Званы Віцебска — Карціна шостая
У змроку, які вельмі-вельмі павольна святлее, хаўтурныя ўдары званоў. I пад гэтыя рэдкія стогны Голас чытае хроніку.
Голас. Так, сказала сваё слова Справядлівасць. I хай пасля, насупер ляманту ісціны і чалавецтва, Кунцэвіч быў названы блажэнным (beatus), а потым і святым (sanktus), народ і гісторыя пакаралі ўсіх ісцінай. I пасля гэтага ўжо нічога не маглі змяніць ні іконы, ні дым міры, ні славаслоўі велічы і мудрасці, ні люты, ваўчыны, бязлітасны, крыважэрны, няшчадны, дзікі пякельны разгром Віцебска, ні злавесны і крывавы лёс сыноў горада. Чалавек быў забіты. Таму, што ён не думаў, ці можна плаціць за парадак бессаромным уціскам і расправай з іншаверцамі. А калі падумаў — было позна. I ён заплаціў за гэта цаной свайго «я», сваім жыццём.
Толькі праз некалькі дзён забітага выцягнулі з Дзвіны, ля Пескаваціка, і накіравалі ў Полацк. Толькі некалькі дзён здолеў пратрымацца горад.
А пасля прыйшлі палкі каралеўскай пяхоты і кавалерыі. На дзевяты дзень усё было скончана.
15 студзеня суддзі прыехалі ў Віцебск. 17 пачаўся суд, 21 — вынесены «хуткі і літасцівы» прысуд. Сто чалавек было асуджана на кару смерцю, але яны, пераважна, паспелі скрыцца.
Тры дні. Суддзі, людзі, самой эпохай прывучаныя да гнюснасцей, спяшаліся, баяліся казакаў, якія, падманутыя хлуслівымі ганцамі, так і не прыйшлі на дапамогу гораду. Дзе там было разбірацца? Выслухалі толькі абвінавачанне супраць цэлага горада. I справа звялася да пакарання горада. Каб забіць самы дух ягоны. I кара пала на ўвесь горад. На шматпакутныя Віцебскія званы.
Зусім заднела. Плошча перад трохступеньчатьм гмахам старой ратушы. Перад намі, крыху лявей, шырокія сходы, што вядуць на парадны ганак. Справа і злева ад яго — гульбішчы, а над імі — вышка з галерэяй і гадзіннікам. На першым паверсе, злева ад сходаў, катоўня, з якой далятае гул полымя. Справа, пад мурам «вáжні», уваход у цямніцы. Між ратушай і «важняй» высокі драўляны эшафот. Між ім і «важняй» укапаныя ў зямлю, амаль побач, два слупы. Плошча запоўнена народам. На ганку сталы. Ідзе па сходах, збіраючыся заняць месца за сталамі, высокі трыбунал.
Галасы.
— Унь ідуць.
— А якім правам судзяць?
— Ніякім. Мы ад моцы судоў і трыбуналаў вольныя.
— Ясна: «Ніхто іншы судзіці і ўладзы над імі не мае». Гэта наша Майдэборскае права.
Дарафей. Сціхніце вы… Дык вось, права таго ў вас ад гэтага часу не будзе. Пакутніка забілі.
Абдзярыха. Пакутнік. Толькі не з таго боку. Ад езуітаў ён пакутнік.
Дарафей. Но-но! Вы што, не чулі? Над месцам забойства — воблака, і ў ім — святло. I святло над Дзвіной паказала месца, куды кінулі.
Абдзярыха. Брахня гэта.
Дарафей. Не брахня, а тое, што святы. Вось і мы маем.
Мамка. Калі ўжо ў нас такія святыя — ясна, што мы за царква.
Варта праводзіць у падзямелле Вольху і Багусю.
Вой! Павялі, павялі! Яны — пакутнікі, яны — святыя, а не ты.
Вольха (праходзячы). Гэта ён святы? Дарэмна тады вы — гэй, Сапега! — дарэмна ты і твой кароль у святыя Нерона не запісалі. Невядома, хто хрысціян больш мучыў.
Іх правялі ў падзямелле.
Корвін (Сапегу). Робіцца нешта дзікае, вялікі канцлер.
Галасы.
— Хто гэта з Сапегам гаворыць?
— Рэферэндарый і пісар княства, Аляксандр Корвін-Гансеўскі.
— Гэты, кажуць, нічога.
Сапега (суха). Не пакараць — значыць, кінуць цень на унію.
Корвін. Рэквіемы, панегірыкі, малебны ў Сафіі. I… гэтыя плахі. I ў Рыме пішуць, што труп сам прыплыў у Полацк, супраць п лыні. Забылі або і не ведалі, што Полацк ляжыць ніжэй. Конскі каўцюх кінь у ваду — і той прыплыве.
Сапега. Сам ведаю. I ўжо як распісваюць— «велце святога, пабожнага, спакойнага чалавека акрутне на смерць забілі». Хлусы… Я не любіў яго. Я перасцерагаў. Але ж і яны парушылі закон. I я павінен судзіць іх па ўсёй строгасці закону. I за гэты дзень на мяне стагоддзямі будуць вешаць усіх сабак.
Корвін. А тваё слова?
Сапега. Мы — дзяржава, якая шмат чым рызыкуе, калі свет даведаецца, што мы патураем забойству і ерасі…
Камісія заняла месцы за сталом.
Мамка. Бач, зляцеліся.
Сапега. Камісарскі суд, а ў ім Самуэль Старасельскі, суддзя, Ян Дырмант-Сівіцкі, падсудак, Леў Гурко, пісар; суддзі: Леў Сапега, ваявода віленскі, магілеўскі і іншы стараста, канцлер; вяльможны Хрыстафор з Друцка Сакалінскі, кашталян мсціслаўскі, сурагатар ваяводства Полацкага; Аляксандр Корвін-Гансеўскі, рэферэндарый і дзяржаўны сакратар Вялікага княства; вяльможны яго літасці пан Багдан Сапега, аршанскі, чачэрскі, прапойскі і іншы стараста; і пры іх літасці, па асобым яго каралеўскай вялікасці павяленні, Мікалай Завіша, сурагатар віцебскі, — правялі следства і суд дзеля асуджэння і пакарання мяшчан віцебскіх за жорстка закатаванага імі правялебнага айца Іасафата Кунцэвіча, арцыбіскупа полацкага, і, правёўшы фармальнае жорсткае следства…
Абдзярыха. Катавалі, люцыпары.
Сапега. …аб такім мяцяжы і яўным нядаўнім злачынстве, вырашылі скончыць гэтую справу без усякай затрымкі і апеляцыі. Разгледзеўшы абвінавачванні капітула, выслухаўшы скаргі тых, што знаходзіліся побач з блажэнныя памяці біскупам, камісарскі суд вінаваціць усіх мяшчан Віцебска і шматлікіх з Оршы, Магілёва, Полацка і Вільні ў тым, што наводзілі на дзяржаўную здраду народ. Што склалі змову супраць уніі яшчэ ў лютым 1621 года. ПІто, не жадаючы падпасці суду, узяліся за камяні і, скінуўшы на знак змовы і мяцяжу шапкі ў адну кучу, абразілі ў асобе войта яго каралеўскую вялікасць.
Мамка. Інстыгатар патрабаваў, каб аддалі катаванням.
Крык з сутарэння.
Што гэта?
Абдзярыха. З Нешы прызнанне выдзіраюць.
Мамка. I што?
Абдзярыха. Як іншыя.
Мамка. Маўчыць?
Абдзярыха.А няўжо ж перад такімі гаварыць, любка?
Сапега. …забілі. Абклалі саломаю дом біскупа і хацелі былі спаліць. Слуг — каго пабілі, а каго збілі: Дарафея Лейціковіча, архідыякана, Мікалая Акалова, Эмануіла Кантакузіна, грэка, Рыгора Ушацкага, Фаму Сяляву і іншых многіх… Усё разрабавалі, і ўбытку ад таго 3079 злотых… Напала каля тысячы чалавек, і разам з простым народам бурмістры Навум Воўк, Сымон Неша, Сцяпан Пасіёра, і ратманы, і лаўнікі многія. Таму ўсіх іх, колькасцю да ста чалавек, асудзіць завочна на смерць, дзе б толькі ні адшукалі.
Голас. Што ж ты… Ізахвату адно, а мы бачым другое?! Як глядзіш ты нам у вочы?! У сабакі вочы пазычыўшы?!
Сапега. Тых жа, хто ў закаранеласці не ўцёк і каго, папаймаўшы, страж адправуем, у вязеню маючы: Навума Воўка, Сымона Нешу — бурмістраў, Яна Гужнішчава — які біў у ратушны звон, Грышку Скаруту, Гаўрылу Раманавіча, Іермака Гайдука, Фурсу, шапавалавага сына, Багдана Кузняца, Грышку Бібку, Гаўрылу Пушкара, Ісаака Любчына, Івана Аквіна, Рамана Даніловіча, Фёдара Казака, гаршэчніка, Фёдара Цацэку, Якава Шынкара, Сцяпана Труховіча, Васіля Фірса, Пятра Васільевіча, палачаніна, — пакараць смерцю — праз адсячэнне галавы на плошчы перад б ы л о й ратушай бясслаўнага места Віцебскага. Прысуд выканаць неадкладна.
Галасы.
— Як былой?
— Ды што яны там?
— Яшчэ смуты не бачылі?
Сапега. Маёмасць усіх канфіскаваць.
Абдзярыха. Безгаловага жабрацтвам не настрашыш!
Сапега. Увесь Віцебск прызнаць вінаватым, Майдэборскага права і ўсіх увогуле правоў пазбавіць. Ратушу, у якой склалася змова, разбурыць.
Палікар. Муляраў сюды.
Пасля некаторага замяшання і збянтэжання варта выводзіць двух муляраў, што нясуць насілы з цамянкай.
Корвін. Што там за шум?
Палікар. Гэта я падбаў. Каб бачылі. Каб ужо сёння пачалі замазваць усе прадухі ў склепе. Бурыць пачнуць, а там жа ўсё канфіскаванае майно. Не трэба, каб яго дождж або снег псулі. I унь на камені выбітыя аршыны і сажэні: звяраць. Замазаць іх. Зныня і назаўсёды гандлю ў горадзе — канец.
Корвін. А-а. Прадбачлівы ты, прадбачлівы.
Сапега. …разбурыць да грунту.
Няўцешныя рыданні ў народзе.
Зняць вечавы звон — знак прывілеяў і волі горада.
На катках варта вывозіць на плошчу звон.
Саборную прачысценскую царкву, пры якой зроблена злачынства, зламаць, а замест яе пабудаваць для уніятаў, за кошт гараджан, новую, у большым памеры і велікапышнасці. I на званіцу яе павесіць звон, адліты з былых званоў, з вечавога звона і тых, якімі білі ў набат падчас мяцяжу. А на ім зрабіць надпіс, што змяшчае кароткую аповесць пра забойства.
Корвін (ціха). Кароткую аповесць пра забойства горада.
Сапега (ціха). Воля дзяржавы павінна быць няўхільная.
Пачалі выводзіць асуджаных. Некаторыя ледзь ідуць, але галовы трымаюць высока.
Я даў ім магчымасць, асуджаным.
Корвін. Якую?
Сапега. Калі прыме хто езуіцкага духоўніка, а там і лацінства, то памілаванне.
Корвін. I што?
Сапега. Усе выбралі смерць.
Асуджаныя падымаюцца на эшафот.
Голас. Хлопцы, трымайцеся! Хлопчыкі! Віцебск з вамі!
Навум Воўк. Быў у нас герб. У блакітным полі — Спас Збавіцель, а ніжэй — голы крывавы клінок. Вось яно, іхняе прароцтва! Вось што яны нам рыхтавалі!
Палікар. Ты так на чыстую веру?
Навум Воўк. Настолькі яна ў вас чыстая, што аж смярдзіць.
Дарафей. Ды людзі! Ды што ж гэта такое? Усе чулі: падчас забойства сын Яна Леўшы, уніята, прачнуўся і з плачам крычаў: «Тата, бога забілі».
Неша. Не верашчы. Бога тут сёння і сапраўды забілі.
Дарафей. Ён пакутнік.
Неша. Так, пакутнік. Толькі не ад нас, а ад вас.
Сапега. Ціха! Больш гаварыць няма аб чым.
Корвін. I аднак мы так і не ведаем, хто з іх забіў. Ніхто не бачыў. Усе маўчаць. Ну ніхто з катаваных не сказаў, хто нанёс удар.
Вывелі Марцыяна Ропата.
Ну, гэтаму глупства. Выгнанне. I Вольху — пасля катавання. I яшчэ пяцідзесяці.
Сапега. Хто з вас бачыў смерць непасрэдна? Хто нанёс удар гізаўрай?
Маўчанне.
Палікар (Ропату). Дастукаўся, Марцыяне. Скажы, хто ўзняў. Атрымаеш дараванне. I не адзін, а з сябрамі. Унь Вольху з Багусяй катаваць агнём павялі.
Ропат. Іх? Катаваць?
Паўза.
Адпусціце тых. Ты памыліўся. Біскупа забіў гізаўрай я.
Уздых жаху.
Мамка. Нашто ж ты прызнаўся? Нашто прызнаўся, сынок?
Ропат. Я не хачу жыць. Адпусціце тых.
Палікар (унутрана трыумфуючы). Ёсць адзін. Што ж, размова кароткая. За чуб ды на пень.
Ропат. Рана ты радуешся, поскудзь.
Палікар. Зараз ты атрымаеш апошні цёс. Пад дых. Ты ведаеш, што цябе калясуюць? Ты ведаеш, каго ты забіў? Кроўнага, раджонага бацьку свайго, ты — бацьказабойца!
Ахнуў натоўп.
Ропат. Не! Не!
Палікар. Так, любы, так. Еўга Бабук можа засведчыць гэта. Дый Багусенька твая таксама. Спытай, спытай у іх, калі не верыш мне.
Ропат (ціха). Веру. (Сам сабе.) Цяпер ясна, чаму яна вырывала ў мяне сякеру: «Толькі не ты». I чаму ён дзякаваў богу. Да апошняй ганьбы яны мяне не давялі. (Уголас.) Але тую ганьбу, што я паходжу ад жывадзёра і ката, тую ганьбу мне не змыць іначай, чым сваёю крывёй. Я не супраць плахі. На ёй лепей памерці, чым з сораму. Што ж, тым больш у мяне ёсць прычына памерці. Адпусціце іх. Яны не вінаватыя. Яны стрымлівалі мяне. I яны кахаюць адно аднаго.
Палікар. Ты што? Ты што? Ты памыліўся, мабыць? Гэта ж… цябе…
Ропат. Ды не, трымай пад дыхала, Палікар. Птушка вылецела. Я забіў яго.
Палікар (ціха). Божа. Няўжо дарэмна? Нічога, Ропат, за гэты жарт пажартую з табою і я. Перш чым зляціць твая галава, яна ўбачыць, як будуць караць ганьбаю і смерцю званы. Яны ж крычалі тваім голасам? Ну вось, быць нямымі і ім, і табе.
Кат з падручнымі падступаюць да вечавога звона. У падручных — бізуны, у ката — жароўня, і ў ёй клешчы.
Янка Гужнішчаў, званар, што ўдарыў першы.
Гужнішчаў выходзіць з натоўпу асуджаных.
Памрэш і ты. Але раней убачыш, як мы заторкнем глотку твайму гарладзёру. Як адхвошчам яго гнойнымі бізунамі. Як вырвем язык.
Падручныя пачынаюць наводмаш хвастаць звон бізунамі. На баках звона брудныя пісягі.
Вось табе. Вось табе. Вось табе. Крычы, што ж ты не крычыш? Тады дык гарлаў на ўсю зямлю.
Кат дачырвана разжаранымі клешчамі вырывае звону язык.
Яшчэ яму, яшчэ. Ну, чаго ж не крычыш?
Званар. Вы яго мацней, мацней. Гэх, не ўмееце. Ану — я. (Выдраў бізун з рук падручных і — пад абураны ўздых натоўпу — аперазаў звон, які раптам адказаў трывожным гулкім уздыхам. I яшчэ. Яшчэ.) Бачыш, ён крычыць, толькі калі б’юць свае. (Кінуў бізун Палікару, які машынальна падхапіў яго.) Бачыш, калі трэба, мы крычым і без языка. (Ён плюнуў Палікару пад ногі і стаў спакойна падымацца на эшафот.)
Сапега. Хто прыдумаў камедыю з хвастаннем звона?
Корвін. Дарафей і… гэты… Касінскі. Духоўнік.
Сапега. Спеліся. А зараз унь у цяньку стаяць.
Ропат раптам крэкнуў, вызваліўся і спакойна пайшоў за званаром. Узышлі на эшафот, сталі побач.
Ропат. Бывайце, людзі. Ніхто не вырве нас з іхніх кіпцюроў, калі не вырвемся самі. А мы бачым: яны абрыдлі ўсім так, што ўся краіна блюе, гледзячы на іх. Нават моцныя людзі. Вось князь Юры Збаражскі кажа на сейме: «Але чаго яны хочуць ад гэтага шаноўнага народу — гэтага я ніякім чынам зразумець не магу: таму што калі хочуць, каб у Белай Русі не было Белай Русі, то гэта справа немагчымая, усё адно як калі б яны захацелі, каб мора было каля Самбара або Кракава, а горы Бяшчадскія — ля Данцыга». Ніякім розумам, ніякім гвалтам нельга дасягнуць таго, каб у Віцебску не было Віцебска, каб на нашай зямлі не было нашай зямлі.
Паўза.
Гэта сказаў паляк.
Паўза.
Гэта ж гаворым сваёй смерцю і мы. Вам не заглушыць Віцебскага набата. Вам не заглушыць званоў нашай зямлі.
Ён і званар знікаюць за балюстрадай. Пасля адтуль далятаюць два глухія ўдары сякеры.
Сапега. Я пайду. Мне тут больш няма чаго рабіць. (Ён спускаецца са сходаў і заходзіць за выступ мура, дзе стаіць Палікар.) Што, карыстаючыся адным агаворам, адправіў на смерць саперніка?
Палікар. Ды не, не, ніякі ён не… Сам караюся!
Сапега. Ты… ты проста гніда. (Даў тысячніку поўху.)
Палікар схапіўся быў за зброю, але варта абступіла кацлера.
Сапега (ідучы прэч, ціха сказаў начальніку варты.) Вось што. Бачыце Касінскага і Дарафея? Пойдзеце з самымі вернымі за імі. Ну вось. Ворагі загінулі. Моцныя ворагі. Будзе неяк не зусім справядліва, калі правасуддзе не пацікавіцца падбухторшчыкам і выканаўцам. (Пайшоў.)
Варта рушыла за двума чорнымі ценямі. З сутарэння вывелі Багусю і Вольху.
Палікар. Што, Вольха, з радасці, што з катавальні выйшаў, пэўна, і «Куліну» сваю заспяваў бы? «Гэй, казачэйку, пане ж мой… Ён гаруе. Ён чатуе. Дзе паеду — здабуду». Не здабылі вас адсюль казакі твае.
Вольха. Пане мой божа, толькі з катавальні, і першае, што ўбачыў, — гэта багабрыдкая морда насустрач. Лепей бы там застаўся. Няма каб, скажам, Ропат або яшчэ хто.
Палікар. Ропат? Які Ропат? Быў хіба некалі такі? Ропат? Га?
Багуся. Гнусь.
Вольха. Азадак твой яго памятае. А забудзеш — ён табе напамяне яшчэ.
Палікар. Не напамяне. Нічога ён ужо нікому не напамяне. Шкада, схібіў я, прамахнуўся. Думаў, у пары з ёю — ён. Ну і зрабіў падаруначак да…
Багуся. Не слухай.
Палікар. …да вызвалення ад дыбы, ад… Выгнанне цябе ўсё ж чакае. I я табе скрутачак адзін такі ў дарогу дам… Круглы.
Багуся. Вольха! Брэша!
Вольха. Не, тут нешта не тое… Гэй, люд, Ропат дзе? Ропат дзе, кажу?
Голас. Толькі што адсеклі галаву Ропату, Антоні. Прызнаўся, што гэта ён секануў гізаўрай.
Вольха. Гэта… Гэта як жа?.. А я? У мяне чаго не спыталі?
Голас. Маўчы, Вольха. Маўчалі ж месяцы. Цяпер ужо нічога не папішаш.
Абдзярыха. Сцісніся.
Мамка. Маўчы, мы бачым.
Палікар. Ну, ясна. Ці мог ён, каб яна твар у твар з дыбай. Ясна, не мог.
Вольха. Усё.
Палікар. Гэх ён, бацьказабойца. Паказаць сябе захацеў: «Бабу, маўляў, пусціце».
Мамка. Забіты ён. Сцісніся. Усё адно.
Багуся. Усё адно.
Вольха. Не, дзяўчынанька, не. Не ўсё адно. Я краў, я і адказ трымаць буду. Названага брата кінуць аднаго не магу. Душа ягоная там плача. А калі няма дзе ёй там плакаць — а відаць няма дзе, — калі паўсюль на зямлі такое паскудства, дык хаця не дазволю, каб пэцкалі ягоную памяць бацьказабойствам. На нас і без таго да восьмага калена будуць ліць гразь, яны гэта ўмеюць. На наша з табою імя — хай сабе. Але пэцкаць дваццаць пяць вежаў горада яшчэ і такой маною — такога я ім не дам. Адвярні морду, ты… (Абдымае дзяўчыну). Бывай, маё шчасце. Думаў я, што не так. Думаў, хата… «за стол твой, мой каханы, ланенкаю».
Багуся. «У ложу тваю, мой каханы, маленькаю»… Вазьмі мяне з сабою.
Вольха. Не трэба, маленькая. Ты яшчэ пажыві, колькі хочаш, павесяліся з сонцам. А я парадуюся на цябе, пакуль разам не… (Адарваў яе ад сябе. Ідзе да эшафота.) Людзі! Народ віцебскі! Богам клянуся, засечаны толькі што Марцыян Ропат не вінен. Гэта мая рука апусціла гізаўру. Вось гэтая! А той, той хрыстапрадавец, той здраднік свайго народу аддаў смерці бязвіннага. Толькі таму, што гэтай гадзюцы здалося, нібы Ропат адбіў у яго дзяўчыну, якая на такога разлезліка, як ты, Палікар, і пляваць не хацела. Ясна, такі, як ты, трупы па начах сніць не будзе. Але паглядзі, паглядзі на рукі, Абрагімовіч. Яны ў цябе ў нявіннай крыві. Паглядзі.
Той машынальна паглядзеў, захістаўся. Гул натоўпу.
Мамка. Ды што ён, п’яны?
Абдзярыха. Ён заўсёды п’яны. Дзе не крывёю, там гарэлкай. Такі халуй за чарку ад пана ад Варшавы да самой Масквы, па іржышчы, голым носам вош пагоніць.
Змрочны, пагрозлівы смех натоўпу.
Вольха. Г-га-ха-га! Дык вось, ты іх не адмыеш, ты, што бацьку, родны свой горад, пазбавіў языка, што матцы, зямлі сваёй, чэрава ўспароў. Цьфу! (Ідзе паперадзе варты.)
Палікар дзіка агледзеўся. Кінуўся да Багусі.
Палікар. Слухай, я адкладу, нібы на даследаванне. Даб’юся. Мы дамо яму ўцячы. Я не магу болей. Пагарда вакол. Не адштурхні мяне, апошні мой бераг, апошняе маё спасенне… Бачыш, рукі…
Багуся. Ты іх паспрабуй адмыць спярша, рукі.
Палікар. Застанешся адна.
Багуся. Не, Палікар, адна я не застануся. (Плюе.)
Страшнае маўчанне народа.
Антоні, чакай мяне, я іду за табой. Яшчэ сёння ўзрадуемся разам на небе.
Палікар. Ты што? Ты што? Хто карае жанчын? Ты ж і рукі не ўздымала! Людзі, не слухайце яе.
Багуся. Гэта я прынесла гізаўру. Гэта я загадала, каб ён ж-жахнуў таго цмока па галаве. I, хай мяне пярун шасне, калі я не бачыла, як у яго з галавы — з-пад сякеры — палілася атрута і вылецеў у паветра д’ябал.
Палікар. Яна нагаворвае на сябе. Заторкніце вушы, людзі!
Багуся. Хто бачыў? Ага, вось ты, баба Еўга.
Еўга. Ага, ага, бачыла, бачыла. Гэта яна падала. Варта было. Ён людзей выкопваў. I д’ябла бачыла. Чорны такі анёлачак. Рожкі, як у козкі. Зубкі, як часначок. Хвосцік, як памялцо.
Палікар. Не слухай вар’яткі, народ!
Вартавы прабіўся да яго праз натоўп. За ім яшчэ двое — цягнуць мяхі.
Гэта яшчэ што такое? Якога д’ябла?
Варта з ы. Гадзіну назад убачылі, як невядомыя з урвішча кінулі ў Дзвіну два мяхі. З таго месца, адкуль і… Выявілі. Вось што ў іх.
Палікар аслупянела глядзіць на твары Дарафея і Касінскага.
Палікар. Дарафей… Езуіт.
Корвін. Боская адплата.
Палікар. Стойце… Прыпыніць страту…
Багуся. I гэта нашы сябры зрабілі… Я іду да цябе, Антоні. Цяпер мы будзем спаць спакойна.
Палікар. Цяпер усё. (Пасля паўзы, здаўленым голасам.) Прывязаць іх да слупоў.
Варта прыкручвае Вольху і Багусю да слупоў, плячом да пляча.
Муляраў сюды. Сякера занадта хутка скончыць з імі.
Муляр. Што?
Палікар чэрпае кельмай цамянку і плюхае на ступакі прывязаных.
Палікар. Рабіць далей.
Муляры муляюцца.
I, клянуся першамучанікам Ігнатам, і святым Васілем, і Янам Ксціцелем клянуся, што калі адмовіцеся — загадаю пасадзіць на палі азадкам не толькі вас, не толькі сямейных вашых, але і ўвесь Задунаўскі канец. Ну!
Варта насоўваецца на муляраў.
Вольха. Працуйце, хлопцы. Не хапала яшчэ, каб столькі людзей…
Багуся. Мы даруем вам. Мы выпрасім вам дараванне.
Муляры, калоцячыся, пачынаюць працаваць.
Вольха. Ну-ну. Досыць калаціцца. Няхай — яны.
Палікар. Пасля, калі задыхнуцца, — абскрабіце лішкі цамянкі і зрабіце якабы два балваны. I хай стаяць, на пострах усім, колькі будзе трэба.
Вольха. Галовы адсечаныя не прыставіш, лепшых сыноў горада, лепшых братоў — не вернеш. Але горш за смерць нашу — смерць залатой волі Віцебска. Нічога, яна ўстане. Не можа не ўстаць. З тым і памром. З горыччу, але і з надзеяй на святло. Званоў нашых не заглушыць. Кішка ў іх, паршыўцаў, слабая.
Палікар. Ну то стойце і слухайце. Дзе яны, вашы званы?
Вольха. Мы будзем стаяць. Помнік Віцебску, які ты думаеш, што забіў. I які нельга забіць. Як увесь наш бедны, наш моцны край.
Паўза. Цамянка ўжо да калень.
Бывай, Багуся.
Багуся. Нічога, мы пастаім. Толькі на пострах табе, а не людзям, іуда. Антоні… «У ложу тваю…»
Вольха. Я цябе кахаю.
Багуся. І я цябе кахаю. I мы ўрэшце разам. Разам ва ўсе дні да сканчэння свету.
Цемра. Надрыўны свіст ветру. Потым нібы крыху святлее. Стылая, аранжава-жоўтая, разгараецца над горадам стужка зары. На плошчы, у слабой пляме святла, два грубыя ізваянні з закарэлай цамянкі. На плошчу няцвёрда выходзіць Палікар у суправаджэнні т р о х вартавых.
Палікар. Рукі… Рукі.
З’яўляецца Сапега. За ім служка нясе ліхтар.
1-шы Вартавы. Хто ідзе? Божа, канцлер. Куды ў такую ноч, ваша высокая мосць?
Сапега. Сёння ад’язджаем. (На Палікара.) Што гэта з ім?
1-шы Вартавы. Баімся ўсе, што звіхнецца. За шаблю некалькі разоў хапаўся.
2-гі вартавы. Ходзіць, мармыча: «Рукі-рукі». I ўсё яго сюды верне. Стане і слухае, слухае.
3-ці Вартавы. Войт так і сказаў: «Сачыце за ім хлопцы, бо як бы не спяціў. Бо вось так яно ў розуме і псуюцца». Слухае.
Сапега. Чаго слухаць? Маўчыць горад. Раб, у гразь кінуты, — цяпер горад. Без голасу, без званоў.
1-шы Вартавы. Добра хаця, што парадак у дзяржаве захавалі.
Сапега. I тое праўда.
Палікар. Маўчыць… Рукі-рукі. (Да «статуй».) Што, і вы маўчыце? Сцішыліся. Мерцвень, халодная, як гэтая цамянка, як тое вапно, як тая заранка, стылы лёд. Дзе тваё сэрца, Багуся? А цёпленькае было. I магло б жыці, песціцца. А тваё дзе сэрца? А гарачае было. Як пажар. То ж бо! Дзе яна цяпер, ваша сіла? Стаіце балванамі на скрыжаванні. А маглі б жыць, каб саступілі, каб трысціначкай, якую вецер не ломіць. А рукі? Маўчыце? Ну вось. Перамог усё ж я. Мёртвы горад. I стаіце вы балванамі, помнікамі на яго магіле. Вось. Во-ось.
Пляма святла пашыраецца, і раптам мы бачьм, што на месцы ратушы, пад аркадамі і перад імі, моўчкі стаяць людзі.
Вы што тут? Вы што тут кожную ноч? Плачаце моўчкі? Моўча, а дума воўча? Маўклівая непавага да ваявод, кашталянаў, старастаў, сурагатараў? Ты вось што?
Еўга. Слухаем.
Палікар. Што?
Еўга. Тое, што грукоча.
Палікар. Што? Што грукоча, я цябе пытаюся? Няма чаму грукатаць. (Прыслухоўваецца.) Ну дзе, ну? Што?
Еўга. Грукоча. Там.
Палікар (слухае). Нічога не грукоча. Ці мо грукоча? Дзе? Там? Ага, нешта нібы цюкае. (Ходзіць, прыслухоўваючыся да нечага, нібы вынюхвае.)
У цішыні, спачатку амаль нячутна, а пасля ўсё мацней і мацней, пачынаюць аддавацца ўдары сэрцаў: тук-тук-тук-тук. Мацней, мацней і мацней.
Грук-грук-грук. Дзе? Ага, тут. (Ён кідаецца да ізваянняў і прыкладае да іх вуха.)
А грукат ужо нясцерпны, і вось ужо ў ім нешта нават металічнае, і невядома, што гэта: неймавернай сілы ўдары сэрцаў ці набат.
Грукоча-грукоча-грукоча. Не, не могуць. Яны ж мёртвыя, халодныя. (Адарваў руку ад цамянкі.) Гэта я, вось гэтымі рукамі, забіў іх. Гэтага не можа быць. Грукоча-грукоча. Ды змоўчце вы! (Выхапіўшы шаблю, б’е плазам.)
Грукоча. Званы! Званы! Званы Віцебска! Набат! Набат! Набат! (Падае на калені. Заціскае вушы. Але ўдары ўжо нясцерпна запаланілі ўвесь свет.) Сціхніце-е-е!
1-шы Вартавы. Ну, гэты гатовы, Толькі на ланцуг.
Сапега. Што ж, усё скончана. Пасля таго, што здарылася, — гэта канец. Не цяпер, то ў чацвер. Гэтыя што? Гэткіх не замуруеш. А мы?
Удары — удары — удары.
Палікар. Галава-а расколваецца. У галаве б’е. Грукоча — грукоча! Набат! Набат! Гру-ко-ча-а-а! Наба-а-ат!
Заслона