Нацыянальнае і агульначалавечае ў паэтычнай сістэме Ўладзіміра Караткевіча — Вольга Шынкарэнка

Кожнае цэлае ўтвараецца з адзінкавага і асобнага. Дык хто ж ён, Уладзімір Караткевіч? Найперш — аршанскі Рыцар, Беларус! Прарок, усіх народаў і нацый Заступнік, прыўкрасны і мужны Пісьменнік.

Ён нас на неба падымаў.
Паэтам быў і чалавекам.
(Чыгрын I. Уладзіміру Караткевічу // Роднае слова. 1995. № 6. С. 190.)

Міжволі задумваешся аб наканаванасці яго з’яўлення на белы свет. Здаецца, Уладзімір Караткевіч нарадзіўся і сцвердзіўся як мастак дзеля таго, каб яшчэ раз нам прыгадаць, што ўдалеч кожны мусіць ісці сваім адметным шляхам, несучы ў сэрцы любасць да ўсяго людства, адчуваючы асабістую непаўторнасць і памятаючы пра незвычайнасць іншых, узбагачаючыся стварэннямі геніяў усяго свету праз усведамленне духоўнасці і годнасці здабыткаў роднай зямлі. Вастрыня гэтага пераканання асабліва выразна раскрываецца ў наступнай маральнай максіме:

Ёсць замест прыватнай неўміручасці -
Бессмяротнасць нацыі тваёй. (I, 394)

Сам пісьменнік кожным творам увекавечваў сваю нацыю, з любасцю люляў яе. Яго творчасць, прасякнутая высокай патрыятычнай ідэяй, абвостраным разуменнем гістарычнай памяці як невычэрпнай крыніцы нацыянальнай энергіі, магутнага каталізатара прагрэсіўнага руху, што праз уласнае далучае чалавека да вяршынь сусветнай культуры, маральна-эстэтычнага вопыту чалавецтва, увабрала ў сябе ўсё шматгалоссе жыцця, усе стогны набалелай душы радзімы і разам з гэтым клікала і кліча да святла, дабрыні. Да апошняй прыйсці няпроста. Бо для гэтага патрэбна духоўнае ачышчэнне, бясконцае спасціжэнне сваіх вытокаў, мінуўшчыны, абуджэнне страчанай годнасці, смеласць узваліць на ўласныя плечы цяжар адказнасці за іншых. «Як можам вырасці да сонца, калі прыкутыя забойствам да зямлі?» (V, 238).

Зварот да падзей далёкіх стагоддзяў ажыццяўляецца пісьменнікам у многіх выпадках не толькі праз дадзеныя гістарычнай навукі, факты з летапісаў, помнікаў старажытнасці, літаратурныя рэмінісцэнцыі, але і праз асэнсаванне вуснай паэтычнай спадчыны. Ад багатых на канкрэтныя прозвішчы, гістарычныя падзеі, драматычныя калізіі фальклорных твораў Уладзімір Караткевіч адштурхоўваўся даволі часта. Пры гэтым ён імкнуўся не столькі «абыграць», аднавіць сюжэты тых ці іншых легенд, паданняў, песень, але і стварыць прыцягальныя, гераічныя характары, праз вобразную пластыку перадаць філасофію народа, яго ідэалы, напісаць сваю, караткевічаўскую гісторыю роднай зямлі, часцей за ўсё суровую і гераічную. Адсюль — баладнае гучанне творчасці пісьменніка, яе пранізлівы драматызм, які праяўляецца ва ўсіх без выключэння жанрах і выразна даносіць да чытача высокую трагедыю народнага духу.

Найбольшую адпаведнасць сваім творчым памкненням пісьменнік адшукаў у паэтыцы складанай, сінкрэтычнай раманнай формы. Менавіта ў ёй ён здолеў пераасэнсаваць мінулае роднага краю, паказаць пошукі свайго «забытага беларускага шляху» (М. Багдановіч), перадаць лёс народа як узвышаную трагічную філасофскую драму ва ўсёй цэласнасці вобраза свету і чалавека ў ім, сцвердзіць актуальнасць заклікаў неафітаў усіх часоў да свабоды, роўнасці, братэрства чалавека, народаў, людства.

Праўда, адзін з персанажаў Уладзіміра Караткевіча, вядомы Пётр Аляксандравіч Валуеў, прытрымліваецца іншага меркавання. «Яму ніколі не прыходзіла ў галаву, што сапраўднае ўзвышэнне любові, што сувязь любові мацнейшая за сувязь ланцуга, што неад’емныя правы нацый, іх вольнасць і свабоднае развіццё іхняй культуры і мовы — ёсць найлепшы сродак для братэрства. Ён ніколі не думаў, што боязь, уціск мовы і культуры і вечнае выстаўленне перад усімі свайго аўтарытэту і сілы можа прывесці толькі да нянавісці і, значыцца, рана ці позна — да паўстання… Не разумеў ён і таго, што максімальная свабода кожнай асобы не развальвае грамадства, а вядзе да яго ўзмацнення, што гэта прымушае кожную асобу не шукаць сродкаў для таго, каб узарваць дзяржаву, а, наадварот, прыкладаць усе сілы, каб узмацніць сваю грамаду, сваю айчыну» (V, 357).

I гэтае, і шмат якія іншыя выказванні Уладзіміра Караткевіча сведчаць пра незвычайную актуальнасць гучання яго твораў — нягледзячы на іх гістарычную аснову. Аднак не трэба рабіць выснову, што мастак займаўся свядомай інтэрпаляцыяй сучасных праблем, пераносіў іх у мінуўшчыну, хаваўся ў ёй дзеля поўнай творчай свабоды. Так ужо склалася, што набалелыя пытанні нашага нацыянальнага жыцця — найперш незалежнасці і мовы — расцягнуліся ў часе пагражальнай апоўзневай дэфармацыяй, нейкім гнуткім скруткам калючага турэмнага дроту, які то на нейкі момант паслабне, распраміцца, даючы надзею на паратунак, то зноў жорстка згорнецца, пакідаючы незажыўныя крывавыя драпіны і боль.

Уладзіміру Караткевічу асабліва балела, бясконца крывавіла. I за тое, што рабілася пры яго жыцці, і за гістарычную несправядлівасць. А таму ён настойліва разбіраў муры сівой даўніны, імкнучыся дакапацца да праўды, прымушаючы і нас далучыцца да пошуку ісціны, сваіх каранёў, без якіх і дрэва, і чалавек аднолькава мусяць загінуць. З гэтай святой мэтай творца не толькі аднаўляў мінуўшчыну, але і свядома гераізаваў яе дзеля абуджэння народа, актывізацыі нацыянальнага адраджэння, услаўлення вальналюбства, свабоды і роўнасці, «бо нельга есці хлеб народа і грэбаваць ягонай мовай» (V, 32); «бо ўсе людзі зямлі — браты» (V, 190); бо «клеткі не любіць ніхто» (IV, 284); бо абыякавы да мінулага не мае аніякай інтэлектуальнай перавагі над жывёлай, і таму ёсць першы кандыдат на маральную, а затым і фізічную смерць. Усё адно хто гэта — чалавек ці народ" (V, 127).

Актуальныя праблемы духоўнага жыцця асобы, маральныя асновы нацыі, яе эстэтычныя каштоўнасці мастак разглядае з улікам дасягнутага чалавецтвам. Адметны нацыянальны генатып (герой-рамантык, змагар, народны заступнік, інтэлігент, здольны ўмясціць у сабе боль і клопат за ўсё і ўсіх), выключна беларуская нацыянальная субстанцыя тэкстаў і падтэкстаў, сам склад мыслення, лад пісьма, уся стылявая канцэпцыя выдаюць у асобе Уладзіміра Караткевіча пісьменніка глыбока самабытнага, уласна беларускага, творы якога нараджаюць сур’ёзныя думкі, выклікаюць патрэбу ў філасофскіх разважаннях, таму што закранаюць праблемы агульначалавечыя і таму агульнацікавыя. Якраз у ракурсе супадзення, узаемапранікнення нацыянальнага і ўсёчалавечага, сучаснага і адвечнага становіцца бачным прамень непаўторнасці, геніяльнасці Уладзіміра Караткевіча. Сонцаноснай сілай сваёй усепранікальнай цеплыні гэты прамень выключае, знішчае дыстанцыю паміж мастаком як ізаляваным творцам канкрэтнай нацыі і творцам агульначалавечым, цікавым для ўсіх народаў. Думку рускага філосафа М. Бярдзяева пра тое, што «творчы нацыянальны шлях і ёсць шлях да ўсечалавецтва (Бердяев Н. Судьба России: Опыты по психологии войны и национальности. М., 1990. С. 100.), што «гістарычны лёс народаў і ўсяго чалавецтва ёсць мой лёс, я ў ім і ён ува мне» (Бердяев Н. Судьба России: Опыты по психологии войны и национальности. М., 1990. С. 206.), беларус Уладзімір Караткевіч фармулюе ў выглядзе арганічна блізкіх яго творчай манеры афарыстычных сілагізмаў тыпу: «… мудрасць не ведае розніцы нацый, моў, веры» (VII, кн. 2, 177); «паэзія — гэта зведанне душ, і выхаванне душ, і крык душ; і калі хочаш ведаць суседа — ведай перш за ўсё яго паэзію» (VIII, кн. 2, 376).

Добра разумеючы, што «разам з беларушчынай мы трацім і лепшую частку чалавечнасці» (Абдзіраловіч І. Адвечным шляхам: Дасьледзіны беларускага сьветагляду. Мн., 1993. С. 16.), пісьменнік найперш акцэнтуе ўвагу на непаўторнасці, выключнасці адзінкавага, страта якога вядзе ў нечым і да незваротнай страты цэлага, значна збядняе яго. У артыкуле «Будзеш свой сярод чужых» ён згадвае: «Бо нікому яшчэ не ўдавалася не толькі народ зрабіць аднолькавым ва ўсіх асобах, што складаюць яго, але і двух людзей зрабіць духоўнымі блізнятамі» (VIII, кн. 2, 371). Асаблівай вастрыні і палемічнага запалу дасягае роздум аўтара пра самакаштоўнасць кожнага чалавека і народа ў рамане «Каласы пад сярпом тваім», дзе асвятленне пярэдадня паўстання 1863 — 1864 гг. запатрабавала асаблівай паглыбленасці ў так званае нацыянальнае пытанне. Побач з матывам самабытнасці, непаўторнасці асобы і нацыі ў творы пачынае пульсаваць думка аб толькі ўмоўнай, адноснай самадастатковасці іх без прысутнасці, уліку іншых суб’ектаў, што існуюць на зямлі і ствараюць яе адухоўленую цэласць. Вуснамі аднаго са сваіх герояў (Грымы) пісьменнік выказвае ісціну, якая абгрунтоўвае права ўсіх і кожнага на незалежнасць, сцвярджае прынцыпы роўнасці і свабоды. «Калі адзін чалавек не вычарпае ўсёй глыбіні натуры другога, які б ён ні быў геніяльны, калі ён не здолее замяніць яго, то і адзін народ не можа замяніць сабою другога, няхай нават больш слабага… Нашто ж тады кожнай нацыі крычаць аб сваёй перавазе? Гэта ж тое самае, што патрабаваць, заклікаць сцерці з зямлі суседні народ… I я пайду на бітву, каб ніколі, ніколі такога не было. Каб усе — браты, і кожны — вольны як птушка» (V, 379 — 380).

Ідэя братэрства, усеагульнай еднасці чалавецтва і адначасова свабоды, незалежнасці кожнай асобы, нацыі ў такім публіцыстычна аголеным і разам з тым па-мастацку пераканаўчым і вобразным выглядзе да Уладзіміра Караткевіча нікім у сучаснай беларускай літаратуры не раскрывалася. Гэта яшчэ адно сведчанне шматграннасці, універсальнасці інтарэсаў творцы, яго мастакоўскай і грамадзянскай чуйнасці, патрыятычнай мужнасці і сумна-светлай надзеі на вяртанне сябе з небыцця праз нанова народжаных:

Радок бяззбройны і бясспрэчны
Слабым — адзіна верны шчыт.
I не знікаць Паэтам вечна,
У вечнай песні жывучы.
Калі пайду з юдолі гора,
Не скончыўшы найлепшы сказ,
То Божы свет мяне паўторыць,
Як паўтараў ужо не раз.
Як моры, зоры і азёры,
Якія ў вечнасць забяру.
Свет шчодры.
Свет мяне паўторыць…
Ну, а не свет,
дык Беларусь. -
Мне — досыць. (I, 245)

Магчыма, на месцы спаленай зоркі загараецца новая. Магчыма, душа чалавека ў новай цялеснай абалонцы здольна нарадзідца зноў. Магчыма, не знікаюць бясследна нацыі і народы: у гісторыі заўсёды застаюцца знакі іх ранейшай, а праз памяць — і цяперашняй прысутнасці. Але ўсё, што ствараецца на месцы былога, іншае; яно не можа быць цалкам адэкватным папярэдняму, яно — новае. Тым больш — чалавечая душа, тым больш — душа Паэта, якая здолела, кажучы словамі Ігната Абдзіраловіча, «разьвярнуць усю моц свае творчасці, каб зьліцца ў творчым тэмпе сусьветнага дыханьня, сусьветнай гармоніі…» (Абдзіраловіч I. Адвечным шляхам. С. 28.).

У рамане «Каласы пад сярпом тваім» Уладзімір Караткевіч сцвярджае, што Сусвет з усімі зорнымі астравамі па сваіх контурах нагадвае пульсуючае сэрца, нібы паўтараючы сэрца кожнага з нас. I калі крычым мы, крычыць Сусвет.

Быў. Ёсць. Буду.
Таму, што заўжды, як пракляты,
Жыву бяздоннай трывогай,
Таму, што сэрца маё распята
За ўсе мільярды двуногіх. (І, 239)

1. Апублікавана ў кн.: УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ І ЯГО ТВОРЧАСЦЬ У ЕЎРАПЕЙСКІМ КУЛЬТУРНЫМ КАНТЭКСЦЕ: НАВУК. ЗБОР. / Рэдкал. А. Мальдзіс (гал рэд.) і інш. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2000. — С. 53 — 57.

Яндекс.Метрика