Чуфут-Кале

Быццам толькі што вось адбылася Галгофа.
Свет трывожна заціх у барвянай імгле,
І зрываюцца ў бездань, у катастрофу
Нашы сэрцы: маё і Чуфут-Кале.
Абрываюцца сэрцы, схілы, тэрасы,
І спакой паўстае чыгуннай сцяной.
Быццам толькі што вось яна адбылася…
Быццам толькі што вось… А над кім — ўсё адно.
Над любым, хто ўзяты сілком ад свабоды,
Хто ўтаптаны атамам ў попел і глей,
Над маім народам, над іншым народам,
Над тваім народам, Чуфут-Кале.
Не зямля, а біблія: скалы, каменні,
Каляіны ў скале і руінаў іржа.
Не хапае толькі авечых ценяў,
Не хапае заранкі, узгорка, крыжа.
Але столькі ва ўсім самоты і гора,
І, ў спакоі забытых, боляў і скрух,
Нібы ў дворыках гэтых, малельнях, пячораx
Ўсё канае і ўмерці не можа дух.
А за мурам шляхі ў безнадзейнасць, ў даліну
І даўно струхлелых павозак сляды…
І ідзе, ўсё ідзе па плато Магдаліна.
Невядома куды.
Ў нікуды.
Ў нікуды.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.34, з паметай: 19 сакавіка 67 г., Ялта.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 207.