Анатоль Верабей — «Герой прозы Уладзіміра Караткевіча»

Уладзімір Караткевіч — адзін з яркіх і адначасова загадкавых беларускіх пісьменнікаў другой паловы ХХ ст. Здавалася б, ён такі просты, светлы і чысты, а на самай справе гэта надзвычай складаны для асэнсавання мастак, бо ў яго творчасці шмат нечаканасцей і таямніц. Напрыклад, у рамане «Чорны замак Альшанскі» адзін з герояў з лагоднай іроніяй і мяккім гумарам кажа пра Караткевіча: «А нішто сабе. Толькі чумавы нейкі, дурашны. Левай рукой правае вуха цераз галаву чухае… Ніколі не ведаеш, чаго ад яго чакаць». І гэта сапраўды так. Яго характарыстыка ўласнай асобы, пры пэўным іранічным і гарэзлівым адценні, вельмі трапная і дакладная.

Няпростыя і загадкавыя таксама героі твораў У. Караткевіча. Як і творчасць пісьменніка, яны ўвабралі ў сябе лірычнае і эпічнае, рамантычнае і рэалістычнае, філасофскае і публіцыстычнае, кніжнае і жыццёвае, драматычнае і гумарыстычнае ці сатырычнае, гратэскавае.

Прымаючы да ўвагі, што літаратурны герой — гэта вобраз чалавека ў літаратуры, мы разам з паняццямі «герой» будзем ужываць паняцці «дзеючая асоба», «персанаж», «характар», «тып» і «вобраз», бо гэтыя паняцці звязаны паміж сабой. Яны дазволяць дакладней вызначыць сутнасць створаных Караткевічам у прозе вобразаў людзей, народа, роднай зямлі, міфічных істот, прыроды.

Поўнасцю нельга пагадзіцца з тымі даследчыкамі, якія, прасочваючы эвалюцыю караткевічаўскага героя, сцвярджаць, што Андрэй Грынкевіч — вобраз чыста рамантычны, Алесь Загорскі — вобраз рамантычна-рэалістычны, Юрась Братчык — вобраз эпічны. На нашу думку, як у ранніх, так і пазнейшых творах пісьменніка ў рознай ступені спалучылася рамантычнае, рэалістычнае і эпічнае.

Думаецца, з пэўнай доляй умоўнасці можна сцвярджаць, што аўтабіяграфічнае, асабістае і рамантычнае дамінуе ў героях аповесцей «У снягах драмае вясна», «Чазенія», «Лісце каштанаў», рамана «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць»), апавяданняў «Залаты бог», «Дрэва вечнасці». Лірычна-эпічнае і рамантычна-рэалістычнае мацней увасобіліся ў аповесцях «Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда», апавяданнях «Блакіт і золата дня», «Сіняя-сіняя», «Кніганошы», рамане «Каласы пад сярпом тваім». Эпічнае выразней выявілася ў раманах «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і «Чорны замак Альшанскі». Пры характарыстыцы аповесці «Цыганскі кароль», «Легенда аб бедным д’ябле і аб адвакатах Сатаны», легенды «Ладдзя Роспачы», аповесці «Зброя» і рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» трэба ўлічваць выкарыстанне пісьменнікам умоўна-фантастычнай вобразнасці, сатырычна-гратэскавых прыёмаў пісьма, што вызначыла і мастацкую структуру гэтых твораў, і адметнасць створаных у іх персанажаў.

Ужо ў сярэдзіне 50-х гг. У. Караткевіч меў значныя задумы. Так, у лісце да Максіма Танка ад 20 чэрвеня 1956 г. ён выказаў занепакоенасць тым, што ў беларусаў няма такога літаратурнага тыпа, які ёсць у іншых народаў, напрыклад, Фаўст, Уленшпігель, віцязь у тыгравай шкуры. Але верыў, што такі літаратурны тып, які «лепш за ўсё адбівае асноўныя рысы нацыянальнага характару, сэрца народа, яго імкненні і нават дробныя, другарадныя рысы», павінен з’явіцца. Сцвярджаў, што героем беларускай нацыянальнай эпапеі можа быць чалавек, які жыў на Беларусі ў эпоху Рэнесансу, і што ў беларускай літаратуры ёсць «толькі адзін вобраз, прыдатны выканаць гэтую ролю». Гэта Люцыян Таполя з аднайменнай паэмы Танка. У. Караткевіч ярка і маляўніча апісаў у лісце гэтага героя2.

Пазней пісьменнік шмат рабіў для таго, каб у сваіх творах стварыць той літаратурны тып, у якім выявіліся многія рысы беларускага нацыянальнага характару. Гэта яскрава выявілася ў героях раманаў «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», аповесці «Сівая легенда», легенды «Ладдзя Роспачы».

Апраўдана гаварыць і пра тое, што У. Караткевіч у сваіх творах імкнуўся стварыць велічны і эпічны вобраз свайго народа. Так, у лісце да дзядзькі М. А. Садавога ад 8 снежня 1957 г. ён сказаў пра задуму напісаць сто тамоў, дзе хацеў адлюстраваць жыццё свайго народа на працягу значнага прамежку часу. Сярод іх была і эпапея «Век», «у якую павінны ўвайсці паўтара дзесятка раманаў і якая ахопіць гісторыю Беларусі з 1860 года да нашых дзён». Пісьменнік думаў і аб тым, што «Беларусь чакае свайго Лёнрата, свайго Лангфела» (VІІІ, кн. 2, 308), хто створыць беларускі нацыянальны эпас. Пазней У. Караткевіч нямала зрабіў для ўвасаблення сваіх задум.

Сусветная літаратура новага часу стварыла цікавыя вобразы, характары. Гэта герой «сусветнага смутку», «лішні чалавек», «маленькі чалавек», «нігіліст», «страчанае пакаленне» і інш. Думаецца, што ў кагорце гэтых герояў зойме належнае месца і герой У. Караткевіча. Яго можна назваць рыцарам Беларусі. Яскрава такі герой увасобіўся ў Маеўскім з апавядання «Аліва і меч», у Петраку Ясюкевічу з апавядання «Сіняя-сіняя», Андрэю Беларэцкім з «Дзікага палявання караля Стаха», Раману Ракутовічу з «Сівой легенды», Алесю Загорскім з «Каласоў пад сярпом тваім», Гервасію Выліваху з «Ладдзі Роспачы», Юрасю Братчыку з рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і ў іншых героях.

У. Караткевіч быў адным з тых аўтараў, у творчасці якіх з незвычайнай сілай узнавіліся аслабленыя, амаль перапыненыя ў час культу асобы Сталіна беларускія адраджэнскія ідэі. Самаахвярны збіральнік і захавальнік беларускіх мастацкіх каштоўнасцей Маеўскі прамаўляе ў апавяданні «Аліва і меч»: «Я стаміўся трымаць на плячах цяжар, які павінен несці цэлы народ». Маеўскі выступае як волат духу і адначасова як асоба глыбока трагічная. Гэта адзін з рэдкіх, яркіх і самабытных вобразаў беларускай літаратуры.

Проста і натуральна, з любоўю і цеплынёй паказаў У. Караткевіч у апавяданні «Блакіт і золата дня» нараджэнне першага і вялікага кахання ў Наталькі і Юркі, раскрыў чалавечыя адносіны, думкі, перажыванні і пачуцці, выявіў непаўторнасць і прыгажосць жыцця. Пісьменнік тут з незвычайнай сілай уславіў родную зямлю і яе людзей.

А ў апавяданні «Кніганошы» нават прозвішчам свайго героя (Кірыла Туравец — нібы Кірыла Тураўскі) аўтар імкнецца сцвердзіць несмяротнасць і сілу народнага духу, пераемнасць перадавых нацыянальнах эстэтычных і духоўных традыцый.

З болем згадвае ў апавяданні «Сіняя-сіняя» родную пакінутую зямлю Пятрок Ясюкевіч, былы ўдзельнік паўстання 1863 — 1864 гг. Глыбокім трагедыйна-філасофскім зместам, роздумам пра сваю радзіму і яе лёс у кантэксце грамадскіх і сацыяльных катаклізмаў, што адбываліся на зямлі, напоўнены і Петраковы думкі, якія аднойчы ўзніклі ў яго каля егіпецкіх пірамід: «Усё адно людзі гінуць і народы гінуць, і працэс гэты няўхільны, а на зямлі не застаецца нічога, акрамя магіл» (II, 285 — 286). Праз усмешку сфінкса, які шмат перажыў і шмат пабачыў на сваім вяку, вартымі жалю і марнымі здаліся Петраку высілкі людзей нешта змяніць у жыцці. І тым не менш, як выклік сфінксу ў героі абуджаецца прага жыць і захаваць для будучыні кволую дзяўчынку, што вярнула яму радзіму, якую нельга страціць і да якой трэба вярнуцца, каб прадоўжыць пачатую справу.

Не толькі асабістая крыўда прымусіла Рамана Ракутовіча з «Сівой легенды» ўзначаліць паўстанне на Магілёўшчыне ў 30-я гг. ХVII ст. Гэта быў і яго пратэст супраць сацыяльнага, рэлігійнага і нацыянальнага прыгнёту, супраць рэнегацтва беларускай шляхты. Ракутовіч выступае нібы герой народнага эпасу. Гэта вобраз сімвалічны. У апісанні Рамана як вершніка на белым кані, апранутага ў барвяны плашч, са старадаўнім двухручным мячом у руцэ ўвасобіліся герб Пагоня і святыя для беларускага патрыятычнага сэрца белы і чырвоны колеры. І потым, калі паўстанне пацярпела паражэнне, на гэтай зямлі ганьбаваліся, былі пакараны і сам вершнік, змагар і абаронца людзей, і яго меч і шчыт, і яго каханая, якая ўспрымаецца і як дзяўчына, і як сімвал Беларусі. Заўважым, што да вобраза вершніка Караткевіч звяртаўся і ў іншых творах (у аповесцях «Перадгісторыя», «Дзікае паляванне караля Стаха», рамане «Каласы пад сярпом тваім»).

Калі ў «Сівой легендзе» Караткевіч паказаў пачатак рэнегацтва беларускай шляхты ў ХVII ст., то ў «Дзікім паляванні караля Стаха» намаляваў яе звыродлівы стан у канцы XIX ст., абумоўлены гэтым рэнегацтвам. Але ў апошнім творы паказаў і тыя сілы, якія ў асобе Беларэцкага, Свеціловіча, Рыгора і сялян змагаюцца са злом, варожымі народу сіламі. Яны нясуць страты (смерць Свеціловіча), але перамагаюць.

Цікавымі і змястоўнымі ўяўляюцца Канрад Цхакен у «Сівой легендзе» і медыкус з «Цыганскага караля». У іх разважаннях выявіліся думкі мастака пра родны край і яго лёс.

Фігурай трагічнай, складанай і супярэчлівай выступае Пора-Леановіч у пралогу рамана «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць»). Усведамленне віны перад народам, якому ён здрадзіў, пякучы боль за зняважаную і прыгнечаную родную зямлю нараджалі ў яго пакалечанай душы гнеў і пагарду да сябе і да ўсяго свету. Духоўна надломлены і спустошаны, ён перад смерцю зведаў хвіліны духоўнага ачышчэння і адначасова адчуў фатальную наканаванасць, непазбежнасць сваёй смерці.

У рамане «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць») пісьменнік засяродзіў увагу пераважна на духоўных пошуках творчай інтэлігенцыі, на каханні Андрэя Грынкевіча і Ірыны Горавай. Асобу галоўнага героя сфарміравала асяроддзе, у якім ён выхоўваўся. Напрыклад, маці расказала яму ў дзяцінстве легенду пра чэшскага вучонага Ганку, які абудзіў свой народ ад доўгага сну. Пазней Андрэй выношвае мару напісаць разам са сваёй каханай першую сапраўдную гісторыю беларускага мастацтва.

Праўдзіва перадаў пісьменнік людскія характары і каларыт пэўнай гістарычнай эпохі ў рамане «Каласы пад сярпом тваім». Як перакананы рэвалюцыянер-дэмакрат і шчыры патрыёт свайго краю выступае ў творы галоўны герой Алесь Загорскі. Вобраз Алеся ў пэўнай ступені рамантычна ідэалізаваны. Яго думкі і перажыванні актуальныя і значныя для сучаснага чалавека. І ў той жа час гэта рэальны і жывы чалавек сярэдзіны ХІХ ст. У вобразе Алеся і яго сяброў увасобіліся лепшыя рысы перадавых беларускіх грамадска-культурных дзеячаў мінулага стагоддзя.

Апантаныя ідэяй пра волю роднай зямлі, ахопленыя прагай засваення ведаў, самаадданыя да забыцця ў працы, шчырыя і пяшчотныя ў каханні — такімі былі героі, створаныя фантазіяй мастака. Як метэоры, яны ўрываліся ў жыццё, каб згарэць і асвятліць яго святлом сваіх мараў, слоў, учынкаў і спраў. Няпростымі былі іхнія шляхі да пазнання ісціны. Пісьменнік здолеў звязаць у рамане асабістае жыццё герояў з гістарычнымі падзеямі.

Каб здабыць зброю для будучага паўстання, Алесь Загорскі, галоўны герой аповесці «Зброя», трапляе са сваімі сябрамі ў Маскву. Нібы Дантэ, ён спусціўся там у «такія цёмныя глыбіні, такія лабірынты і прорвы, якія цалкам і на ўсю глыбіню не ведаў ніхто» (V, 428). Але ён не мог прыняць гвалт і здзек над чалавекам. Рызыкуючы ўласным жыццём, герой хоча абнавіць, змяніць грамадства, змагаецца за людскія надломленыя душы.

Юрась Братчык, галоўны герой рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», увасабляе вобраз сярэдневяковага чалавека, прадстаўніка тагачаснага беларускага народа, актыўнага, неспакойнага, вясёлага і гарэзлівага, які вызваляўся з царкоўных догмаў і засвойваў лепшыя эстэтычныя і духоўныя здабыткі, што неслі новыя часы. Ён, махляр і валацуга, паступова ператвараецца ў народнага заступніка, мысляра і пакутніка, праўдашукальніка і змагара.

У легендзе «Ладдзя Роспачы», як і ў рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», не толькі ўслаўляецца асоба, вызваленая з путаў сярэдневякоўя, але закранаюцца і многія пытанні пра сутнасць быцця чалавека на зямлі, пра любоў да жыцця і радзімы. Гервасій Выліваха ўвасобіў сабой жывы народны дух, непакорлівы, насмешлівы, невынішчальны і стойкі ў любых нягодах. Ён блізкі героям беларускага фальклору, жартаўліваму Пісарэвічу з аднайменнага драматычнага абразка М. Гарэцкага.

Пісьменнік пераканаўча паказаў, што і на беларускай нацыянальнай глебе нараджаюцца постаці тыпу Пантагруэля, Тыля Уленшпігеля ці Кала Бруньёна. Гервасій Выліваха і Юрась Братчык — іх духоўныя браты. У. Караткевіч упершыню ў беларускай літаратуры стварыў такія каларытныя і самабытныя характары.

Караткевічаўскі свет не пазбаўлены ідыліі, аднак ён вельмі часта драматычны. На трывожнай і хвалюючай ноце заканчваецца аповесць «Чазенія». Гінуць многія героі крыштальна чыстай аповесці «Лісце каштанаў». Трагічнымі сцэнамі пачынаецца і заканчваецца раман «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць»).

Шмат выпрабаванняў вытрымаў і Антон Косміч, галоўны герой рамана «Чорны Замак Альшанскі». Для Косміча, гісторыка па адукацыі, як і для іншых станоўчых герояў У. Караткевіча, гісторыя з’яўляецца часткай духоўнага жыцця, яго светапогляду і светаадчування. Гэта натура валявая і энергічная, не церпіць зла і несправядлівасці. Зацікавіўшыся падзеямі беларускай гісторыі, Косміч змог раскрыць злачынствы, якія адбыліся не толькі амаль чатырыста гадоў таму, але і ў мінулую вайну, і ў нашы дні. Яму ўласцівы нешаблонны, творчы і актыўны падыход да жыцця і людзей.

Каларытна выпісаны ў рамане Людвік Лапатуха. Ён са сваім скрытым вар’яцтвам, са сваёй незагойнай ранай — памяццю пра мінулае, са сваёй безабароннасцю, душэўнай прасветленасцю і чысцінёй — адзін з самых глыбокіх і трагічных вобразаў рамана, вобраз сімвалічны.

Злавеснай і адначасова трагічнай фігурай з’яўляецца Лыганоўскі. Гэта вобраз складаны і неадназначны.

У. Караткевіч выявіў буйныя характары, здолеў раскрыць багаты духоўны свет сваіх герояў і звязаць іх асабісты лёс з лёсам народным. Караткевічаўскія героі — змагары і пакутнікі за народнае шчасце, асобы выключныя. Яны мужныя, гордыя, высакародныя, непакорныя і свабодалюбівыя, непрымірымыя да зла, прыгнёту і дэспатызму. Яго героі нямала ўзялі ад Праметэя, праўдашукальніка, прарока, герояў народнага эпасу. Гэта незвычайныя і ў той жа час рэальныя, зямныя асобы.

Станоўчыя героі пісьменніка ўнутрана падобныя. І, дзякуючы якраз гэтаму, яны здольныя многа выйграваць ва універсальнасці і ўсеагульнасці. Іх духоўнае багацце і хараство, маральная чысціня і беззаганнасць, вернасць перадавым грамадскім і эстэтычным ідэалам прывабліваюць і хвалююць. Героі шмат разважаюць, думаюць, перажываюць, але ў той жа час і дзейнічаюць, змагаюцца. Гэта натуры мэтанакіраваныя, душэўна адкрытыя, шчырыя, неспакойныя, сумленныя, інтэлектуальна і духоўна багатыя. Пісьменнік звяртаўся да недастаткова яшчэ распрацаванага ў беларускай літаратуры вобраза інтэлігента.

Героі У. Караткевіча часта шукаюць гармоніі ў тыпова рамантычных сферах — у каханні і ў прыродзе. Яны часта ўцякаюць самі ад сябе. І яны надзвычай прагныя да жыцця. Гэта можна сказаць пра Івара з «Барвянага шчыта», Валерыя Палецкага з «Залатога бога» і Севярына Будрыса з «Чазеніі». Пісьменнік пранікае ў самыя патаемныя закуткі чалавечай душы, імкнецца сцвердзіць ідэальнае і прыгожае ў чалавеку, паказаць складанасць людскіх адносін.

У. Караткевіч умее дасканала перадаць тонкія душэўныя перажыванні сваіх герояў, выявіць не толькі ідэальнае ў іх характарах, але і раскрыць іхняе, такое натуральнае і простае, імкненне да звычайнага людскога шчасця, да суладнасці і гармоніі як ва ўласных узаемадачыненнях, так і ў адносінах да прыроды.

Творчасць У. Караткевіча напоўнена драматычным зместам, што абумоўлены трывожным і балючым роздумам мастака над лёсам як асобнага чалавека, роднага народа і ўвогуле чалавецтва, так і душэўным разладам, што часцей за ўсё ўласціва творцам рамантычнага тыпу мыслення, разладам паміж думкай і эмоцыямі, рэальнасцю і ідэалам. Але разам з тым яго творчасць надзіва жыццесцвярджальная. Так, пісьменнік верыць, што Дрэва Вечнасці ў аднайменным апавяданні не можа загінуць, тым самым выяўляе так уласцівае яму захапленне светам, раскрывае тую прагу ідэалу, веру ў неўміручасць чалавека і прыроды, што ахоплівала сэрцы і душы многіх рамантыкаў.

Творчасць пісьменніка прасякнута гуманістычным зместам, непрыманнем тыраніі і дэспатызму. Сваімі словамі і ўчынкамі Уладзіслаў Берасневіч з аповесці «У снягах драмае вясна» набліжаў вясну грамадскага абнаўлення.

Мужныя і адданыя сваёй справе людзі паказаны ў апавяданні «Белае полымя». Як сапраўдны мастак і пісьменнік-гуманіст з любоўю і павагай расказаў ён у гэтым творы пра жыхароў Поўначы.

Галоўны герой твораў У. Караткевіча — ваяўнічы гуманіст. Напрыклад, Івар у апавяданні «Барвяны шчыт» актыўна пратэстуе супраць таго, што спусцілі ваду з азёр — нічога ад гэтага не прыдбалі, а страцілі многае. Ён дамагаецца таго, каб бульбяныя палеткі не знаходзіліся на месцы пахавання старажытных рускіх воінаў, якія загінулі ў сутычцы з татарамі. Івар, як і іншыя станоўчыя героі, адчувае непарыўную повязь часоў.

Як і ў В. Скота, галоўныя героі празаічных твораў У. Караткевіча народжаны пераважна мастацкай фантазіяй. Але звяртаўся ён і да вобразаў канкрэтных гістарычных асоб — Льва Сапегі, Кастуся Каліноўскага, Кашпара Бекеша і інш. У. Караткевіч, як і яго героі, быў дзіцём свайго часу. Думаецца, што ў апавяданні «Аліва і меч» аўтар не толькі любуецца Леніным, але і паказвае яго як рэальнага, зямнога чалавека, спрабуе зразумець сутнасць яго асобы. І ў гэтым вартасць твора.

У апавяданні «Маленькая балерына» юная, даверлівая, добрая, светлая і чыстая дзяўчына на імгненне абудзіла ў спустошанай і стомленай душы Сталіна добрыя думкі, усведамленне, што ўлада не прыносіць шчасця. Сталін выступае тут як трагічная і адначасова жахлівая асоба.

У апавяданні «Вялікі Шан Ян» пісьменнік асудзіў войны, тыранію і дэспатызм, усё тое антыгуманнае, за што выступаў адзін з дзяржаўных дзеячаў старажытнага Кітая. Мастак паказаў Шан Яна як заканамерную ахвяру сваёй жа ўласнай тэорыі.

У. Караткевіч — пісьменнік з выразна выяўленым лірычна-рамантычным талентам. У гістарычных творах ён, узнаўляючы дасканалыя малюнкі мінуўшчыны, гістарычныя калізіі часцей за ўсё перамяшчае ў сферу рамантычнага канфлікту чалавечнасці, высакароднасці з жорсткасцю, эгаізмам, душэўнай чэрствасцю, цынізмам. Героі яго твораў (Андрэй Беларэцкі, Раман Ракутовіч, Андрэй Грынкевіч, Алесь Загорскі) актыўна выступаюць супраць несправядлівасці, яны шукаюць падтрымкі ў простым народзе, збліжаюцца з ім, аднак захоўваюць пры гэтым воблік рамантычнага героя, які здзяйсняе подзвіг. Спалучэнне рамантычнага светаадчування з глыбока рэалістычным разуменнем рэчаіснасці з’яўляецца характэрным для яго творчага метаду.

Пісьменнік ідэалізаваў сваіх любімых герояў, паказваў, што рэчаіснасць увогуле рамантычная. Да красы, шчасця і дасканаласці яго героі ідуць праз пакуты і страты (Лявон Касачэўскі з апавядання «Лятучы Галандзец», Севярын Будрыс з «Чазеніі»). У «Чазеніі» аўтар здолеў раскрыць не толькі моцную прагу сваіх герояў да дасканаласці, але таксама змог паказаць веліч і красу кахання і прыроды. Фларыян Няўважны слушна пісаў: «Чазенія» — гэта паэма ў прозе пра сілу жыцця, трываласць дружбы, пра сілу кахання і спачування, магутнасць дабра, чалавечнасці і праўды, што выяўлена не толькі ў вобразах галоўных герояў, іх сяброў, але таксама і ў з’явах прыроды, якая выступае тут, хто ведае, ці не галоўным героем і паказчыкам прагрэсу«5.

Прырода з’яўляецца адной са стыхій У. Караткевіча. Напрыклад, у нізцы «Нямыя браты» пісьменнік не проста расказвае пра звычкі і норавы звяроў і птушак. У апавяданнях адчуваецца прысутнасць чалавека, што відаць і тады, калі аўтар з’яўляецца дзеючай асобай, і тады, калі выступае пабочным назіральнікам. Апавядальнік выкарыстоўвае як рэалістычныя, так і ўмоўна-фантастычныя сродкі. З любоўю, займальна і цікава расказаў пісьменнік пра «братоў нашых меншых» у апавяданні «Былі ў мяне мядзведзі».

Чалавек у Караткевіча — часцінка прыроды, сусвету. У рамане «Каласы пад сярпом тваім» і ў іншых творах пісьменнік называе Дняпро вялікай ракой. Гэтая рака з’яўляецца для мастака крыніцай натхнення, выступае сімвалам роднага краю, той артэрыяй, што жывіць яго родную зямлю і дае ёй сілы.

Першую кнігу рамана «Каласы пад сярпом тваім» У. Караткевіч назваў «Выйсце крыніц». Родная зямля давала яму, як антычнаму Антэю, фізічныя і духоўныя сілы. Мастак паэтызаваў, узвялічваў свой край і яго людзей, быў натхнёным песняром беларускага Прыдняпроўя. Такі падыход выяўляў перадавыя эстэтычныя пазіцыі пісьменніка. Праз Прыдняпроўе ён выявіў Беларусь, яе гераічную і трагічную мінуўшчыну, яе мужных, таленавітых і працавітых людзей, раскрыў веліч і духоўную моц свайго народа.

Шматгранна паказаў пісьменнік беларускі народ. Калі ў «Цыганскім каралі» медыкус сцвярджае, што кожны народ мае такі ўрад, якога сам варты, то з выключнай мастацкай дасканаласцю вуснамі Алеся Загорскага ў рамане «Каласы пад сярпом тваім» аўтар расказаў гісторыю-прытчу пра таленавіты, прыгожы і працавіты беларускі народ, пра яго зямлю, якая з’яўляецца сапраўдным раем, і пра «найгоршае ўва ўсім свеце начальства» (V, 312), якое даў яму Бог. Алесь Загорскі абараніў дысертацыі пра сялянскую вайну XVII ст. на тэрыторыі беларускага Прыдняпроўя, а таксама пра прыдняпроўскія песні, паданні і легенды аб вайне, мецяжы, рэлігійнай і грамадскай справядлівасці. У выніку, наперакор рэакцыйным вучоным тыпу заядлага славянафіла прафесара Руніна, якія бачылі ў беларусах «самы баганосны і рахманы са славянскіх народаў» (ІІІ, 163), ён паказаў бунтарны, свабодалюбівы і жыццелюбівы дух беларуса. Тым самым пісьменнік не толькі ўзвялічыў свой народ, але і разбурыў адзін з асімілятарскіх міфаў, створаных пра яго. Заўважым, што ў кнізе «Зямля пад белымі крыламі» ён назваў свабодалюбства галоўнай рысай нацыянальнага характару беларусаў.

Праз выпрабаванні і пакуты ішоў да свайго народа і Юрась Братчык. Ён разам са сваім народам перамагаў ворагаў, і яго ў цяжкую хвіліну бараніў гэты народ. Як народная і аўтарская мара пра лепшае жыццё з’явілася Братчыку ў сне беларуская зямля «ў нятленным ззянні вечнай красы». І гучала на ёй «пяшчотная і цвёрдая, прыўкрасная, вечная, неўміручая беларуская мова» (VI, 467).

Характэрнай асаблівасцю творчасці У. Караткевіча з’яўляецца яе сувязь з кніжнай, літаратурнай традыцыяй. Названая праблема можа быць тэмай асобнага даследвання. Мы толькі зазначым, што ён плённа развіваў традыцыі Бібліі, творчасці Дантэ, Ф. Рабле, Ш. дэ Кастэра, В. Скота, А. Міцкевіча, А. Пушкіна, А. К. Талстога, Л. Талстога, М. Салтыкова-Шчадрына, М. Багдановіча, Я. Купалы, М. Гарэцкага, К. Паўстоўскага і многіх іншых мастакоў слова.

Асаблівай увагі заслугоўваюць сувязі пісьменніка з фальклорам. Ужо раннія творы пад назвай «Казкі і легенды маёй радзімы», дасланыя ў 1952 г. для ацэнкі Якубу Коласу, сведчылі пра прыкметную ўвагу маладога Караткевіча да вуснай народнай творчасці. Потым была дыпломная праца пра сацыяльныя казкі і легенды ва ўсходнеславянскім фальклоры. У. Караткевіч нямала апрацаваў і напісаў казак. Ён арганічна засвоіў казачныя сюжэты, вобразы і матывы, добра перадаў народную мараль і этыку. Выказваў схільнасць пераважна да апрацоўкі чарадзейных, легендарных казак і казак пра жывёл. Патрыятычныя па зместу казкі «Лебядзіны скіт», «Казка пра Пятра-разбойніка», «Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў». У фальклорна-рамантычным плане паказваў пісьменнік некаторых герояў сваіх празаічных твораў. Згадаем, што ў дзяцінстве ён пачуў ад дзеда Васіля Грынкевіча легенду «Маці Ветру» пра падзеі Крычаўскага паўстання 1743 — 1744 гг., легенды пра вужацкую каралеву, пра Яна Прыгожага, пра лебядзіны скіт, пра звон, які патануў, пра горад на дне возера і многае-многае іншае. Шмат чаго з гэтага пазней увасобіў у сваіх творах.

У. Караткевіч бачыў ідэальнае і прыгожае ў жыцці і чалавеку. Р. Барадулін трапна ацаніў сутнасць У. Караткевіча: «Дзіця з вачыма празарліўца». Героі твораў У. Караткевіча, як і сам аўтар, былі маральна чыстымі, даверлівымі, адкрытымі, захопленымі жыццём і адначасова мудрымі, засяроджанымі ў сабе, трагічнымі і гняўлівымі, моцна ўлюбёнымі ў родную зямлю.

1. Апублікавана ў кн.: УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ І ЯГО ТВОРЧАСЦЬ У ЕЎРАПЕЙСКІМ КУЛЬТУРНЫМ КАНТЭКСЦЕ: НАВУК. ЗБОР. / Рэдкал. А. Мальдзіс (гал рэд.) і інш. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2000. — С. 44 — 52.

Яндекс.Метрика