Пад ветразем паэзіі — Анатоль Верабей
Ярка і непаўторна раскрыўся талент Уладзіміра Караткевіча ў паэзіі. Вершы былі першымі друкаванымі творамі пісьменніка, а паэтычныя зборнікі «Матчына душа» (1958) і «Вячэрнія ветразі» (1960) — першымі яго кнігамі. Мастак заўсёды быў верны паэтычнаму слову. У 1969 годзе выдаў арыгінальны зборнік паэзіі «Мая Іліяда». Прыкметнай з’явай у беларускай літаратуры стала і апошняя, пасмяротная яго кніга «Быў. Ёсць. Буду» (1986).
Ужо вершы «Здесь будет канал» і «Якубу Коласу», якія былі змешчаны 29 ліпеня 1951 года ў аршанскай газеце «Ленінскі прызыў», пры пэўнай іх патэтычнасці і дэкларацыйнасці, вызначаліся несумненнымі мастацкімі вартасцямі — зладжанасцю вершаванай мовы, натуральнасцю гучання, пранікнёным лірызмам, свежасцю паэтычных вобразаў, экспрэсіўнасцю і адначасова лёгкай і свабоднай апавядальнасцю. У вершы «Якубу Коласу» паэт пафасна і ўзнёсла славіў песняра, які «у змрочныя злыя гады» спяваў аб свабодзе і цяжкім народным лёсе, заклікаў свой народ да змагання за лепшую долю, зваў «да косаў, да стрэльб і да віл» і які «народнай, цудоўнаю мовай цудоўныя песні… пеў».
У сваіх ранніх паэтычных творах, якія ўзніклі ў першай палове 50-х гадоў, Караткевіч выкарыстоўваў набыткі фальклору (вершы «Машэка», «Казка пра сноп», «За рэчанькай за быстраю»), звяртаўся да патрыятычнай тэматыкі (паэма «Зямля дзядоў», вершы «Вагеньчык у яблынным садзе», «Орша»), пісаў вершы пейзажныя («Ноч», «Вясновая непагода», «П’юць галубы блакіт із каляіны»), інтымныя («І зашумяць асіны над ракою»).
Як таленавіты творца з прыкметным мастацкім набыткам прыехаў Караткевіч у верасні 1955 года ў Мінск на нараду маладых пісьменнікаў. Падводзячы вынікі працы ў секцыі паэзіі, Анатоль Астрэйка ў газеце «Літаратура і мастацтва» ад 24 верасня таго года пісаў: «Прыемнае ўражанне на прысутных зрабіў малады паэт Ул. Караткевіч. Яго вершы „Машэка“, „Орша“ і іншыя атрымалі станоўчую ацэнку. У асобе Ул. Караткевіча мы маем здольнага паэта, які імкнецца гаварыць сваім голасам».
Уладзімір Караткевіч разам з іншымі ўдзельнікамі нарады сфатаграфаваўся з Якубам Коласам. Наведаў Літаратурны музей Янкі Купалы, сустрэўся і таксама сфатаграфаваўся з жонкай паэта Уладзіславай Францаўнай. Пад уздзеяннем пачутага на нарадзе выступлення Рыгора Шырмы неўзабаве напісаў верш «Энтузіясту», прысвечаны гэтаму цудоўнаму чалавеку. У тыя вераснёўскія дні пазнаёміўся з Янкам Брылём, з якім у далейшым яго звязвала моцная дружба.
У сярэдзіне 50-х гадоў, калі быў надрукаваны верш «Машэка» і калі Караткевіч прыехаў у Мінск на нараду маладых пісьменнікаў, ён быў ужо не навічок у літаратуры. Многія тагачасныя вершы паэта ўражваюць высокім мастацкім узроўнем і адметным бачаннем свету. У лісце да Максіма Танка ад 12 лістапада 1955 года ён паведаміў наступнае: «Пішу я даволі даўно. Пачаў яшчэ ў 15 год, але гэта было так проста і з часам заглухла. Потым ва універсітэце пісаў. Пісаў многа, бо дадому цягнула». Караткевіч быў глыбока ўдзячны Максіму Танку і многім іншым беларускім пісьменнікам, якія зразумелі і падтрымалі яго ў той час. І працягваў далей: «Гэта, ведаеце, упэўненасць. Цяпер я ўжо не кіну. Так хочацца працаваць, і адчуваю я сябе нейкім новым, іншым.
Столькі задумаў і ідэй. Вершы цякуць. Быццам усё, аб чым думаў тры гады, раптам прарвалася. І не толькі вершы, хоць гэта галоўнае».
Караткевіч разам з лістамі даслаў з Лесавічаў Танку 12 лістапада адзінаццаць вершаў, адзін верш у прозе і невялічкую паэмку, а 27 мая 1956 года — трыццаць адзін верш, два маленькіх урывачкі з паэмы, сем маленькіх апавяданняў цыклу «Нямыя браты», пяць вершаў у прозе і легенду «Маці Ветру». Асобныя з іх, як, напрыклад, вершы «Заяц варыць піва», «Орша», «Балада пра паўстанца Ваўкалаку», «Стаю ўначы ў завіруху», былі змешчаны ў сакавіцкім і вераснёўскім нумарах «Полымя» за 1956 год.
Для Караткевіча былі каштоўнымі думкі, парады і заўвагі Танка пра яго вершы. Адказваючы на ліст Танка, 24 снежня 1955 года зазначыў: «Я зараз вельмі добра зразумеў, што перш за ўсё трэба навучыцца стаяць на ўласных нагах, — і вучуся. Мне вельмі сорамна за шматлікія недасканалыя мае вершы, я зараз шмат працую». Караткевіч быў удзячны Танку і за ацэнку наступнай партыі ягоных твораў, пра што 5 ліпеня 1956 года пісаў з Оршы: «Прачытаў Ваш ліст. Цалкам згодзен з яго думкамі і перш за ўсё дзякую Вам за добрае стаўленне, за веру ў мае сілы. І не думайце, што мяне палохае ці бянтэжыць тое, што з вялікай падборкі вершаў пойдуць адзін ці два. Я ведаю, я пачынаю добра, занадта добра… Я ведаю, — гэта цяжкі шлях… і ўдзячны за гэта тым, хто дапамагае мне, і прыкладу ўсе свае сілы, каб быць вартым, каб Вы не чырванелі». У лісце да Танка ад 27 чэрвеня 1957 года ён зазначыў: "Вы… дапамаглі маім першым крокам, і менавіта Вам я прынёс "на суд і расправу"свае першыя вершы«.
У 1957 годзе паэтычныя творы Караткевіча з’явіліся на старонках «Маладосці», «Літаратуры і мастацтва», «Чырвонай змены». Іх заўважыла літаратурная грамадскасць і крытыка.
Першыя друкаваныя вершы Караткевіча прыхільна сустрэў Рыгор Бярозкін у артыкуле «У добры шлях!» («Літаратура і мастацтва», 13 кастрычніка 1956 г.). Крытык сцвердзіў, што нават некалькі вершаў Караткевіча, надрукаваных у часопісе «Полымя», даюць падставу гаварыць пра яго «як пра таленавітага, шматабяцаючага прадстаўніка маладой беларускай паэзіі».
У артыкуле ахарактарызаваны верш «Машэка», высока ацэнены «Балада пра паўстанца Ваўкалаку» і верш «Заяц варыць піва». Яны далі падставу крытыку сказаць пра глыбокую чалавечнасць паэзіі Караткевіча, шырокі і цэласны погляд мастака на свет.
Разам з тым Бярозкін лічыў, што Караткевічу, асабліва ў вершах пра сучаснасць («Орша») ці ў вершах лірычна-інтымных («Стаю ўначы ў завіруху»), вельмі моцна не хапала непасрэдных, простых адносін да свету і што гэтыя вершы слабейшыя за яго балады.
Уладзімір Караткевіч прыйшоў у беларускую літаратуру тады, калі ў ёй, як і ва ўсёй тагачаснай савецкай літаратуры, пасля ХХ з’езда партыі адбываліся прыкметныя змены. Пісьменнікі імкнуліся па-новаму асэнсаваць многія складаныя і супярэчлівыя праблемы рэчаіснасці, глыбей перадаць духоўнае жыццё чалавека, узбагаціць вобразна-выяўленчыя сродкі, пашырыць ідэйна-тэматычны і жанрава-стылёвы дыяпазон літаратуры. Тагачасныя грамадска-палітычныя ўмовы станоўча ўплывалі на фармаванне і развіццё таленту пісьменніка.
Аднак навізна і арыгінальнасць паэтычнага слова Караткевіча выклікалі не толькі захапленне, але і крытычныя, часта беспадстаўныя нападкі. Напрыклад, аршанская газета «Ленінскі прызыў», рэдактарам якой у той час быў В. Калібераў, у шэрагу публікацый, змешчаных на яе старонках у 1957 годзе, наладзіла сапраўднае цкаванне маладога паэта.
Пачалося ўсё з артыкула Л. Высоцкага «Не ў нагу з жыццём», які з’явіўся ў гэтай газеце 31 ліпеня, дзе аўтар прадузята, у рэзка адмоўнай, нават здзеклівай форме характарызаваў нізку вершаў Караткевіча, змешчаную ў сёмым нумары часопіса «Полымя», а таксама верш «Рыбы ў падводных лясах» ( пазнейшая назва «З падсветам»), надрукаваны ў газеце «Літаратура і мастацтва» 1 мая 1957 года. Асабліва востра крытыкаваўся верш «Вадарод», якім адкрывалася нізка. Крытык пісаў: «Гаворачы аб жахах, якія цягне прымяненне вадароднай бомбы, паэт упадае ў чорную меланхолію і, ахоплены пачуццём поўнай безнадзейнасці, прадракае… пагібель нашай краіны». Наколькі беспадстаўныя і недарэчныя такія абвінавачванні, сведчаць хоць бы тыя ж самыя радкі з верша, якія прыводзіць Л. Высоцкі для пацвярджэння сваіх вывадаў:
Наша маці-зямля, дарагая і светлая,
З дымам фабрык, з дзяцьмі і з мудрасцю слоў
Можа стаць назаўсёды, навекі праз гэта
Проста чорнай труною для ўласных сыноў.
Паэт, нібы чуйны барометр, рэагаваў на магчымыя вынікі неразумнага выкарыстання энергіі вадароду. Не, не пасквільны гэты ўрывак. Аб чым пераканаўча засведчыла і аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Ды і верш «Вадарод» зусім пра іншае. Далей гучаць наступныя радкі:
Мог бы ты дараваць нам жыццё і квітненне,
Мог бы шчасцем навек увянчаць народ.
Хто ж зрабіў з цябе сродак зла і знішчэння,
О грымучы, бязлітасны кат-вадарод!
У ім паэт гнеўна выкрываў тых «скарпіёнаў», якія адкрыццё навукі хацелі зрабіць сродкам «зла і знішчэння», марыў энергію атама накіраваць на мірныя, стваральныя мэты. І тады б наша планета «стала б лепшым брыльянтам кароны сусвету».
Ганьбаваліся ў артыкуле таксама цудоўныя лірычныя вершы «Як размаўляюць звяры і птушкі», «Сырцовыя цагліны», «Рыбы ў падводных лясах» (пазнейшая назва «З падсветам»), дзе раскрыўся светлы і чароўны талент мастака, ягоная захопленасць прыгажосцю жыцця і навакольнага свету, ягоная ўсхваляванасць ад таго дзевяцісотгадовай даўнасці адбітку малой дзіцячай нагі на сырцовай цагліне, што лёг у аснову крэпасці.
Паэт абвінавачваўся ў вузкасці ягонага свету, недарэчнасці зместу і вобразаў твораў, у іх невысокіх літаратурна-мастацкіх якасцях, дрэннай мове, а таксама ў арыгінальнічанні, імкненні адгарадзіцца ад сучаснасці. І ў канцы артыкула Л. Высоцкі выказвае здзіўленне, «што рэдкалегія „Полымя“ прадаставіла на старонках часопіса месца нізкапробным практыкаванням У. Караткевіча».
Вельмі хутка, 16 жніўня, у газеце з’явіўся агляд пісьмаў чытачоў, дзе ў тым жа духу працягвалася шальмаванне Караткевіча. Асуджалі вершы маладога паэта інструктар райкома камсамола В. Кавалькоў, інжынер-тэхнолаг машынабудаўнічага завода С. Дзятлава, прапагандыст райкома КПБ В. Бабічаў, загадчык навучальнай часткі індустрыяльна-педагагічнага вучылішча І. Смарыга, сакратар райкома камсамола В. Чэйкіна, загадчык кафедры гісторыі КПСС Мінскага педінстытута А. Жураў, вучань адной са школ горада А. Окаракаў, галоўны ўрач супрацьтуберкулёзнага дыспансера Р. Васкрэсенская. Яны таксама спрычыніліся да герастратавай славы.
Там жа адзначалася, што, «выступаючы з крытыкай, рэдакцыя газеты ставіла сваёй мэтай па-сяброўску дапамагчы маладому паэту стаць на правільны творчы шлях». Заяўлялася, што з’яўленне падобных матэрыялаў абумоўлена і яшчэ адной вельмі важнай абставінай: «Некаторы час назад У. Караткевіч напісаў хвалебную рэцэнзію на твор В. Дудзінцава „Не хлебам адзіным“, даючы яму высокую, станоўчую ацэнку. Між тым, як вядома, савецкая грамадскасць выступіла з рашучым асуджэннем і пратэстам супраць скажонага адлюстравання нашай рэчаіснасці, якая даецца ў гэтым заганным творы. Вядома, што такая няправільная пазіцыя У. Караткевіча не магла не насцярожыць рэдакцыю, якая ўстрымалася ад друкавання рэцэнзіі.
Тое ж было зроблена і ў адносінах вершаў У. Караткевіча — „У ноч на Івана Купалу“ (пазнейшая назва „У тую ноч“. — А. В.) і „На паўстанках, засыпаных лісцем бярозавым“. Першы з іх ідзе ў разрэз з гістарычнай праўдай, другі — утрымлівае грубыя, зняважлівыя выразы».
Крытыкаваліся вершы Караткевіча і восенню на канферэнцыі чытачоў ільнокамбіната. У справаздачы з гэтай канферэнцыі, аб чым паведаміла газета 24 лістапада, гаварылася наступнае: «Выразкі з газеты былі накіраваны да ведама рэдкалегіі часопіса. Здавалася б, што перад тварам неабвержных фактаў апошняя абавязана была прызнаць дапушчаную памылку. Аднак гэтага, на жаль, не здарылася. Таварышы з часопіса прыклалі і прыкладаюць нямала намаганняў да таго, каб абараніць «гонар свайго мундзіра».
У справаздачы згадвалася, што ў Оршу «з відавочным намерам „напалохаць“ работнікаў газеты» прыязджаў член рэдкалегіі часопіса «Полымя» Васіль Бурносаў. Ён потым у Мінску на справаздачна-выбарным партыйным сходзе Саюза пісьменнікаў, аб чым паведаміла газета «Літаратура і мастацтва» ад 5 кастрычніка, «востра крытыкаваў аршанскую раённую газету „Ленінскі прызыў“, якая заняла няправільную пазіцыю ў адносінах да маладога паэта У. Караткевіча».
У той жа справаздачы з чытацкай канферэнцыі гучаць крыўда і абурэнне: «Наколькі далёка зайшло нежаданне прызнаць правільную крытыку знізу, красамоўна гаворыць і такі факт. Выступаючы з дакладам на сходзе актыву работнікаў літаратуры і мастацтва Беларускай ССР П. У. Броўка — старшыня праўлення Саюза, ён жа і член рэдкалегіі «Полымя» — ні словам не абмовіўся аб памылках у вершах У. Караткевіча. Наадварот, ён палічыў магчымым сцвярджаць, што «…усё цікавей, выразней падаюць свой голас маладыя паэты… У. Караткевіч».
Выступленні аршанскай газеты не зламалі маладога паэта. Ён плённа працуе, рыхтуе да выдання свой першы паэтычны зборнік. Яшчэ да нападак газеты, у красавіку 1957 года быў удзельнікам рэспубліканскага семінара маладых паэтаў, тады ж прыняты і ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. У чэрвені яго верш «Сплятайце рукі!» быў адзначаны дыпломам Усебеларускага фестывалю моладзі і студэнтаў. 11 верасня газета «Чырвоная змена» змясціла верш «У тую ноч», які раней адмовіў друкаваць аршанскі «Ленінскі прызыў». Восенню на рэспубліканскім конкурсе на лепшую п’есу, опернае і балетнае лібрэта, прысвечаным 40-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі, яму прысуджана заахвочвальная прэмія за п’есу «Млын на Сініх Вірах».
У лісце да дзядзькі М. А. Садавога ад 8 снежня 1957 года Караткевіч пісаў: «Праўда, яшчэ раз гаўкнуў на мяне з-за спіны чытачоў Калібераў. Ну ды пляваць на гэта. Калі пасля кожнага яго гаўкання, як тое было да гэтага часу, будуць мне то лаўрэацкі прыз прысуджаць, то прэмію за п’есу, дык няхай гэты моська жыве яшчэ сто гадоў і часцей на мяне такім чынам гаўкае».
Падобнае стаўленне да артыкулаў у аршанскай газеце Караткевіч выказаў і ў лісце да Леаніда Крыгмана ад 10 снежня 1957 года: «А тое, што мяне лаюць — плюю я, плюй і ты. Не трэба абвінавачваць кудлаў, у іх служба такая. І ўжо, вядома, каб дагадзіць іх густам, запаганіць сваю паэзію не дам. Пісаць буду тое, што, на маю думку, патрэбна і неабходна, а не тое, што зрабіць ласку захоча іх левая пятка».
Што пісьменнік у той час быў не адзінокі, засведчыў таксама і артыкул Пятра Глебкі і Янкі Казекі «Ці гэта чакаў малады паэт?», які быў змешчаны 4 лютага 1958 года ў газеце «Звязда». Абараняючы Караткевіча, аўтары пераканаўча паказалі, што Л. Высоцкі ў сваім артыкуле перакруціў думкі паэта, прыпісаў яму тое, чаго не было ў вершах. Адзначылі, што артыкул напісаны «з нядобразычлівых пазіцый, з відавочным намерам зганьбіць усё, што рабіў і робіць малады паэт», што ў ім не сказана пра вартасці ягонай паэзіі.
Выказаўшы здзіўленне тым, што аршанская газета надрукавала толькі тыя лісты чытачоў, якія «па зместу і па стылю супалі з поглядамі Л. Высоцкага», аўтары прывялі вытрымкі з лістоў, дасланых у часопіс «Полымя» і ў рэдакцыю газеты «Літаратура і мастацтва» чытачамі М. Бароўскім і Ю. Гальперыным, якія выступілі ў абарону Караткевіча.
Незразумелым было для аўтараў тое, чаму газета «Літаратура і мастацтва» не прарэагавала на выступленні рэдакцыі «Ленінскага прызыву», бо апошняя, «паверыўшы ў абсалютную непагрэшнасць сваіх выступленняў», працягвала цкаваць Караткевіча і ў лістападзе 1957 года, на гэты раз нават дамагаючыся ад Саюза пісьменнікаў і рэдакцый рэспубліканскіх літаратурных выданняў, «каб яны прызналі правільнасць яе больш чым дзіўнай пазіцыі».
У артыкуле, які быў змешчаны ў газеце «Звязда», падкрэслена, што не толькі Пятрусь Броўка як старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў, але і многія чытачы лічаць Уладзіміра Караткевіча здольным паэтам. І ў канцы выказвалася думка, што не такой крытыкі і дапамогі чакаў малады паэт ад сваёй раённай газеты, а ягоная творчасць заслугоўвала патрабавальнай, але добразычлівай крытыкі.
У выступленні на чацвёртым пленуме праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, які адбыўся 11 — 13 лютага 1958 года ў Маскве, Пятрусь Броўка як старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі так ахарактыразаваў выступленне аршанскай газеты: «Eсць выпадак, калі адна раённая газета проста не зразумела свайго абавязку па выхаванню літаратурнай моладзі. Малады здольны беларускі паэт Уладзімір Караткевіч змясціў у часопісе „Полымя“ цыкл вершаў. Былі ў гэтых вершах і некаторыя хібы і фармалістычныя памылкі. Аршанская раённая газета (Ул. Караткевіч працуе ў Оршы настаўнікам) замест таго, каб па-дзелавому разабрацца ў творчасці маладога паэта, пакрытыкаваць і дапамагчы яму, абвясціла ледзь не ўсе яго вершы заганнымі, стварыўшы маладому паэту немагчымую абстаноўку для работы.
Нам трэба больш аддаваць увагі моладзі» («Літаратура і мастацтва», 19 лютага 1958 г.).
Заўважым, што неўзабаве, 2 сакавіка 1958 года, аршанская газета «Ленінскі прызыў» перадрукавала са «Звязды» артыкул Глебкі і Казекі «Ці гэта чакаў малады паэт?».
Першыя друкаваныя вершы Уладзіміра Караткевіча былі прадметам шматлікіх гаворак і спрэчак. Як значную падзею ў тагачасным літаратурным жыцці ацаніла крытыка выхад першага паэтычнага зборніка «Матчына душа». Пра яго пісалі ў сваіх рэцэнзіях і артыкулах «Асаблівасці паэтычнага голасу» Алесь Яскевіч («Літаратура і мастацтва», 12 лістапада 1958 г.), «Аб маладой паэзіі. 1. Спадарожнік ці камінок?» Рыгор Бярозкін («Літаратура і мастацтва», 26 лістапада 1958 г.), «Маладыя галасы» Іван Кудраўцаў («Полымя», 1959, № 1), «Свет паэта» Рыгор Шкраба («Беларусь», 1959, № 2), «Душа паэта» Уладзімір Калеснік («Дружба народов», 1959, № 8).
Крытыка адзначала талент, самабытнасць і арыгінальнасць паэта, разглядала асаблівасці яго стылю і майстэрства, дакарала за кніжнасць, складанасць, захапленне гістарычнай тэматыкай і недастатковую ўвагу да сучаснасці.
Шмат добрага сказаў пра зборнік «Матчына душа» Рыгор Бярозкін. Аднак нельга прыняць яго асобныя разважанні пра вершы «Спадарожніку Зямлі», «На пачатку дарог», «У векавечнай бацькаўшчыне клёны». У іх, на думку крытыка, скажона перададзены духоўны свет сучасніка. Напрыклад, ён прыводзіць наступныя радкі з верша «На пачатку дарог»:
Ля комінка прыжмурылася котка,
Газніца цьмяна свеціць на шынкоўні…
Якая ноч! Як непрытульна тым,
Хто ў гэту ноч ідзе у шлях далёкі
Пад зімны дождж, на лужыны рабыя,
Ад залатых агеньчыкаў прытульных…
Сцвярджаючы, што тут гучыць матыў дзікенсаўскага цвыркуна на печы, псіхалогія Багрова-ўнука, ён робіць наступнае заключэнне: «Не, не ўласціва было людзям пакалення, з якім вырастаў Ул.Караткевіч, уздыхаць ва ўтульных хатах, пад санлівае вуркатанне котак па тых, хто цёмнай ноччу „ідзе у шлях далёкі пад зімны дождж, на лужыны рабыя“. Якраз наадварот, рамантыкай гэтых неспакойных падарожнікаў — інспектара райкома, чырвонаармейца ў дазоры — дыхала маленства пакалення, да якога належыць паэт».
Аднак у гэтым вершы Караткевіч, згадваючы сваё маленства, глядзеў на свет вачыма чатырохгадовага хлопчыка. Тут паэт па-свойму, а не так, як таго хацеў бы крытык, успрымаў свет. Гэты верш, як і любы іншы твор, варта ацэньваць паводле тых мастацкіх прынцыпаў, на грунце якіх ён створаны.
Дзіўнай з’яўляецца і парада, якую дае паэту ў канцы артыкула Бярозкін: «Ул. Караткевічу трэба зрабіць рашучы выбар: спадарожнік альбо камінок, сённяшняе альбо „векавечнае“, творчасць альбо эпігонства». Думаецца, што ўжо тады паэт зрабіў выбар. Eн ішоў сваёй дарогай. Арганічнымі былі для яго творы гістарычнага плана і вершы пра сучаснасць. Як і яго любімы Максім Багдановіч, Уладзімір Караткевіч ішоў шмат у чым ад агульначалавечага, кніжнага, літаратурнага да ўласнага, нацыянальнага, жыццёвага. І нельга за гэта яго папракаць у эпігонстве, як нельга ў гэтым папракаць Гётэ, Пушкіна, Міцкевіча і многіх іншых майстроў слова, творчасць якіх таксама ўзнікла не на пустым месцы.
Бярозкін асудзіў Караткевіча «з яго незразумелым нахілам да старыны, да цьмянай і даўно застыглай вобразнасці», з яго архаічнай стылізацыяй і ў сваім артыкуле «Паэзіі — арліныя далягляды» («Звязда», 11 сакавіка 1959 г.). 26 жніўня 1959 года ў газеце «Літаратура і мастацтва» Караткевіч змясціў артыкул пра паэзію «Якім шляхам ісці?». Там жа як адказ паэту быў надрукаваны і артыкул Бярозкіна «Міма паэзіі», дзе было выказана непрыняцце гэтага артыкула.
Вядома, можна было палемізаваць па асобных момантах артыкула Караткевіча, аднак нельга было так адмоўна ставіцца да зместу і ягонага пафасу. Паэт выступае ў ім як за вершы з традыцыйнымі рыфмай і рытмам, так і за наватарскія вершаваныя формы, пазбаўленыя гэтых кампанентаў. Ягоны гонар за беларускую паэзію адчуваецца ў наступных радках: «Мы даўно выраслі з сялянскіх пялёнак… Мы адчулі ўжо добра сваю сталасць».
Караткевіч не толькі разважаў пра шляхі развіцця беларускай паэзіі, спрабаваў вызначыць яе адметны кірунак, але і выказваў творчую праграму, якая грунтавалася на ўласных, нацыянальных культурных і гістарычных традыцыях. Eн пісаў: «І ці можам мы адмовіцца ад рытму і рыфмы, ад лепшай, ад найбольш моцнай нашай зброі? Вядома, не.
У нас застаецца традыцыя беларускай народнай песні, традыцыя вершаў, якія выраслі на гэтай багатай глебе, вершаў Купалы і Багдановіча, Багушэвіча і Коласа… Наш шлях ва ўдасканаленні рытмаў нашай паэзіі. Гэтую справу распачаў яшчэ Багдановіч, а мы павінны прыстасаваць усе рытмы, на якія толькі здатнае музычнае вуха, да нашай гожай, гнуткай мовы».
Паэзію Уладзіміра Караткевіча жывілі сокі роднай зямлі, і адначасова яна квітнела пад жыватворным святлом сусветнай культуры. У гэтым яе адметнасць, прыгажосць і сіла. І нельга не пагадзіцца з Алегам Лойкам, які ў артыкуле «Крылы для ўзлёту» («Літаратура і мастацтва», 6 студзеня 1960 г.) назваў Уладзіміра Караткевіча і Рыгора Барадуліна лепшымі сярод тагачасных беларускіх маладых паэтаў і вытлумачыў гэта тым, што «ў іх вершах з-за багатай вобразнай структуры праглядвае рухомае адзінства душы, пэўная чалавечая натура ў яе стаўленні да свету і людзей».
Па-рознаму ўспрыняла крытыка зборнік «Вячэрнія ветразі». І. Скапараў у рэцэнзіі «Бліжэй да жыцця, да сучаснасці» («Літаратура і мастацтва», 10 лютага 1961 г.) у цэлым станоўча ацаніў кнігу, але выказаў пажаданне, каб паэт «быў менш абстрактным і смялей уздымаў тэмы сучаснасці». І. Кудраўцаў у рэцэнзіі «Другое спатканне з чытачом» («Полымя», 1961, № 5) раскрытыкаваў многія творы зборніка і сцвердзіў, што ён атрымаўся слабейшым за папярэдні. Добразычліва і эмацыянальна, з улікам спецыфікі рамантычнага таленту паэта, яго эрудыцыі і светаўспрымання, на высокім прафесійным узроўні ахарактарызаваў зборнік А. Лойка ў рэцэнзіі «Выхаванне таленту» («Маладосць», 1961, № 7).
Уладзімір Караткевіч быў адным з тых аўтараў, у творчасці якога з незвычайнай сілай узнавіліся аслабленыя, амаль перарваныя ў час культу асобы Сталіна, беларускія адраджэнцкія ідэі. Адчуваецца сугучнасць нават у назвах ягонага першага зборніка «Матчына душа» і зборніка паэзіі «Матчын дар» Алеся Гаруна.
Творчасць Уладзіміра Караткевіча, як і творчасць беларускіх пісьменнікаў на пачатку ХХ стагоддзя, была прасякнута моцным патрыятычным пафасам. Як і Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі, Алесь Гарун, Вацлаў Ластоўскі, ён выяўляў асаблівую прыхільнасць да гісторыі і народнай творчасці. Неабходна ўлічыць таксама і тое, што Караткевіч быў пераважна пісьменнікам-рамантыкам. А інтарэс рамантыкаў да гісторыі і фальклору агульнавядомы, аб чым сведчыць творчасць Міцкевіча, ранніх Пушкіна і Шаўчэнкі. Можна згадаць і зборнікі народных песень, выдадзеных у Германіі братамі Грын. І збрнік балад шатландскага памежжа, выдадзены В. Скотам, які спачатку пачаў збіраць народныя песні і балады, а потым прыйшоў да стварэння шэрагу рамантычных паэм на сярэдневяковыя сюжэты і, з часам, да гістарычных раманаў. Такім жа шляхам ішоў і Уладзімір Караткевіч. У першай палове 50-х гадоў ён не толькі збіраў, запісваў і даследаваў народную творчасць, пра што сведчаць ягоныя «Казкі і легенды маёй Радзімы», дасланыя Якубу Коласу, і дыпломная праца «Казка. Легенда. Паданне», але плённа выкарыстоўваў набыткі фальклору як у ранніх, так і пазнейшых творах.
У адным з лістоў, дасланых Максіму Танку ў сярэдзіне 50-х гадоў, ён, спасылаючыся на вопыт Вальтэра Скота, марыў стварыць такія творы, якія б адкрылі Беларусь для беларусаў і для ўсяго свету.
Многія раннія вершы Караткевіча былі заснаваны на фальклорным ці гістарычным матэрыяле. Якраз іх дружна адобрыла крытыка.
Яркай вобразнасцю, рытмічнай зладжанасцю, адметнасцю мастацкага бачання свету вызначаецца верш «Машэка»:
Лісце алае засыпае роў,
Пушчу чорную апавіў туман,
Атачон з усіх чатырох бакоў
Золкай восенню мой лясны будан.
Паэт звярнуўся ў ім да вобраза легендарнага асілка, які шырока бытуе ў беларускім фальклоры. Яго выкарыстаў Янка Купала ў паэме «Магіла льва», Еўсцігней Міровіч у п’есе «Машэка». Думаецца, што Караткевіч таксама даў цікавае рашэнне гэтага вобраза. У яго Машэка выступае як народны заступнік і бунтар:
Нішчу я паноў, замкі іх палю,
Я ламаю іх векавы бізун,
Помшчу за маю бедную зямлю,
За яе жальбу, за яе слязу,
За тваю красу, за маю любоў,
Што ў пакоях іх кветкай адцвіла…
Тут вылучаны ў першую чаргу сацыяльныя матывы, што паслужылі прычынай для бунту Машэкі. Асабістая ж крыўда на пана нібы адышла на другі план.
Задушэўнай і трагічнай атрымалася «Балада пра паўстанца Ваўкалаку», дзе ў шчымліва-балючай і пранікнёна-лірычнай форме перададзены душэўны стан героя ў яго апошнія хвіліны жыцця. Смяртэльна паранены, ён ляжыць у яры каля ракі, а ягоныя думкі і пачуцці ляцяць да роднай хаты. Там «сястра сядзіць пад калінай», там на могілках маці ляжыць. Зняможаны і аслабелы, ён звяртаецца да вольнага ляснога аленя, які каля яго, як цень, праходзіць да вадапою, з просьбай: «Лісце аб’еш, алень!» Хоча, каб алень зрабіў прасвет у галінах, якія замінаюць яму пабачыць родныя абліччы і краявіды. Гэты зварот-рэфрэн узмацняе лірызм твора, падкрэслівае любоў героя да роднай зямлі.
Як блізкую і дарагую істоту, адзінага сведку яго адзіноты і гора, ён просіць, каб алень зняў мяккімі губамі пярсцёнак з яго рукі і аднёс гэты пярсцёнак той, якая перастала яго кахаць. Ваўкалака выступае ў баладзе як жывы чалавек. Eн высакародны ў сваіх пачуццях, думках і ўчынках, вялікі ў сваёй любові да волі і роднай зямлі, велічны і трагічны ў сваім каханні:
Цяпер і маніць не трэба
Як слабасць да сэрца дайшла:
Больш солі, больш хлеба, больш неба
Патрэбна яна была.
І толькі волі вялікай
Я б за яе не аддаў…
Зацкаваны… Магутны… Дзікі…
Як я яе кахаў!
Пабачыць бы любыя вочы,
Пакуль не пакрыў мяне цень.
Не абмінай!
Варочай!
Лісце…
Аб’еш…
Алень!
Паэт меў набыткі пры выкарыстанні фальклорнага і гістарычнага матэрыялу і ў такіх паэтычных творах 50-х гадоў, як «Шыпшына і ружа», «Паязджане», «Перакаці-поле», «Балада пра Вячка, князя людзей простых». У іх таксама яскрава выявілася так характэрнае для яго паэзіі спалучэнне эпічнасці, баладнасці з эмацыянальнасцю і лірызмам.
Паэзія Уладзіміра Караткевіча багатая і разнастайная. Яна бывае то пранікнёна лірычнай і гнеўнай, то жыццярадаснай і элегічнай ці драматычнай, то, напрыклад, як у вядомым вершы «Заяц варыць піва», — прасякнутай дабрадушным гумарам ці лагоднай іранічнай усмешкай:
Туман плыве з нізіны сівы
Над нівай голай і пустой.
«Глядзіце, заяц варыць піва», —
Жартуюць людзі між сабой.
А я відушчым бачу зрокам,
Як ён прысеў каля агню,
Трыгубы, шэры, касавокі,
І піва варыць з ячмяню.
Яліна іскрамі страляе,
А ён прыладзіў кацялок
І трэскай варыва мяшае.
Каштуе, сплёўвае набок.
І піва заяц зварыць густа,
А на закуску — бурачок,
Трава, заечная капуста,
Галін асінавых пучок.
З зайчыхай вып’юць па маленькай
І дзеткам трошкі паднясуць,
Пужлівым галаском таненькім
«Цвіцела морква» завядуць.
Пабачыш — не гані з абсады,
Дай хоць на гэты дзень спакой,
Павінна ж быць і ў зайца радасць
Перад халоднаю зімой.
Яркай і багатай фантазіяй паэта народжаны гэты верш. Гучыць ён лёгка і натуральна, палоніць чысцінёй і свежасцю вобразаў, чаруе і прываблівае паэтычным падтэкстам, намёкам пра недаўгавечнасць, часовасць і разам з тым пра магчымасць і наяўнасць нечага прыгожага, чыстага і жаданага ў жыцці, у сэрцах і душах людзей.
Тут, як і ў некаторых іншых творах, паспяхова выкарыстана паэтам казачна-міфалагічная ўмоўнасць. І яшчэ выявіўся ў гэтым вершы той невынішчальны беларускі аптымізм, які быў уласцівы персанажам беларускіх казак і легендаў, жартаўліваму Пісарэвічу з драматычнага абразка «Жартаўлівы Пісарэвіч» Максіма Гарэцкага, Гервасію Выліваху з легенды «Ладдзя Роспачы» Уладзіміра Караткевіча.
У вершы «На пачатку дарог», якім адкрываўся зборнік «Матчына душа», паэт згадаў бачанае ім у чатырохгадовым узросце шаткаванне капусты. Eн тут апаэтызаваў працу, даў цікавыя і каларытныя сцэны жаночай «талакі», успомніў песні, якія тады пачуў, назваў кнігі і казкі, якія прачытаў і якія назаўсёды засталіся ў ягоным сэрцы.
Паэзія Уладзіміра Караткевіча ад самых вытокаў была напоўнена любоўю да радзімы. Eн пісаў пра сваю моцную і адданую любоў да роднага горада Оршы (верш «Орша»), бо там «нарадзіліся думкі, воля, імкненні, жаданні». Шмат цёплых і сардэчных слоў сказаў пра Рагачоў, дзе ў дзедавай хаце жыў з сям’ёй дзядзька Ігар Васілевіч Грынкевіч. Туды часта прыязджаў пісьменнік, там узніклі многія яго творы. Так, сваю раннюю паэму «Зямля дзядоў» ён пачаў у 1950 годзе ў Рагачове, а закончыў у 1955 годзе ў Лесавічах. Паэт у ёй пафасна і ўзнёсла прамаўляў:
Зямля дзядоў! Любімы мой народзе,
Што моц сваю пазычыў у дубоў,
Дыхтоўна зробленыя на стагоддзе
Нашчадкі бортнікаў і рыбакоў.
Не зверне шлях мой на шляхі чужыя,
Заўсёды дарагімі будуць мне
Зарэчча, горад, хвоі залатыя,
Ашыткі на прароўскім мулкім дне.
У паэме аўтар кідаў позірк у сівую мінуўшчыну, згадваў тыя часы, калі «тварылі Будны і Цяпінскі, паэты, дойліды і разьбяры», калі ваяваў Вячка і жыў Вашчыла, думаў пра «нялёгкае і гордае жыццё» свайго народа, пісаў пра яго сённяшні дзень. І хоць паэме яшчэ бракуе кампазіцыйнай зладжанасці, але яна захапляе непасрэднасцю і шчырасцю ў выяўленні патрыятычных пачуццяў, многімі цікавымі малюнкамі і вобразамі.
Уладзімір Караткевіч знаходзіў прачулыя і цёплыя словы для «гэтай няяркай зямліцы» (верш «Вагеньчык у яблынным садзе»). Для яго, асабліва на пачатку творчага шляху, характэрнымі былі такія вызначэнні, як «мой чароўны беларускі край, бацькаўшчына светлая мая!» (верш «Бацькаўшчына»), такія сцвярджэнні, як «ўсе шляхі прыводзяць не да Рыма, а да родных вербаў і бяроз» (верш «У дняпроўскіх хвалях, бы ў калысцы»).
Паэт жыў думкай пра непарыўную повязь уласнага лёсу з лёсам Беларусі. Праз любоў да канкрэтнага куточка роднай зямлі, малой радзімы, ён уздымаўся да самаадданай і самаахвярнай любові да Беларусі.
Вышэйшае прызначэнне і абавязак чалавека і мастака ён бачыў у служэнні сваёй шматпакутнай і прыгожай зямлі. Так, у вершы «Матчына душа», плённа выкарыстоўваючы казачныя, фантастычныя вобразы, сцвярджаў, што павінен, абапіраючыся на казкі, легенды і паданні, перадаць «барацьбу і пакуты народа, неўміручую душу яго». Усведамляў, што трэба несці гэты «цяжкі крыж, але вельмі пачэсны».
Вартасць асобы і творцы паэт вымяраў іх стаўленнем да радзімы. Напрыклад, у вершы «Калумбы зямлі нязнаемай» (1957), рашуча выступаючы супраць багемнага паэта, які апяваў далёкія экзатычныя мясціны, супраць дзяржаўных чыноўнікаў, інтэлігентаў і мяшчан, якія адракліся ад матчынай мовы і беларускай культуры, выказваў веру ў свой народ і сцвярджаў, што будзе пісаць пра Беларусь, пра яе прыгажосць і што адкрые яе для беларусаў, як Калумб адкрыў для ўсяго свету Амерыку. І пісьменнік сапраўды адкрыў Беларусь, шмат зрабіў для абуджэння нацыянальнай свядомасці роднага народа.
Патрыятычную тэму паэт распрацоўваў часцей за ўсё ў гістарычных творах. "Павага да мінулага, — пісаў Пушкін, — вось рыса, якая адрознівае адукаванасць ад дзікунства«1. Караткевіч паказаў, што ў яго народа была ў мінулым свая багатая гісторыя. Вытокі народнага, нацыянальнага паэт бачыў у гістарычным. Eн уваскрашаў гераічныя і трагічныя старонкі свайго краю.
З болем і глыбокім лірычным пачуццём пісаў у вершы «Паўлюк Багрым» пра «невядомага генія, беларускага песняра», які мог бы вырасці ў вялікага паэта:
Мог бы славай грымець
Сярод годных паэтаў Еўропы, —
Гвалтам спуталі ногі,
Трымалі ўвесь час за руку.
Што пакіне ён?
Вершык у памяці хлопаў,
Кандэлябру ў касцёле
Ды кроў на гаручым пяску.
Паўлюк Багрым выступае тут як фігура трагічная і гераічная, як сімвал свабоды, імкнення да лепшага жыцця. Развагі пра яго лёс паэт напаўняў эмацыянальнымі зваротамі да Беларусі, думкамі пра яе гістарычныя шляхі, заклікамі да яе абуджэння, да волі. Арганічна спалучаючы апавядальныя, пытальныя і прыўзнята-ўзрушаныя інтанацыі, ён ужываў, напрыклад, такія пранікнёныя і шматзначныя радкі:
Край сагнуўся ў спіне,
Край баіцца размовы пра волю,
Край згубіў сваю мову
І матчынай песні напеў…
Нельга верыць у бога,
Калі ён такое дазволіў,
Цяжка верыць у люд свой,
Калі ён такое сцярпеў.
У інтэрв’ю Адаму Мальдзісу («Літаратура і мастацтва», 21 ліпеня 1967 г.) пісьменнік сцвярджаў, што гэты верш пачаўся з радкоў «Нельга верыць у бога, калі ён такое дазволіў…». У іх было зерне думкі. А потым узнік і ўвесь верш.
Магчыма, асобным раннім вершам Караткевіча не хапала глыбіні, часам былі ў іх ілюстрацыйнасць і дэкларацыйнасць («Спадарожніку Зямлі», «Цяга»), але яго тагачасная паэзія гучала па-маладому шчыра і эмацыянальна. Яна вызначалася эпічным спакоем і ўнутранай напружанасцю. Журботныя і трагічныя матывы ягонай лірыкі ўраўнаважваліся светлымі і чыстымі пачуццямі, калі паэт пісаў пра сваю любоў да бацькаўшчыны, захапляўся яе прыгажосцю, верыў у яе лепшую будучыню, думаў пра яе неўміручасць, пра ўласную знітаванасць з яе лёсам. Аптымістычны, жыццесцвярджальны пафас надаваў асаблівую чароўнасць яго паэзіі.
У вершы «Жаданы госць» паэт далікатна, з цеплынёй і пяшчотай паказвае збліжэнне двух пажылых людзей — мужчыны і жанчыны, якія страцілі ў вайну блізкіх. Мужчына наведвае сваю суседку, вітаецца з ёю, спачувае ёй. У іх скупых і стрыманых дыялогах заключана вялікае і складанае пачуццё. Цяжка і непрытульна ім, адзінокім, у жыцці. Няпроста мужчыне сказаць пра сваё пачуццё. Але прыходзіць час, і ён прамаўляе свае запаветныя словы. Жанчына нібы здранцвела ад ягонага прызнання:
«Што ж ты такое зрабіла са мною,
Што ад цябе мне дарогі няма,
Што на душы мне так неспакойна,
Што ў галаве маёй нейкі туман.
Снег замятае шляхі-дарогі.
Любая. Што ж ты? Не трэба, не плач…»
Падае,
Падае на падлогу
З рук гаспадыні чорны рагач.
Пачуццё, эмоцыя — важны рухаючы элемент і ў яго творах эпічнага плана (баладах, паэмах), дзе галоўная роля належыць сюжэту і дзеянню. Лірычная танальнасць прыкметна вызначае і паэтыку «Партызанскай балады». У ёй праз інтымныя перажыванні сваёй гераіні паэт дакладна перадаў яе псіхалагічны і душэўны стан, раскрыў веліч яе як асобы. Паўліна стрыманая ў выяўленні інтымных пачуццяў да каханага чалавека, які не можа адказаць ёй узаемнасцю. Толькі калі перавязвала яго, «да раны прыпала крадком». Дзеля выратавання каханага яна ахвяруе ўласным жыццём. На ўсхваляванай і шчымліва-балючай ноце перададзена сцэна іхняй апошняй сустрэчы і развітання:
Ціха-ціха ўздымаюцца да бінтоў, ад крыві рабых,
Чыстыя-чыстыя рукі — белыя галубы…
У Караткевіча быў свой, адметны мастацкі свет. Eн ствараў творы баладнага плана і вершы жартоўныя, даваў канкрэтныя, дакладныя і яркія малюнкі навакольнага свету і выкарыстоўваў казачную, умоўна-фантастычную вобразнасць, узнаўляў самыя тонкія адценні душэўнага стану і поўніўся пантэістычнай еднасцю з прыродай, абапіраўся на літаратурны вопыт і звяртаўся да набыткаў фальклору, пісаў вершы інтымныя і патрыятычныя. Ягоныя творы вызначаюцца паэтычнай культурай, глыбінёй зместу, тэматычным багаццем і жанрава-стылёвай разнастайнасцю.
«Закаханы ў жыццё і ў кожную мушку», ён змог вельмі хораша, жартаўліва і гарэзліва перадаць у вершы «Як размаўляюць звяры і птушкі» іх размову. Непаўторнае паэтычнае бачанне восеньскага пейзажу раскрылася ў вершы «Дзеці»:
О, якая залатая восень!
О, як стогне пад снапамі воз!
Павуцінне, «пража маткі боскай»,
Заплятае халадок нябёс.
Натуральнай уяўляецца размоўна-гутарковая форма верша «Песня шафёра», дзе ёсць і прастамоўнае слова «шафярню», і задушэўны, цёплы заключны радок: «Закуры тытунцу, шафёр!».
Трэба было валодаць глыбокім і тонкім паэтычным зрокам, каб стварыць у вершы «П’юць галубы блакіт із каляіны» такі яркі вобраз:
Зусім нябачны жаўранак крыламі
Ў цымбалы сонечных праменняў б’е.
Чароўнай элегічнасцю і светлым пачуццём поўніцца верш «У векавечнай бацькаўшчыне клёны», дзе гучыць роздум над сутнасцю жыцця і кахання, над часовасцю, хуткаплыннасцю чалавечага існавання ў сусвеце і адначасова над вечнасцю таго, што лучыць яго з гэтым сусветам:
О вы, што будзеце ісці з дзяўчынай
Пад тымі ж клёнамі праз сотню год,
Ці зразумееце, што мы кахалі,
Што зніклі так, як знікнеце і вы,
Што векавечны толькі край, і далеч,
І жоўты ліст на зелені травы.
Уладзімір Караткевіч жыў у канкрэтным часе і прасторы. Але на крылах сваёй фантазіі ён уздымаўся над імі, сягаў у будучыню, вечнасць.
На пачатку творчага шляху выразна выявіўся і гуманізм лірыкі паэта:
О, як трэба шукаць на шляхах чалавека,
Як любіць, берагчы, не крыўдзіць яго.
Прыкметна акцэнтуе ўвагу на гэтай праблеме паэт у кнізе «Вячэрнія ветразі». Паводле высокіх гуманістычных мерак Караткевіч адзін з першых у беларускай паэзіі здолеў выкрыць у «Баладзе пра смяротнікаў» сутнасць чалавеканенавісніцкай ідэалогіі і палітыкі фашызму. Насуперак жаданням фашыстаў зрабіць з чалавека бяздумную і бяздушную машыну, «што пустую засвойвае кашу і працу дае за гэта або… не можа даваць», насуперак іх імкненням голадам, жахам, пабоямі, прыніжэннямі скалечыць і знявечыць людскія душы, аслабелыя і зняможаныя вязні канцэнтрацыйнага лагера «людзьмі засталіся». Схаваўшы і выратаваўшы з чарговай партыі ахвяр хлопчыка, зняволеныя не проста «сапсавалі увесь парад» фашыстам, якія з нямецкай педантычнасцю і акуратнасцю імкнуліся нават знішчаць і людзей. Не страціўшы людскі гонар, яны ўзняліся тым самым і на барацьбу супраць фашызму. Для іх «быў рэвалюцыяй, гэты маленькі хлопчык, будучыняй, што ўзрастала на тленных нашых касцях». Нельга знішчыць чалавечнае ў чалавеку, нельга скарыць і перамагчы чалавека — такі глыбока гуманістычны сэнс гэтай балады:
Помніце, людзі, пра гэта, помніце аж да скону,
Помніце, як пра асколак, што ў лёгкіх сядзіць з вайны.
Разумееце, гэта проста, і забітым не трэба жалю.
Гэта для тых, што цёплыя, а не для мёртвых касцей.
………….
Ў час, як знікнуць звады праклятыя, —
помніце, помніце нас.
У час вялікага свята, —
помніце, помніце нас.
Каб заўсёды была чалавечнасць,
каб шчасце сялілася ў хатах,
Каб давеку жыла Радзіма, —
не забывайце нас.
Нібы рэквіем гучаць гэтыя радкі.
«Балада пра смяротнікаў» з’яўляецца творам героіка-трагічным. Яна знаходзіцца ў шэрагу лепшых паэтычных твораў беларускай паэзіі (успомнім хоць бы балады Аркадзя Куляшова перыяду вайны), у якіх услаўляюцца гераізм, мужнасць і нязломнасць чалавека ў неймаверна цяжкіх і складаных ваенных абставінах.
Вялікай любоўю да чалавека народжана таксама паэма «Бацькава сэрца». Гэта надзвычай дынамічны і суровы твор. У час блакады «дзвесце шэсць партызанаў і дзве тысячы трыста мірных людзей» знайшлі выратаванне на балотнай выспе. Іх выявілі немцы. Прапануюць здацца. І тады камандзір атрада Ян Карповіч прымае рашэнне — правесці людзей кароткай летняй ноччу паўз варожыя пасты. Яны прайшлі праз дрыгву і балотную твань. Але калі выбраліся на сушу, то ад голаду заплакала малое дзіця камандзіра. Нямецкія вартавыя пачулі плач. І тады бацька закрывае яму роцік сваёй далонню. Немцы прыслухаліся да балотных гукаў. Потым, прыняўшы плач дзіцяці за крык пугача, адышлі прэч. Але «надта… доўгай была… хвіліна ў яры…» для дзіцяці:
На зямлі стала болей адной магілай.
На зямлі засталіся тры тысячы жыць.
Звяртаючыся да драматычных перыпетый народнага лёсу, паэт хацеў асэнсаваць універсальныя, усеагульныя праблемы быцця, зразумець сутнасць дабра і зла, смерці і бяссмерця, шчасця і прызначэння чалавека на зямлі. Вострай патрэбай вытлумачыць падзеі мінулай вайны, імкненнем вызначыць месца чалавека ў суровым віры падзей была народжана паэма «Слова пра чалавечнасць». Гэта твор шматпланавы. У ім знітаваны тэма радзімы, бацькаўшчыны і тэма гуманізму — вядучыя ў творчасці паэта:
Чалавек чытаў старажытныя кнігі
Пра зямлю, дзе буялі агонь і меч,
Пра крывавую бітву над соннай Нямігай
І смяротны запал крутагорскіх сеч.
І натрапіў на месца, дзе скупа пісалі,
Што ў татарскі набег аж пятнаццаць дзён
Людаловы бялявых людзей вязалі
І цягнулі ў Крым на аркане «палон».
І ля ханскай мяжы, ля равоў перакопскіх,
Столькі дзён палонных вялі і вялі,
Што зрываліся зоркі ад тупату конскага
І да Месяца пыл далятаў з зямлі.
І яўрэй-мяняла шчыра здзіўляўся
На бясконцую, пыльную тую змяю:
«Ці адзін чалавек, прынамсі, застаўся
На развод у далёкім гэтым краю?»
Рыгор Чаховіч, галоўны герой твора, стары вучоны і кніжнік, «іранічны дзівак з невядомай краіны», што да вайны «ў душы гуманізм бязмэтны насіў, выкладаў у медінстытуце лаціну і ў педвузе гісторыю Белай Русі», звяртаецца да гісторыі роднага краю і глыбей пачынае ўсведамляць трагедыю, якая абрушылася на беларускую зямлю разам з фашысцкай навалай. У душы Чаховіча ўзнікае пратэст супраць новых парадкаў. Але што можа зрабіць ён, бездапаможны, стары і слабы? Збавенне і адказы на пытанні, якія яго хвалююць, ён спрабуе знайсці ў працы і кнігах: «Што б рабілі мы, бедныя і сляпыя, каб не кнігі, што гонар людзей берагуць?». Паэт ад прыватных падзей акупацыі ішоў да значных гістарычных і сацыяльных абагульненняў. Як набат, гучаць словы Чаховіча: «А ці ёсць хто з жывых у краіне маёй?!» — словы чалавека і патрыёта, сына свайго народа.
Глыбей раскрываецца вобраз героя ў расказе пра яго жыццё. Рыгор Чаховіч, таленавіты лінгвіст і гісторык, жыў у ціхім старажытным гарадку, пачаў вывучаць катакомбы, што знаходзіліся пад горадам. Толькі самаадданае захапленне любімай працай не па душы прыйшлося ягонай жонцы Ганне Львоўне — незвычайнай красуні. Eй хацелася «шуму сталіцы… дасціпных людзей, а не гэтай дзюркі, дзе можна ўтапіцца ад тугі, ад нуды, ад разбітых надзей». Ганна Львоўна ідзе ўпрочкі ад мужа і ў хуткім часе нараджае дачку. Потым выходзіць замуж за нэпмана Лучко, які раптоўна пакідае яе і жэніцца з багатай суседкай. «Боль за жонку, абраза» прывялі да таго, што Рыгор Чаховіч «пазначыў поўхаю тлустую морду» Лучко, калі ён вянчаўся ў саборы. Потым пабег на «ўскраіну горада да няшчаснай жонкі і любай дачкі». Аднак і гэта не дапамагло. З глыбокім разуменнем чалавечых адносін паэт прыходзіць да высновы:
Не даруе жанчына таму ніколі,
Хто адплоціць ёй шчыра дабром за зло.
Ганна Львоўна не магла дараваць яму правіны сваёй. Пакінула горад. Перад самай вайной памерла. Пра лёс сваёй дачкі Рыгор Чаховіч нічога не ведаў. І вось такім адзінокім, цалкам адданым навуцы сустрэў ён вайну.
Сюжэт паэмы няпросты. І ў далейшым ён не страчвае вастрыні. Аднойчы ноччу да Чаховіча прыйшоў незнаёмы, сябар яго любімага студэнта, і папрасіў вывесці праз падземныя хады трох вязняў, якіх фашысты трымалі ў царкве. Стары дапамагае падпольшчыкам. Сярод выратаваных была дзяўчына. Як даведваецца Рыгор Чаховіч, гэта яго дачка.
Лучко данёс немцам, што Чаховіч добра ведае падземныя капальні. На вучонага падае падазрэнне, нібыта ён выратаваў палонных. Яго выклікаюць на допыт. Рыгор пазнае ў даносчыку свайго ворага. Выдумвае, што ў катакомбах хаваюцца партызаны. Але ён правядзе немцаў толькі пры той умове, калі яны заб’юць яго асабістага крыўдзіцеля. Лучка забіваюць. Рыгор Чаховіч вядзе акупантаў па цёмных пераходах. Уцякае ад іх. Ледзь жывога яго падбіраюць партызаны. Сярод іх Чаховічава дачка, якая даведваецца, што гэта яе бацька. Рыгор Чаховіч памірае.
Паэма «Слова пра чалавечнасць» вытрымана ў рамантычным ключы:
Але грымнуў пярун. Запалалі дубровы.
Пачалася вайна.
Пачалася вайна.
О пяруне, о светлы нябесны коннік,
Бацька наш светазарны, забыты даўно!
Хто тваю Беларусь ад мячэй абароніць?!
Хто народ твой маленькі заслоніць спіной?!
Вось вядуць яго па ганебных дарогах.
Вось твой люд, памяркоўны і залаты.
Пакажы нам брод да святой перамогі!
Пакажы!
Не чуеш, не чуеш ты.
Уладзімір Караткевіч у гэтым творы паказаў сябе майстрам, здольным рашаць самыя складаныя задачы. У прыватнасці, цікавым і змястойным нам уяўляецца пяты раздзел («Інтэрмедыя»), дзе ў фальклорна-міфалагічным плане пададзена размова дзвюх соў пра разбурэнні, нястачы і гора, што прынесла вайна. Сапраўды, чорныя сілы будуць панаваць на зямлі, калі толькі супраць іх не паўстануць людзі «са зброяю ўсе, як адзін».
Паэма «Слова пра чалавечнасць» — значны па задуме твор. Аднак, думаецца, меў рацыю Алег Лойка, калі пісаў: «Выйгрышнай для паэмы з’яўляецца менавіта гераічная тэма, і каб аўтар не абцяжарыў яе сямейна-бытавой гісторыяй, пытанне ўнутранага адзінства твора было б у значнай ступені вырашана» («Маладосць», 1961, № 7). Сапраўды, ненатуральна спляліся ў паэме эпізоды сямейна-бытавой трагедыі з меладраматычнай развязкай (Чаховіч — Ганна Львоўна — Лучко).
Паэт дасягнуў поспехаў якраз у раскрыцці гераічнай тэмы. Катакомбы, па якіх рухаюцца Чаховіч і выратаваныя ім палонныя, нібы шлях, што злучае сучаснасць з мінуўшчынай і прадвызначае будучыню:
Нашы свечы ў капальнях продкаў палаюць.
Мы для ўнукаў павінны дарогу прабіць.
Хто забыў сваіх продкаў — сябе губляе,
Хто забыў сваю мову — усё згубіў.
Гістарычны аспект у творчасці Караткевіча з’яўляецца надзвычай істотным. Eн вызначае мастацкую пазіцыю паэта, служыць важным фактарам на шляху ўвасаблення аўтарскай задумы, асабліва ў вырашэнні патрыятычных праблем.
Паэма «Слова пра чалавечнасць» сведчыць пра несумненны поспех Караткевіча ў распрацоўцы ліра-эпічных форм, хоць у ёй іншы раз побач з паэтычнымі знаходкамі суседнічаюць і апісальныя, шматслоўныя радкі.
Паэт не прызнаваў пасіўнага і сузіральнага гуманізму. За чалавечнасць, як за шчасце і жыццё, трэба змагацца. Вуснамі героя з паэмы «Слова пра чалавечнасць» ён гаварыў: «Гуманізм, ён павінен быць ваяўнічым». І гэта эстэтычны ідэал мастака, яго творчая праграма. Паэта прываблівала маральнае, духоўнае ў чалавеку. Прыгажосць і сіла чалавека — у велічы духу. Такая галоўная думка многіх твораў паэта.
Шмат у чым паказальны для творчасці Уладзіміра Караткевіча верш «Гусі-лебедзі ў лугах зялёных»:
Але ў сне не вып’еш столькі гора.
Ведаю, што я званіў у шчыт,
Я граміў татар пад Крутагор’ем,
Я крышыў крыжацкія мячы.
Кроў далі мне паплавы і пожні,
Голас — бор дрымучы і чарот.
Я з табою да крыві апошняй,
Мужны мой, адвечны мой народ.
………….
Роднымі зрабі чужыя вочы,
Шэрыя, як неба над табой,
А пасля пакліч, калі захочаш,
За цябе на самы страшны бой.
І калі ў твае глыбіні лягу, —
Дай мне ціхі спеў тваіх бяроз
За любоў, за веру, за адвагу
Сціплых песняў, што табе прынёс.
Гэта своеасаблівае паэтычнае крэда мастака. Для яго асабістае шчасце немагчыма без шчасця Радзімы. Паэт у рамантычна-філасофскай форме выказвае сваю прыналежнасць да мінуўшчыны, сучаснасці і будучыні свайго народа.
Любоўю да роднай зямлі, да роднага народа прасякнуты многія яго вершы. І чым глыбей паэт раскрываў уласнае, нацыянальнае, тым большы ягоны ўклад у духоўную скарбонку агульначалавечага.
Патрыятычным пафасам напоўнена ўсё, што створана паэтам. Захапляючыся родным краем, у вершы «Буслы вучаць дзяцей» ён сцвярджаў:
Бо скупая зямля маёй Беларусі
Не раджала рабоў і не мела рабоў.
Такое выказванне было натуральным для Караткевіча.
Характэрнай асаблівасцю паэзіі Уладзіміра Караткевіча з’яўляецца яе сувязь з кніжнай, літаратурнай традыцыяй. Як у ранніх, так і ў пазнейшых вершах сустракаюцца рэмінісцэнцыі, матывы, вобразы і нават ідэі прадстаўнікоў літаратуры і культуры самых розных часоў і народаў.
Думаецца, не без уплыву Максіма Багдановіча ўзніклі наступныя паэтычныя радкі:
Калі ў жамчужніцу пылінка трапіць,
Жамчужніца адразу бой пачне
І чужародны боль, што цела драпае,
Жамчужынаю дзіўнай ахіне.
………….
Ствараю дзіўнай прыгажосці перлы,
На дне якіх заснуў нясцерпны боль,
Мая жывая і мая памерлая,
Крыніца шчасця, мук маіх юдоль.
Ясенінскія інтанацыі пазнаюцца ў вершы «Бацькаўшчына»:
Дагарэў за брамай небакрай,
Месяц паміж воблачкаў плыве.
Выйду зноў, як у мінулы май,
Басанож прайдуся па траве.
Рытміка-інтанацыйнай і вобразнай структурай сугучны творчасці Гарсія Лоркі верш «Раманс аб расстраляным каханні»:
Ах, якое грознае гора!
Ах, якая журба ў світанні:
На вачах у нябёсаў чорных
На расстрэл адводзяць каханне.
У вершах паэта можна таксама знайсці пераклічку з творамі Шаўчэнкі, Купалы, Паўстоўскага і іншых аўтараў. Аднак ён творча засвойвае традыцыі сваіх папярэднікаў. Кніжнае, літаратурнае з’яўляецца для мастака такой жа асновай і крыніцай натхнення, як і рэальнае, жыццёвае.
Паэзія Караткевіча не толькі шчырая, натуральная, але адначасова і філасофская, інтэлектуальная. Eн звяртаецца да сусветна вядомых твораў жывапісу, архітэктуры, дойлідства, да біблейскіх і антычных сюжэтаў, вобразаў, матываў. Паэт цікава трактуе шматлікія творы мастацтва, што сведчыць пра культуру мыслення і высокі эстэтычны густ. Напрыклад, у цудоўнай лірычнай мініяцюры «Дзіва на Нерлі» ёсць жывое, трапяткое чалавечае пачуццё:
Белая песня ў лугах залацістых,
Кліч адзвінеўшых стагоддзяў зямлі,
Кволая-кволая, чыстая-чыстая,
Быццам дзяўчына, царква на Нерлі.
Кроў і забойствы ў агні і дыме,
Подласць і жорсткасць у лютым баю, —
Нават яны праходзілі міма,
Пашкадаваўшы нявіннасць тваю.
Верш надзвычай меладычны. Лірычная падсветка надае яму цеплыню і пяшчотнасць. Помнік архітэктуры становіцца для паэта нібы жывой істотай, блізкай і роднай. Эстэтычную каштоўнасць, эмацыянальнае ўздзеянне верша ўзмацняе арыгінальная трансфармацыя фальклорных прыёмаў:
З дальніх стагоддзяў праз цёплыя губы
Чую прызыўны твой галасок:
«Братка мой мілы, братка мой любы,
Выйдзь да мяне на круты беражок».
Зварот да помнікаў культуры мінулага дапамагае паэту ўсвядоміць значнасць і эстэтычную каштоўнасць твораў мастацтва, дазваляе глыбей раскрыць праблемы, якія хвалююць чалавека нашых дзён. У вершы «Прарок Геронім Босх», прысвечаным славутаму фламандскаму мастаку, на карцінах якога намаляваны машыны, што падобны на танкі і сучасныя гарматы, аўтар выяўляе ўласную грамадзянскую пазіцыю:
І ўсё ж аднаго ты не ведаў,
Вялікі Геронім Босх.
Зведаўшы чалавека.
Зведаўшы мора і сушу,
Не мог ты ведаць, што ў свеце
Стальныя вырастуць душы,
Што на хлуслівых і хцівых
Узнімаецца іх рука.
Сапраўдны мастак, паводле разумення паэта, — сумленне свойго народа. У гэтым яшчэ раз пераконваемся, калі чытаем верш «Трызненне мужыцкага Брэйгеля» пра славутага фламандскага мастака ХVI стагоддзя Пітэра Брэйгеля Старэйшага. Паэт праводзіць Брэйгеля па гарадскіх вуліцах, і ён, чалавек, у якога «вочы мудраца і з’едлівая сумная ўсмешка», фіксуе ў сваёй памяці ўсё тое, што бачыць. Часам ён заплюшчвае стомленыя вочы. І тады пачынаецца ягонае трызненне родным краем. Трывога і боль за сваю няшчасную і паняволеную зямлю напаўнялі ўсю істоту мастака і тады, калі ён ствараў свае сусветна вядомыя карціны «Сялянскі танец», «Краіна гультаёў», «Падзенне Ікара», «Сляпыя». Захоплена, у іранічна-з’едлівай і эмацыянальнай форме перадае паэт змест гэтых карцін, прыводзіць выказванні, накшталт наступных:
Пракляты край!
Ніхто не хоча ведаць пра свабоду,
Пра пошукі, гарэннне і мастацтва.
………….
Што ім да ўзлётаў і да летуценняў,
Да гожай мужнасці ў імя свабоды?
У вершы трызніў не толькі Брэйгель. Трызніў родным краем і сам Уладзімір Караткевіч. Eн знайшоў прыдатную і ўдалую форму для выяўлення ўласных глыбока патрыятычных і гуманістычных пачуццяў. Як выклік самаздаволенай і прагматычнай мяшчанскай псіхалогіі і адначасова як роздум над лёсам чалавецтва і як услаўленне памкненняў ягонага духу прагучалі заключныя радкі:
Што ж ты пракінуўся, мужыцкі Брэйгель?
Шпурляй у твар ім горкія палотны,
Дражні, як бугая чырвонай хусткай,
Паказвай ім, сляпым, канец Ікара, —
Яны ж усё адно не зразумеюць.
Хіба нашчадкі, можа?
Як у гэтым вершы, так і ўвогуле ва ўсёй творчасці Уладзімір Караткевіч умее маляваць словам. Васіль Быкаў слушна адзначыў нават вялікае падабенства творчых манер, бачання свету, адносін да жыцця беларускага пісьменніка Караткевіча і фламандскага мастака Брэйгеля2. Таму цікавасць беларускага паэта да асобы гэтага мастака зусім не выпадковая.
Выказаўшы асаблівую прыхільнасць яшчэ на пачатку творчага шляху да жанру балады, Уладзімір Караткевіч і ў далейшым застаецца верным яму. Прадметам увагі паэта ў баладах сталі падзеі мінулай вайны і далёкай мінуўшчыны, духоўная прыгажосць чалавека, складанасць і веліч яго натуры. Балады Караткевіча прыкметна пашырылі далягляды сучаснай беларускай паэзіі, засведчылі пра значныя творчыя магчымасці яго як паэта эпічнага складу мыслення, паэта-апавядальніка.
Думаецца, балада як невялікі сюжэтны вершаваны твор, у якім спалучаюцца сродкі лірычнага, эпічнага і драматычнага адлюстравання рэчаіснасці і які засноўваецца пераважна на гістарычным або легендарным матэрыяле, з’явілася важнай перадумовай таго, што Караткевіч, які пачынаў з вершаў, у далейшым усё часцей і часцей звяртаўся да прозы. Аднак лірычныя, эпічныя і драматычныя тэндэнцыі вельмі арганічна ўзаемадзейнічаюць у яго паэзіі, прозе і драматургіі.
Паняцці дабра, чалавечнасці, справядлівасці знайшлі дасканалае ўвасабленне і ў «Баладзе пра Невядомага, Першага». Першаму заўсёды цяжэй. Але першым нехта павінен быць. Караткевіч паказвае, як у далёкім нашым прашчуры, старажытным чалавеку, нарадзіўся мастак. Eн бароніць твор мастацтва, створаны ўласнымі рукамі. Потым забівае важака і кладзе тым самым канец самаўладству. Невядомы, Першы правіў справядліва. На паляванні ён гіне. Але паспявае яшчэ ўвагнаць у скроню маманта свой завостраны ражон:
Нават уласным сконам
Племю даў ежу ён.
………….
І доўга ў цёмных пячорах
Гучалі легенды аб ім.
Паэт славіць самаахвярнасць героя, яго імкненне жыць дзеля другіх.
У баладах Уладзіміра Караткевіча трасфармуюцца рамантычныя матывы гісторыі і фальклору, перадаецца драматызм канкрэтных падзей і перажыванняў пры раскрыцці балючых, усеагульных праблем сучаснасці. Падобныя рысы ўласцівы баладам беларуса Янкі Сіпакова, драматычным паэмам літоўца Юсцінаса Марцінкявічуса, паэзіі ўкраінкі Ліны Кастэнка. У творчасці Караткевіча, такім чынам, выявіліся характэрныя тэндэнцыі еўрапейскай паэзіі другой паловы ХХ стагоддзя.
Дыяпазон творчых інтарэсаў Уладзіміра Караткевіча надзвычай шырокі, што выразна раскрылася і ў вершах, змешчаных у зборніку «Мая Іліяда». Як і ў папярэдніх паэтычных кнігах, не зніжалася творчая актыўнасць паэта, не знікала неўтайманаванасць і бескампраміснасць ягонай натуры. У рэцэнзіях на гэту кнігу Міхась Ярош «Добры плён пошукаў» («Полымя», 1970, № 2), Сцяпан Гаўрусёў «Паўната сталай сілы» («Літаратура і мастацтва, 13 сакавіка 1970 г.), Янка Шпакоўскі «Лірыка шырокага дыхання» («Маладосць», 1970, № 8), іншыя крытыкі зазначылі, што стала глыбейшай думка паэта, смела, арыгінальна і ўсё часцей ён пачаў спалучаць нацыянальую вобразна-выяўленчую сістэму з паэтыкай, матывамі і прыёмамі сусветнай літаратуры.
Першаасновы народнага быцця, сутнасць нацыянальнага характару ён хацеў вытлумачыць у вершы «Беларуская песня», якім адкрываецца зборнік, творы паэтычным і ўрачыстым, напоўненым гонарам за сваю зямлю і яе людзей:
Дзе мой край? Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі,
Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,
Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,
А мужчыны, як скалы, — ударыш, і зломіцца меч.
Тут паэт даваў маштабны і цэласны малюнак Беларусі, паэтызаваў яе, кляўся ёй у адданасці і вернасці. І рабіў гэта сродкамі ўзнёслымі, рамантычнымі, з выкарыстаннем рытарычнага пытання, сімволікі і гіпербалізацыі.
Ягоная паэзія па-ранейшаму была прасякнута моцным патрыятычным пачуццём, аб чым сведчыў і верш «Скарына пакідае радзіму»:
Яны не даждуць, што Скарына
Зямлю сваю пракляне:
Страціў не я Афіны,
Хутчэй Афіны — мяне.
Паэт спрабаваў асэнсаваць веліч і значнасць дзейнасці беларускага першадрукара і асветніка, раскрыць яго грамадзянскі подзвіг, паказаць складанасць сацыяльна-гістарычных умоў, у якіх ён жыў.
Уладзімір Караткевіч хацеў зразумець месца свайго народа сярод іншых народаў, выявіць уласную пазіцыю ў гэтым складаным і супярэчлівым свеце. Моц і несмяротнасць народных ідэй — у іх глыбока чалавечнай аснове, у дзейнасці Скарыны, Каліноўскага, Купалы, Багдановіча і іншых.
Канкрэтныя гістарычныя асобы ў Караткевіча — змагары і пакутнікі за народнае шчасце, асобы выключныя, незвычайныя. Яны мужныя, любяць свабоду, непрымірымыя да зла, прыгнёту і дэспатызму. У вершы «Багдановічу» паэт сцвярджаў:
Бо як ёсць у народа такія —
Не загіне давеку народ.
Звяртаючыся да асоб беларускіх грамадскіх і культурных дзеячаў мінулага, паэт імкнуўся вырашыць праблему асабістага і грамадскага шчасця. У вершы «Нявесце Каліноўскага» пра гэтага рэвалюцыянера-дэмакрата сказаў:
Але ён не кахаў нікога,
Бо занадта радзіму любіў.
Асабістае шчасце немагчыма для Каліноўскага без шчасця яго радзімы — такая думка верша. Значнасць і трагізм подзвігу Каліноўскага яшчэ больш узмацняецца ў звароце да дзяўчыны, якая б магла стаць яго нявестай:
Дарагая, ты стала ўдавою,
Не пабачыўшы жаніха.
………….
Ты чакала яго, а стала
І нявестай і жонкай чужой.
І чамусьці ў сэрцы, як рану,
Я нясу твой нязбыты лёс,
Не даруючы ўсім тыранам
Непралітых табою слёз.
Паэт асуджае гвалт, насілле, тыранію, якія задушылі людское імкненне да волі і шчасця.
Творы Караткевіча маюць глыбокі паэтычны падтэкст. Запаволена, роздумна, з адценнем іроніі гучыць верш «Дзядзькаў кубак»:
Дванаццаць год таму, зусім хлапчынай,
Якому ўсё на свеце зразумела,
Які вышэйшай думкі аб сабе,
Балбоча вершы, як індзейскі певень,
І пагарджае ўсім, акрым сябе,
Бацькоўскім домам і старой таполяй,
Рыдлёўкай, гноем, садам і палямі,
Я пакідаў «навекі» родны дом.
………….
Гады мінулі. Шмат я разгубіў
І шмат я страціў на шляхах сваіх.
Сябры забылі. Вершы падманулі.
Лірычны герой адчуў раптам ілюзорнасць і марнасць свайго ранейшага існавання. Адрыў ад роднай зямлі выклікае ў яго душы глыбокі душэўны боль:
О мой народ! Даруй дурному сыну,
Што кінуў дом бацькоў дзеля карыта,
З якога еў са свіннямі свой хлеб…
У душы героя адбываецца пераацэнка ранейшых уласных паняццяў і ўяўленняў. Eн вяртаецца да сваіх вытокаў, каб прыняць і прадоўжыць вопыт народа, каб спаталіць жывой бруёй з дзядзькавага кубка смагу стомленай душы.
Рускі літаратуразнаўца П. Н. Беркаў у сваім дакладзе, зробленым у 1968 годзе на VI Міжнародным з’ездзе славістаў, адзначаў, што ў сучасных беларускіх паэтаў у адрозненне ад сучасных украінскіх і рускіх «не знаходзім спецыяльных твораў, у якіх фігуравалі б Фаўст, Праметэй, Гамлет і г. д. і якія б давалі нацыянальнае беларускае тлумачэнне сэнсу гэтых «сусветных вобразаў». «Аднак, — заўважыў далей даследчык, — у такіх харошых беларускіх паэтаў, як Максім Танк і асабліва Уладзімір Караткевіч, сустракаюцца спецыяльна ці адначасова ўключаныя ў тэкст вершаў вобразы, якія сведчаць пра тое, што беларуская паэзія пачынае ўключацца ў распрацоўку не толькі нацыянальных сюжэтаў і тэм і што мы маем права спадзявацца і чакаць ад беларускіх пісьменнікаў іх укладу ў спецыяльную галіну інтэрпэтацыі вялікіх «сусветных вобразаў». Сапраўды, Караткевіч даваў смелую і арыгінальную інтэрпрэтацыю «сусветных вобразаў». Як і яго любімы Максім Багдановіч, ён часта звяртаўся да антычных і біблейскій тэм, вобразаў, ідэй і матываў. Нельга не пагадзіцца і з думкай Тамары Чабан, якая ў сваёй кнізе «Крылы рамантыкі» (1982) пісала, што «калі М. Багдановіч бачыць у міфе універсальнасць і гармонію, то У. Караткевіч шукае ў гарманічным незвычайнае, у класічным — выключнае, у міфе — адступленне ад міфа».
Так, у «Баладзе аб трыццаць першым сярэбраніку» паэт звярнуў увагу не на традыцыйныя трыццаць сярэбранікаў, а на трыццаць першы. І прыйшоў да высновы:
Справа, ясна, не ў тым, што прадаў ён «гасподняга сына».
Чалавека прадаў ён, паршывец. Жывое прадаў.
Трыццаць першы сярэбранік выступае як сімвал здрады, усяго антычалавечнага. З’едліва гучаць наступныя радкі верша:
Той дынар быў шчаслівай манетай. І хцівец смярдзючы
З дапамогай яго аграбаў сабе золата, срэбра і медзь,
І разжыўся, і стаў неўміручы. Ну так, неўміручы.
Бо каб вешацца — трэба таксама сумленне займець.
Семя здрады і хлусні пры знешняй, здавалася б, прыстойнасці вельмі жывучае. Паэт непрымірымы да ўсіх форм выяўлення гэтай здрады:
Быў фіскалам. Усюды пралазіў і бокам і нізам,
Па гестапах служыў, па засценках, ад стогнаў глухіх,
Па ахранках… А зараз ваюе за «наш гуманізм».
Не здзіўляйцеся, добрыя людзі, бо гэны з такіх.
З дзён пачатку мільёны Сапраўдных ён вырак на мукі.
І жыве. Ўсё жыве. Вось наведвае госцем ваш дом…
Вось сядзіць… Вось ідзе…
Вось бярэ вашых дзетак на рукі…
Пнецца ў неба з трыбун… П’е гарэлку за вашым сталом.
Але выпадак дай — распаўзецца чумою па свеце,
Закладзе цалаваных сяброў і ўчарашніх багоў…
Для такога чалавека няма нічога святога. Дзеля ўласнага дабрабыту ці хцівасці ён гатоў здрадзіць усяму і ўсім. Калі загінуць лепшыя, сапраўдныя, як гаворыць паэт, то хто ж застанецца на гэтай грэшнай зямлі? Няўжо такія? Караткевіч з усёй непрымірымасцю ў імя справядлівасці і дабра заклікае:
До ўжо! Сэрца хлусні ў яго вырвіце, людзі, з-за рэбраў,
Разам з джалам схавайце падлюгу ў свінцовай труне,
Адбярыце і знішчыце трыццаць першы пракляты
сярэбранік,
А іначай — няшчасце Зямлі.
А іначай — канец.
Пазіцыя паэта выразная і недвухсэнсоўная — вынішчыць здраду, зло і хлусню, бо яны антычалавечыя па сваёй сутнасці.
Зварот Караткевіча да помнікаў мінулага, да кніжных сюжэтаў і гістарычных асоб, да шэдэўраў мастацтва ўзмацняе інтэлектуалізм у ягонай паэзіі. Геніяльна простае і адначасова надзвычай мудрае разуменне твора мастацтва выказвае паэт у вершы «Безгаловая Венера»:
Стаю ля яе ў задуменні
І голас пяшчотны чую:
«Прыйдзіце, мужчыны, ад зброі, —
Ўлонне маё сумуе.
Прыйдзіце, мужчыны, ад сечаў,
Ад турмаў, ад страт на світанні.
Адзінае ёсць на свеце:
Сумленне, братэрства, каханне».
І думаю я неадчэпна:
За што ж ты бяду спаткала?
За што галаву ты згубіла?
Якую праўду сказала?
Гэты верш сведчыць пра культуру творчага мыслення аўтара, яго ўменне засяродзіцца на нечым вельмі агульным і адначасова зямным, натуральным, чалавечным у чалавеку.
Паэзія Караткевіча вызначаецца павышанай экспрэсіўнасцю, эмацыянальнасцю, напружанасцю дзеяння, кантрастнасцю і яркасцю вобразаў. Спраўдным феерверкам фарбаў і колераў свецяцца вобразы і ў «Чорнай баладзе Гаркушы»: «сонца — ружовы цвет», «чароды ліловых хмар», «залатыя злівы», «пярэсты чмель», «цёмныя кучары вішань сяла», «малінавыя бадзякі». Навакольнае асяроддзе напоўнена самымі разнастайнымі гукамі, пераліваецца шматлікімі колерамі. І ўсё гэта звініць, зіхаціць, каб прагучаць пранікнёна і выразна:
Памяць! Памяць! Малю! Малю!!!
Аднаві мне фарбы палёў і нябёс.
………….
Чалавек у цэлі сядзеў пад зямлёй,
Трэці год у цэлі сядзеў пад зямлёй,
Пажыццёва ў цэлі сядзеў пад зямлёй…
Пажыццёва.
Без іскры святла.
Асабліва вялікая роля належыць гэтым, такім трывожным і неспакойным заключным радкам. Імпульсіўныя і абрывістыя, яны падкрэсліваюць і ўзмацняюць трагізм сітуацыі, у якую трапіў народны паўстанец.
Горкай іроніяй і трагізмам прасякнуты верш «Самсон», у якім паэт, выкарыстоўваючы вобраз біблейскай міфалогіі, здолеў выказаць нешта вельмі запаветнае, выпакутаванае і вынашанае ў сэрцы:
І сонца ёсць. І ёсць мая радзіма.
Я сын яе. І я ў крыві ўстаю.
Хістаюся. Ўстаю і ажываю,
Я буду жыць. Я знішчу вашы вежы.
………….
Хістаюцца калоны!
Дах трасецца!
Няхай загіну, але разам з вамі,
Таму, што я сляпы, таму, што цёмны,
Прададзены багамі і табой.
У кнізе «Мая Іліяда» асобны раздзел пад назвай «Таўрыда» складаюць вершы, напісаныя ў выніку наведвання паэтам Крыма. Тэматычна ж гэта надзвычай разнастайны цыкл. Паўднёвая прырода, багатая культура і гісторыя Усходу выклікаюць у паэта самыя розныя думкі і пачуцці. Наогул прырода Крыма, яго старажытная культура — крыніца шматлікіх паэтычных шэдэўраў. У 20-я гады ХIX стагоддзя Адам Міцкевіч у вядомых «Крымскіх санетах» стварыў дасканалыя малюнкі экзатычнай крымскай прыроды, глыбока выявіў уласны душэўны стан, з трывогай і болем успамінаў у выгнанні сваю далёкую радзіму.
Уладзімір Караткевіч успрыняў поўдзень і культуру Усходу пераважна як уражлівы і дапытлівы падарожнік. Паэт думаў пра сутнасць быцця, пра вечнасць, веліч і бяссмерце прыроды. Паказальны ў гэтых адносінах верш «Таўры»:
Таўры жылі, як ўсе народы:
Ваявалі,
Кахалі,
Гарэлку пілі,
Мудравалі,
Зліваліся з маці-прыродай…
Насваволілі,
Навершавалі,
Пайшлі.
Паэта моцна ўсхваляваў лёс таўраў. Eн хоча глыбей пранікнуць у прычыны складанага працэсу, у магчымае яго паўтарэнне:
Але так,
Без слядоў,
Нішто не знікае.
І дасюль,
Па абшарах сваёй стараны,
Між людзей,
Непазнаныя, таўры блукаюць
І не ведаюць самі,
А хто яны?
Караткевіч праз мінуўшчыну імкнецца зразумець сучаснасць і будучыню:
Дрэмлюць таўраў руіны.
Я стаю і ўяўляю,
Што я не ізгой,
Не паэт з беларускіх узгоркаў сініх,
А апошні таўр
Народа свайго.
О, якая ганебнасць у гэтых згадках!
О, які атрутны бяспамяцтва дым!..
Крый нас божа, калі і на нас
Нашчадкі
Паглядзяць,
Як мы
На таўраў
Глядзім.
Паэт задумваецца над уласным лёсам, над будучыняй свайго народа і ўвогуле над лёсам чалавецтва.
«Экзатычныя» вобразы высвечваюць новыя грані лірычнага пачуцця, прыдаюць яму асаблівую значнасць. Праўда, у асобных вершах занадта далёкія асацыяцыі робяць думку паэта невыразнай. Яго паэзія часам была празмерна рацыяналістычнай, апісальнай. І тады ўласнае, асабістае не набліжалася да агульнага, па-мастацку цэласнага і завершанага («Спуск з гор», «Генуэзская крэпасць»).
У іншых жа выпадках паэт прыходзіў да сапраўднага мастацкага адкрыцця, напрыклад, у вершы «Маўзалей Джаніке-ханум»:
Ціхі кліч у мёртвых кварталах,
Цень імя, што ў далёкіх вяках
Трапятанне і страсць выклікала.
Больш нічога…
Як мала…
Алах…
Тут праз часовае, хуткаплыннае паэт імкнецца зразумець вечнае, нязменнае, тое, што вызначае сутнасць і сэнс жыцця. Паказальныя ў гэтых адносінах яго вершы інтымнага плана.
Тэма кахання — адна з асноўных тэм у творчасці Уладзіміра Караткевіча. Лірычны герой ранняй інтымнай лірыкі паэта перапоўнены светлым і трывожным пачуццём. Былі згадкі ў яго душы пра каханне, яго прадчуванне: «Кахаю? Здаецца, кахаю. Напэўна, кахаю яе!»
Паэт мог паказаць разгубленага хлапчука («Гісторыя з першым каханнем»), якому яго «выбранніца» «адуванчык тыцнула спрытна ў шырокі, як ступа, рот». І мог шчырымі радкамі ўславіць сваю каханую:
І толькі ты адна ва ўсім сусвеце
Навекі застанешся маладой.
Ужо на самым пачатку творчага шляху паэт гаварыў пра ўсеачышчальную сілу інтымнага пачуцця, яго значнасць у жыцці чалавека:
Хай зразумее кожны на хвіліну,
Як незлічоны светаў карагод,
Як лёгка размінуцца з той, адзінай,
Якой чакаеш, можа, сотні год!
Паэт ідэалізуе гэта пачуццё. Лірычны герой адчувае, што боль ад расстання жыве і «жыць заўсёды будзе, да канца», гэта закладзена ў самім чалавеку, ягонай душы. Тактоўна і далікатна ён дзякуе жыццю нават «за цень кахання»:
Я дзякую табе. Няхай чужая,
Няхай твой твар для іншага жыве,
Ты ёсць, ты недзе ёсць, і ты жывая.
………….
Ты ёсць на свеце. Досыць для мяне.
З часам новымі гранямі высвечвалася думка паэта. У зборніку «Вячэрнія ветразі» (паэмы «Бацькава сэрца» і «Слова пра чалавечнасць») ён праз інтымнае, асабістае імкнецца раскрыць агульначалавечае, значнае. У адным з вершаў прыходзіць да высновы:
І, можа, шчасце менавіта ў гэтым,
Каб любаму аддаць усе гады.
Інтымным пачуццём прасякнута яго лірыка:
Я сумую па радзіме,
Як каханы па дзяўчыне.
Гэтыя радкі блізкія сваім сэнсам блокаўскім:
О, Русь моя! Жена моя! До боли
Нам ясен долгий путь!
Каханне часцей за ўсё прыносіць лірычнаму герою глыбокі душэўны сум:
Толькі я перапоўнены сумам.
Зросся я з гэтай весняй зямлёй
Не птушыным сэрцам бяздумным,
А трывожнай людской душой.
Мне лягчэй бы стала, напэўна,
Каб забыла мінулае ты.
………….
Ты прыходзь, далёкая, любая,
Ты развей усмешкай тугу.
Пакладзі мне далонь на губы.
Не магу без цябе. Не магу.
Аднак паступова арэол таямнічасці спадае з вобраза каханай, і яна набывае канкрэтныя, зямныя рысы. Ужо ў вершы «Гусі-лебедзі ў лугах зялёных» угадваецца канкрэтная незнаёмка «з дальняй стараны», якая прынесла юнаку «цяжкае каханне». Вобраз рэальнай жанчыны выразна адчуваецца ў вершах «Дзіва на Нерлі», «Балада пра Невядомага, Першага», «Прарок Геронім Босх», «Трызненне мужыцкага Брэйгеля», прысвечаных мастацтвазнаўцы Н. М. Молевай. У іх інтымнае пачуццё непасрэдна не раскрываецца, але прыкметна вызначае настраёвасць, каларыт і агульную танальнасць вершаў. Яно робіць надзвычай чуйным успрыманне жыцця ў вершах «Балада пра галубіныя пер’і» і «Архангельскае». Праўда, у першым гэта пачуццё не атрымала дастатковага мастацкага ўвасаблення: сам вобраз галубіных пер’яў набывае запаэтызаваныя рысы.
У вершы «Архангельскае», таксама прысвечаным Н. М. Молевай, праз інтымнае пачуццё выяўляецца ўся істота паэта, яго погляды на жыццё і мастацтва:
Страшна духу пакінуць цела-турму.
І прыгонных актрыс кладуць яму ў ложак,
Каб халодныя ногі грэлі яму.
Хто ім верне мары дзявочыя, светлыя?
Хто ім верне кахання светлага час?
Лепей гвалт, лепей жорсткасць — толькі не гэта,
Не бяссільны, старэчы холад пляча.
………….
Калі рай купляюць людской пакутай,
Хай ён дымам згіне, такі Эдэм.
Ненавіджу цябе, баюся, кахаю,
Як каханую злую, ўсім сэрцам сваім.
І да рук мармуровых чалом прыпадаю,
Любых рук, што пад вертам дрыжаць начным.
Не толькі тэматычна, але і ідэйна-эстэтычнай скіраванасцю гэты верш сугучны «Слуцкім ткачыхам» Максіма Багдановіча. Аднак калі Багдановіч праз сацыяльнае і патрыятычнае з незвычайнай сілай сцвердзіў і прыгожае, гуманістычнае, то ў Караткевіча гэта ўласнае, асабістае («ненавіджу цябе, баюся, кахаю») надало твору меладраматычнае адценне і гэтым самым знізіла яго мастацкую вартасць.
Адзін з раздзелаў кнігі «Мая Іліяда» паэт назваў «Калі памірае каханне». Вершы гучаць элегічна, мінорна:
О каханне маё бясконцае,
Не ўцякай ад мяне, пашкадуй!
За табой, як за светлым сонцам,
Па штодзённай дрыгве іду.
Расстанне з каханай выклікае ў душы юнака пачуцці шкадавання і дакору:
Бедны прывід майго кахання,
Што здушыла разважліва ты.
Лірычны герой прыходзіць да ўсведамлення таго, што «нельга жыць з незгасальным болем», тым не менш да апошніх дзён ён хоча захаваць вось гэта ранейшае ідэальна чыстае і светлае пачуццё, хоць яно і прысутнічае ў душы пякельным і балючым успамінам. На нейкі момант яму раптам здаецца, што можа нешта перамяніцца, каханне зноў вернецца. Але нішто не вяртаецца, у гэтым ёсць нават свая фатальная непазбежнасць:
І раптам ты
Зноў пакахаеш мяне.
Слова праўды маёй, што прынесла канец,
Я хацеў бы забіць, забыць,
Бо жанчыны панствуюць і ў мане,
А мужчыны і ў праўдзе — рабы.
Немагчыма.
Прыкметных абагульненняў дасягае паэт і ў вершы «Фантазія», калі згадвае няшчаснае каханне Дантэ, Петраркі, Катула, Бетховена, Лермантава, Багдановіча:
Тыя, што варты стакрот кахання, —
Тыя не маюць яго на зямлі.
І чамусьці веліч іх творчасці, жыцця і кахання «сотні прыгожых дзяўчат і дам» пачынаюць цаніць толькі пасля іх смерці.
Аднак сапраўднае каханне не памірае, яно застаецца навекі:
Калі памірае каханне… Але каханне не памірае,
Яно вечна застаецца ў грудзях лікуючай тугою слоў,
Безнадзейным болем і непатольнай пяшчотай.
………….
І смерці няма ў кахання.
Чалавек толькі смертны.
Паэтычныя выказванні тут сціслыя і лапідарныя, думка скандэнсаваная, выразная і акрэсленая.
Лірычны герой вершаў Уладзіміра Караткевіча эмацыянальна ўзрушаны, маральны максімаліст, натура інтэлектуальна і духоўна багатая. Калі ён кахае, то шчыра, адкрыта і ўсёй душой, марыць пра каханне вечнае, ідэальнае, незямное. У выніку часта страчваецца гармонія паміж думкай і пачуццём, паміж рэальна існуючым светам і светам ягонай фантазіі. І тады герой пакутуе, шукае выхаду, імкнецца зразумець сэнс усяго, што з ім адбываецца. Рамантычны характар мыслення паэта ўзмацняе драматычнае гучанне многіх вершаў:
О раздіма, мой светач цудоўны, адзіны,
Явар мой, мой агністы снягір на сасне,
Ледзь цябе не забыў я чужою жанчынай,
Што ў душы не хацела і ведаць мяне.
Калі ў вершах зборніка «Вячэрнія ветразі» Караткевіч пісаў пра цяжкае каханне да жанчыны з далёкай стараны, то ў «Маёй Іліядзе» гэты вобраз набывае большую псіхалагічна-эмацыянальную і мастацкую напоўненасць — гаворка ідзе пра прыгожую жанчыну, за якой лірычны герой мог бы пайсці нават у пекла. Часам прыгожая жанчына ацэньваецца негатыўна, асабліва тады, калі параўноўваецца з маці:
І няхай першы камень у вочы мне кіне
Той з мужчын, хто не зможа мяне зразумець,
Той, хто маці сваёй не змяняў на жанчыну —
Залатога пяску на брынклівую медзь.
Пры раскрыцці інтымных пачуццяў і перажыванняў паэт звяртаецца да народнага маральна-этычнага і духоўнага вопыту і дае сваё разуменне многіх падзей і фактаў.
Лірычнаму герою інтымных вершаў паэта часта было крыўдна і балюча ад усведамлення таго, што здарылася. Са здзіўленнем і абурэннем ён думаў пра другога мужчыну, якому аддала перавагу яго каханая:
Што прынёс ён табе ў дом?
………….
Душы родныя дзе? Ўцяклі і яны.
І адна ты ў зброднай глушы,
У мурашніку аднадумцаў дурных,
Дзе ніводнай роднай душы.
Хто яны, што праспалі жыццё і бой,
Людцы гэтыя, гэты гной,
Што калісьці табой гандлявалі і мной,
А сягоння — адною табой?!
………….
Вы… даруйце за подласць жанчыне дурной,
Даруйце…
Як я дараваў.
Пагарджаючы асяроддзем, у якое трапіла каханая, выказваючы шкадаванне да яе, лірычны герой, аднак, не страчвае пяшчоты і душэўнай цеплыні. Eн жыве ўспамінам пра сваё колішняе пачуццё:
Былое маё ажывае,
Што кахаю, кахаю,
Безнадзейна кахаю,
Па-вар’яцку,
Шалёна
Кахаю цябе.
Ідзе па жыцці са сваім болем і трывогай, са сваімі сумненнямі і перажываннямі:
Пэўна, я турму не здолеў тую
Гнеўнаю пагардай скалануць,
Дзе цябе цалуюць, як катуюць,
І ўладарна лашчаць, быццам б’юць.
Хоць вершы ў раздзеле «Калі памірае каханне» і мінорныя па сваім гучанні, але ў іх няма прыгнечанасці і безвыходнасці. Паэт імкнуўся наблізіць сябе да ідэалу, які жыў у ягонай душы, спрабаваў зразумець таямніцу і сутнасць кахання.
Інтымнае пачуццё, якое раней здавалася бедным прывідам яго кахання, становіцца цяпер светлым і чыстым успамінам:
Сумесь Бураціна з Аэлітай,
Зорка незгасальная ў акне,
Сумная, прыгожая, забытая,
Ўвечар ты прыходзіш да мяне.
Паэт высвечваў усё новыя і новыя адценні інтымнага пачуцця. Так, у згаданым ужо раней вершы «Раманс аб расстраляным каханні», дзе адчуваюцца інтанацыі паэзіі Гарсія Лоркі, беларускі паэт у арыгінальнай форме сцвярджае пра незваротнасць страчанага кахання:
Пад апошнімі цьмянымі зорамі
Труп кахання, як труп каханай…
Ах, якое бязмежнае гора!
Якая крывавая рана!
Лірыка паэта напаўнялася шчырым і натуральным пачуццём, якое прыходзіла як усведамленне велічы і прыгажосці жыцця, як радасць адкрыцця новых таямніц уласнай душы:
Закувала зязюля у лесе празрыста-зялёным…
Божа мой! Колькі год яшчэ жыць нам з табою і жыць!
Ранак ціхай вясны! Ранак светлых пяшчотных палонаў!
Ранак вечных спатканняў на роснай і цёплай, пахучай мяжы!
І не будзе канца ні вясне, ні іскрыстай расе, ні каханню,
І спрадвеку, давеку, магутныя, будуць яны
Цараваць над вясенняй зямлёй, над гаямі у цёплым тумане,
Над гаямі, дзе…
Так нечакана прыгасла зязюлі куванне,
Дзе ля касак прабітых міргаюць калматымі веямі сны.
Вобраз ідэальнай жанчыны існаваў у паэзіі Караткевіча як мара, якая не можа збыцца. Страта каханай прыносіла лірычнаму герою глыбокі душэўны боль. Але наступалі хвіліны супакаення, іншымі вачыма ён глядзеў на свет: то ласкава-пяшчотна, то іранічна-весела і гарэзліва:
Наймічку таксама добра каля печкі цалаваць,
Калі лёс не шле царыцы, суджанай навек табе.
Як і на пачатку творчага шляху («Заяц варыць піва»), Караткевіч не адмаўляецца ад умоўна-асацыяныўнай вобразнасці («Кіпарысавыя жарцікі»):
Бяроз няма. Адны кіпарысы:
Быццам хвасты наставілі лісы,
Лісы зялёныя, незвычайныя,
Ў горад зайшлі, такія адчайныя.
І ты са мною зусім як лісіца,
Смех на беленькіх зубках іскрыцца.
Смех такі, што кідае ў дрыжыкі.
Лісіца. Толькі звычайная. Рыжая.
Дурнога ваўка да ільду прымарозіла.
Гэтыя вобразы ідуць ад паэтыкі вуснай народнай творчасці. Зварот да фальклору ўзмацняў у яго паэзіі здаровы народны пачатак ва ўспрыманні жыцця, павялічваў яе выяўленчыя магчымасці.
Пашыралася стылёвая і тэматычная разнастайнасць яго інтымных вершаў. Характэрныя рысы паэтыкі Караткевіча выявіліся і ў вершы «Саперніца», які ў падзагалоўку мае назву «Супакоены ўспамін праз трыццаць год». У ім паэт спрабуе ў філасофскай форме асэнсаваць сутнасць кахання:
Зноў у старасці будзе Таўрыда. Але ў сэрцы спакой скамянее,
І прыпомню без болю словы пяшчотнай і дарагой:
— Што ў цябе часамі, каханы, так вільготна вочы сінеюць?
Ты кагосьці недзе пакінуў? Ты часамі сумуеш па ёй?
Жанчына ў вершы абагаўляецца: «Яна прыгажэй за ўсіх». Паэтычны падтэкст і псіхалагічная значнасць выказанай думкі раскрываюцца далей:
— Што? Памёрла? Ці, можа, здрадзіла?
Не было ў вас мовы агульнай?
— Так, была калісьці маёю, так, не хоча быці маёй.
Вершаваны радок расцягнуты, у выніку чаго ўзнікае магчымасць празаізацыі вершаванай мовы. Але вобразная і сэнсавая напоўненасць паэтычнага слова, дасканаласць інтанацыйнага і сінтаксічнага ладу не парушаюць рытмічнай зладжанасці. Тут узнікаюць нават дадатковыя магчымасці для раскрыцця думак і пачуццяў:
Не хацела дзяліць кахання з другой, з вялікай жанчынай,
Хай сабе ў той час і нялюбай, хай заручонай з другім.
………….
Не вынесла ценю ўспамінаў і начнога дрыжання вей,
Бо да скону жадала мяне, бо, як сонца, мяне кахала,
Бо любоў мая пралівалася —
Хай часамі —
Тугою з вачэй.
У гэтых радках паэт выступае ўнутрана засяроджаным, схільным да роздуму і медытацыі: якімі цяжкімі ні былі б успаміны, але трэба жыць, шукаць і адкрываць новыя радасці ў жыцці.
Лебядзінай песняй і запаветам стаў для Уладзіміра Караткевіча апошні зборнік «Быў. Eсць. Буду». У яго ўвайшлі паэтычныя творы 70-х — першай паловы 80-х годоў, а таксама ранейшага часу, пераважна 60-х гадоў і два вершы «Як Стажары ў небе заззялі» і «Было юнацтва», напісаныя ў канцы 50-х гадоў.
Кніга атрымалася цэласнай і гарманічнай. У ёй, як у кроплі вады, выявіўся ўвесь Караткевіч, крыштальна чысты, даверлівы, адкрыты, захоплены жыццём і адначасова мудры, засяроджаны ў сабе, трагічны і гняўлівы, моцна ўлюбёны ў родную зямлю.
Ва ўступным слове да зборніка Рыгор Барадулін зазначыў: «Ты пісаў як дыхаў. Сваім асабістым прыкладам творцы паказаў узор служэння Радзіме, Народу, Мове». Высока ацанілі яго ў сваіх рэцэнзіях «Між Дняпром і крыкам жураўліным» Янка Сіпакоў («Літаратура і мастацтва», 5 верасня 1986 г.), «І не знікаць паэтам вечна» Вольга Шынкарэнка («Маладосць», 1987, № 7), «Сказанае на развітанне» Яўген Гарадніцкі («Нёман», 1987, № 7), «Кантэкст несмяротнасці» Уладзімір Калеснік («Беларусь», 1987, № 12), іншыя крытыкі.
З паэтычных твораў, якія ўзніклі ў 60-я гады, уключаны ў зборнік паэмы «Плошча Маякоўскага», «Грубае і ласкавае», вершы «Масква — Вечнасць», «Дваццаты век, цень верталёта…», «Рагнарадзі» [яны былі ўведзены ў тэкст рамана «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць»)], вершы «Дэман», «Прарок (Маналог Кастуся з III акта трагедыі „Кастусь Каліноўскі“)», «Шляхі Ігната Буйніцкага», «Амаль хрысціянскі тост за ворагаў», «Мой век», «Разведчык», «Я іду», «Віно дажджоў (Малая паэма)» і іншыя.
Паэзія 70-х гадоў была пададзена такімі творамі, як «Бекеш, або Ода ерасі (Балада 1555 года)», «Глухі геній (Гойя)», «Закувала зязюля ў лесе празрыста-зялёным», «Быў. Eсць. Буду», «Мова», «Кнігі», «Радок зяззбройны і бясспрэчны», «Надпіс на камені над крыніцай», «Паэма пра явар і каліну» і іншымі.
З вершаў, напісаных у апошнія пяць гадоў, былі ўключаны «На Беларусі бог жыве», «Новая Атлантыда», «Раманс пра караля, што пакінуў трон», «Не злабіся на ерэтыкоў», «Беларускае мінулае», «Што такое ёсць справядлівасць», «Армянскія ананімныя прытчы», «Стары певень», «Паэт» і іншыя.
Асобныя з паэтычных твораў зборніка друкаваліся пры жыцці пісьменніка, некаторыя былі змешчаны ў ім упершыню.
Многае з паэтынай спадчыны Караткевіча з’явілася ў друку пасля яго смерці. З вершаў апошніх гадоў гэта «Наследаванне Сыракомлю», «Бог важдаецца з беларускімі прозвішчамі», «Аб існаванні подласці й наветаў», «Бог пайшоў. Жыццё ідзе пад кручу», «Васілю Быкаву».
Паэтычныя творы Уладзіміра Караткевіча сведчаць пра глыбіню яго паэтычнага таленту, пра значнасць яго як асобы і мастака. Дакладна і трапна сваё месца ў беларускай паэзіі вызачыў сам паэт на пачатку 60-х гадоў у наступных радках:
Мінаюць дні. Прыходзіць слава,
А грошай, як раней, няма.
І ходзіць у пальце каравым
Паэтаў мінскіх атаман.
І няхай такое паэтычнае прызнанне з’явілася ў сямейным альбоме ягоных сяброў Валянціна і Галіны Краўцоў, няхай гэты верш вытрыманы ў іранічна-жартаўлівым тоне, але самавызначэнне «паэтаў мінскіх атаман» шмат аб чым гаворыць. У ім не было зазнайства, вылучэння сябе з кагорты цікавых і розных тагачасных беларускіх паэтаў. Было ўсведамленне ўласнай значнасці, разуменне сябе як часцінкі творчага калектыву. Дарэчы, у лісце ад 20 студзеня 1960 года да свайго сябра, вядомага латышскага паэта Ераніма Стулпана, з якім вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве, ён паведамляў, што ў артыкуле пра маладую беларускую паэзію («Крылы для ўзлёту» Алега Лойкі, «Літаратура і мастацтва», 6 студзеня 1960 г. — А. В.) яго «назвалі самым моцным, хто прыйшоў, і ледзь не адзіным», выказаў пажаданне, каб высока былі адзначаны таксама іншыя паэты, што прынесла б яму радасць. Рэцэнзіі пісьменніка на зборнікі вершаў сваіх сяброў па пяру Алеся Наўроцкага, Васіля Зуёнка, Рыгора Барадуліна, Янкі Сіпакова таксама сведчаць пра ягонае захапленне і добразычлівае стаўленне да іх паэзіі.
Моцна і выразна гучала патрыятычная лірыка Караткевіча. Ягоная паэзія — гэта сапраўдны гімн роднай зямлі і яе людзям. Напрыклад, у вершы «На Беларусі бог жыве» ён пісаў:
А няма нідзе
Вярнейшых сяброў
І прыгажэйшых жанчын.
Гэта край раскрытых душ і дзвярэй,
Гэты край — твой дом і сабор…
………….
«На Беларусі бог жыве…» —
І хай сабе жыве.
А калі ён шле на нас кару і гнеў, —
Ну што ж, — мы з ім свае:
Ў вяршыні самых гонкіх дрэў
Маланка з неба б’е.
………….
«На Беларусі бог жыве», —
І няхай давеку жыве.
Паэт усведамляў сябе прадстаўніком канкрэтнай нацыі і адначавова часцінкай сусвету, думаў пра ўласнае месца ў жыцці і пра сутнасць людскога быцця, што добра раскрылася ў наступных радках:
Бог пайшоў. Жыццё ідзе пад кручу.
Але йдзі і не губляй спакой.
Eсць замест прыватнай неўміручасці —
Бессмяротнасць нацыі тваёй.
Ты памрэш. Але ў бязмежным свеце
Будуць працвітаць твой Люд і Край…
Вер, што ў гэтым, вер, што толькі ў гэтым
Шчасце пасмяротнае і рай.
Караткевіч звяртаўся да рамантычнай паэтыкі з яе павышанай экспрэсіўнасцю, напружанасцю дзеяння, яркасцю і кантрастнасцю вобразаў, выкарыстоўваў як сілаба-танічныя, так і вольныя вершаваныя памеры. З гадамі ягоны верш усё больш набываў роздумны, філасофскі характар.
Многія вершы напоўнены развагай аб ролі і прызначэнні паэзіі, адказнасці мастака перад людзьмі. У вершы «Паэт» ён звярнуўся да вобраза бруска, які точыць нажы, шаблі, кінжалы і мячы для бітвы:
Спявае нож у час вайны за волю,
Брусок — у рабства час спявае ён.
Караткевіч увасобіў у сваёй паэзіі думку пра самаахвярнае служэнне радзіме і народу, што выразна раскрылася ў вершы «Разведчык». Паэт гаворыць, што ў варожым стане можа загінуць разведчык і нічога пра яго не даведаюцца сябры, родзічы, блізкія:
Але вечна тваім застанецца
Толькі тое, што ты аддаў.
Але волі няма вышэйшай
За абраную ў гэтым жыцці,
Але долі няма вышэйшай, —
Аднаму на тысячы йсці!
Аднаму — без сотняў дывізій,
Без тысяч сконаў і мук.
Аднаму загінуць, зрабіўшы
Ўсё адзінаю парай рук.
І адзін можа, аказваецца, быць воінам у полі, калі гэта патрэбна дзеля жыцця людзей, волі радзімы, патрыятычнай ідэі. І значным будзе плён такой працы і змагання.
Ягоная паэзія магла быць элегічна-лірычнай, драматычнай і нават трагічнай. Але яна ніколі не была эмпірычнай і халоднай. І гэта паэзія аптымістычная і жыццесцвярджальная. У вершы «Амаль хрысціянскі тост за ворагаў» ён думаў аб тым,
…каб нам сярод родных лясоў
Не вішчаць, не дрыжаць, не крывіць,
Бо ўсе мы тут не з гіен і не з псоў,
Бо мы — сапраўднай крыві.
Паэт адстойваў моцныя, гордыя, свабодалюбівыя, высакародныя і непакорныя характары. У вершы «Мой век» не толькі асэнсоўваў свой час, але і выказваў веру ў Людзей, змагароў са злом і несправядлівасцю, працаўнікоў і творцаў. І з такой веры нараджалася ў паэтавай душы глыбока гуманістычнае перакананне, што «я н ы мяне пахаваюць, лепшыя за мяне».
Натуральным было для Караткевіча таксама наступнае выказванне:
І не знікаць Паэтам вечна,
У вечнай Песні жывучы.
Eн жыў трывогай і неспакоем роднай зямлі. У вершы «Мова» заклікаў шанаваць, любіць і не пакідаць беларускую мову, бо яна дадзена богам, і хто яе забывае, той памірае.
З болем пісаў у вершы «Стары певень» пра тое, што знікае, вымірае вёска, традыцыйная захавальніца народнай душы і нацыянальнага характару. І спеў адзінокага пеўня, у апошняй хаце, дзе жыве «бабулька адным-адна», не падтрымаюць іншыя пеўні, бо «забітая кожная з хат, як труна». «Гэты певень вартуе наш родны край», — сцвярджае паэт. Заканчваецца верш радкамі, дзе аўтар да кожнага і адначасова да ўсіх звяртаецца з запытаннем: «А вы? Ці не ганьба вам?»
Сцвярджэннем уласнай велічы, магутнасці і несмяротнасці, далучанасці да лёсу людскога прасякнуты верш «Быў. Eсць. Буду»:
Быў. Eсць. Буду.
Таму, што заўжды, як пракляты,
Жыву бяздоннай трывогай,
Таму, што сэрца маё распята
За ўсе мільярды двухногіх.
Вышэйшым увасабленнем творцы, на думку Караткевіча, з’яўляецца той, хто
За ўсіх, хто крывёю піша
Ў нязгодзе
З рабства подлай дарогай,
Хто за Край Свой Родны, за ўсе Народы
Паўстане нават на Бога.
Верш вызначаецца тыранаборствам, праметэізмам. Такое прызнанне магло народзіцца ў душы сапраўднага мастака. Ад любові да асобнага чалавека, ад святой любові да роднай зямлі паэт уздымаўся да ўсясветнай любові да ўсяго чалавецтва. І гэта была не дэкларацыя, а глыбока выпакутаваная думка, заснаваная на ўласным жыццёвым і творчым вопыце, які дазволіў у свой час і Адаму Міцкевічу сказаць вуснамі героя з III часткі «Дзядоў», што ён любіць і пакутуе за мільёны людзей.
Паэзія Уладзіміра Караткевіча шматгранная і разнастайная. У вершы «Рагнарадзі», адштурхоўваючыся ад скандынаўскіх паданняў, ён змог дасканала ўвасобіць думку-мару пра ідэальнае і гарманічнае грамадства, сказаць словы, у якіх надзвычай выразна раскрылася сутнасць яго ўласнай постаці:
Я не пляміў ніколі
Рукі бязвіннай крывёю,
Не пляміў маною песню
І словам здрадніцкім — рот.
Маральна-філасофскі роздум паэта пра сэнс людскога існавання, пра сваё месца ў сусвеце раскрыўся ў вершы «Дэман». У даверлівай гутарцы з дэманам, які выступае як ягоны двайнік і міфічны дух, аўтар спрабуе знайсці адказы на тыя балючыя пытанні, якія яго непакояць. У адчаі і роспачы ён звяртаецца да дэмана:
Што ж уратуе жыццё? Ратуй мяне, дружа, або
Вырві з мяне ледзяную самоту ўсяведання,
Дай мне няведанне простых і простых любоў.
Ўсё асляпленне кахання, эльбрусы яго і галгофы,
Люд, што гібее ў агні, сэрца, што гіне ў агні, —
На іх, вазьмі іх сабе разам за гэтымі строфамі,
Што разумеюць усё нічога не могуць змяніць.
Аднак шлях да ісціны цярністы. Eн ідзе праз пакуты, змаганне і любоў. Праз іх можна наблізіцца да ідэалу, зведаць хвіліны духоўнага ачышчэння, адчуць боль і радасць жыцця. Заключныя словы дэмана, таямнічага і добрага духа-выратавальніка, — гэта і словы паэта, звернутыя да самога сябе:
Хлусіш нашто? Ты ж не хочаш збавення, не хочаш.
Лепшаю песняй тваёй стала пакута твая.
Мужна ў цемру глядзі і трызні аб вечнай радзіме,
Трызні аб шары зямным і пакутвай далей і далей,
Пакуль не згасла зямля, паукль чыстае неба ад дыму.
І пакуль гібель твая дрэмле ў нейчым ствале.
У вершы «Бекеш, або Ода ерасі» паэт прамаўляў:
Ерась, вялікая маці ўсіх народаў вялікіх,
Выратуй сына свайго, што не будзе быдлець спакваля.
Такое выказванне было характэрным для Караткевіча, які выступаў супраць панылага прагматызму і дакматыкі, крытыкаваў агульнапрызнаныя ісціны, адстойваў жывы і неспакойны людскі дух, які знаходзіўся ў няспынных пошуках, з’яўляўся рухавіком прагрэсу і абнаўлення:
Не злабіся на ерэтыкоў,
Не цягні ў самое неба выю.
Свет без іх — чародка прасцякоў,
Свет жывы — пакуль яны жывыя.
Ты мудрэц — пакуль мудраць яны.
Eсць яны — няма ў табе падману.
Не гані агнём іх, не кляні,
А малі аб іх уратаванні.
У апошнім зборніку ўвасабленнем паэтавых уяўленняў пра постаці мужныя, свабодалюбівыя, верныя сваім ідэалам і народу сталі Кастусь Каліноўскі, Ігнат Грынявіцкі, Ігнат Буйніцкі. Высокім трагедыйным гучаннем напоўнены радкі верша «Прарок», які ў падзагалоўку названы «Маналог Кастуся з III акта трагедыі «Кастусь Каліноўскі»:
Пакутваць цяжка гневам і журбою,
Ў пустыні марна да пяскоў гукаць
За край, дайно адвучаны ад бою,
Ад мовы, гонару і языка.
Роспач і боль адчуваюцца ў гэтых радках. Але ёсць у іх і аптымістычна-трагедыйны, прарочы змест, увасоблены ў думках героя пра значнасць ягонага подзвігу для наступных пакаленняў:
Што блізкі ён, вялікі ваш пачатак,
Што блізкі ён, вялікі мой канец.
Паэзія Уладзіміра Караткевіча напоўнена драматычным, нават трагедыйным зместам. Але шмат у ёй святла і радасці. Дасканалым гімнам дружбе і жыццю з’яўляецца малая паэма «Віно дажджоў», твор лёгкі, свабодны, іскрысты і разам з тым цэласны і гарманічны.
Да вяршынь гераічнага эпасу ўзняўся паэт у «Паэме пра явар і каліну», дзе выкарыстаў фальклорны сюжэт пра свякроў, якая атруціла нялюбую нявестку, і пра закаханых, якіх не разлучыла нават смерць. Да гэтага сюжэта ён падышоў па-свойму, асэнсаваў яго не толькі ў псіхалагічна-бытавым, але і ў нацыянальна-гераічным плане.
Мужны і смелы беларускі юнак Ян, які ў складзе дружыны гародзенскага князя Давіда пайшоў на крыжакоў, пакахаў паланянку Марыю. І гэта каханне, як у класічных рамантыкаў, выключнае, незвычайнае, вечнае. Яно вышэй за нацыянальную варожасць, даражэй за багацце і нават за само жыццё.
Паэма вызначаецца велічным і зладжаным рытмам. У ёй адчуваецца свабоднае і шырокае дыханне гісторыі, раскрыты яркія і глыбокія характары. Яе можна суаднесці і з творамі сусветнай літаратуры пра Трыстана і Ізольду.
Паэт славіў свой народ, верыў у яго неўміручасць: «Будзе давеку наш мужны і мудры, вялікі народ». Eн жыў радасцямі і трывогамі роднай зямлі. Сутнасць, каштоўнасць і самабытнасць паэзіі Уладзіміра Караткевіча выявілася і тады, калі ён, пераймаючы стыль вядомага верша Уладзіслава Сыракомлі «Ужо птушкі пяюць усюды», напісаў у вершы «Наследаванне Сыракомлю» (1979):
Чэзнеш нівай непалітай,
Усялякі церпіш зброд.
Ці ўваскрэснеш? Ці жывы ты?
Ці забіты, мой народ?
………….
Пройдзе нівамі, лясамі
Бог свабоды залатой.
Калі мы не ўстанем самі —
Не падыме нас ніхто.
Гучаць тут і трывога, і роздум, і глыбокая перакананасць у тым, што мы самі тварцы ўласнай долі.
У сярэдзіне 60-х гадоў нарадзіліся ў яго радкі пра зліццё, пантэістычнае яднанне з прыродай:
Як сканаю — душа застанецца
Ў ззянні кожнай крынічнай слязы,
У аеру, што з ветрам сячэцца,
Ў срэбных хвалях дняпроўскай лазы.
У першай палове 80-х гадоў, разважаючы пра сутнасць быцця, умудроны жыццёвым вопытам, паэт па-філасофску і афарыстычна прамаўляў:
Я імгненне жыву, і памру на імгненне,
І у думцы і ў слове маім аджыву.
Заключным акордам, моцным і выразным, прагучаў апошні верш Уладзіміра Караткевіча, напісаны 19 чэрвеня 1984 года да 60-годдзя Васіля Быкава:
Час стагоддзі, як касой, сцінае,
Веры, царствы, догмы йдуць да ценяў…
Ўсё мінае — Гонар не мінае,
Бо народжаны адным сумленнем.
Калі сонца выб’ецца з туману,
Толькі іх ўспомніць хор народаў,
Воінаў сваіх, святых і зраненых,
Рыцараў сумлення і свабоды.
Гэтыя словы, адрасаваныя Васілю Быкаву, добра выявілі сутнасць творчасці і асобы самога Уладзіміра Караткевіча, які і ў жыцці, і ў літаратуры быў рыцарам сумлення і свабоды. Той жа Васіль Быкаў неўзабаве на пахаванні Уладзіміра Караткевіча ў развітальным слове назваў яго высакародным рыцарам духу.
Паэзія Уладзіміра Караткевіча прасякнута патрыятычным і гуманістычным зместам. Eн часта звяртаўся да свабоднага верша, да нечаканых гіпербалаў, сімвалаў, параўнанняў, смелых, хоць часам і экстравагантных, але цікавых і арыгінальных вобразаў, пазбягаў манатонных і аднастайных рытмаў.
Творча засвоіўшы гісторыю і фальклор, а таксама сусветную культуру, паэт выяўляў характэрныя адзнакі свайго трывожнага і неспакойнага часу, закранаў важныя праблемы сучаснасці. Рамантычна-ўзнёслая, страсная і адначасова інтэлектуальна-філасофская, разважлівая паэзія Уладзіміра Караткевіча прыкметна ўзбагаціла беларускую літаратуру.
- Пушкин А. С. Полн. собр. соч.: В 10 т. Л., 1978. Т. 7. С. 155.
- Быкаў В. Праўдай адзінай. Мн., 1984. С. 131.