табою, Ропат?
Ропат. Ты ведаеш. Няма спакою на зямлі, няма і ў маёй душы.
Ідуць да іх праз натоўп Вольха і Палікар.
Багуся. Я табе казала — не трэба. Нічога з таго не будзе, акрамя маёй ды тваёй загібелі й пакуты.
Ропат. Можа, я і хачу загібелі.
Багуся. Ды што вы як пашалелі ўсе? Што, свет на мне сышоўся? Не!
Ропат. Што ж. Для мяне галоўнае — справа. Унь Зуліся да мяне нават чэпіцца, што лезу на нож. Але раз такое — тады проста пакладу галаву раней за ўсіх.
Багуся. Што? Што?!
Ропат. Нічога… Горад хоча абраць чалавека, які расправіўся б з ваўком. У іншых жонкі, дзеці. А я адзін.
Вольха. Ропат, ты дурань. (Схапіў яго, шэпча.) Ты што ж, з-за бабы хочаш галаву пакласці? Я адыду, адступлюся. Пагавары з ёю. (Уголас.) Багуся, ды ты што, не бачыш, што ён ашалеў? Скажы нешта, бо ён з-за боязі цябе…
Ропат. Я не баюся. Раз Масальскаму ў Мсціслаўлі не ўдалося застрэліць яго, раз застрэліў раней Масальскага падчас замаху Палікар Абрагімовіч — значыць, камусьці трэба. Чаму і не мне?
Палікар. Хто гэта тут Масальскага ўспамінаў? Самае імя гэтай сволачы пад праклёнам, а ты… Ану, рушылі ў палац.
Ропат. Слухай, Палікар, адкасніся. Мы — народ мірны, мы — нікуды не лезем. Але кіпцем за жывое не чапляй.
Багуся. Адстань ад яго.
Палікар. Яб і адстаў, ясачка, каб ты мяне вельмі папрасіла.
Багуся. Пачакай яшчэ крыху.
Палікар. Ну, а калі не папросіш — што ж, вас такіх сотні, але галава ў Ропата адна. Бацька твой памёр, заступіцца за цябе няма каму. А я — тысячнік. Я — гэта гвардыя біскупа.
Багуся. Герой ты, як я гляджу. Сокал. Сокал дзеўкам праходу не даваць. Толькі не на тую ты напаў. Я табе не каханка, і не для цябе ў мяне смаляныя лаўкі… Вольха, я здагадалася, пра што вы. Ропат, я падумаю. Пачакай. І тут Вольха схапіў яго за плячук, крутануў.
Палікар. Ды ты… Ды ён… Ды я яго… Як вяроўку скручу. За ногі перад ратушай павешу.
І тут Вольха схапіў яго за плячук, крутануў.
Вольха. Ты што — войт, каб над намі судрасправу чыніць? Ты што, права віцебскае ламаць будзеш, лашак ты, мерын?!
Зуліся.
Жаўнер малюценькі
Падраў кашуленьку
Ад пят да калена,
Шукаючы прытуленя.
Прытуленя не знайшоў.
Ды заплакаў і пайшоў.
Вальгіна. Сорам дзе твой? Чаго ты як з ланцуга сарвалася?
Палікар. Варта! Бі іх у маю галаву!
Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, але ў гэты момант у суправаджэнні служак і архідыякана Дарафея выходзіць Кунцэвіч.
Кунцэвіч. Стой, народ!!!
Паўза..
Што за рокат? Хто парушыў спакой? Вы, мяшчане? Ты, Палікар? Адыдзі ад іх. Мір, людзі! Мір!
Галасы. Ізахват! Ізахват!
Зуліся. Не Ізахват ён, а душахват.
Кунцэвіч (да Палікара). Па-дурному дражніш народ. Накладу эпіцім’ю.
Палікар. За што? За тое, што ў іхнія свінячыя галовы кіем убіць хачу братнюю любоў цэркваў?
Пасіёра. Бачылі мы тую любоў, смярдзюк ты.
Iля. Лайцеся. Цяпер такія часы прыйшлі, што ўсё можна. Гэта не раней, што за карчомнае слова фунтам воску штрафавалі ці на званіцу садзілі сядзець.
Палікар. Дарма крыўдзіш мяне, арцыбіскуп. Няма маёй правіны.
Кунцэвіч. А прагнасць нясытая, а рабункі людзей.
Ропат. Нібы сам лепшы.
Кунцэвіч. А любастрасце, да той дзяўчыны.
Палікар. Я сумленна хачу, каб яна прыйшла ў мой дом.
Ропат. Глядзі, тысячнік, язык заб’ю ў глотку.
Кунцэвіч (са страшнай пагрозай). Малады ты яшчэ, Ропат, малады. Глядзі, як бы самому без глоткі не застацца… Супраць міру, па якім народ памірае, ты ўстаў.
Зуліся. Бач, яшчэ і пагражае…
Вальгіна. Кінь, хай ён задавіцца.
Зуліся.
А што ў таго папа знаці,
Ды сінія порткі садраці,
Будзем хлопцам шапкі латаці,
Будуць хлопцы шапкі насіці,
За дзяўчаты бога прасіці.
Вальгіна. Зуліся, мужыкі вакол.
Зуліся. А-а! Такія мужыкі!
Страшнае выццё, якое адразу нібы адсекла. Гэта выйшла ў кола страшная, з юродскімі вачыма, Еўга Бабук.
Еўга. Ды вы ўсе тут без галоў, людзі! Ходзяць, рукамі махаюць. I ўсе без галоў. Адзін Вольха ды Багуся з галовамі. Нерухомыя толькі. Каменныя. Нямы горад. Нямыя званы. I ўсе без галоў. I ты, і ты… Бачу, бачу! Сын нараджэннем забіў бацьку, а бацька, у той жа час, сына. Я ведаю. Я ў Вільні дзяцей бабіла.
Кунцэвіч. Хто такая?
Палікар. Павітуха. Еўга Бабук. Яна і сапраўды дваццаць год як з Вільні прыйшла, дзяцей віцебскіх прымала. Аж пакуль чагосьці з розуму не скочыла.
Кунцэвіч. Ну то і на ланцуг бы яе. Ілжэпрароцтва.
Еўга. Жар. Гарачы. Жар памятаю, Іване. У маленькай хатцы ў Вільні, у вулцы ля святадухаўскай царквы. Крык! Яна мела ў чэраве і крычала. Жанчына, адзетая ў сонца. Апакаліпсіс забыў, Іване?
Вольха. Ізахвата мірскае імя было Іван.
Еўга. Яна мела ў чэраве і крычала ад боляў і пакут нараджэння. Памятаеш, ты з ксяндзом Ельяшэвічам на страсную суботу на храм напаў. Дваццаць тры гады таму. Помсту, помсту нарадзіў ты тады… Без галоў усе. Ходзяць… I ты.
Кунцэвіч. Ты што? Ты што гэта гародзіш?
Еўга. У-га, у-га. Каб не адказваць за антыхрыста перад богам — усе, усе скрыліся, схаваліся, уцяклі. Крык, боль на руках неслі. А Еўга жанчыну з зоркамі адшукала. З адной-адзінай зорачкай у свеце. Помсту, помсту нарадзілі вы з ксяндзом, безгаловыя.
Кунцэвіч. Варта, ды што ж гэта такое?
Еўга. А я вось на вушка. На вушка нештачка табе шапяну, пакуль вушы маеш.
Біскуп, нібы бязвольна падпарадкоўваючыся вышэйшай сіле, не хочучы, схіляе галаву, і павітуха-юродка шэпча нешта яму на вуха.
Вось так, Іване. Вось так, Ізахват.
Кунцэвіч (спалатнеўшы). Не… Цур табе! Цур, вар’ятка. Не можа быці! Не можа быці!
Чалавек у цёмным падыходзіць да яго. Гэта езуіт Станіслаў Касінскі.
Езуіт. Ідзіце, біскуп. Вам нельга, вы зараз зваліцеся.
Кунцэвіч. Не. Не.
Езуіт (шэптам). Імем настаўнікаў вашых, а маіх братоў па ордэну Ісуса, Валенцыя Фабрыцыя і Гаўрыіла Грушэўскага, — ідзіце. Вазьміце сябе ў рукі.
Палікар. Варта. Узяць юродку і гэтых.
Кунцэвіч (амаль хістаецца). Пакіньце іх. (Нібы падстрэлены, ідзе прэч.)
Ропат. Што ты сказала яму, Еўга?
Еўга. Зведаеш, як людзі без галоў будуць хадзіць.
Дарафей (штурхае Еўгу). Ды я адным голасам цябе, старая шлюндра, да зямлі прыб’ю.
Ропат. Не руш старую. Не руш, кажу.
Дарафей (б’ецца). Я вас за абразу святому!
На яго наваліліся. Бойка ідзе шалёная.
У жалезы вас усіх. На ланцуг. Кляшчамі мяса рваць!
Яго выкінулі прэч.
Вольха. Шалёныя. Апантаныя. Ідзі адсюль, Багуся, ідзі, сонца маё залатое-святое. Яшчэ затопчуць, ірады.
Багуся. Пойдзем, Антоні. Пойдзем, любы.
Пасіёра. А заўтра мы пойдзем прасіць у яго нашых правоў. Прасіць міру. Пакуль што па-добраму прасіць. Я, Ропат, Іля і… ты, Вольха.
Ропат. I хай толькі паспрабуе стаць у нас на дарозе нейкі Палікар. Не будзе права — лезем на ражон.
Багуся. Ропат! Ропат! Вы ж на смерць ідзяце! Вы ж і яго на смерць ведзяце. На агонь. Я не вынесу, калі яму… калі вам — смерць! Злітуйцеся ж вы нада мною!
Палікар (сам сабе). Ну, Ропат, чакай. Сапраўды без галавы пойдзеш. Меч. Меч вам да апошняга.
Заслона