Гурзуф уначы

Скрыпка ціхая ночы. Дрымотная музыка ночы.
Водар мора і кветак. Глухая начная пара.
Аю-даг за чаўнамі рыбацкімі ў моры напружана сочыць

Зыркім вокам адзіным — чырвонаю іскрай кастра.
Што, як ярасна скочыць? Дарэмна. Дрымотаю скоран,
Галаву ён на мяккія лапы здранцвела паклаў.
Чайкі спяць на вадзе, як плаўкі,
у сярэбраных водсветах зорных.

Спіць каханне ў дамах. Спіць прадоння марскога
імгла.
Наздраватыя сходы завулкаў ад дзённай хады
спачываюць,
Крок паэта апошняга зaмер на вулках крывых,
І магноліі кветкі так соладка дураць і так спавіваюць,
Што ні людзям, ні скалам дрымотай не ўзняць галавы.

І лянотна мядзведзь на спакойнае мора усперся
І ў знямозе салодкай, забыўшы пра гнеў і гразу,
Касавурыць адзінае вока на зоры, што ўнізе і ўверсе.
На скупое сузор’е між іх, на сп’янелы і сонны Гурзуф.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.17, з прысвяч. Міколу Аўрамчыку і паметай: май — 15 крас. 68 г., Гурз. — Брэст.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 197, 198.