Уладзімір Караткевіч i Раман Іванычук — Вячаслаў Рагойша
(паводле ліставання)
Геній (давайце ўжо не будзем баяцца гэтага слова ў дачыненні да Уладзіміра Караткевіча!) выяўляецца ва ўсім, да чаго б ён толькі ні дакранаўся сваім пяром. Нават у экспромце. У невялікай запісцы. Што ўжо казаць пра пісьменніцкія лісты, якія, на жаль, да гэтага часу мы недаравальна недаацэньваем!
Шкада, вельмі шкада, што ў самы поўны пакуль васьмітомны Збор твораў Караткевіча не ўвайшло яго ліставанне. Бо хто атрымліваў ці проста чытаў караткевічаўскія лісты, поўныя мудрасці і досціпу, напісаныя ў лепшых традыцыях пісьменніцкага эпісталярыя XIX ст., несумненна пацвердзіць іх высокую вартасць — інфармацыйную, асобасна-пазнавальную, літаратурна-эстэтычную. Зрэшты, чытачы «Маладосці», «Полымя», некаторых іншых выданняў, дзе часткова друкавалася эпісталярная спадчына пісьменніка, змаглі ўжо і самі пераканацца ў гэтым. Не выключэнне — і ліставанне Караткевіча з выдатным сучасным украінскім пісьменнікам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Украіны імя Т. Шаўчэнкі, гістарычным раманістам Раманам Іванавічам Іванычуком.
Я сказаў: гістарычным раманістам. Ёсць у Іванычука творы — аповесці, апавяданні, прысвечаныя нашаму сённяшняму дню ці зусім нядаўняму мінуламу (у прыватнасці, трылогія, што складаецца з аповесцяў «Сёмае неба», «Горад», «На перавале»). Аднак украінскі і еўрапейскі чытач ведае пісьменніка перш за ўсё як майстра гістарычнай прозы. Як стваральніка шырока прызнаных «Мальваў» (1965) — рамана пра падзеі пры султанскім і ханскім дварах напярэдадні паўстання Багдана Хмяльніцкага. Як аўтара шэрагу іншых буйных эпічных палотнаў: «Чырвонага віна» (1977) — пра абарону ў XVI ст. Алеськага замка, апошняй цытадэлі калісьці магутнага Галіцка-Валынскага княства; «Манускрыпта з вуліцы Рускай» (1979) — пра змаганне львоўскага брацтва з уніяй у канцы XVI — пачатку XVII ст.; «Вады з каменю» (1982) — пра пачынальніка новай украінскай літаратуры на заходнеўкраінскіх землях Маркіяна Шашкевіча; «Чацвёртага вымярэння» (1984) — пра Міколу Гулака, актыўнага стваральніка Кірыла-Мяфодзіеўскага брацтва, паплечніка Тараса Шаўчэнкі; «Шрамаў на скале» (1986) — пра геніяльнага Івана Франко; «Бо вайна — вайною» (1989) — пра падзеі, што разгортваліся ў Галіцыі ў час Першай сусветнай вайны…
Дарэчы, апошні з названых раманаў Іванычук пісаў і ў нашай «Іслачы» — Доме творчасці пісьменнікаў імя В. Дуніна-Марцінкевіча, што каля Ракава, калі прыязджаў сюды адпачыць і папрацаваць у 1986 і 1988 гг. Тады ж, у час адной з сяброўскіх сустрэч у маёй бацькоўскай ракаўскай хаце, ён, прыгадваючы Караткевіча, згадаў і колішнюю «Валодзеву просьбу» — напісаць што-небудзь і пра беларускую гісторыю. Я тут жа ўспомніў, што на Румынскім фронце якраз у перыяд дзеяння рамана «Бо вайна — вайною» знаходзіўся паручнік Міцкевіч — Якуб Колас, і такім чынам беларускі паэт можа стаць хоць эпізадычным персанажам твора. Іванычук ухапіўся за гэтую ідэю, папрасіў даць яму пачытаць тагачасныя творы песняра. Да твораў Якуба Коласа я далучыў і кніжку Сяргея Палуяна «Лісты ў будучыню», якую мы з Таццянай Кабржыцкай незадоўга да таго выдалі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Зразумела, з належнымі каментарыямі: пра сувязь Палуяна з Украінай, яго актыўны ўдзел ва ўкраінскім друку… І вось праз нейкі час Іванычук даслаў урывак з рамана, які ён назваў «Паручнік Міцкевіч». З урыўка як жывы паўстаў рэальны вобраз Кастуся Міцкевіча — Якуба Коласа, якога на пачатку стагоддзя ваенны лёс закінуў у Галіччыну, пад самую Румынію. Па дарозе паручнік Міцкевіч захварэў на жаўтуху, апынуўся — ужо воляй пісьменніка Іванычука — у адным гуцульскім сяле, дзе яго выхадзілі мясцовыя настаўнікі…
Пра што б і пра каго б ні пісаў Іванычук — усё падначалена праўдзе, гістарычнай ісціне, прасякнута шчымлівай любоўю да роднага краю, павагай да іншых народаў і культур. Пісьменнік дасканала валодае родным словам, выдатна ведае разнастайныя стылявыя пласты ўкраінскай мовы, у тым ліку архаічныя, дыялектныя, жаргонныя. Я ўжо не кажу пра валоданне самім гістарычным матэрыялам, што ідзе на «ўзвядзенне» тых ці іншых твораў. Тут у Іванычука могуць павучыцца (і вучацца!) многія гісторыкі (зрэшты, як і ў Караткевіча). Бо пісьменнік, перш чым сядаць за рабочы стол, не адзін дзень праводзіць у архівах, бібліятэках, у гутарках з дасведчанымі людзьмі, спецыялістамі, назапашвае інфармацыю, якой пры нагодзе хапіла б не на адну дысертацыю. I як тут зноў не прыгадаць Караткевіча, які ў свой час, імкнучыся ў аспірантуру Кіеўскага дзяржаўнага універсітэта імя Т. Шаўчэнкі, назапашваў дакументальныя матэрыялы пра паўстанне 1863 г. на Беларусі, а пасля выкарыстаў іх у сваіх мастацкіх творах!
Думаю, цяпер зразумела, чаму Караткевіч пазнаёміўся — спачатку завочна, па творах — з Іванычуком, затым знайшоў магчымасць пабываць у яго гасцінным доме ў Львове, яшчэ больш адчуць роднасць душ і талентаў. А гэтая роднасць сапраўды вартая захаплення. У час згаданай ужо нашай з Іванычуком ракаўска-іслацкай сустрэчы аўтар «Мальваў» расказаў: толькі што прачытаў у «Нёмане» аповесць Караткевіча «У снягах драмае вясна» — і літаральна быў уражаны падабенствам гэтага твора беларускага пабраціма да сваёй ранняй аповесці «Прыпыніся, падарожнік!». Тэма, сюжэтныя хады амаль тыя самыя: студэнцкае жыццё, 1952 г., пярэдадзень смерці Сталіна… Ды і доля падобная абодва творы напаткала: аповесць Караткевіча, напісаная ў 50-я гг., надрукавана толькі ў канцы 80-х; аповесць Іванычука, знятая цэнзурай з друку ў 1966 г., з’явілася ў свет прыблізна ў той самы час… Іванычук яшчэ да сустрэчы з Караткевічам ведаў і любіў яго творы, адчуў духоўную і творчую блізкасць да беларускага пісьменніка. Ужо пасля смерці Караткевіча ў прысвечаным яму «Маім рэквіеме» ён пісаў: «Да першай і адзінай сустрэчы, не бачыўшы яго ў вочы і ведаючы толькі па творах і лістах, я лічыўся з Караткевічам як з настаўнікам, хоць былі мы равеснікамі, не пераставаў вучыцца ў яго майстэрству і пасля асабістага знаёмства; я чытаў і перачытваў „Каласы пад сярпом тваім“, „Чазенію“, „Дзікае паляванне караля Стаха“, з тых твораў паўставаў перада мной добры і мудры чалавек, які бясконца любіць сваю Беларусь, яе гісторыю і глыбока шануе маю Украіну, разумеючы і наш боль, і нацыянальны гонар. Для мяне, гістарычнага раманіста, Караткевіч заўсёды быў узорам майстра, які ўмела валодаў і чэсна распараджаўся гістарычным матэрыялам, не раўнуючы як добры гаспадар набытай у поце чала маёмасцю; пад уплывам Караткевічавага рамана „Хрыстос прызямліўся ў Гародні“ я напісаў ці не самы ўдалы свой твор „Манускрыпт з вуліцы Рускай“, пакарыстаўшыся мастацкімі рэцэптамі беларускага пабраціма».
Цеплыня адносін паміж беларускім і ўкраінскім пісьменнікамі адлюстравалася і ў іхнім ліставанні. «Мілы Рамане!», «Мілы сябра Рамане!», «Даражэнькі мой Рамане!», «Мілы мой браце Рамане!» — гэтыя і падобныя звароты, характэрныя толькі для самых блізкіх людзей і нячастыя, дарэчы, у іншых караткевічаўскіх лістах, сведчаць пра надзвычай цёплыя ўзаемаадносіны, што ўсталяваліся і падтрымліваліся паміж імі на працягу больш дзесяці гадоў. Іванычук пасля смерці свайго беларускага сябра каяўся, у прыватнасці, «за свае кароткія лісты, на якія Валодзя адказваў то барокавымі, то гумарыстычнымі, шчыра-балючымі пасланнямі ў духу лепшага эпісталярыя мінулага стагоддзя». I сапраўды, у лістах да Іванычука, упершыню апублікаваных у «Полымі» ў 1988 г., перад намі ўвесь Караткевіч — з яго аналітычным розумам, энцыклапедычнасцю, палкасцю, досціпам, максімалізмам. Ён «то падрабязна аналізуе прысланы яму новы твор, то дзеліцца сваімі задумамі, то цешыцца новым пісьменніцкім імем, то абураецца». Ён то лірычны і іранічны, то гняўлівы і ўсмешлівы, то лагодны і бескампрамісны. Бескампрамісны, калі даводзілася адстойваць праўду, падтрымліваць сябра. Як у выпадку з «Мальвамі», па якіх пачалі таптацца боты беспрынцыпнай крытыкі, ледзьве толькі заружавеліся яны на прарэджанай градзе ўкраінскай гістарычнай прозы.
Уладзімір Караткевіч усяляк падтрымліваў аўтара «Мальваў»: адкрыта выказваў сваё захапленне кнігай, вызначаў яе сутнасць («Самая безнадзейная i самая аптымістычная з усіх, якія я ведаю»), даў пачытаць яе сваім добрым знаёмым i сябрам, у тым ліку пісьменніку-інваліду А. Чаркасаву, якому, спадзяваўся, твор мог прыдаць «дадатковы запас жыцця». Урэшце, ён актыўна абараняў Іванычука, пра што ўкраінскі пісьменнік з удзячнасцю згадваў у «Маім рэквіеме»: «Не дзеля пахвальбы, а для характарыстыкі Караткевіча, пісьменніка чэснага і прынцыповага, сапраўднага рыцара дружбы, не магу не згадаць яго знішчальнага паслання аднаму маскоўскаму крытыку-чарнасоценцу, у якім Валодзя, адным з першых, стаў на абарону майго рамана „Мальвы“. У вялікім лісце (можна сказаць — артыкуле) В. Аскоцкаму, які аглабельна прайшоўся па „Мальвах“ ва ўсесаюзным друку, Караткевіч даказвае, пераконвае, нават патрабуе, не баючыся завастрэння, гіпербалізацыі, а часам і „моцнага“ слоўца. Беларускі літаратар заступаецца за ўкраінскага пісьменніка перад рускім крытыкам. Ці не выяўляецца ў гэтым сапраўдны, а не паказны, інтэрнацыяналізм Караткевіча, глыбокае разуменне ім пісьменніцкага братэрства?! Ці не адчуваюцца тут традыцыі Максіма Багдановіча, які ў рускім друку, на вачах рускага чытача бараніў у свой час справы ўкраінцаў?! Здзіўляе яшчэ і караткевічаўская відушчасць, здольнасць праракавання, заснаваная не адно на энцыклапедычных ведах, але і на інтуіцыі: „Мальвы“… входят в первую десятку наших исторических романов». Гэта было сказана яшчэ ў 1982 г. пра твор, які бэсціла ці, у лепшым выпадку, замоўчвала афіцыйная крытыка, які з часу свайго з’яўлення амаль дваццаць гадоў не выдаваўся (сітуацыя нагадвае выпадак з раманам «Нельга забыць» самога Караткевіча). Гэта было сказана пра твор, які сёння займае сваё пачэснае месца ў залатым фондзе ўкраінскай літаратуры.
Такія словы суцяшэння, падтрымкі, заступніцтва былі вельмі дарэчы для Іванычука. Бо не толькі «Мальвы» напаткаў незайздросны лёс. Скажам, напісаны яшчэ ў 60-я гг. яго «Жураўліны крык» — пра горкі лёс «салавецкага пакутніка», запарожскага атамана Пятра Калнышэўскага, якога па загаду Кацярыны II на дваццаць пяць год пасадзілі ў яму-адзіночку на Салаўках, — упершыню з’явіўся толькі ў канцы 80-х у львоўскім часопісе «Жовтень» …
Лісты пісьменніка звычайна цікавыя і для выяўлення, удакладнення асобных момантаў яго жыццёвай і творчай біяграфіі. Так, Караткевіч паведамляе Іванычуку пра смерць сваёй маці («Матухна мая адыйшла. I не магу я дагэтуль ачомацца ад гора»), расказвае пра некаторыя дэталі свайго побыту, падрабязнасці жыцця («пашкодзіў нагу ў Татрах»; «еду ў Браціславу цераз Брэст — Варшаву — Кракаў» і г. д.). Часта ў лістах сустракаюцца звесткі літаратурнага характару, звязаныя, у прыватнасці, з публікацыяй у часопісе «Маладосць» гістарычнага рамана-дэтэктыва «Чорны замак Альшанскі» («пачалі друкаваць маю «псіхалогію з дэтэктывам»; «магу пахваліцца, на чорным рынку нумар часопіса — пяцьдзесят рублёў»), з аўтарызацыяй украінскага перакладу «Дзікага палявання караля Стаха», з экранізацыяй гэтага рамана на «Беларусьфільме» («Са „Стахам“ на кінастудыі ёсць крыху прыкрасці. Абкарнаюць і яго»). Дзякуючы лістам да Іванычука, можна глыбей зразумець эстэтычныя погляды пісьменніка, яго творчае крэда. Вось Караткевіч ацэньвае кнігу «Манускрыпт з вуліцы Рускай»: «I гісторыя цікавая, і (што заўсёды самае каштоўнае для мяне) з вялікім сэнсам для сённяшняга дня. I беспамылковы знак добрай кнігі: самому захацелася пісаць».
Вялікі сэнс для сённяшняга дня… Ці не да гэтага, пішучы нават пра самую сівую даўніну, імкнуўся і сам Караткевіч?! Ці не таму яго творы жывуць сёння і будуць жыць заўсёды?!
1. Апублікавана ў кн.: УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ І ЯГО ТВОРЧАСЦЬ У ЕЎРАПЕЙСКІМ КУЛЬТУРНЫМ КАНТЭКСЦЕ: НАВУК. ЗБОР. / Рэдкал. А. Мальдзіс (гал рэд.) і інш. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2000. — С. 100 — 104.