Пры смерці

Ложак — краіна мая,
Калыска, труна і дом…
Як далёкі сцюдзёны маяк,
Сонца мёртвае за акном.
І няма да яго выйсця.
Промні — нажы, прасціны — глыжы.
Мне — чатыры… І роўна палову жыцця –
На грані жыццё дрыжыць.
Я памёр бы,
Знаёмы з апошняй тугой
Раней, чым з песняй бароў…
Замест слёз з вачэй і замест усяго
Па кроплі точыцца кроў.
Не заслоніць мяне ад тых, што прыйшлі,
Маіх салдацікаў раць,
На хвалістых прасцінах мае караблі
У кільватэр бяссіла стаяць.
З гор каленяў маіх упадуць яны
За ложак, за край зямлі…
Іншыя, чорныя караблі
Чорныя ветразі ўгору ўзнялі,
Па мяне прыйшлі, прыплылі…
Не будзе з джунгляў гарачы Ганг
Несці ў мора хваль шумаўё,
Не будзе кідацца акіян
На фарштэвень шхуны маёй.
Ніколі азёраў смелая сінь
Не папросіцца мне ў радкі,
Ніколі не будзе мне Белай Русі,
Невядомай, адзінай Белай Русі,
Бароў і Дняпра-ракі.
Ложак — мая краіна
Разам са мною памрэ…
Ніколі, ніколі не будзе дэльфінаў
У сініх абшарах марэй…
Нібы з нежылога дому,
Што стыне сярод магіл,
Нейкія незнаёмыя
Ідуць паўз мяне ў снягі.
Ідуць з пакінутай сонцам зямлі,
Ад ільдоў — на другія палі,
Ідуць на белыя караблі,
Што барвяныя ветразі ў небе ўзнялі,
Па іх прыйшлі, прыплылі.
З Грэнландыі, стынучай сярод снягоў.
Паплывуць да ф’ёрдаў сваіх,
Да новых творцаў, да новых «багоў»,
Што некалі вылепяць іх.
Кастусь ідзе і нясе на плячы
Пяшчоту сваю і боль,
Ракута бязгучна звоніць у шчыт,
Бязгучна смяецца цыганскі кароль.
Нямыя, ідуць яны ў нейкі край,
У чырвоны марозны дым,
І схіляюць галовы ў апошнім «бывай»,
І знікаюць адзін за адным…
Дубее, дранцвее без гукаў дом.
Ў хаце прысмерак, сіні туман…
І сцюдзёны, барвяны пажар за акном,
А за ім — нічога няма.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 146, 147.