Балада аб трыццаць першым сярэбраніку

І прадаў ён Хрыста. І яму адвалілі за гэта
Трыццаць срэбных дынараў. А Кайяфа яшчэ падарыў
Трыццаць першы сярэбранік, звонкай і важкай
манетай,
Толькі-толькі адлітай на царскім манетным двары.
Ні за што. Проста так. Падарунак не падарунак, –
А хутчэй ад свайго дабрадушша накінуў на чай
За мужчынскі, суровы і стрыманы той пацалунак,
На які адказаў Пётр-апостал ударам мяча.
Каб у тыя часы ў Іудзеі вадзіліся свінні –
Ўзнагародаю лепшай была б яму іх чарада…
Справа, ясна, не ў тым,
што прадаў ён «гасподняга сына».
Чалавека прадаў ён, паршывец. Жывое прадаў.
Ўсё адно нібы зайца, што, гнаны крывавай пагоняй,
Паратунку шукае ў нагах тваіх, бо не ўцячэ,
Выдаць людзям са стрэльбай,
а тыя рабрынай, далонню, –
За вушамі яго, каб, канаючы, ён завішчэў.
І распяты сканаў. І тады фарысеям і катам
Крыкнуў здраднік: «Крывёю абмылася грэху гара!
Кроў прадаўшы нявінную, што нарабіў я,
пракляты?!»
Бразнуў змаху грашмі, і яны пакаціліся ў гразь.
Пад дажджом ачышчальным — сухі — ён адчуў,
што загінуў,
І вяроўку дастаў, і яе у пякельнай журбе
Завязаў на суку ад агіды дрыжачай асіны,
І ударам нагі шар зямны адштурхнуў ад сябе.
А за трыццаць манет падабраных ганчар-срэбралюбца
Уступіў свой кавалак зямлі без якіхсьці умоў,
Каб зрабіць там сталічныя могілкі для самагубцаў
(На тым месцы цяпер пяць някепскіх даходных дамоў).
Ад далейшай гісторыі пэўна і камень заплача:
Трыццаць першы дынар не знайшлі, хоць шукалі й яго, –
Нейкі мытар яго сярод гною і гразі убачыў
І схаваў ад усіх, неўпрыкмет наступіўшы нагой.
Той дынар быў шчаслівай манетай. І хцівец смярдзючы
З дапамогай яго аграбаў сабе золата, срэбра і медзь,
І разжыўся, і стаў неўміручы. Ну так, неўміручы,
Бо каб вешацца — трэба таксама сумленне займець.
І шпурляў ён каменні ў распятага божага сына,
Кідаў львам хрысціян і дзяўчат-неафітак хвастаў,
А затым, як і ўсе, стаў узорным хрысціянінам
І даносам ды вогнішчам біўся за славу Хрыста.
Больш за рымскага папу шумеў на ўсяленскіx
саборах,
А пасля, ў сарацынскім палоне, бы ўмыўся багном,
Першы крыкнуў «алах!» і наглядчыкам стаў
на галёрах,
І былых аднаверцаў раменным сцябаў бізуном.
З сотняй твараў, як ідал індыйскі, шматрукі, як Брама,
Быў пры тронах і плахах накшталт валачашчага пса.
Адчыняў перад ворагам роднага горада браму,
«Молат ведзьмаў» пісаў і на Бруна даносы пісаў.
Толькі здрадзе не здрадзіў і тым,
хто за здраду заплаціць,
І таму перад кожным мярзотнікам гнуўся дугой
І даносіў на бацьку, даносіў на сына, на маці,
На сяброў, што з-пад выбухаў вынеслі мужна яго.
А паколькі мянціў ён прыгожа, то ўсе, як бараны,
Паўтаралі за кімсьці: «Вось вернае праўдзе плячо!
О, які ён трывалы, які ён перакананы,
Як ваюе за думкі свае ён агнём і мячом!»
Ён нястомна разводзіў хлусні беспардоннай турусы
І паклёп, як гадзюка, сычэў ля парога турмы,
І ніхто не сказаў яму слова старых беларусаў,
Што «прымаем мы здраду, а здрадніка вешаем мы».
Быў фіскалам. Усюды пралазіў і бокам і нізам,
Па гестапах служыў, па засценках, ад стогнаў глухіх,
Па ахранках… А зараз ваюе за "наш гуманізм.
Не здзіўляйцеся, добрыя людзі, бо гэны з такіх.
З дзён пачатку мільёны Сапраўдных ён вырак на мукі.
І жыве. Ўсё жыве. Вось наведвае госцем ваш дом…
Вось сядзіць..Вось ідзе…
Вось бярэ вашых дзетак на рукі…
Пнецца ў неба з трыбун… П’е гарэлку за вашым
сталом.
Але выпадак дай — распаўзецца чумою па свеце,
Закладзе цалаваных сяброў і ўчарашніх багоў…
Дык чаму ж вы тады проста ў вочы яму не плюеце,
Не пінаеце гуртам у подлае рыла яго?!
До ўжо! Сэрца хлусні ў яго вырвіце, людзі, з-за рэбраў.
Разам з джалам схавайце падлюгу ў свінцовай труне,
Адбярыце і знішчыце трыццаць першы пракляты
сярэбранік,
А іначай — няшчасце Зямлі. А іначай — канец.

Упершыню – У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф – у 49-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), с. 9 – 10, з паметай: 20 красавіка 68 г., Брэст.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] – Мн.: Маст. літ., 1987. – С. 142 – 144.