Уладзімір Караткевіч — пісьменнік беларускі i еўрапейскі — Адам Мальдзіс

У беларускай літаратуры можна, з пэўнай умоўнасцю, прасачыць дзве пункцірныя лініі развіцця. Прадстаўнікі адной — Скарына, Багдановіч, у многім Купала, Караткевіч — ішлі ад агульначалавечага, кніжнага, біблейскага да народнага і нацыянальнага, а потым, сінтэзуючы абодва пачаткі, зноў узнімаліся да агульначалавечага. Прадстаўнікі другой — Багушэвіч, Колас, Чорны, Брыль, Быкаў — пачыналі з сялянскага, простанароднага, акопна-салдацкага, затым спасцігалі агульначалавечае, каб, узбагачаныя ім, зноў вярнуцца да нацыянальнага. Гэтыя дзве лініі цесна пераплятаюцца, узаемадапаўняюцца, але не зліваюцца. Паміж імі ідзе яўнае або прытоенае творчае спаборніцтва, а часам даходзіць і да супрацьстаяння. I тут, мусіць, важна, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва, дзе здабываліся веды — у сваёй краіне ці за яе межамі.

Жыццёвае і творчае сталенне Уладзіміра Караткевіча адбывалася пераважна у Расіі (Масква) і на Украіне (Кіеў). Ён арганічна засвойваў там здабыткі блізкіх культур. Ён авалодаў украінскай і рускай мовамі не горш, чым беларускай. Ён бараніў ад бездухоўнага чынавенства помнікі рускай архітэктуры, творы рускага авангарднага выяўленчага мастацтва, свабодалюбівыя традыцыі ўкраінскай паэзіі — Тараса Шаўчэнкі і Лесі Украінкі. Не выпадкова ж з Кіеўскага універсітэта яго збіраліся выключыць за нацыяналізм не беларускі (беларускі патрыятызм тады ім асабліва не выяўляўся, не афішыраваўся), а ўкраінскі.

А потым, пасля вяртанняў з Лесавічаў у Оршу і з Масквы ў Мінск, былі два вялікія глыткі фальклорнага і народнага паветра. Да беларушчыны ён вярнуўся ўжо вялікім эрудытам, інтэлектуалам. У ім ужо жыла арганічная цікавасць да ўсяго, што дзеялася і дзеецца на свеце. Яму ўжо было вядома, хто такія Брэйгель і Босх, Дантэ і Норвід. Ён ужо сябраваў з лепшымі, пераважна «андэграўднымі» пісьменнікамі Літвы і Латвіі, Грузіі і Арменіі, з якімі разам вучыўся на Вышэйшых літаратурных і сцэнарных курсах. Ён быў жаданым госцем у рэдакцыях тоўстых маскоўскіх часопісаў і майстэрнях рускіх авангардыстаў, жорстка разагнаных Хрушчовым (памятаецца, як, даведаўшыся пра гэта, Караткевіч усклікнуў: «Хлопцы, гэта хана і для нас!»).

Далучанасць Уладзіміра Караткевіча да славянскай, еўрапейскай, сусветнай цывілізацый дазволіла яму хутка, ледзь не імгненна стаць вядучым беларускім пісьменнікам, «клясыкам», як ён напаўздзекліва, напаўжартаўліва называў самога сябе. У яго не было перыяду творчай вучобы, сталення. Што б там ні пісалі колісь аршанскія і мінскія аглабельшчыкі, ужо першыя зборнікі — «Матчына душа», «Вячэрнія ветразі», «Блакіт і золата дня», першы раман «Нельга забыць» засведчылі, што ў літаратуру прыйшоў сталы пісьменнік, вялікі талент. Прыйшоў, у адрозненне ад большасці беларускіх пісьменнікаў, інтэлігент не ў першым пакаленні, а ў якім пятым ці дзесятым калене — як і яго героі Андрэй Грынкевіч, Ірына Горава, Алесь Загорскі.

Са спазненнем на стагоддзе (на тое былі незалежныя ад нас прычыны) Уладзімір Караткевіч выканаў у Беларусі тую ж гістарычную місію, што Генрык Сянкевіч у Польшчы, Алоіс Ірасек у Чэхіі, Вальтэр Скот у Англіі. Ён стварыў беларускі гістарычны раман «для падмацавання сэрцаў» — як Сянкевіч. А затым — гістарычную тэтралогію (драмы «Званы Віцебска», «Маці Урагану», «Кастусь Каліноўскі», «Калыска чатырох чараўніц»). Спрабаваў стварыць беларускае гістарычнае кіно, хаця пільныя рэжысёры і цэнзары ўвесь час штурхалі яго на псеўдагістарызм («Этот Юрась Братчик, этот Христос у вас что-то явно не то говорит»). I ўсё гэта ім рабілася, каб даказаць свайму народу, што ён такі ж, як і іншыя народы, што ён мае права на гістарычнае быццё, бо мае сваю «нармалёвую», багатую гісторыю, што ён не папялушка, а нераспазнаная самім сабой каралеўна. Карацей кажучы, абуджаў нацыянальную самасвядомасць і тым самым набліжаў, правакаваў падзеі, якія адбыліся пасля яго смерці, у канцы 80-х і ў 90-х гадах. Набліжаў нашу сённяшнюю, няхай яшчэ і сумніўную, незалежнасць. З ім канчалася адна эпоха, якую ён перарос ужо ў студэнцтве (бурнае рэагаванне на смерць Сталіна, калі будучага пісьменніка ў каторы раз збіраліся выключыць з універсітэта). Ён прадбачыў будучыню, якая яго і вабіла, і палохала («Не падрыхтаваны мы, хлопцы, да нечага сур’ёзнага, занадта доўга спалі»).

Па незвычайнаму, прарочаму прадбачанню Уладзіміра Караткевіча можна параўнаць з яго папярэднікамі па «кніжнай» лініі развіцця беларускага пісьменства — Францыскам Скарынай, Максімам Багдановічам. Скарына апярэджваў свой час (і таму заставаўся шмат у чым незразумелы, незапатрабаваны) гадоў на сорак-пяцьдзесят, аж да з’яўлення Буднага і Цяпінскага. Багдановіч — ужо на менш, да прыходу ў літаратуру Жылкі і Дубоўкі. Караткевіч — яшчэ на менш (час паскараецца, спрасоўваецца), да першых выступаў «незалежнікаў», несумненна ўзгадаваных на яго патрыятызме, гуманізме і дэмакратызме. Ці пайшлі «незалежнікі» далей яго — гэта ўжо зусім іншае пытанне: бацькам — і натуральным, і ідэйным — немагчыма цалкам запраграмаваць сваіх фізічных і духоўных дзяцей. Адно несумненна: «незалежнікі» ўжо вельмі прыспешвалі хаду падзей, спадзеючыся хіба што на цуд. Караткевіч таксама верыў у вышэйшае прадвызначэнне. Але раіў садзейнічаць яму карпатлівай, катаржнай працай. У чым паказваў асабісты прыклад.

Скарыну, Багдановіча і Караткевіча аб’ядноўвае яшчэ адна вызначальная рыса — незвычайная працавітасць. Вонкава іх быццё магло ўспрымацца (і ўспрымалася, і ўспрымаецца сёння) як суцэльнае свята. А яны былі, мусілі быць тытанамі працы. Як адраджэнцы яны разумелі, што зрабіць трэба несувымерна многа, а ратаяў мала. Адсюль — шматграннасць, «шматстаночнасць» дзейнасці. Скарына быў нашым першадрукаром, арганізатарам усходнеславянскай кнігавыдавецкай справы. I адначасова — перакладчыкам Бібліі, які (гэта паказаў англійскі біблеіст Гендэрсан), добра ведаючы многія мовы, браў лепшае і з арыгінала, і з грэчаскага, і з лацінскага, і з царкоўнаславянскага, і з чэшскага перакладаў. I адначасова — мысляр, філосаф, які ў сваіх прадмовах да перакладаў тлумачыў суайчыннікам сэнс нябеснага і зямнога быцця. А яшчэ — першы беларускі паэт, мабыць, першы беларускі доктар медыцыны, вучоны-батанік (у пражскім каралеўскім садзе) і вучоны-астраном (у «Пасхаліях»), магчыма, мастак і гравёр. Багдановіч таксама здзіўляе шматграннасцю свайго таленту: ён і паэт, і перакладчык, і крытык-рэцэнзент, і літаратуразнаўца, і тэарэтык нацыянальнага Адраджэння. Ад Караткевіча эпоха зноў жа запатрабавала працаваць аднаму за многіх. Празаік, паэт, драматург, перакладчык, крытык, кінасцэнарыст, ён быў яшчэ таленавітым мастаком, непаўторным спеваком, здольным артыстам, добрым фатографам. А яшчэ — гісторыкам з Божае ласкі, краязнаўцам, краіназнаўцам, што яскрава праявілася ў час яго падарожжаў па радзіме пры падрыхтоўцы шматтомнага «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі». Краязнаўцам дзейсным, які, змагаючыся за зберажэнне помнікаў, асабліва «опіумных» цэркваў і касцёлаў, даходзіў да найпершых свецкіх і духоўных асоб краіны.

I яшчэ адна рыса родніць Скарыну, Багдановіча і Караткевіча: яны разумелі, што бараніць і будаваць сваё можна, толькі добра засвоіўшы — для параўнання і вопыту — суседскае, чужое, агульначалавечае. Скарына абапіраўся ў кнігадрукаванні і перакладчыцкай справе на еўрапейскі досвед. Багдановіч як творца арыентаваўся не толькі на «нашаніўцаў», але і на рускую, французскую паэзію. Караткевіча заўсёды цікавіла, а што ж там у іншых, што карыснага можна ў іх пераняць. Яго злавала «маламестачковасць», несучаснасць, адарванасць ад еўрапейскага вопыту іншых беларускіх сучаснікаў (ён іх знішчаў адной фразай: «Ганна завіхалася ля печы»). Таму ён хацеў як мага больш пачуць і пабачыць. Таму ехаў у Літву, Латвію ці Эстонію, Грузію ці Арменію, Узбекістан ці Таджыкістан, на Далёкі Усход, Урал ці Крым. I ўсюды яму было цікава, усюды ён імкнуўся спасцігнуць душу іншага народа (памятаю, як пранікліва ўглядаўся ў Каўнасе ў выцвілыя палотны Чурлёніса, дасведчана вадзіў нас па музеі Шаўчэнкі ў Кіеве), адусюль прывозіў творы (або іх падрадкоўнікі) для перакладу. Дужа рваўся ён і за мяжу. Рыхтаваўся да гэтага. Заходнееўрапейскае выяўленчае мастацтва, архітэктуру, кіно ён ведаў не горш кандыдатаў-спецыялістаў. Беспамылкова вызначаў аўтарства музычных твораў — ад Вівальдзі да Стравінскага (гэта з яго ціхага ўздыху ў час канцэрта барочнай музыкі: «Божа, няўжо ж у нас не было нечага падобнага» пачалося «вяртанне» з Кракава так званага «Полацкага сшытка»). Ён добра ведаў нямецкую і лацінскую мовы, выкарыстоўваў у «Каласах…» французскія дыялогі. Ён замыкаўся у сабе, калі за сталом нехта гаварыў, што вось таго і таго з «набліжаных да трона» ўключылі ў склад афіцыйнай дэлегацыі. А яго не ўключалі і не пускалі. Бо хадзіў погалас, што ён абавязкова «там» застанецца, нават у Польшчы, дзе тады застацца практычна было немагчыма. Згадваецца анекдатычны выпадак. Неяк у карэспандэнцыі з Канскага фестывалю «Правда» паведаміла, што там атрымаў прэмію фільм «Дзікае паляванне караля Стаха», зняты па аповесці «польскага празаіка» Караткевіча. 3 самай раніцы, ледзь толькі газета дайшла да ЦК, адтуль на кватэру пісьменніка ўстрывожана пазванілі: дзе ён, калі прыняў польскае грамадзянства… На ўсякі выпадак заглянуўшы ў кабінет-спальню, жонка, Валянціна Браніславаўна, супакоіла высокае начальства: «Спіць. Дзе ж яму быць…» I сапраўды, дзе яму было быць, як не на Радзіме. Такія не пакідаюць яе, застаюцца з ёю да самага канца.

I тым не менш, ён рваўся туды, хаця б у Польшчу. Памятаю, як адбылася першая замежная паездка Уладзіміра Караткевіча — якраз у Польшчу. Неяк па майму запрашэнню прыехаў у Мінск прафесар Ягелонскага універсітэта ў Кракаве Здзіслаў Нядзеля, родам з Празарокаў на Віцебшчыне. Пагаманіўшы вечарам за сталом, яны ўпадабалі адзін аднаго. Але, ад’язджаючы ў Кракаў, госць рашыў запрасіць чамусьці толькі мяне. На гэта я адказаў, што ўсё роўна еду ў Польшчу на тры месяцы ў камандзіроўку. То няхай лепей запросіць Караткевіча, жывога «клясыка», які, нягледзячы на сваю вядомасць, а можа, якраз з-за яе, ні разу за мяжой не пабываў. Доўга цягнулася афармленне дакументаў. Караткевіч прыехаў у Кракаў толькі ў канцы лістапада 1971 г., у пярэдадзень свайго дня нарадждэння. I адразу ж пачаў хадзіць па музеях і касцёлах, кірмашах і кінатэатрах («каб нарэшце ўдосталь наглядзецца італьянскіх фільмаў»). Здзіўляў Нядзелю добрым (лепшым нават, чым у яго) веданнем паэзіі Канстантага Ідэльфонса Галчыньскага, а сербскага гісторыка літаратуры Стояна Субоціна, які якраз таксама гасцяваў у Кракаве, — веданнем творчасці Радуле Стыенскага. У падзямеллях вежы каля Сукеніц тлумачыў нам прызначэнне розных прылад для катаванняў. Доўга дабіваўся дазволу правесці ноч разам з гэйналістамі на вежы Мар’яцкага касцёла, каб потым апісаць яе «гукі, пахі і колеры». Месячнае прабыванне Караткевіча ў Польшчы завяршылася сустрэчамі ў Варшаве з аднакурснікам па Кіеўскім універсітэце Фларыянам Няўважным («Флёркам Уважным»), які прысутнічае на гэтай аршанскай канферэнцыі.

З лёгкай рукі Здзіслава Нядзелі (потым яны не раз абменьваліся лістамі і візітамі, Нядзеля даслаў на гэтую канферэнцыю свае ўспаміны) адбыліся паездкі Уладзіміра Караткевіча, пераважна разам з Валянцінай Браніславаўнай, у Прагу — да даследчыка і перакладчыка Вацлава Жыдліцкага, у Браціславу — да дзіцячай пісьменніцы і перакладчыцы Гелены Крыжанавай-Брындзавай. Чэхія і Славакія (у апошняй Караткевіч знайшоў многа агульнага з Беларуссю — асабліва ў мове, звычаях) арганічна ўвайшлі ў жыццё і творчасць беларускага пісьменніка. Там жа з’явіліся чэшскія і славацкія пераклады, рэцэнзіі на іх, артыкулы ў славянскіх энцыклапедычных даведніках. Але далей, на «небяспечны Захад», ён так і не змог выехаць. Кантакты з Францыяй, Германіяй, Італіяй, Іспаніяй абмяжоўваліся толькі перакладамі ды сустрэчамі з калегамі па пяру.

I ўсё ж Заходняя Еўропа ўвайшла ў літаратурны вопыт, у творчасць Уладзіміра Караткевіча. Калі чытаеш раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», бачна плённае вучнёўства ў Франсуа Рабле, Шарля дэ Кастэра, Рамэна Ралана. У сваіх водгуках на беларускія пераклады твораў Гётэ і Байрана рэцэнзент засведчыў, што ён добра, у арыгінале, у славянскіх перакладах, ведае класічную еўрапейскую паэзію. Ён не падзяляў Еўропу на «савецкую» і «буржуазную»: яна была для яго, як і для Скарыны, для Багдановіча, адзіным і жывым мацерыком.

Сваё, айчыннае, нацыянальнае, у Караткевіча арганічна спалучалася і сплаўлялася з агульнаеўрапейскім і агульначалавечым. Асабліва гэта відаць там, дзе ён вызначаў свае ідэалы (да прыкладу, у «Зямлі пад белымі крыламі»), сваё бачанне будучыні. Урокі Уладзіміра Караткевіча тут асабліва павучальныя. Яны могуць і павінны быць запатрабаваны ў наш няўстойлівы час, запатрабаваны як духоўныя арыенціры грамадства.

1. Апублікавана ў кн.: УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ І ЯГО ТВОРЧАСЦЬ У ЕЎРАПЕЙСКІМ КУЛЬТУРНЫМ КАНТЭКСЦЕ: НАВУК. ЗБОР. / Рэдкал. А. Мальдзіс (гал рэд.) і інш. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2000. С. 35 — 39.

Яндекс.Метрика