Раманс Марылі

Сонца паліць над шатамі парку,
Ў вочы людзям дзідамі б’е,
Людзі-кветкі нясуць на каркаx
Пчол назойлівых — думы свае.
Кветкі сінія, вогненна-чорныя,
Хмель хістаецца ўгору і ўніз,
Ружы алай нешта гаворыць
Самаўпэўнена — тонкі нарцыс.
Сярод гэтага кветніка п’янага
(Мо было ўжо такое калісь?)
Ты праходзіш адна ля фантана,
Найпрасцейшая кветка зямлі.
Нібы ціхая сумная музыка,
Ты праходзіш з пакорай сваёй,
Адуванчык на ярасным лузе,
Кветка з жоўтаю галавой.
І з фантана, раскрыліўшы крылы,
Праз вясёлак халодны звон
Усімі рэшткамі бронзавай сілы
Лебедзь рвецца табе наўздагон.
Марна рвецца, бо ў звоне і граі,
У мільёнах вясёлкавых слёз
Хлопчык лебедзю шыю сціскае,
Як адвечны няўмольны лёс.
І гляджу я змрочна на тое,
Як, абернуты ў шумнай вадзе,
Цень Міцкевіча нада мною
Лебядзіную песню вядзе.

Упершыню пад назвай «Маленне да бога рэк» — «Полымя», 1966, № 10.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 187, 188.