Балада пра сыноў Пітакоса

Арфей сканаў на змярканні,
Аддаўшы песні марам,
А ліру яго лесбіяне
Ўзялі і паклалі ў храм.
У капішчы Пасейдона
Між сонцам і золатам хваль
Паснулі навек між калонамі,
Знямелыя, шчасце і жаль.
Нямыя струны не зналі,
Што іхняй журбы сляза
Тыграў калісь прымушала
Ногі ў песні лізаць.
Што ў свет падземны, агідны
Песню прынёс Арфей
І вытаргнуў душы з Аіда,
Слёзы — з Плутонавых вей.
Што Цэрбер з трыма галовамі
Выраніў шэсць слязін,
Цэрбер, няўмольны, як камень,
Цэрбер, лютасці сын…
Сцякалі па струнах росы —
Слёзы душ, багоў і людзей…
І сын жраца Пітакоса
Прагна на ліру глядзеў.
Бо возьмеш яе — і ад бога
Сам станеш прарок і бог,
І тыгры абліжуць ногі,
І схіліцца свет да ног.
Нібы перад ангельскім клірам,
Галовы схіляюць звяры…
І ўкраў ён з капішча ліру,
І ў лес уцёк на зары.
Нацяўшы срэбныя струны,
Лаўры паклаўшы ля ног,
Пачаў ён плесці карункі
Эпіліяў, од і эклог.
Пачуўшы Арфея ліру,
Прагнучы дзіўнай ігры,
З Атыкі, Спарты, Эпіра
На Лесбас плылі звяры.
Ліліся, схіліўшы галовы
І пашчы схаваўшы ў траве, —
Трагічна зламіўшы бровы,
Граў для іх чалавек.
Ў экстазе хмельным, прарочым
Вяшчаў ён волю багоў,
Спяваў, закаціўшы вочы,
І тыгры… з’елі яго.
……….
Павольна мяняюцца людзі:
Бывае і сёння, што зноў
Сыны Пітакоса судзяць
Арфея слаўных сыноў.
І вы меркавалі, напэўна,
Што крыкам аглушыце свет,
Што вас пакахаюць царэўны
За ваш казліны фальцэт,
Што досыць адняць у нас пер’і,
Каб ахнуў захоплена час,
Што досыць купіць паперу
Таго ж гатунку, што ў нас.
Купляйце… Хопіць чырвонцаў…
Не хопіць — абчысціце храм…
А дзе ж вы купіце сонца,
Што ўсё-ткі належыць нам?
А хто вам падорыць, цвярозым,
Лобныя мукі начэй,
А дзе вы купіце слёзы
З Цэрберавых вачэй?
Прыйдуць адплатай за ўцехі,
За ваш нікчэмны спакой
Звяры забыцця і смеху,
Звяры пагарды людской.
Нашчадкі Арфея, досыць!
Не вам ісці на крадзёж.
Не трэба жрацам зайздросціць.
Вам дрэнна будзе — і ўсё ж
За грозную літасць лёсу,
За змей, што вас абплялі,
За шчасце не быць Пітакосам —
Цалуйце ногі зямлі.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 221 — 223.

Яндекс.Метрика