Дрэва на Чатырдагу

Васілю Быкаву

Буран над уцёсамі чорнымі
На мёртвых травах іграе,
А ўнізе, а ў прорве — мора…
Без дна, без канца, без краю.
Там жвір пад прыбоем марыць,
Пчолы гудуць закахана,
А тут, дзе маланкі і хмары
І орды вандроўных туманаў,
У пекла прысенні, пад спевы
Хаўтурныя траў з вятрамі —
Расце каравае дрэва,
Абпаленае перунамі.
Стаіць і ў цвіценне верыць —
Адно супраць сцюж і абвалаў, —
Смерць хаваючы ў сэрцы,
Жыццё — ў каранях між скалаў.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 7, с.2, з паметай: сак. — 17 верасня 67 г., Крым — Мінск.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 193.