Уладзімір Караткевіч у Польшчы — Ірэна Рудзевіч
Матывы з вялікай і трагічнай гісторыі беларусаў дамінуюць у прозе Уладзіміра Караткевіча, атрымоўваючы тут новае мастацкае вымярэнне. Шырокі тэматычна-праблематычны гарызонт яго паэзіі спалучаецца з жанравай разнастайнасцю. У баладах жа, вершах, паэмах пераважаюць патрыятычны і грамадзянскі пафас, пачуццёвасць і экспрэсія, эмацыянальнасць і рамантычная афарбоўка. Антычныя, біблейскія, легендарныя матывы пераплятаюцца ў творчасці Караткевіча з інтэлектуальнымі і філасофскімі разважаннямі пра любоў да роднай зямлі і народа, глыбокім гуманістычным, духоўным і творчым роздумам аб ролі і значэнні культуры, мастацтва, літаратуры для развіцця кожнай асобы і ўсяго грамадства. «Уладзімір Караткевіч гэта наш беларускі Вальтэр Скот, наш Генрык Сянкевіч, — піша сучасны беларускі даследчык Міхась Тычына. — Ён адзін з тых, хто імкнецца адгадаць „таямніцу“ душы людзей, аднаўляе часы, калі фарміравалася ў агульных рысах нацыянальнае аблічча беларусаў».
У Польшчы апублікавана адносна няшмат перакладаў твораў Уладзіміра Караткевіча. Яны сустракаюццца перш за ўсё ў анталогіях і зборніках апавяданняў беларускіх аўтараў. На працягу гадоў на старонках газет і часопісаў з’явіліся пераклады вершаў, фрагменты аповесцей, кароткія апавяданні, уражанні пісьменніка ад падарожжа па родным краі, яго выказванні і ўспаміны.
Да сённяшняга дня быў выдадзены толькі адзін том апавяданняў Уладзіміра Караткевіча, што ўключае дзесяць ранніх яго твораў. У іх аўтар гаворыць аб прыгажосці і чароўнасці роднай зямлі, беларускіх краявідах, звяртаецца да мінулага, гістарычных здарэнняў, апісвае нечаканыя і неспадзяваныя ўчынкі людзей, іх пачуцці.
Першым крытыкам і рэцэнзентам, які звярнуў увагу польскіх чытачоў на арыгінальны том беларускага пісьменніка, быў Фларыян Няўважны. Ужо ў 1971 г. ён пісаў пра Караткевіча, падкрэсліваючы паэтычнасць яго прозы, зацікаўленасць маральна-этычнымі праблемамі сучаснага чалавека, яго прывязанасць да роднай зямлі і ўласнай гісторыі. Такія заўвагі вучоны выказвае ў рэцэнзіі на томік апавяданняў, вылучаючы ў іх вядучы матыў — погляд на гісторыю народа і краіны з пункту гледжання сучаснага чалавека, падкрэсліваючы ўмелае спалучэнне далёкай мінуўшчыны з найбольш актуальнымі і балючымі праблемамі сённяшняга дня.
У рэцэнзіі Ф. Няўважны падаў кароткую біяграфію пісьменніка, прывёў найбольш важныя звесткі пра яго творчы шлях, зрабіў кароткі аналіз найлепшых празаічных і паэтычных твораў, апісаў гісторыю свайго знаёмства з аўтарам, а затым і дружбы. Коратка, але дакладна ўказаў на галоўныя матывы, што з’яўляюцца ў творчасці Караткевіча. Згадаў паэтызацыю рамантычнай мінуўшчыны, замілаванасць старажытнай культурай і гісторыяй як свайго народа, так і суседзяў, захапленне прыгажосцю прыроды і чалавека, уражлівасць да змен чалавечай асобы, перапляценне гісторыі з сённяшнім днём.
Асаблівасці караткевічаўскай прозы, — працягвае польскі даследчык, — гэта цікавая праблематыка, уменне пабудаваць інтрыгуючую фабулу, стварыць жывыя характары, цудоўна аперыраваць настроем, а таксама ўражлівасць на дабрыню, шляхетнасць, прыгажосць пачуццяў і чалавечых учынкаў, далікатнасць у вырашэнні этычных праблем. У паэзіі і прозе беларускага творцы дамінуюць светлыя колеры, цёплыя таны, гуманістычныя каштоўнасці, любоў — радасная і поўная сонца, хаця аўтар здольны заўважыць і праявы гвалту, жорсткасці, насілля, лютасці. Няўважны падкрэслівае ўмелае і настраёвае перастварэнне вобразаў прыроды, песняром якой з’яўляецца беларускі пісьменнік.
У томе даследаванняў «У полі беларускай культуры», выдадзеным Вышэйшай педагагічнай школай у Ольштыне ў 1994 г., Ф. Няўважны змясціў артыкул, дзе ён паказвае, як мастацтва і гісторыя паўплывалі на паэтычныя дасягненні Караткевіча. «Як паэт ён аказаўся глыбокім знаўцам мовы і гістарычных рэаліяў розных эпох», — сцвярджае даследчык. Караткевіч дасканала ведаў працы шматлікіх гісторыкаў, сам збіраў матэрыялы i гістарычныя дакументы пра беларускіх палітычных, грамадскіх і культурных дзеячаў. Шукаючы натхнення ў гісторыі, ён разглядаў і ацэньваў яе праз прызму культуры, мастацкага адчування, твораў мастацтва. Няўважны гаворыць таксама аб захапленні паэта жывапісам, што знайшло сваё выяўленне ў своеасаблівай жывапісна-мастацкай тэатральнасці. Свой аналіз вучоны праводзіць глыбокім і арыгінальным чынам, даследуючы перш за ўсё ўплывы нідэрландскіх мастакоў Гераніма Босха і Петэра Брэйгеля.
Аб дамінуючых тэмах у творчасці Уладзіміра Караткевіча гавораць іншыя рэцэнзенты зборніка яго апавяданняў, падкрэсліваючы вядучы ў іх матыў адзінства чалавека і прыроды, якая з’яўляецца для герояў невычэрпнай крыніцай праўды і ведаў, уплывае на паводзіны. У роздуме герояў пра мінулае і сучаснасць, пра часы вайны і міру, лёсы грамадства і асобы, значэнне дабра і зла, кахання і нянавісці беларускі аўтар хоча, — лічаць польскія крытыкі і рэцэнзенты, — выказаць «намаганне свядомасці, у якой мінулае, сённяшняе і будучае, дзякуючы прысутнай увесь час „свойскасці“, лучацца з сабой у кожную хвіліну і прадвызначаюць учынкі герояў».
У наступныя гады ў польскім друку з’яўляліся, хоць і не часта, усё новыя матэрыялы аб творчасці беларускага пісьменніка. Ацэнкі выказваліся вельмі пазітыўныя. Уключаліся біяграфічныя звесткі, агляд галоўных тэм і матываў творчасці. Шмат увагі прысвячалася польскім элементам і «слядам» у творах Караткевіча, які неаднаразова цікавіўся ходам і значэннем польскіх нацыянальна-вызваленчых паўстанняў, аналізаваў іх значэнне для беларускага народа. Цікавымі з’яўляюцца выказванні нашых аўтараў пра ўплыў польскай паэзіі, асабліва Шымановіча і Міцкевіча, на творчы даробак беларускага пісьменніка. Сляды знаёмства з польскай паэзіяй бачны ва ўражлівасці на пластыку свету, на колеры і галасы, у насычанасці вобразаў жывымі фарбамі, рэфлексійнасцю і лірызмам, у замілаванні да антычнасці, біблейскіх тэм, міфаў, у зваротах да культур іншых народаў, перш за ўсё славянскіх. Нягледзячы на такую моцную ўкаранёнасць у традыцыі Караткевіч, — сцвярджаюць польскія аўтары, — з’яўляецца чалавекам і творцам сённяшняга дня, сучаснага свету, перакананым у тым, што менавіта сёння неабходны дыялог, давер, любоў, дружба і раўнавага, за якія трэба змагацца, плацячы часам найвышэйшую цану.
У апошнія гады ў Польшчы з’явіліся пераклады даследаванняў і артыкулаў расійскіх і беларускіх аўтараў пра творчасць Уладзіміра Караткевіча. Сярод іх вылучаецца прадмова Васіля Быкава да двухтомных «Выбраных твораў». У гэтым уступе аўтар прадставіў біяграфію пісьменніка, прааналізаваў яго раннюю празаічную творчасць, зрабіў агляд паэтычных твораў, указаў на ролю і значэнне рамана, прысвечанага канкрэтным гістарычным здарэнням і фактам, а таксама вядомым грамадска-палітычным дзеячам. Легендарная постаць Кастуся Каліноўскага, аднаго з правадыроў паўстання 1863 г., асабліва прывабіла Караткевіча. «Каласы пад сярпом тваім» сталі ўзорам гістарычнай прозы, якой не існавала ў беларускай літаратуры з яе фальклорнымі і паэтычнымі жанрамі.
Васіль Быкаў звяртае таксама ўвагу на гістарычна-прыгодніцка-дэтэктыўную аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха», якая стала найбольш папулярным творам Караткевіча. На многія гады гістарычны і прыгодніцка-рамантычны жанр стаў любімым для пісьменніка, які вёў «бесперапыннае вывучэнне мінуўшчыны, архіўных і літаратурных крыніц, гадамі пранікнення у атмасферу, дух, псіхіку людзей мінулых часоў, што выпрацавала ў аўтара мастацкае, інтуітыўнае адчуванне матэрыялу».
Васіль Быкаў гаворыць таксама пра сцэнічныя творы пісьменніка, якія на працягу многіх гадоў ставіліся на сцэнах тэатраў; згадвае оперу з яго лібрэта; сцэнарыі фільмаў, а таксама экранізацыі гістарычных аповесцей.
Іншыя аўтары падкрэсліваюць шматбаковасць таленту Караткевіча, які напісаў шмат апавяданняў пра каханне, прыгажосць роднай прыроды, стварыў творы, поўныя паэзіі, меланхоліі, суму, паважлівасці, разумення чалавечых перажыванняў, пачуццяў, клопатаў і праблем.
Звесткі пра творчасць Уладзіміра Караткевіча ёсць таксама ў апублікаваных у Польшчы артыкулах і даследаваннях аб польска-беларускіх літаратурных сувязях і кантактах, а таксама ў кароткіх успамінах пра беларускага пісьменніка, змешчаных на старонках газет і літаратурных часопісаў. Польскія аўтары звяртаюць увагу на імкненне паэта да пошуку і адкрыцця праўды аб чалавеку — часта праз разнастайныя гістарычныя супастаўленні і рэаліі. Яны падкрэсліваюць таксама нязменную зацікаўленасць Караткевіча мінуўшчынай, яго перакананне ў неабходнасці пашырэння гістарычных ведаў, што асабліва важна для сучаснікаў, якія звяртаюцца да мінулых эпох і часоў.
Плённай формай знаёмства польскіх чытачоў з прозай і паэзіяй сучаснага беларускага творцы былі рэцэнзіі на кнігу беларускага даследчыка Анатоля Вераб’я аб літаратурных дасягненнях Уладзіміра Караткевіча. У сваёй працы А. Верабей дастаткова поўна і ўсебакова прадставіў жыццё і літаратурныя дасягненні, аналізуючы і ацэньваючы яго паэзію, прозу і драматургію. Польскія рэцэнзенты падкрэсліваюць значэнне гэтай працы, дзе добрасумленна, на падставе крыніц паказваюцца жыццё і творчасць Уладзіміра Караткевіча.
Завяршаючы кароткі агляд польскіх публікацый пра творчасць Уладзіміра Караткевіча, трэба адзначыць невялікую колькасць перакладаў літаратурных твораў беларускага пісьменніка, аб чым гаварылася таксама на старонках беларускай газеты «Голас Радзімы». Усе крытычныя выказванні ў польскім друку з’яўляюцца пазітыўнымі і маюць шэраг агульных рысаў. Польскія даследчыкі, рэцэнзенты, крытыкі ацэньваюць і акрэсліваюць Уладзіміра Караткевіча як вельмі цікавага і папулярнага ўдзельніка сучаснага літаратурнага працэсу. Пры характарыстыцы яго творчасці яны высока ацэньваюць арыгінальныя тэматычныя лініі, цікавую фабулу, выкарыстанне спецыфічных паэтычных і моўных сродкаў, сувязь з народнай творчасцю, а таксама з’яўленне польскіх матываў.
Пераклад з польскай
Юрася Вашкевіча
1.Апублікавана ў кн.: УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ І ЯГО ТВОРЧАСЦЬ У ЕЎРАПЕЙСКІМ КУЛЬТУРНЫМ КАНТЭКСЦЕ: НАВУК. ЗБОР. / Рэдкал. А. Мальдзіс (гал рэд.) і інш. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2000. — С. 95 — 99.