Нявесце Каліноўскага

Недзе поруч ляжалі дарогі,
Кліч кахання ляцеў ад ніў,
Але ён не кахаў нікога,
Бо занадта радзіму любіў.
Варты лепшага ў свеце кахання,
Рана скончыўшы мужны палёт,
Русы хлопец золкім світаннем
На высокі ўзышоў эшафот.
Плач людскі барабаны крыюць,
І ад пошчаку глухне зямля.
На высокую гордую шыю
Успаўзае змяёю пятля.
З плачам жоравы пралятаюць.
Курганы і магільны жвір,
Непалітая ніва святая,
Плач жанчын, эшафот і Сібір.
Нікні гожаю галавою,
Па нязнанай страце ўздыхай.
Дарагая, ты стала ўдавою,
Не пабачыўшы жаніха.
Вашы кветкі ў лугах завялі,
Месяц марна згарэў над ракой,
Ты чакала яго, а стала
І нявестай і жонкай чужой.
І чамусьці ў сэрцы, як рану,
Я нясу твой нязбытны лёс,
Не даруючы ўсім тыранам
Непралітых табою слёз.

Упершыню пад назвай «Нявесце Кастуся Каліноўскага» — «Полымя», 1961, № 5.
Чарнавы аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 5.VІІ.60, Орша.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 234.