О каханне маё бясконцае

О каханне маё бясконцае,
Не ўцякай ад мяне, пашкадуй!
За табой, як за светлым сонцам,
Па штодзённай дрыгве іду.

Чарада нада мной жураўліная,
Пада мною — балот віры.
Журавінамі, журавінамі
Кроў мая на куп’і гарыць.

На шляху толькі чорная лотаць,
А за мной, ад маёй крыві,
Утрапёна квітнеюць балоты
Смолкай песень, пярэснай любві.

Кроў сплывае. Няма спакою.
І калі ўпаду нежывы,
Красаванне кветак жывое
Застанецца на месцы дрыгвы.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 7, с. 50, з паметай: 28.ІV.61.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 164.

Яндекс.Метрика