Легкаважная песенька, якую я спяваў, ідучы да каханай цераз хрыбет Мангугай

Паветра п’янае, бы Цынандалі.
Крочу я проста ў дзень,
І рытм па скалах чаканяць сандалі,
І кунгасы спяць на вадзе.

Успудзіў кайру. Яна наракае,
Што іду без дарог,
І языкамі капуста марская
Ліжа сцежку ля самых ног.

На вуснах свіст, як матыль, трапеча.
Доўгі шлях. За гарой гара.
І ў моры рыфаў магутныя свечы
Ў сонцы раннім гараць.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.11, з паметай: 4 (7?) верасня 65 г., Уладзівасток.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 192.