Вадаспад Учан-су

Як страшная з нябёс пагрозных кара…
Як звоны срэбных крылаў у агні…
Як быццам сотні, тысячы Ікараў
З пачатку дзён… З зеніту… Аб граніт.
Якая веліч, сіла і… журбота!
Як добра, ўзняўшы дымны, зорны смерч,
Ў імгненне найвышэйшага узлёту
У лікаванні раптпм стрэнуць смерць.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.14, з прысвяч. Пімену Панчанку і паметай: сакавік — 5 кастрычніка, Крым — Мінск [1968 г.?].
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 196.