Васіль Быкаў — «Ад роднай зямлі»
Уладзімір Караткевіч…
Нядаўна яшчэ ён быў жывы наш сучаснік, любы, харошы сябра, няўрымслівы творца на ніве нацыянальнай культуры, чалавек «святы і грэшны» на сваёй «святой і грэшнай» зямлі. Але настаў час, і выпадак ці капрызны прысуд няўмольнага лёсу аддзялілі яго ад жывых той непазбежнаю рысай, за якой ужо інакшая, чым раней, больш катэгарычная шкала людской годнасці, па якой нельга мераць «прыстрасна» і прыблізна. Тая шкала вымагае меры дакладнай і аб’ектыўнай, да якой абавязвае хіба адна толькі смерць.
Вось толькі як утрымацца тае аб’ектыўнасці, як адасобіцца ад мілых чараў яго абаяльнай асобы, святло якой праз гады прадаўжае гарэць у сэрцы кожнага, хто яго ведаў.
Ён быў з пароды тых жыццялюбаў, якія ўсё радзей сустракаюцца ў нашым жыцці, тым больш нячаста ажыццяўляюцца ў мастацтве. Можна нават сказаць, што ён быў чалавек рэдкі, бо нават у сталыя гады шчасліва спалучаў у сабе чалавечую мудрасць з непасрэднасцю дзіця, любімага гадаванца прыроды. Гэтая рыса яго натуры, аднак, ніколькі не прыніжаючы яго, давала падставу хіба што па-добраму дзівіцца, а то і захапляцца ягонай неардынарнасцю. Так, ён любіў усё натуральнае, лёгкае і радаснае як у паўсядзённых праявах побыту, так і ў бясхітраснасці чалавечых адносін, але з абавязковымі для іх шчырасцю і дабрынёй, якія ён ставіў на першае месца ўсялякіх добразычлівых адносін.
У яго было вялікае чалавечае сэрца. Ягоная прыхільнасць да жыцця наогул не ведала межаў, і ў ёй заўжды было месца для незвычайнага. Гэта незвычайнае ён умеў бачыць скрозь і ўсюды, падмячаць сваім вострым мастакоўскім вокам, узбагачаць у тыглі свайго ўяўлення. Ён меў звычай шмат чым з перажытага і ўбачанага дзяліцца з сябрамі і блізкімі, і, здаралася, яму не верылі, хоць усё тое, пра што ён расказваў, было шчыраю праўдай. Але шмат што ён бачыў па-свойму, як можа бачыць мастак, майстра прыгожага пісьменства.
Шырока вядомая яго бязмежная любоў да літаратуры, мастацтва, нацыянальнай даўніны і гісторыі. Ягоны талент, будучы па прыродзе сваёй паэтычна-ўзвышаны, не гнушаўся, аднак, простага і звычайнага, як у сферы творчасці, так і ў адносінах з іншымі — калегамі і чытачамі. Натуральнасць і прастата гэтых адносін маглі б здзівіць ці шакіраваць каго-небудзь, хто кепска ведаў яго, але тыя, хто ведалі яго, не здзіўляліся, — то быў здаўна знаёмы, звыклы і натуральны ў сваёй, амаль дзіцячай дураслівасці Валодзя Караткевіч.
У гэтым сэнсе высокая дабрыня ягонай натуры ў стаўленні да бліжняга, здавалася б, вымагала ўзаемнасці, давала падставу штось браць для сябе, але мы ведаем, што гэта было не так. Ён не вымагаў нічога, бо быў з ліку тых сапраўды рэдкіх цяпер «бяссрэбранікаў», што любяць адно — аддаваць, адорваць, радаваць іншых, нічога не патрабуючы ўзамен. І ён да апошніх дзён шчодра адорваў направа і налева, аддаваў і ашчасліўліваў многіх, беручы з свае шырокай душы, скарбонкі свайго багатага таленту.
Упершыню яго імя з’явілася ў друку ў 1955 годзе пад вершам «Машэка», змешчаным у часопісе «Полымя». Затым вершы Уладзіміра Караткевіча працяглы час друкаваліся ў розных выданнях, выйшлі ў трох паэтычных зборніках, якія былі аднагалосна ўхвалены крытыкай і з зацікаўленасцю сустрэты чытачом. Сапраўды, у асобе маладога аўтара беларуская паэзія набыла тады яркае і самабытнае дараванне, поўнае паэтычнай узнёсласці, смелай метафарычнасці і глыбіні. Мусіць, тут дарэчы будзе зазначыць, што вершамі ён і скончыў. Яго пасмяротны зборнік «Быў. Ёсць. Буду» — гэта паэтычны запавет наступным пакаленням, створаны трапяткой рукой майстра, паўны мудрых высноў жыцця. Напэўна ж, паэзія ўвесь час суправаджала ягоны талент, бруіла ў ім нават тады, калі ён ствараў далёкія ад яе творы.
У апавяданнях, якія У. Караткевіч пачаў пісаць адначасна з вершамі, таксама былі шматлікія адзнакі яго паэтычнага таленту і многія з іх чыталіся як вершы ў прозе. Можна нават сказаць, што ранняя апавядальная проза У. Караткевіча нейкім чынам дала яе аўтару новыя творчыя магчымасці, ніколькі не звужаючы яго паэтычнай сутнасці. Усхваляванае светаўспрыняцце, замілаванне жыццём, яго разнастайнымі праявамі загучала ў іх на поўны, нічым не прыглушаны голас. Для крытыкаў і для прыхільнікаў таленту У. Караткевіча меліся ўсе падставы меркаваць, што іхні кумір надоўга застанецца ў межах ім абранага і такога прывабнага для многіх жанру. Як ні парадаксальна, але менавіта ў гэты час у таленце У. Караткевіча з’явілася і надоўга зацвердзілася яшчэ адна яго адметная схільнасць — паглыбленая цікавасць да гістарычнай мінуўшчыны нашага народа.
Можа быць, гэта таксама можна зразумець і вытлумачыць, бо пры даволі развітай разнастайнасці фальклорнага і паэтычнага жанраў беларускай літаратуры доўгі час не ставала гістарычнай прозы, якая ў развітых і старых літаратурах з’яўлялася даўнім і раўнапраўным літаратурным жанрам. Драматычны, а часам і трагічны змест гістарычных падзей, якімі так багата мінулае нашага народа, амаль не пакінулі літаратурных сведчанняў і, вядома ж, ляжалі па-за асабістым вопытам пазнейшых пакаленняў літаратараў. Для мастацкага ўвасаблення мінулага літаратура мела патрэбу ў таленце асобага роду, такім, які б, валодаючы багатым запасам канкрэтных гістарычных ведаў, меў яркае паэтычнае ўяўленне, каб з даўняй сівой мінуўшчыны чэрпаць натхненне для літаратурнай творчасці. Дзеля справядлівасці, аднак, трэба сказаць, што гэтая мінуўшчына не заставалася нікім не кратаная: за апошнія дзесяцігоддзі беларускімі аўтарамі рабіліся некаторыя спробы пранікнуць у гісторыю краіны, але гэтае пранікненне не ішло далей сярэдзіны ці другой палавіны ХІХ стагоддзя. Асаблівую цікавасць выклікала легендарная постаць Кастуся Каліноўскага, аб якім у розныя часы было напісана багата твораў у розных літаратурных жанрах.
Сталася так, што менавіта Кастусь Каліноўскі і трагічнае паўстанне 1863 года прыцягнулі пісьменніцкую ўвагу Караткевіча-празаіка, і ў беларускім друку з’явіўся першы, а затым і другі том яго гістарычнага рамана «Каласы пад сярпом тваім». Аб гэтым рамане ў свой час выказваліся розныя меркаванні: поўныя захаплення ацэнкі чаргаваліся з сур’ёзнымі папрокамі аўтару, якія таксама можна зразумець па-рознаму. Але ўжо тады было несумненна, што пры ўсёй спрэчнасці некаторых аўтарскіх трактовак і палажэнняў, такой шырыні ахопу пэўнай гістарычнай эпохі і такога паэтычнага пранікнення ў яе яшчэ не было ў беларускай прозе. Твор гэты, на жаль, так і застаўся не скончаны.
У 1964 годзе ў часопісе «Маладосць» быў надрукаваны гістарычна-прыгодніцкі дэтэктыў «Дзікае паляванне караля Стаха» — адзін з самых папулярных твораў Уладзіміра Караткевіча. У адрозненне ад некаторых іншых, часта перанаселеных твораў, тут небагата дзейных асоб, амаль усе падзеі адбываюцца ў маёнтку Балотныя Яліны і вакол яго, у цэнтры чытацкай увагі — абаяльны вобраз маладой гаспадыні маёнтка і не меней сімпатычнага госця-апавядальніка. Створаная паводле выпрабаваных канонаў прыгодніцкай рамантыкі, гэтая аповесць мае і нешта адметнае ў сваёй структуры, нейкую ўласцівую ёй таямніцу-загадку, якую нават цяжка растлумачыць з пазіцый фармальнай логікі, а можна хіба адчуць. І справа тут, канечне ж, не толькі ў напружанасці прыгодніцкага сюжэта, які, дарэчы, па-майстэрску распрацаваны ў аповесці, і не ў загадкава-страхавітых малюнках кавалькады «дзікага палявання», што гойсае на сваіх «дрыкгантах» па лясах, наводзячы жах на наваколле. На мой погляд, тут моцна ўражвае нешта іншае, што ідзе, мабыць, з далёкіх нетраў жыцця, а таксама ад лепшых традыцый літаратурнага рамантызму ў духу Майн Рыда, Вальтэра Скота, Генрыха Сянкевіча. Ва ўсякім разе, на прыкладзе гэтай аповесці лішні раз пераконваешся ў тым, які добры вынік дае гарманічнае спалучэнне пэўнага характару літаратурнага таленту і падлеглай яму творчай задачы. У «Дзікім паляванні караля Стаха» ўсё сышлося ў сваёй залатой меры.
Між тым талент Караткевіча — гістарычнага празаіка развіваўся і набываў новую сілу. На працягу двух дзесяцігоддзяў у друку рэгулярна з’яўляліся яго новыя празаічныя творы, навеяныя драматычнымі перыпетыямі нашай гісторыі. Сярод іх значнае месца займае прыгодніцка-рамантычная гісторыя Хрыста, які «прызямліўся ў Гародні», і жанр якой трохі не без іроніі пазначаны аўтарам як «Евангелле ад Іуды». Кніга гэтая адметная ад іншых твораў данага жанру шматлікімі станоўчымі якасцямі: грунтоўнасцю гістарычнага мыслення, багаццем і маляўнічай выразнасцю апісанняў, часам блізкіх да жывапісу Іераніма Босха, уменнем аўтара з ненатужнай дакладнасцю ствараць шматлікія вобразы людзей розных саслоўяў: просталюдзінаў, духавенства, рамеснікаў, гандляроў, а таксама магнатаў і духавенства таго далёкага часу, ад якога не шмат захавалася нават скупых гістарычных даведак. Але, можа, найбольшая вартасць кнігі ў яе выразных гуманістычных і выкрывальніцкіх тэндэнцыях, асабліва ў адносінах да ўсяго, што датычыцца «власть предержащих», якія ў сваёй сквапнасці да ўлады не спыняюцца ні перад крывёю і зладзейскім падманам, ні перад фальшам высокіх слоў. Бог, вера, хрысціянская мараль — толькі шырма ў іх эгаістычным імкненні да ўлады над чэрню. Чытача вабіць доўгая чарада часам смешных, а болей жудасных прыгод у межах старой Гародні і яе ваколіцах жменькі міжвольных авантурыстаў на чале з мужыцкім Хрыстом Братчыкам, у якога ўсё болей і болей выспявае сацыяльная самасвядомасць з гатоўнасцю пастаяць за праўду простых людзей. Чытача не могуць не ўразіць шмат якія з густам і амаль з брэйгелеўскім размахам створаныя малюнкі гарадскога і сельскага побыту, жахлівыя крапасныя баталіі на «касталомных вежах». Але, можа, найбольшае ўражанне робіць фінальны раздзел кнігі, калі пасля многіх старонак барацьбы і кровапраліцця настае спакой, і Братчык з сябрамі, паслаўшы Іуду па гарэлку, бяруць сявенькі і пачынаюць засяваць асеннія гоні. «Іуда ўжо знік. Неапалімыя купіны дрэў стаялі на ўзгорках.
Сумавала вакол капліцы шыпшына. А сейбіты падымаліся на вяршыню круглага пагорка, як на вяршыню зямнога шара. І першым ішоў насустрач нізкаму сонцу Хрыстос, мерна размахваючы рукамі. І, гатовае да новага жыцця, падала зерне ў цёплую мяккую зямлю. Выйшаў сейбіт сеяць на нівы свая», — узнёсла-патэтычна заканчвае аўтар, і гэта гучыць сапраўды як з самых глыбінь быцця.
Гістарычны і прыгодніцка-рамантычны жанр, мабыць, на шэраг год стаў улюбёным літаратурным жанрам Уладзіміра Караткевіча. Няспыннае вывучэнне мінулага па архіўных і літаратурных крыніцах, шматгадовае ўдумлівае асэнсаванне атмасферы, духу, псіхалогіі людзей даўніх часін выпрацавала ў аўтара пэўнае мастацкае, інтуітыўнае адчуванне матэрыялу, звычайна не даступнага іншым пісьменнікам. З-пад яго пяра выходзяць усё новыя творы, прысвечаныя гісторыі і нязменна азначаныя лепшымі рысамі яго непаўторнага таленту.
На перадапошнім годзе свайго жыцця ён скончыў «Чорны замак Альшанскі» — «гэтую напаўзабаўку, у якой, аднак, таксама ёсць схаваны сэнс і яшчэ сёе-тое», — як пісаў ён на адной са сваіх кніжак. Вядома, гэта зусім не «паўзабаўка», проста ў Караткевіча была такая, аблегчаная, ці што, манера адносін да ўласных твораў — чыста чэхаўская манера «ўнічыжыцельных» водгукаў на плён сваёй працы. «Чорны замак Альшанскі», які, дарэчы, зараз жа пасля выхаду ў свет быў экранізаваны на беларускай кінастудыі і абышоў шматлікія экраны свету, можа, самае сталае ўвасабленне Караткевічавага прыгодніцкага таленту, і створаны на выпрабаваным грунце прыгодніцкага жанру. У гэтым творы аўтар удала спалучыў падзеі і вобразы розных часоў, паказаў іх узаемасувязь і ўплыў даўніх спраў і ўчынкаў на фарміраванне нашага сёння. Раман чытаецца з захапленнем, яго востра-сюжэтная форма ў спалучэнні з выдатным моўным майстэрствам забяспечылі яму поспех сярод шырокага кола чытачоў, таксама як і выдадзеная адначасна аповесць «Зброя», што тэматычна прымыкае, аднак, да рамана «Каласы пад сярпом тваім» і ўдала пашырае праблематыку паўстання 1863 года.
Аднак было б памылкаю думаць, быццам Уладзімір Караткевіч аўтар толькі прыгодніцка-гістарычнага жанру. Шматлікае з напісанага ім дае падставу сцвярджаць, што ў дадзеным выпадку перад намі разнастайны літаратурны талент, якому была па плячу і сучасная тэма ў яе своеасаблівым, некалькі рамантычна-пачуццёвым успрыманні. У. Караткевіч нямала зрабіў таксама для драматургіі і кіно. Яшчэ ў 1972 годзе ім створана папулярная кніга-эсэ, кароткі нарыс гісторыі Беларусі «Зямля пад белымі крыламі», дзе мінулае нашай рэспублікі асэнсавана ўдумлівым і дасведчаным аўтарам. Кніга гэтая, спярша прызначаная для маладога ўкраінскага чытача, хутка знайшла вялікую папулярнасць і на беларускай зямлі. Што ж датычыць ягоных апавяданняў, дык многія з іх гучаць як песні каханню, жыццю, роднай прыродзе. Яны поўныя паэзіі, хараства, светлага смутку, павагі да чалавека, сардэчнага разумення ягоных перажыванняў і клопатаў. Даверлівая аўтарская інтанацыя, багацце моўна-выяўленчых сродкаў, дакладнасць музычнага тону ў рознай ступені, але нязменна вабяць у песеннай «Каляднай рапсодыі», загадкавай «Краіне цыганіі», драматычным «Воку тайфуна» ці самавітым, але такім пранікнёным апавяданні з сумным канцом, як «Былі ў мяне мядзведзі». У 1967 годзе была надрукавана яго «Чазенія», навеяная ўражаннямі ад некалькіх месяцаў жыцця на Далёкім Усходзе. Прырода гэтага краю, тамтэйшыя людзі і іх праца, убачаныя і адчутыя чалавекам, ператварыліся ў своеасаблівы гімн жыццю, адухоўлены паэзіяй адкрыцця і светлым сумам кахання.
Пісьменніцкую ўвагу Уладзіміра Караткевіча заўжды прыцягвала тэма кахання, якую ён даследаваў у розны час на розным матэрыяле: гістарычным, нядаўняга мінулага, сучаснасці. Ужо самы першы яго раман «Нельга забыць» быў прысвечаны каханню — драматычнаму, пакутнаму каханню двух людзей з асяроддзя творчай інтэлігенцыі ва ўмовах вялікага горада, з невыказным шматабліччам яго жыццёвых праяў, вялікай разнастайнасцю характараў і ўзаемаадносін. Гэты раман, што цалкам і асобнай кнігай выйшаў у 1982 годзе, уражвае чытачоў сваёй шчырасцю і паўнатой выяўлення пачуццяў героя.
Шмат якія яго старонкі проста здзіўляюць дасканаласцю псіхалагізму, глыбінёй даследавання вечнай, але і заўжды актуальнай праблемы узаемаадносін мужчыны і жанчыны, складанасці жыцця якіх, як гэта часта бывае, далёка не спрыяюць развіццю іх узаемных пачуццяў.
Некалькі асобна ў творчасці У. Караткевіча стаіць ягоная аповесць «Лісце каштанаў». Гэта адзін з самых аўтабіяграфічных твораў пісьменніка, напісаны на матэрыяле першых пасляваенных гадоў, праведзеных ім у Кіеве. Дакладна і лёгка выпісаныя вобразы юнакоў і дзяўчат вялікага горада з яго нялёгкім пасляваенным бытам грунтуюцца на пэўных прататыпах, і нават трагічны фінал аповесці ўзяты з жыцця, пабудаваны на аснове канкрэтнага факта. У гэтай аповесці Караткевіча шмат трудных і горкіх рэалій, узаемаадносін і акалічнасцей, і хіба толькі ў першых праявах юнацкага кахання знаёма гучыць, хаця і не пазбаўлены драматызму, улюбёны ім рамантычны матыў.
Напэўна, будзе дарэчы ўспомніць тут пра цэлы шэраг яго драматычных твораў, пастаўленых у тэатрах рэспублікі. Так, у Віцебску шмат гадоў ідуць яго гістарычныя драмы «Кастусь Каліноўскі» і «Званы Віцебска», беларускае тэлебачанне перадавала ў эфір яго «Млын на Сініх Вірах», а ў Дзяржаўным акадэмічным тэатры оперы і балета ішла опера па ягоным лібрэта «Сівая легенда». Беларускае кіно ў розны час звярталася да яго гістарычных аповесцей і экранізавала «Дзікае паляванне…», «Чорны замак Альшанскі» і інш., былі зняты фільмы па яго арыгінальных і дакументальных сцэнарыях.
І пры жыцці ён, можа, як ніхто іншы, карыстаўся непахіснаю рэпутацыяй аднаго з самых таленавітых майстроў літаратуры, але, можа, толькі пасля яго смерці мы з усёй відавочнасцю ўбачылі, каго страцілі. Роўнага яму няма і наўрад ці ўжо будзе, замяніць яго ў нашай літаратуры не можа ніхто. Ужо хоць бы таму, што ніхто з такім бляскам не спалучае ў нас талент паэта з талентам празаіка, драматурга, кінасцэнарыста, эсэіста, гісторыка. Ён быў аднолькава таленавіты амаль ва ўсіх літаратурных жанрах, што, можа, натуральна для літаратуры мінулага, але рэдка сустракаецца ў сучаснай літаратуры з яе багатымі і дасканала развітымі літаратурнымі жанрамі.
Яго пры жыцці любілі людзі розных характараў і нават светапоглядаў, ён умеў аб’яднаць, памірыць, пакарыць глыбінёй свайго розуму і дабрынёй свайго сэрца. Бо ён любіў людзей і ненавідзеў усё дробязнае, фальшывае і мярзотнае сярод іх. Многім памятна яго, мабыць, апошняе выступленне на адным з пленумаў праўлення СП Беларусі, пафасным заклікам якога было: давайце жыць у міры і згодзе, навошта самаедства, зласлівасць, жыццё і без таго кароткае, каб траціць яго на сваркі. Трэба больш працаваць. Тады, можа, не дужа прыслухаліся да тых яго слоў, а між тым, яны прадаўжаюць надзённа гучаць і цяпер. Ён ведаў, што гаварыў…
Творы Уладзіміра Караткевіча з захапленнем чытаюць розныя людзі, рознага веку і густаў, але, мне думаецца, большасць ягоных кніг знойдзе свой удзячны водгук у маладых сэрцах. Ён сам быў да скону сваіх дзён надта малады па натуры і ведаў, чым крануць маладыя душы. Сапраўды, высокае пробы рамантызм яго апавяданняў і вершаў, непадробны драматызм яго гістарычных твораў, шчыры і сумленны роздум ягоных эсэ — вось той дабрадзейны падмурак, на якім грунтуецца чытацкая прыхільнасць да яго. І ў яго будуць вучыцца наступныя пакаленні беларускіх літаратараў.
У яго ёсць чаму павучыцца.
Можа, найперш стаўленню да жыцця і мастацтва. Поглядам на гісторыю і на нацыянальную культуру. Адносінам да чалавечай асобы ва ўсе часы і найбольш у наш трудны і трывожны час.
Ён быў вельмі шчодры ў жыцці і мудры ў літаратуры.
Такім і застанецца назаўжды.
1. Апублікавана ў кн.: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В. Быкаў]. — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 5 — 11.