Скарына пакідае радзіму

Ў сялянскіх крывулях-хатаx
Зноў сушылі кару.
Знову конік пузаты
Месіць нагамі бруд.
У доктарскай шапцы дзіўнай –
Адзінай на гэтай зямлі –
Коннік мокне пад ліўнем,
Што зноў як з сіта паліў.
Выгнанне. Выгнанне. Выгнанне.
Па волі зямных багоў
Спалілі браты-хрысціяне
Кнігі пра бога свайго.
З адчаем упартым, пахмурым
Людзі ў жорсткіх баяx
За цемру сваю і дурасць
Знішчаюць друзі свая,
Зрабілі з Сіная малпоўню,
Й не хочуць бачыць яны,
Што справу іхнюю кроўную
Хаўтурна адплачуць званы.
Яны не даждуць, што Скарына
Зямлю сваю пракляне:
Страціў не я Афіны,
Хутчэй Афіны — мяне.
І горш за пакуты крывавыя,
Што будуць думаць рабы,
Нібыта ў шчасці і славе
Я разам з моцнымі быў.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф пад назвай «Скарына» — у лісце да Янкі Брыля ад 30.03.1959 (з Масквы); аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с. 3, з прысвяч. Вячаславу Рагойшу [1966 г.?].
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 163.

Яндекс.Метрика