О вясна! Таполі! Свеце мілы!

О вясна! Таполі! Свеце мілы!
Сонца німб! Аблокі! Сад! Рака!
Залатая падаплёка крылаў
Маладога звонкага шпака!
Вечар зацяпліў бярозак свечы.
Я адзін. Ты не памёрла, не.
Мой забыты, мой апошні светач,
Ты ў чужым акне, а не ў труне.
Як магла застацца ты ў кайданах?
Як магла адмовіцца пайсці
Да палян, дзе месяц закаханы
Песні «сноў» блакітныя ўзрасціў?
Пэўна, я турму не здолеў тую
Гнеўнаю пагардай скалануць,
Дзе цябе цалуюць, як катуюць,
І ўладарна лашчаць, быццам б’юць.
Вей тваіх, плячэй тваіх пахілыx
Болей не кране мая рука…
Над сусветам залатыя крылы
Маладога звонкага шпака.
Клічуць лебедзі ў начы вясенняй,
Кідаючы поўдзень салаўям,
І разліў шырокі, і натхненне,
Як любоў забытая мая.
І няма ў душы маёй праклёнаў,
І няма на веях цяжкіх слёз…
Заставайся ў клетцы залачонай —
Ты сама абрала гэты лёс.
Над кахання нашага магілай,
Што загубіцца ў былых вяках,
Залатая падаплёка крылаў
Маладога звонкага шпака.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 8 мая 62, Рагачоў.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 177.