Ўсё, што было, і ўсё, што часам сніцца

Міхасю Стральцову

Ўсё, што было, і ўсё, што часам сніцца,
Забуду ў лесе, дзе як той капёж,
Як споры дожджык, аблятае гліца,
І шум яе парывісты, як дождж.

Зноў бранзавеюць шышкі на ялінах,
Зноў восень на бярэзніках ляжыць…
Сястра мая бяздольная, асіна,
Апошняю лістотай не дрыжы.

Лістоты мала, але трэба верыць
Ў жыццё, ў каханне і ў вясны піры,
Пачуўшы нават мерны гук сякеры
У пасівелым восеньскім бары.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 219.