Калі агорне цемра неба

Калі агорне цемра неба
І я зямны пакіну дом,
Я стану каменем ці хлебам,
Травой ці срэбным матылём.
Травой — каб ты ў сваім уборы
Прайшла па мне да добрых сёл,
А матылём — для ночы гора,
Калі жывых няма вакол.
А хлебам жоўтым, як жывіца,
Каб быць табе як мірны дар,
А каменем, каб адкаціцца
З дарог…
Ад ног тваіх…
У яр.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз.дк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 7, с.78, з паметай: 5 крас. 65 г., Шагол.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 185, 186.