Маўзалей Джаніке-ханум

Маці хана і жонка хана,
Кветка шчасця, пагоншчыца зла,
Я была бязмерна каханай
І бязмерна грознай была.
Паўтаралі імя маё крыкам
Нават кінутыя са скал.
Я жаданай была і вялікай,
Як вада Алаха ў пясках.
Я рабыняй была і законам,
І абраным дарыў зару
Невымоўны рай майго ўлоння
І пяшчота вуснаў і рук.
І анёл мне ў дзверы пастукаў.
І спакой. Да сканчэння год.
Дзе яны, мае цёплыя рукі?
Дзе падданыя? Племя? Род?
Белы камень мёртвых кварталаў,
Раз на месяц — казіны крок,
Сон муроў, кенасы і скалы,
Раніц сінь, барва дня, ночы змрок.
Над бяздоннем пячоры-магілы
Сотні вокнаў глядзяць у прастор,
І ламае час свае крылы
Ля магільні на мёртвым плато.
Мела час падумаць пра гэта…
Што такое багацця гной,
Ўлада ўся, ўсё золата свету
Перад простай людской цеплынёй.
Што такое нянавісць у сэрцы,
Кроў, падкопы, людзі-багі
Перад простай ісцінай смерці,
Перад вечнай спякотай магіл?!
Непатрэбная чэрапу ўлада,
Непатрэбнае золата тло.
І ніхто не скажа: «Ты — радасць».
І не крыкне ў адчаі: «ты — зло!»
Толькі зрэдку, ў начную спякоту,
У асенні чарнільны сум
Чую з прорвы словы пяшчоты:
«Джаніке! Джаніке-Ханум!»
Ціхі кліч у мёртвых кварталах,
Цень імя, што ў далёкіх вякаx
Трапятанне і страсць выклікала.
Больш нічога…
Як мала…
Алах…

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 7, с.14, з паметай: красавік — 5 жніўня, Чуфут-Кале — Мінск [1967 г.?].
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 208, 209.

Яндекс.Метрика