Званы Віцебска — Карціна пятая
Двор перад палатамі Кунцэвіча, агароджаны частаколам. Злева, пад мурам, спуск у склепы і дзверы ў кухню. Проста насупраць — сходы, што вядуць на гульбішча. За аркамі ягонымі — акенцы. Але гульбішча не даходзіць да левага краю сцэны. Там — глухая сцяна з двума маленькімі, несіметрычнымі акенцамі — байніцамі. Справа, за мурам, што замыкае двор, амаль той самы від, што і ў першай карціне, толькі крыху з іншага боку, і далёкі сілуэт ратушы, і прачысценская царква.У вокнах яе агеньчыкі, і адтуль далятаюць спевы: ідзе ютрань.
Двор асвятляе ліхтар, які гайдаецца на ветры. Золкі і мокры лістападаўскі перадсвітанак. Яшчэ не пачынала днець.
З дзвярэй склепа тысячнік Палікар выводзіць Багусю.
Палікар. Ну што, Багуся, што зробіш? Загад — гэта загад. Сказаў — слухайся і не брыкайся. I ты таксама добрая. Бачыш, што за чалавек — ну і прамаўчала б. А то давялося піўніцы пакаштаваць, Што, бедная, мокра, халодна? Ведаеш што? Хадзем зараз да яго, кінемся пасля ютрані ў ногі. Ён гнеўны, але добры, даруе. Ды зробіць, што трэба, ды мы да мяне, у цёплы дом. Усё ў мяне ёсць, багаты я.
Багуся. Ясна, што багаты. Лайбы, разам з войтам, на Дзвіне разбіваючы, як не быць багатым?
Палікар. Наклёп! Дальбог, наклёп!
Багуся. Не ведаю. Раней і я думала, што нехта вільнуў языком, як сабака хвастом, але, убачыўшы ўчарашняе, думаю: праўда. Трупажэры.
Палікар. Багуся, ды нічога не здарылася. Гэта ён згарача пальнуў. Праз хвіліну ніхто і не памятаў, а ён першы. Ніхто нікуды не пайшоў. Не гарачыся, бяленькая мая. Вельмі, вельмі кепска табе будзе, калі я не заступлюся.
Багуся. Адкасніся. Лепей бы я са змеем ляжала, з калодай трухлявай ў балоце, з брылай лёду, з пракажоным, чым з табою, кат.
Варта выводзіць з піўніцы Еўгу.
Еўга. Ага, пугач тут. Гу-гу! На святых руку ўздымаеш.
Палікар. Змоўч, варона!
За брамаю шум і нейкія выгукі. Пасля варта, на чале з Дарафеем, прывалакла ў двор папа Iлю.
Той супраціўляецца, і нават з поспехам.
Дарафей. Вось. Учора шалаш спалілі. Учора ж і аднавілі. Ну, думаю, раз аднаўлялі, то неадменна гэты ілжэпоп паедзе туды ютрань правіць. Засаду зрабіў. А цёмна, як у камінара пад пахай. Аж вёслы. Крадзецца, птушачка, правіцца за Дзвіну цешыць сатану. Ну вось, схапілі, кухталёў надавалі, дый… Куды цяпер? У кухаварню?
Палікар. Туды, ды павучыце яго там, як трэба шанаваць Хрыста.
Іля раптам крутануўся, і варта пасыпалася ад яго. Поп б’ецца так, што можна глядзець і глядзець.
Iля. Ангелы. Сыны Сатанііла. Вось я вам!
Дарафей. Бі! Хапай!
Iля. На табе! Я ў веры яшчэ недасканалы. Цярпець не навучыўся! На! Вось табе лешч. Атрымай на абаранкі.
Еўга (кідаючыся бараніць Ілю). Совы! Совы! Святога абселі. Ізахват-сыназабойца кроў з добрых п’е. Пусціце! Пусціце яго!
Дарафей штурхае яе. Яна падае і стукаецца галавою. Поп Іля «навесіў» архідыякану так, што той адляцеў і закруціўся.
Iля. Ах ты, зверагласіе! Ах ты, тупамысліе! Ты блажэнную, звер?! На!
Ілю ўсё ж схапілі, падставіўшы ножку. Скруцілі па руках і нагах, павалаклі да кухаварні. Дарафей,
хістаючыся, ідзе следам.
Дарафей. Ну, чакай.
Iля. Не ўбаюся цябе. Яка вотрак з пешчы вогненнай выйду цэлы, ты, байструк тхара і свінні!
Палікар. Пакажыце яму там. А і я падмагу.
Зніклі. Багуся кідаецца да Еўгі, падымае яе.
Багуся. Баба Еўга! Баба Еўга! Забілі? Баба Еўга?!
Еўга раптам застагнала, пасля села, аберуч абхапіўшы галаву, і раптам сказала не дзікім, а цалкам асэнсаваным, свядомым, нават прыемным голасам.
Еўга. О божа! Што гэта! Нібы туман нейкі рассеяўся. Нібы пара нейкая чорная з галавы выйшла. А-а, гэта ты, донька. Я люблю цябе. Ты, малая, ніколі мяне не дражніла, заўсёды хлеба давала. Было тады табе восем, калі на мяне туман найшоў. А цяпер?
Багуся. Васемнаццаць. Пачакай, баба Еўга. Вось. (Яна кідаецца да вядра пад рынай, мочыць хусцінку і абцірае параненай галаву.) Вось-вось, зараз будзе лягчэй.
Еўга. О-ох. Думаеш, я сама сябе не стыдаюся? I ў мяне ж святлей у галаве бывае. На дзень-другі. Раз упала і ўдарылася. Другі раз дзеці гулялі ў снежкі. Ну, нейкі доўбень закатаў у мокры снег камень ды кінуў і выпадкова трапіў мне па галаве. Два дні непрытомная, пасля тры дні ў розуме, а пасля — зноў.
Багуся. А чаго гэта вы, баба Еўга, Ізахвата сыназабойцам назвалі ды пра галовы крычалі нешта?
Еўга. Пра галовы не ведаю. А Ізахват… Ізахват сапраўды забойца сыноў сваіх.
Багуся. А жанчына, што мела ў чэраве і крычала ад мук нараджэння? Жанчына з адзінаю зоркай над галавой?
Еўга. Была і жанчына. Я тады была таксама павітухай. У Вільні. Жыла ў Крывым тупічку, тут жа ля святадухайскай драўлянай царквы, толькі што пабудаванай. Туды мы і сталі хадзіць, а раней хадзілі ў святатроіцкі манастыр, які ў той час моцна пачалі цясніць. Там мы і ўбачылі ўпершыню Івана Гаўрылавіча.
Багуся. Якога?.. I хто гэта «мы»?..
Еўга. Кунцэвіча Ізахвата… А мы? Са мною побач жыла з маткаю-ўдавою Кася Ляснік. У семнаццаць год прыгажэй за яе не было дзеўкі. Ну, і ён, трэба сказаць, быў зух. Не бачыла прыгажэй за яго чалавека. Быў прыказчыкам у купца. Малады, гожы, як Іосіф, спявак. На крыласе ён спяваў. Як заспявае — душа ў небе. А год яму тады было — ну, можа, васемнаццаць-дваццаць. Што табе казаць далей? Усё зразумела. Яна, Кася, не верыла нам, што ён «Змій, у ястве чалавечым, бардза моцны».
Багуся. Еўга! Зноў загаворваешся? Пацярпі!
У браме з’яўляюцца Зуліся з Вальгінай. Па выглядзе абедзве п’яныя, але часам падаюць кудысь нейкія знакі рукамі.
Вальгіна.
А пад мостам рыба з хвостам,
На вадзе лілея;
Маладая дзяўчынанька
З хлопцамі не ўмее.
Зуліся.
Куды ж мяне ведзяце,
Таку маладую?
Ды ў папову сенажаць,
Траву зеляную.
Вальгіна.
Хоць вы мяне ведзяце,
То я не баюся;
Я гарэлкі не піла,
То не павалюся.
Багуся. I гэтую спаіла. Гора такое вакол, а яны вочы залілі, сучкі.
Еўга. Колькі ёй гаварылі: чалавек ператвараецца ў змея. Не верыла. Хто з сапраўдных католікаў руку ўзняў на праваслаўнага? Хто з праваслаўных? Ніхто… Народжаны ў гэтым — трымайся гэтага. I будзь чалавекам. I ў Чалавека, і ў лёсу, і ў бога імя — адно. Іншыя імёны ізахваты прыдумалі. I яны ж учынілі пагром. I тады ж заплакала ў нашай хіжы дзіця. Ніхто не ведаў, што Іван тады, разам з манастыром, гатовы ў здраднікі кінуцца, што да езуітаў ходзіць. Ніхто не верыў.
Багуся. Што, зусім ніхто?
Еўга. Ніхто. Асабліва яна. Грамілі цэрквы — і мы касцёлы грамілі. Спачатку цярпелі, а пасля грамілі. Івана бачылі там — яна не верыла. Пасля толькі паверыла і за сябе, і за малога… Галовы…
Багуся. Ды стрымайся! Кажы, кажы!
Еўга. Пагром… А пасля ўстаў на ногі — Адпор. Абрыдла ўдаваць першых хрысціян… Адзін аднаго былі не лепшыя. Звяры!.. Горад у некаторых вулках палаў. I тады яны — твар, як палатно: «Бяжым, Еўга, бяжым ад змея». I пабеглі. Як перапёлкі ў жыце. Ад горада, радзімы, хаты. Т о й прыйшоў — попел. I косткі. А гэта суседкі. Схаваліся. I ён падумаў — гэта праваслаўныя, ведаючы, ч ы я кроў, нас спалілі. I з таго й пачалося.
Багуся. «Іні адзін не пусціўся ўспяць»?
Еўга. Так. I мяне выслалі следам. I беглі мы. I тут яна пачала паміраць. Ад любові і ад жаху да ЗМЕЯ. I тут знайшоўся чалавек, які вырашыў узяць на сябе яе, змеева, дзіця. Стаў на калені дый кажа: «Павінна быці дзіця, хаця і ў змея. То я на сябе гэты грэх вазьму». I Кася памерла. А дзіця тут. I я над ім часам апекавалася, пакуль не ўбачыла зноў, тут, Палікара і бог, з літасці сваёй, розуму ў мяне не адабраў. Бо гэта яны ўжо т у т… А бацька названы, святы чалавек, памёр. А змей з нянавісці пайшоў у манахі, а там — у іераманахі вуніі. А там… I вось наздагнаў нас тут. Мёртвую матку, вар’ятку павітуху і жывое дзіця.
Багуся. Імя… Імя айчыма… В-вольха?
Еўга. Адкуль? Імя айчыма — Ропат.
Вальгіна. Бабы! Чуйце! Клічце іх.
Багуся. I чаго дзяруцца, п’янічкі?!
Зуліся.
У Ізахвата — ку-ку,
Зарэзалі суку,
Павесілі на браме,
Расцягалі зубамі.
З’яўляецца ў браме Іасафат Кунцэвіч. Зараз гэта руіна, хай сабе і магутная, былога волата.
Кунцэвіч. Усё распавяла?
Еўга. Усё.
Кунцэвіч. Ачомалася, значыць… Што ж, раней можна было цябе літаваць. Хто зразумеў бы, не ведаючы? Цяпер — канец адзін. Хай памру. Хлопчык усё ж будзе вялікім панам над гэтым быдлам. Гэй, варта…
Але яшчэ раней за варту і Палікара з Дарафеем вырвалася з дзвярэй кухаварні мамка.
Мамка. Ав-вой, мае галубочкі! Ав-вой, што робіцца, скрыдлатачкі мае! Гаспіды гэтыя папа Ілю, каб ім давеку скрогат зубоўны! Крывішча па ўсёй кухаварні хвастала. На сцены, каб ім яго ніколі не абараніць, на печку, каб яго там сто год пяклі ды не дапяклі, на катлы, каб яго там д’яблы на лой варылі — сатане боты мазаць.
Палікар. Браць ведзьму!
У гэты момант першы, магутны ўдар скалыхнуў паветра. Другі, трэці. Яшчэ і яшчэ. Запалалі агні, узвілося за прачысценскай царквой магутнае полымя. Раве, здаецца, увесь свет.
Кунцэвіч. Што гэта такое?
Багуся. Гэта набат. Віцебскі набат.
Еўга. Гавораць Віцебскія званы.
За частаколам паасобныя крыкі: «Папа Ілю ўзялі», «Трупы людзей з магілаў павыкідалі», «На сметнік», «Сабакі па сметніках людзей за валасы цягаюць», «Біць», «Забіць!», «Смерць Ізахвату!» Крыкі зліваюцца ў агульны, дзікі рык ярасці.
Багуся. Вось. Вось і яно прыйшло, ты…
Па двары кідаюцца служкі, мітусяцца Палікар з Дарафеем, мільгае зрэдку цень езуіта.
Езуіт (з мура). Божа мой! Людзі непабожныя! Свавольства паспалітае з пасадаў! Шляхта са шляхецкіх гаспод!
Мамка. Дзіва што! Тых шляхецкіх слобад большая палова места. Круціся, круціся на сваёй патэльні, уюн. Сам агонь расклаў.
Езуіт. Унь з вышняга. I з ніжняга замкаў. Колькі іх! Тысячы! Да ратушы ірвуцца.
Магутны, на ўвесь свет, удар.
Кунцэвіч. Усё. Ударылі ў ратушны звон. Цяпер канец усім думкам. Хлопчык… Хлопчык… Чаму не загаварыў са мной?!
У двор удзіраецца чалавечы натоўп, дарослыя, старыя, жанчыны, узброеныя чым папала. Выбілі дзверы кухаварні, схапіліся з вартаю, выцягнулі скрываўленага Ілю.
Вольха. Ну што? Пагаварыў з імі?
Iля. А чаго? З імі размаўляць мо-ожна. Але толькі на той мове, якую яны разумеюць. (I «ўрэзаў» Дарафею ў зубы.)
Крыкі. — Забойцы!
— Саломы, саломы сюды!
— Спаліць гэтае кубло!
Чыніцца дзікае збіццё гвардыі. З абодвух бакоў падаюць мёртвыя і параненыя. Мільгаюць гізаўры, дзіды, доўбні.
Езуіт (Кунцэвічу, які моўчкі, як статуя, стаіць на сходах). Рабіць? Рабіць што?
Кунцэвіч. Разважаннямі пра бога займаўся, за мной сачыў… Цьху… Вынось адсюль ногі, гніда.
З акенца-байніц — стрэлы. Пасля адтуль вылятаюць шыбы: відаць, і там кіпіць бойка. Езуіт, па-за спінамі, выслізнуў з двара. Але астатнім не ўдалося. Натоўп прарваў ланцуг гвардыі. Наперадзе арудуе гізаўрай Ропат, побач з ім круціць шабляй Вольха.
Вольха. Багуся! Іду да цябе.
Зуліся. Ах, Сцяпан! Ах, б’ецца! Хоць то рэчка, хоць то бэз, хоць то хлопец, хоць то пес.
Дарафей узнімае ручніцу. I тут Зуліся кінулася, закрыла сабою Пасіёру. Стрэл. Дзяўчына хіснулася.
Сцяпан! Сцяпан! (Крык такі жахлівы, што ўсё адразу робіцца зразумелым.) Ну вось. У руку. Як жа цяпер прасці табе?
Пасіёра. Ты што?
Зуліся. Эх ты, «язва», «язва»… А няхай ён целяпей, такі ўсё ж за ім ляпей.
Пасіёра. Антоні! Сцеражыся! (Кідаецца з узнятай шабляй бараніць Вольху ад Палікара і падае, паранены ў плячо.)
Скрыжавалі зброю Вольха і Палікар. Сеча. Палікар падае.
Зуліся. Сцяпане! Сцяпане!
Пасіёра. Што з табой? Дзе?
Зуліся. Нічога. Хват ты, Сцяпане! А ў горадзе крокус рос — салодка карэнне. Пацалуй жа ты мяне — дастанеш збавення.
Вальгіна. Ды ты што? Сляпы, пень?
Зуліся спаўзае па Сцяпану і цалуе яго калені.
3уліся. Ачомайся, Сцяпане… Ну вось, ну вось. Цяпер — добра.
Вольха. Пасіёра, што з табой?
Пасіёра. Нічога, на бліжэйшыя дні, відаць, адваяваўся. Гэй, людзі, кіньце гэтае напаўжывое падла ў яр!
Палікара пацягнулі на мур, разгайдалі і кінулі. I тут нехта заўважыў Іасафата. Агульны рык: «Вось ён, папежнік! Вось, душахват!»
Іасафат спакойна, безжыццёва адступае перад дзідамі ўгору па сходах. Спіною.
Наперад вырваўся Ропат з гізаўрай.
Ропат. Рыхтуйся адказваць за ўсё.
Кунцэвіч. Значыць, і ты. Яны цябе не забілі тады. Яны з цябе зрабілі зброю забойства. З мяне таксама. Але ты, ты — сыне мой.
Вольха адцягвае Ропата, той вырваўся. Багуся выкручвае ў яго з рук гізаўру.
Багуся. Не, не! Толькі не ты, Ропат, толькі не ты!!!
Ропат. Чаму не я? Ёсць яна і ты, а што я?
Багуся. Не! Не-е! (Выдзерла гізаўру і, дзіка агледзеўшыся, падала яе Вольху.) Ідзі!
Вольха наступае па сходах на біскупа, што стаіць ужо на гульбішчы.
Кунцэвіч. Дзякуй табе, божа. За ўсю маю брыду ты адплаціў мне адзінай ласкай.
Вольха. Я не хацеў.
Багуся. Бі, пакуль не ачомаўся т о й.
Кунцэвіч. Гэта нічога. Даруй мне, люд. Нічога, Вольха. Ад тваёй рукі мне лёгка. Бі. У рукі твае, пане, аддаю дух мой. (Стаў на калені, схаваўшыся за балюстрадай.)
Вольха з сілаю апусціў гізаўру. Глухі ўдар… I паўза. Вольха спускаецца ў цішыні са сходаў, адкідае гізаўру, моўчкі ідзе прэч.
Матыс. Гэ… ды ён яшчэ… жыццё падае. Не мучайся, божая душа. (Страляе ў біскупа са стрэльбы.)
Некалькі чалавек, амаль у поўнай цішыні, сцягваюць біскупава цела за ногі па сходах. Выцягваюць з двара. Крычаць над маўчаннем званы. I толькі калі труп выцягнулі за браму, тыя, што не бачылі ўсяго, выбухнулі.
Галасы. — Руку яму адсячыце, што хлусліва знаменіе ўздымала.
— Бачыш? Прывязалі, цягнуць.
— Сабаку ягонага забілі, кінулі на труп.
— Сабака на сабаку едзе!
— Цягнуць на адхон!
— Разгайдалі яго, сволач, кінулі з урвішча!
— Плыві, душахват!
— Не, рыбакі вылавілі.
— Камянёў яму за вопратку.
— Хло-опцы, вязіце яго тапіць пад Пескавацік! Там найглыбей!
Вольха. Хадзем, Багуся. Хадзем адсюль. Нібы расціснуты я. Ніколі не думаў, што так… нясцерпна.
Багуся. Ясна, што нам нясцерпна. Гэта ім усё сцерпна, а нам…
Ропат. Ну вось. Хадзем. Цяпер толькі біцца — і ў бойцы загінуць. I забыць.
Пасіёра і Зуліся ўздымаюцца на ногі.
Пасіёра. А мне… Мне што рабіць? Божа-божа, як не пашанцавала.
Вольха. Ты зараз не воін. Сваё зрабіў. А астатняе пакінь нам. I вось што… вазьмі яе з сабою.
Пасіёра. Гэтую язву?
Зуліся. Сцяпанка! Сцяпанка! Набі мяне.
Пасіёра. За што?
Зуліся (вядзе яго). За ўсё. Але чаму, чаму ты так доўга не бачыў?
Ропат. Ну вось. Ім жыці. А мы?..
Заслона