Я чакаў цябе тысячы год

Я чакаў цябе тысячы год,
І ўрэшце прыйшла ты, прыйшла…
А ў вачах тваіх — холад і лёд,
А сэрца тваё — скала.
Неласкавая ты са мной,
Як зімовага мора валы,
Як пілы скал пада мной
І як снег на схілах Яйлы.
І калі я цалую цябе —
Так сціскаеш ты гожы свой рот,
Быццам я катую цябе,
Быццам я — канец і сыход.
Растаплю я твае снягі,
А іначай — лёс, як свінец,
Сконы радасці і тугі,
І канец. Сапраўды… канец.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.25, з паметай: 22 сакавіка 67 г., Ялта.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 201, 202.