Імпрэсія

Сніў я сон, быццам нехта пяшчотна мяне крануў.
Чуў я словы пяшчоты, прывабныя, як міражы.
Сон кагосьці здаўна мне вярнуў, пазабытую, але адну,
З цемры згаслыя гукі вярнуў да струны,
ўваскрасіўшы струну.
І яна зазвінела — у явы і сну на мяжы.
І на гэтай мяжы я цябе зберагаў, як агонь трапяткі,
Як хвіліну дрымоты апошнюю мы беражэм
Ад павеваў і пахаў, ад сонца, ад дотыку грубай рукі,
І ад песні дажджу, і ад думкі, што нас сцеражэ.
Бо не ведаў — і ведаў, — што дзень узляціць, як ласо,
І пацягне бакамі мяне па пяску і траве
Да турбот, да жыцця, да шумлівых яго галасоў,
Да згрызот, забыцця, да імклівых дарог і лясоў,
Да ўсяго, што навекі цябе ад мяне адарве,
І ўпадзеш ты у змрок, як сляза, як згасаючы дзень,
І навекі ты ў цёмных, бяспамятных згінеш вякаx
Ў міг апошні дрымоты, як толькі наяве ўпадзе
Не на грудзі твае, а на ложа пустое рука.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 172, 173.

Яндекс.Метрика