20 гадоў без Караткевіча — Пятро Жаўняровіч
Прыпяць, родная сястра Дняпра, у ліпені 1984 года сустрэла трох сяброў — фатографа, мастака і пісьменніка. Вандроўка стала апошнім падарожжам Уладзіміра Караткевіча па яго роднай зямлі пад белымі крыламі, якую ён беззапаветна любіў і надзяліў цудоўным эпітэтам «прыўкрасная». На водным шляху пісьменніку зрабілася дрэнна, яго перавезлі ў Мінск, а 25 ліпеня перастала біцца адданае Беларусі і ўсім людзям зямлі сэрца.
Народжаны ў 1930 годзе ў сям’і патомных інтэлігентаў (бацька служыў у царскім войску, пры «саветах» працаваў у фінансавых органах, маці — выпускніца Марыінскай гімназіі ў Магілёве, нейкі час вясковая настаўніца), будучы пісьменнік з дзяцінства адчуваў культ кнігі і сапраўдных твораў мастацтва. Сям’я, безумоўна, выхавала ў Караткевічу пачуццё справядлівасці і паважнага стаўлення да чалавека, непрыняцце хлусні і працы па дырэктыве. Аршанскія і рагачоўскія пейзажы Прыдняпроўскага краю ўлілі ў душу хлопчыка лірычны струмень яднання з прыродай, надзялілі здольнасцю «бачыць сум явара над вадою». Грунтоўная адукацыя надзяліла гістарычным мысленнем, дала магчымасць вольна адчуваць сябе ў розных галінах чалавечай дзейнасці і «бурыць гнілыя дрэвы хлуслівых аўтарытэтаў». Усё жыццё Караткевіч падкрэсліваў сваю радавітасць, часам па-добраму пакепліваў з твораў накшталт «Ганна завіхалася ля печы», хаця радаваўся выхаду кожнай таленавітай кніжкі.
Кіеў пасля вызвалення ад фашыстаў прыняў Караткевіча, каб потым, ужо пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1949 годзе, зноў сустрэць ва універсітэце імя Тараса Шаўчэнкі. Украіна ж, паводле прызнання самога пісьменніка, і дапамагла ўбачыць Беларусь «па незямному прыўкраснай». Паказальна, але там ён пазнаёміўся з творамі А.Гаруна і М.Гарэцкага, якія тут, у Мінску, лічыліся страшэннай крамолай і знаходзіліся за сямю пячаткамі, а звышпільныя беларускія ідэолагі не патрапілі дабрацца да ўкраінскіх акадэмічных бібліятэк.
Пасля двух гадоў працы ў вясковай украінскай школе малады пісьменнік, вершы якога ўжо з’явіліся ў рэспубліканскім друку, вяртаецца на Беларусь. І чым жа сустрэла яго родная Орша?.. Цкаваннем у раённая газеце «Ленінскі прызыў», правядзеннем разнастайных ідэалагічных мерапрыемстваў, каб паказаць заганнасць творчасці паэта-земляка: «Закаханы… у кожную мушку», паэт лічыць за лепшае падслухоўваць размовы жаб у ракі, гутарыць з пеўнямі, бачыць «ліловыя сны». А то блукае па старажытнаму гарадзішчу і «ўсхваляваны амаль што да слёз», трымае ў руцэ цагліну 900-гадовай даўнасці. І не хоча прыкмеціць пры гэтым, як пад умелымі рукамі муляраў 1957 года кладзецца цагліна за цаглінай і вырастаюць на совецкай зямлі вялікасныя і светлыя будынкі нашых дзён«. У дапамогу была прыцягнута і больш цяжкая артылерыя, у прыватнасці падтрымка «знаходзячагася на адпачынку ў Оршы загадчыка кафедры гісторыі КПСС Мінскага педінстытута імя М. Горкага, кандыдата гістарычных навук, дацэнта А. Журава»: «У вершы „Вадарод“ выказаны погляды i настроі не актыўнага барацьбіта за мip i комунізм, а погляды перапалоханага песіміста. ХХ з’езд КПСС выкрыў імперыялістаў, якія спрабуюць запалохаць вадароднай бомбай увесь свет i прадракаюць чалавецтву непазбежную пагібель».
Атмасфера, створаная вакол асобы пісьменніка, вымусіла яго пакінуць Оршу і на чатыры гады з’ехаць у Маскву для вучобы на Вышэйшых літаратурных, а потым і на Вышэйшых сцэнарных курсах. Масква, зноў жа, дапамагла пісьменніку глыбей спасцігнуць культуру мастацкай творчасці, пазнаёміцца з шэдэўрамі старадаўняй расійскай архітэктуры.
А тым часам на паліцы ўжо заняла сваё месца першая кніга паэзіі «Матчына душа» (1958). Разам са слушнымі заўвагамі на адрас маладога паэта, якому ўсё ж трэба было тады імкнуцца часам да вытанчанай гнуткасці радка, гучаць і дзіўныя папрокі: «Эмацыянальна, усім ладам сваіх пачуццяў Ул.Караткевіч жыве ў якімсьці „адвечным“, з камінком і газніцай, архаічным свеце, ад якога да спадарожнікаў, да будучыні, што творыцца нашымі рукамі сёння, не бліжэй, чым ад зямлі да неба».
Толькі падтрымка сяброў-пісьменнікаў, сярод якіх былі і старэйшыя Пятро Глебка, Максім Танк і Янка Брыль, давала пісьменніку сілы працаваць ва ўласцівай асобе мастака манеры. Выходзіць у свет другая паэтычная кніга — «Вячэрнія ветразі», а потым кніга аповесцяў і апавяданняў «Блакіт і золата дня», з удзячнасцю сустрэтая і чытачамі, і большасцю крытыкаў. Кніга прозы засведчыла прыход у беларускую літаратуру своеасаблівага пісьменніка гістарычнага жанру, твораў якога так неставала нашаму прыгожаму пісьменству.
60-я гады — найбольш плённы перыяд у творчасці Караткевіча. Ды не могуць зноў пакінуць у спакоі актыўныя звыш меры назіральнікі за ідэйным зместам літаратуры. Так, набор кнігі, у якую павінны былі ўвайсці першы раман «Леаніды не вернуцца да Зямлі» і аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха», увосень 1963 года рассыпаны «з-за абстрактнага гуманізму». Трэба адзначыць, што выхаду ўзгаданага рамана (пад назвай «Нельга забыць») давялося чакаць дваццаць гадоў, а аповесці — дзесяць.
Доўга цягнулася «эпапея» з таленавітай гістарычнай эпапеяй — раманам «Каласы пад сярпом тваім». Як жа, галоўны герой Алесь Загорскі — князь, ды яшчэ і сябруе з прыгоннымі сялянамі?! Гэта неразуменне марксісцка-ленінскай тэорыі класавай барацьбы! Пасля разнастайных абыходных мерапрыемстваў, распачатых сябрамі і прыхільнікамі У.Караткевіча, які ўжо не вытрымліваў ідэалагічнага націску, сцвярджаючы «і коскі з месца не зрушу!», раман усё ж пабачыў свет у 1968 годзе.
Але прызнанне пісьменніка, нават усесаюзная вядомасць — пасля апублікавання ў «Молодой гвардии» аповесці-паэмы «Чазенія», не знізілі напалу папрокаў на адрас Караткевіча. Я.Герцовіч, які да гэтага ўжо шмат папсаваў крыві пісьменніку, і ў 1971 годзе, пасля тысяч пісьмаў ад удзячных чытачоў, піша пра твор: «Будан Рабінзона пасярод бязлюднага лесу — не для нашага сучасніка… Што было б, каб усе нашы фізікі ўцяклі ад навукі, падобна Будрысу?». Цяжкасці былі і з выданнем рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», які мог бы скласці гонар любой нацыянальнай літаратуры. Фільм пад назвай «Жыцце і ўзнясенне Юрася Братчыка» так і не быў выпушчаны на шырокі экран. Раман скарочана надрукаваны ў часопісе «Нёман» (1966) у перакладзе на рускую мову, а асобным выданнем па-беларуску пабачыў свет у 1972.
Пастаяннае змаганне за свае творы падрывала здароўе Караткевіча, прыводзіла да момантаў адчаю і расчаравання, нягледзячы на тое, што яшчэ ў маладосці ў лісце да сябра пісьменнік заўважаў: «Пісаць буду тое, што, на маю думку, патрэбна і неабходна, а не тое, што зрабіць ласку захоча іх левая пятка». Як адзначаў Васіль Быкаў, «уся натура Караткевіча замешана на трагізме… Калі творца перажывае трагедыю, а вонкава выгляду не падае, ён упадае ў алкагалізм ці ў наркотыкі…» Але разважаючы пра постаці, напрыклад, француза Арцюра Рэмбо ці расіян Мікалая Рубцова або Уладзіміра Высоцкага, мы перш-наперш уяўляем сабе іх геніяльныя творы. І толькі потым, кожны ў меру сваёй інфармаванасці, разважаем пра іншыя бакі іх жыццёвага шляху. Няўжо не так? Няўжо кнігі соцень «непітушчых беларускіх пісьменнікаў», гадамі не запатрабаваныя, не пыляцца на паліцах бібліятэк? Чаго не скажаш пра «пітушчага» Караткевіча…
Апошняя кніга Караткевіча мае прарочую назву — «Быў. Ёсць. Буду». Яго адсутнасць і адначасова прысутнасць выразна адчуваецца:
У паэзіі, якая толькі ў ХХІ стагоддзі знайшла сваё сталае ўвасабленне ў песенным жанры (праграмы Алеся Камоцкага, праекты беларускіх рок-гуртоў і аркестра М.Фінберга).
У гістарычнай прозе, якая набыла другое дыханне, але пасля Караткевіча, шчыра кажучы, так і не ўзнялася да яго ўзроўню.
У тэатры, дзе пасля віцебскіх пастановак В.Мазынскага 70-х гадоў («Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі») не адважваюцца паставіць хаця б адну з шасці п’ес драматурга.
У кіно, бо экранізаваныя пры жыцці пісьменніка творы не задавальнялі і самога аўтара, прынамсі, захаплення экранізацыямі ён нідзе не выказаў. А тыя ж раманы, аповесці, апавяданні маглі б стаць па-сапраўднаму беларускімі серыяламі. Ці дачакаемся мы калі-небудзь такога ў дачыненні хаця б да «Каласоў…»? А да «Легенды аб бедным д’ябле і аб адвакатах сатаны», якая літаральна падагнана пад сцэнарый?
У выяўленчым мастацтве, дзе, акрамя ілюстрацый А.Кашкурэвіча, В.Шаранговіча, П.Драчова і некаторых іншых, незаслужана мала твораў, звязаных з асобай і творчасцю Караткевіча.
У оперы і балеце, пасля спектакляў «Сівая легенда» Д.Смольскага і «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана, нічога так і не з’явілася, і гэта пры наяўнасці даступнага аўтарскага лібрэта балета «Кастусь Каліноўскі».
У грамадскай свядомасці, дзе добра калі прысутнічаюць 2-3 назвы твораў пісьменніка. І мала духу Караткевіча. А ён разумеў народ, ведаў яго патрэбы і праблемы. Невыпадкова з’явілася думка аб тым, што «трэба бараніць свой народ, калі яму скрутна, але калі твой народ не мае рацыі — набярыся смеласці і скажы яму аб гэтым, як мелі мужнасць сказаць такое Шаўчэнка і Талстой. Набярыся мужнасці сказаць яму гэта, нават калі ты ў гэтым сваім учынку адзіны, як перст». Або яшчэ: «Часам, у злыя гадзіны, я нават не ведаю, ці люблю я беларусаў, да якіх маю гонар належаць. За бязмежную цярпімасць да таго, да чаго не трэба, за мяккасць, што мяжуе з рэптыльнасцю, за тое, што яны занадта сумленныя і „верныя Янукі“. Але нават у тыя хвіліны я разумею, з пагардай да самога сябе (бо яны — гэта я), што адна справа не любіць чалавека і зусім іншая — не ратаваць яго, калі ён топіцца. Я стану ратаваць…»
Ва ўладных структурах, якія спрабавалі некалькі разоў уплятаць словы Караткевіча ў свае даклады, не разумеючы папраўдзе глыбінь яго творчасці. Невыпадкова ж пісьменнік некалькі разоў выкарыстаў прыпавесць пра надзяленне беларусаў самымі багатымі землямі і для раўнавагі самым дрэнным у свеце начальствам. Або стварыў вобраз аднаго з ідэолагаў кітайскіх дэспатыі і прасачыў яго лёс у апавяданні «Вялікі Шан Ян». Або звярнуўся да гаспадарнікаў, разважаючы, што «гэта вас прызначылі — гэта вас і зняць могуць. Але ніхто (і найперш — ваша сумленне) не здыме вас з пасады мужоў, бацькоў, таварышаў. Гэта ваша пажыццёвая (і нават пасмяротная) пасада. Пакуль можаце — служыце ёй».
Караткевіч шмат зрабіў для пашырэння ў грамадстве беларускай мовы. Ён свядома выкарыстоўваў прыгодніцкі і дэтэктыўны сюжэт, каб маладыя людзі далучаліся да яе, сцвярджаў яе неўміручасць і прыгажосць: «Яна вечная, бо ўся яна як наш характар. Здаецца, кволая ад пяшчотнай мяккасці, яна раптам кідае наверх схаваную ад усіх жалезную мужнасць і сілу. І, як быццам дамогшыся свайго, б’е, як перапёлка ў жытах — мякка, а за тры вярсты чуваць. „Эль“ — як салодкае віно, „дзе“ — як шкляной палачкай па крышталю, мяккае „с“, як соннае ціўканне сінічкі ў гнязде. І побач „р“, як гарошына ў свістку, і доўга, спявуча, адкрыта гучаць галосныя. А „г“ прыдыхае так ласкава, як маці на лобік дзецку, каб перастаў сніць дрэнны сон». А калі гэта не пераконвае, у такім разе
Ты забыў? Ну што ж, на дасвецці
Ты без сонца будзеш канаць…
Няўрымслівы Караткевіч апантана змагаўся за захаванне гістарычна-культурнай спадчыны, уздымаў свой голас супраць умяшання ў Богам створаную гармонію біясферы, наведваў і вывучаў практычна ўсе куткі Беларусі, сустракаўся са сваімі чытачамі. Паводле сведчання А.Мальдзіса, свядома ў 1982 годзе вырашыў сустрэцца з работнікамі ВА «Інтэграл», бо разумеў, што без прыцягнення тэхнічнай інтэлігенцыі немагчыма зрушыць з месца беларускі карабель у напрамку да «сваёй Амерыкі».
У некалькіх сваіх артыкулах Караткевіч назваў «Вялікім Германцам» — Гётэ, «Вялікім Палякам» — Міцкевіча, «Вялікім Англічанінам» — Байрана. Думаецца, ёсць усе падставы назваць «Вялікім Беларусам і Вялікім Чалавекам» і самога пісьменніка.
Караткевіч быў. Ён годна пражыў свае амаль 54 гады і пакінуў значны след у мастацкай гісторыі Беларусі.
Караткевіч ёсць. Яго творы нараджаюць усё больш і больш сапраўдных беларусаў.
Караткевіч будзе. Пройдзе не так шмат часу, і яго думкі заззяюць на небасхіле духоўнага жыцця сапраўды вольнай і незалежнай Беларусі. А дзеля гэтага ёсць «адзіна годны шлях: служыць айчыне да крывавага поту, не чакаючы ўзнагароды ад людзей і лёсу, проста таму, што іначай нельга. Іначай — сорам. І не апраўданне ганебнаму ўчынку ў тым, што „яны самі так хочуць“. Сорам — самім так хацець».
1. Апублікавана — «Народная Воля», 2004, 22 ліпеня.