Песня колаў

І
Кожны раз, як дамоў ад’язджаю,
Еду я міма дома твайго…
Ноч, як лёс, дамам пагражае
Цёмнай злівай, слатой, тугой.
Ў небе іскры ўзлятаюць, як слёзы,
І, калі мой цягнік закрычыць,
Застаешся ты з ноччу і з лёсам
На чужым, непатрэбным плячы.

ІІ
Прасціны твае, бы ў калючай асве,
Клубіцца скупы цыгарэтны дым…
А я табе прапаноўваў свет,
Цэлы свет у сэрцы маім.
Вольны вецер і песні палян… палян…
Неба ў маю… Неба ў маю…
Кахання майго акіян… акіян…
Сонца і душу… Душу маю…
Мне — як табе, пустэчу хапаць.
У начах маіх золь і драма.
І ёсць дзесяткі, з кім можна спаць,
Прасыпацца — ніводнай няма.
І знічкаю падае сэрца ў палі
І ў агні згарае на тло:
Прынцэсы былі, царыцы былі,-
Папялушкі адной не было.
Хутары сумней у палях і сумней…
Спускаюся ў цемру, нібы вадалаз…
Прадала, прадала, прадала ты мяне,
Прадала, галавой аддала.
На спакой змяняла крылаў страду,
Катула — на месікаслоў,
На смецце — гордае золата дум,
На даброты — музыку слоў.

ІІІ
А ён не даў табе і таго…
Лёс аднолькава нас адзначаў,
Але Муж — не той, хто не знаў батагоў,
А той, хто пад імі маўчаў.
Па валах, што туды і сюды бягуць,
Ён імя, як ветразь, насіў.
Вучыў, перавучваў, як чосу дадуць,
Зноў вучыў, даравання прасіў.
У Каносу бег за сабачай гайнёй,
Без шапкі стаяў ля брам,
Каяўся перад кожнай свіннёй,
Плакаўся ў корчмах сябрам.
Заклаў радзіму, Еўропу, род,
Вучняў, шэфаў, Дэга, Курбе,
Мастацтва, сяброў, Пікаса, народ
І цябе… Ты чуеш? Цябе.
Багаццем якім ён цябе напыліў?
Што прынёс ён табе у дом?
Дзе імя, у якое ніхто на зямлі
Не насмеліцца кінуць багном?
Душы родныя дзе? Ўцяклі і яны.
І адна ты ў зброднай глушы,
У мурашніку аднадумцаў дурных,
Дзе ніводнай роднай душы.
Хто яны, што праспалі жыццё і бой,
Людцы гэтыя, гэты гной,
Што калісьці табой гандлявалі і мной,
А сягоння — адною табой?!
Ад шчаўчка пігмея лятуць тарчма,
Паўзуны, бяскрылае зло,
Накіп людская, свінушнік, карчма,
Эстэцкіх гадзін кубло.
Што ж цяпер за здраду будзе з табой?
Не магу і ўявіць сабе,
Як ён хрупне пад Этнай пагарды людской,
Твой слабенькі, танюткі хрыбет.
І ў імя таго, што на цвердзі зямной
Кветкі ёсць, і любоў, і трава, —
Вы… даруйце за подласць жанчыне дурной,
Даруйце…
Як я дараваў.

ІV
Колаў стук. І надзея. І горыч.
І ў начы гэтай золкай, глухой
Ты не спіш з маім ворагам поруч,
Як не сплю я з цемрай сваёй.
Ад вачэй тваіх бедных і прагныx
Да маіх спакойных вачэй
Повязь цягнецца, цягнецца, цягнецца
Ўсё танчэй, танчэй і танчэй.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 170 — 172.