Мора гранітныя хвалі

Мора гранітныя хвалі,
Ад ветру чырвоныя людзі,
І ты, што мяне кахала
І болей кахаць не будзеш.
Даўнія вежы суровыя
З сухім палыном і ўзлётам,
Сатканыя з нашай любові,
Са скалаў, тугі і журботы.
Якая бязглуздая сіла
Якім акрываўленым раннем
Грані ў іх разбурыла
Разам з нашым каханнем?
А я застаюся, як з богам,
Навекі, навекі закуты
Ў твае пяшчотныя ногі,
Ў гняздо маё, месу, пакуту.
І я ўспамінаю, як кляты,
Скалы колеру перца,
Вуснаў тваіх гранаты,
Сэрца біццё пад сэрцам,
На скуры кропляў каралі,
Ад сонца медныя грудзі…
Кахала мяне ты, кахала…
Не будзеш, не будзеш, не будзеш.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.26, з паметай: 27 сакавіка 67 г., Ялта.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 202.