Усходнія песні

І
Нібы ў дождж, што смагу скал і пяскоў
Разам з сонцам змог напаіць, —
Расцвітаюць чорныя ружы саскоў
Пад дажджом пацалункаў шалёных маіх,
Пад сонцам вуснаў маіх.
Ты не будзеш, не будзеш давеку маёй,
Прынамсі, на гэтай смяглай зямлі…
Але ж сведкаю неба…
Ружы цвілі…
Але сведкай алах,
што ружы цвілі…

Боль і горыч мой: ружы цвілі… цвілі…
Чорныя ружы цвілі.

ІІ
І сонца,
І дзень,
І паўночны цень,
І раніца ў сумнай журбе…
Гады сплываюць,
І дні лятуць,
А я ўсё шукаю цябе.
Без каня і асла,
Без глытка вады
Я іду па міжгор’ях сухіx
І часам цалую твае сляды
І зноўку губляю іх.
Дзе тая крыніца, каля якой
Пераседзела поўдня пажар,
Дзе той горны дуб,
Што лістотай сваёй
Зацяняў ад сонца твой твар?
Што мне дзюба грыфа,
Джала змяі,
Аднарога смяротны рог?!
Я ў барса спытаю,
Сцежкай якой
Можна ўпасці да любых ног.
Не знікай!
Злітуйся!
Над зямлёй
Таеш ты, як над сакляй дым.
І ўсё ж каханне са мной, са мной,
Як Яйла, Чатырдаг і мора — са мной
І ўсё ж каханне са мной…
У сэрцы маім.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.39 — 40 [1967 г.?].
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 211, 212.