Балада плахі

Кожны дзень гінуць мужнасць і святасць.
Кожны дзень, выпускаючы дых,
Паміраюць хлапчынкі распятыя
І збавіцель не помніць пра іх.
Ў зыркіх ранах, крывавыя, голыя,
Што ні дзень павісаюць яны
На крыжах з бамбука, магноліі
І суровай паўночнай сасны.
Не паспеўшы зрабіцца мужчынамі,
Сустракаюць са зброяй бяду.
Галаву не на грудзі дзяўчынам,
А на слізкую плаху кладуць.
Плацяць катаргай і эшафотамі
За братоў сваіх душу жывую,
Хочуць дыхаць — задушаць гаротаю,
Хочуць думаць — ссякуць галаву.
У чырвонай ад сонца Касціліі,
Ў парнай сельве і ў зорных ільдаx
Кожны дзень яны бураць Басылію:
Чалавечы свой, просты жах..
Але йдуць і за век свой ратуюць,
За дзіцячы след на траве,
За высокую годнасць распятую,
За найменне тваё, Чалавек.
Дзе плаціць яшчэ столькі даводзіцца
За свабоды ўласнай лядо?
О зямля, святая калодніца,
Гора, мужнасці, смерці юдоль!
У былым іх — трушчобы няветлыя,
У сучасным — глухая турма,
І няма для іх раю светлага,
І суда іхнім катам — няма.
Толькі час вам уздасць поўнай мераю.
Але ўсё ж — пакуль прыйдзе той час, –
Калі ёсць на зямлі гэтай вера,
Калі варта жыць — то для вас.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у 49-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), с. 7, з прысвяч. Сяргею Панізніку і паметай: 15 красавіка 68 г., Брэст.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 141.

Яндекс.Метрика