Падмогі!

Хай заб’юся — не збочу з дарогі.
Аб граніт падковы звіняць.
На ўнамёт распластаныя ногі
Пена падае з храпы каня.
З не майго, з непатрэбнага раю
Ў родны край, дзе змагаўся, дзе быў,
Я імчуся, бо там адбіраюць
Ўсё святое, што знаў і любіў.
Цераз бурыя гораў цясніны,
Дзе ваўчыныя крочаць агні, —
На палынны стэп, на раўніну,
Дзе вось-вось закрычыць цягнік.
Загалосіць, заплача ў трывозе,
Пабяжыць да забытых дубоў,
Бо цябе ў белы свет завозяць.
Бо сказалі: забыў я любоў.
О, не вер! Хай агонь не згасае!
Азары ім дарогу мячу!
Я з табой! Ты мой боль! Я кахаю!
Меч са мной! Я скачу. Я скачу,
Ўспамінаючы песню былога,
Як песню сённяшніх дзён:
«Каханне на ложку ў другога…
Рві жылы, мой белы конь».

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 7, с.3, з паметай: май — 4 ліпеня 67 г.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 216, 217.

Яндекс.Метрика