Здратаваныя магілы

Петрасу Антэасу

Там, дзе Лесбас у пенных карунках прыбою,
Я адчула цябе і на свет нарадзіла.
Вёсны скрыпкай спявалі, а зімы — трубою.
Дзе ж цяпер ты, мой любы, мой добры, мой мілы?
Ты не вер дактарам. Мне не цяжка прыйшлося.
Проста ўзяў мяне вечар, празрысты і сіні.
За труною людзей — нібы ў полі калоссяў,
Лесбас мора вянкоў надаслаў у Афіны.
Мне не цяжка. Мне іншае горка, мой родны,
Што цябе ўладары ліхалецця і ночы,
Баючыся за «Грэцыі роднай свабоду»,
Не пусцілі сюды, каб закрыў ты мне вочы.
Хто ж з іх горшы, мой сыне? Язычнікі злыя
Ці рупліўцы аб славе Хрыстовай і сіле?
На Галгофу калісьці пусцілі Марыю,
А цябе — на магілу маю не пусцілі.
Праз абшары марэй, праз світанні і ночы
Я кажу са сваёй здратаванай магілы:
Ты не плач, маё сонца, мой любы сыночак,
Мой далёкі, мой блізкі, мой бедны, мой мілы.
Я прывыкла да вечных з табой развітанняў,
Войны, турмы, падполле і Грамаса скалы,
Немцы, ўласныя каты і англічане, –
Ўсё жыццё я чакала, бясконца чакала.
Што было мне да вашых сутычак і зброі?
Проста я не хацела знішчэння і смерці,
І маланкі над Грамасам білі не ў хвоі,
Не ў сыноў, а ў маё набалелае сэрца.
Нехта чорную здраду між намі пасеяў,
І пайшлі вы з радзімы ў выгнанне, ў выгнанне.
З доўгай, цяжкай, паўночнай тваёй Адысеі
Я чакала цябе, як чакаюць світання.
І канец. І людскія маўклівыя гурмы.
Толькі ў сэрцы маім не згасае трывога.
Хай праклён на вас, межы, хай праклён на вас, турмы,
Хай праклён на вас, ворагі людства і бога.
Без сыноў, без надзеі, без шчасця, без мая,
Не схіліўшы да скону жаночыя плечы,
Маці-Грэцыя ў муках маіх памірае,
Маці-Грэцыя, маці сыноў чалавечых.
Па зямлі прапаўзаюць гадзюкамі межы
І дапытваюць кожную былку і камень.
На зямлі руднікі, і турэмныя вежы,
І капцы мацярок, што спавіты дратамі.
…Іскра ў цемры згасала. І тут мне здалося:
Ты ішоў да мяне з дабрынёй і адвагай.
На чале тваім — церні, ў далонях — калоссі,
За спіною — бясконцыя гордыя сцягі.
Я люблю, я хачу цябе бачыць, я маці.
Але ўсё ж, пакуль гора зямлі не ў магіле –
Ты не смей, ты са мною не смей сустракацца,
Мой далёкі, мой смелы, мой добры, мой мілы.

Упершыню — «Маладосць», 1963, № 5.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 139, 140.