Балада аб асуджаных і аб чалавечым «даруй»

Можа, у Даласе, можа, ў Бейруце,
Мо на Марсе, а мо на Зямлі
Праз паклёп, і прэнг, і пакуты
Чалавека ў смерць прывялі.
Чэрап свой заціснуўшы ў рукі,
Ён спасцігнуць не мог галавой
Ўсю нязмернасць жыцця і мукі,
Ўсю нязмернасць смерці сваёй.
Ён не мог зразумець адзінага,
Ён не выціснуў, як ні тужыў,
Разумення апошняй хвіліны,
Разумення апошняй мяжы.
Сам-насам, без думкі аб цудзе
Разлучаўся з сабою ў вяках,
З добрым шчасцем, якога не будзе,
Злом, што будзе дарэмна чакаць,
З незламаным бэзам і горам,
З лепшай думкай, падобнай на стрэл,
З тымі дзецьмі, якіх не створыць,
І з людзьмі, якіх не сустрэў.
З ненапісанымі радкамі,
З таямніцай роднай зямлі,
З прагай неба і, ўрэшце, з рукамі,
Светлым дзівам, што ўсё маглі:
На арэлях дзяўчыну гушкаць,
Біць рыдлёўкай засохлы глей,
Кельму ўзяць або выпусціць птушку,
Чару ўзняць або даць на хлеб.
І раптоўна павязка ўпала,
Вочы ўгледзелі зноў зару.
І раптоўна яму сказалі:
«Мы дарэмна цябе катавалі.
Калі можаш — забудзь і даруй.
Дай сваё дараванне небу,
Што заўсёды бачыў з акна,
І айчыннаму жорсткаму хлебу,
І радзіме нашай,
І нам.
Кінь муры і забудзь аб „гуме“,
Ўсім прабач і ў жыццё ідзі,
І застанься з зямлёю і думай,
З гэтым сонцам
Адзін на адзін».

І ад слоў, як вясёлкай светлай,
Свет размыла і павяло.
О найлепшае сонца ў сусвеце:
Смех вачэй, што бачаць святло!
«Усім дарую. Усім дару я
Даравання лёгкай рукой,
Ўсім праменням, што ў кратах шаруюць
І ў палацы плывуць ракой.
Нават каменю. Нават лёсу,
Аб якім калоцімся мы,
Нават тым няшчасным калоссям,
Што ўзрасцілі хлеб для турмы.
Нават дурню злоснаму, богу,
Што на здзек нас стварыў. І аднак…»
(Можа, ён не сказаў такога,
Але думаў напэўна так.)
…Рак пракляты, што лапамі злымі
Разрастаецца ў плоці жывой,
Калі вы сябе звеце — радзіма, –
Не дарую радзіме такой.
Не дарую ад веку… да веку…
Буду жыць ці не буду жыць.
Чым настрашыце вы чалавека,
Што вярнуўся з апошняй мяжы?
Самай жорсткай павязкай грубай
Не пагасіць ніколі зло
У вачах маіх гонар і любасць
І прыўкраснае сонца святло.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 147 — 149.

Яндекс.Метрика