Шчасце

Не хачу старым упівацца,
Не жадаю гібець у сне.
Сёння выпаў, як кветкі акацыі,
Сакавіцкі апошні снег.

Ён крычыць пад нагамі ад шчасця,
Ён спявае аб новых днях,
І драты, як марскія снасці,
Знову здатныя ветразь узняць.

Ноч ідзе са мною да рання,
Каб сустрэць пацалункам яго —
Новы дзень мой, маё світанне,
Новы прывід шчасця майго.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 179, 180.

Яндекс.Метрика