Фантазія

Знову блукаю па вуліцах сініх.
Сэрца кудысьці мяне завяло.
Шыльда над вокнамі: «Клуб адрынутых».
З вокнаў на снег — скупое святло.
Ноччу ў таемныя гэтыя сховы
З блытанай сеці завулкаў глухіx
Часта прыходзіць Людвіг Бетховен,
Здраджаны дбаннем кабет зямных.
Лермантаў тут. І таго не кахалі,
Хто ж тады варты гэтага больш?
Вось ён сядзіць ля каміна ў зале
І ўспамінае свой першы боль.
Геній, каханне, сэрца свабоднае,
Вершы алмазныя з-пад пяра –
Ўсё прамяняла яна на злодзея,
Слаўнага тым, што каштоўнасці краў.
І не рука, што «Мцыры» стварыла,
А пяцярня, што рубіны ўзяла,
Песціла рукі адзінай і мілай,
Доўгія косы яе распляла…
Грукаюць дзверы, і госці новыя
Йдуць у пакой праз халодны туман:
Дантэ, Петрарка, Катул, Багдановіч…
Столькі гасцей, што й ліку няма.
Проста да зорак халодных упарта
З комінаў выбіваецца дым,
Сумныя цені Джульеты Гвічардзі,
Лоты і Лесбіі рэюць над ім.
Іскры лятуць і лятуць да світання
Ў цемру і снег, як жывыя чмялі.
Тыя, што варты стакрот кахання, –
Тыя не маюць яго на зямлі.
Потым, як пойдуць ў зямлю сырую,
Сотні прыгожых дзяўчат і дам
Статуям іхнім рукі цалуюць,
Быццам лягчэй ад таго касцям.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с. 4 [1964 г.?].
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 166 — 167.