Юбілей Караткевіча адзначылі ў Маскве — Алена Ляўковіч
Днямі ў Маскве, у Цэнтралным Доме літатаратара, адбылася вечарына, прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Яна была наладжана сіламі Нацыянальнай культурнай аўтаноміі «Беларусы Масквы» і пасольствам Беларусі ў Маскве.
«Гэта заканамерна, што святкаванне юбілею Караткевіча адбылося раней, чым у Мінску ці на яго радзіме ў Оршы, — сказаў Адам Мальдзіс, які прымаў актыўны ўдзел у вечарыне. — Караткевіч любіў Маскву. Ён стаў агульнаеўрапейскім і агульначалавечым пісьменнікам у многоім дзякуючы сувязям, якія набыў падчас вучобы на Вышэйшых літаратурных і сцэнарных курсах у Маскве. Караткевіч не дзяліў культуры. Будучы ў Маскве, ён паўставаў на абарону рускіх помнікаў дойлідства (вядомай царквы на Нерлі, храма ў Архангельскім), вельмі перажываў і стараўся дапамагчы расійскім мастакам, якія падвергліся нападкам Хрушчова. Ён разумеў: будзе дрэнна творчым людзям у Маскве — будзе дрэнна і ў Беларусі».
Уся вечарына прайшла на беларускай мове. На яе прыйшлі не толькі тыя, хто нарадзіўся ў Беларусі і па сёння не страціў цікавасці да культуры сваёй радзімы, але і тыя, хто пачынае цікавіцца Беларуссю як суседняй дзяржавай. Ужо некалькі гадоў, напрыклад, у Маскоўскім універсітэце працуе група перакладчыкаў з беларускай мовы пад кіраўніцтвам Людмілы Карнюхінай. На думку Адама Мальдзіса, гэтай групе трэба абавязкова дапамагчы непасрэдна з Беларусі: падручнікамі, кансультацыямі.
На вечарыне выступілі паэты Алесь Кажадуб, Іван Карэнда, барды Уладзімір Цвярской і Антон Андруховіч, нацыянальны тэатр славянскага танца, якім кіруе заслужаны артыст Расіі Анатоль Радзюк (ён родам з Беларусі, як, дарэчы, і пералічаныя выступоўцы). Вёў вечар намеснік старшыні аўтаноміі «Беларусы Масквы» Раман Чырвонцаў. Самы непасрэдны актыўны ўдзел у правядзенні свята прынялі супрацоўнікі нашага пасольства ў Маскве Аляксандр Глод і Рэгіна Мінаева.
«Свята, якое адбылося, яшчэ раз пацвердзіла ісціну, якую добра разумеў і Караткевіч: не будзе ніякага аб’яднання, ніякай інтэграцыі — ні палітычнай, ні эканамічнай, калі не будзе інтэграцыі інтэлектуальнай, культурнай. Неабходныя ўзаемапавага, узаемаразуменне, узаемапрыманне роднасных, але розных культур, што і было прадэманстравана на вечарыне», — зазначыў сп.Мальдзіс.
1. Апублікавана — «Звязда», 2000, 25 лістапада.