Каложа

Дануце Бічэль

Каложа, туга мая светлая!..
Ў чорны Нёман па чорным шкле
Сіняй кропляй спадае ракета,
Быццам зорка ў ціхі Бетлем.
Ў вокны цёмныя заглядае,
Ззяннем бледным шукае кутка,
Дзе хваіна ў грубцы страляе,
Дзе ў жанчыны дзіцё на руках.
Глянь, абраная. Гэта не ў Нёман,
Не ў цямноцце, не ў сон, не ў драмy —
Ў веліч падае зорка бяздомная,
Ў снег і ў сэрца сыну твайму.
І ў няпэўным хвілінным блакіце,
Ўся адзіная, ўся са святла,
З небам, з Нёманам, з зямлёю злітая,
З сэрцам нашым — Каложа ўзрасла.
Трохі ў зелень, як пер’е качынае,
Трохі ў бэз і трохі ў гранат,
Уся — крышталь невыказна сіні,
Ўся — як край наш, як сон, як вясна.
Ўскінь далоні тонкія ўгору,
Сыну неба акрэслі шлях,
Каб навекі адбіліся зоры
У тваіх і дзіцячых вачах,
Каб ніколі перуны чужынныя
Не асмеліліся скасіць
Ні цябе, ні Каложы,
дзяўчыны
З ніў і пушчаў Беларусі.
І калі ўзнясе вас над светамі —
Прыгадайце ў вечным святле,
Як самотная зорка — ракета
Ціха падала ў цёмны Бетлем.

Упершыню — «Беларусь», 1967, № 2.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 226, 227.