Любоўная лірыка Ў.Караткевіча — Аркадзь Русецкі

Даследчыкі паэтычнай творчасці У. Караткевіча часцей за ўсё засяроджваюць сваю ўвагу на такіх тэматычных накірунках, як асэнсаванне паэтам гістарычнага мінулага Беларусі, спасціжэнне вытокаў гераізму і самаадданасці беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, яго інтэрнацыянальных якасцей, праблем сучаснага жыцця беларусаў. І менш увагі надаецца скразной, на наш погляд, усёабдымнай тэме — каханню.

Пошуку падыходаў да спасціжэння сутнасці, праяў гэтага пачуцця У. Караткевіч прысвяціў шмат радкоў у сваіх паэтычных творах. У паэмах, баладах, прысвячэннях, вершах каханне паўстае перад чытачом як шматпланавая духоўная якасць, у якой, як у фокусе, перасякаюцца процілегласці біялагічнага і духоўнага, асабістага і грамадскага, інтымнага і агульназначнага. У. Караткевіч знаходзіў свае падыходы да паэтычнага выяўлення кахання юначага і бацькоўскага, пастаяннага і выпадковага, нарэшце, кахання да любімай жанчыны, кахання, якое, на думку паэта, з’яўляецца пэўнай мерай чалавечага ў чалавеку. Майстэрства паэта, неардынарнасць і глыбіня яго выхадаў на, здавалася б, звычайныя жыццёвыя і маральныя сітуацыі — а менавіта ў іх і аснова, і сэнс, і вырашэнне самых звычайных і самых вострых любоўных калізій — даюць поўнае права на выдзяленне любоўнай тэматыкі ў якасці аднаго з важных тэматычных кірункаў паэзіі У. Караткевіча.

Калі заходзіць размова пра любоўную лірыку таго або іншага аўтара, можна пачуць самыя супярэчлівыя выказванні. Адны адназначна сцвярджаюць: «Ну што можна выказаць новага пра каханне? Пра яго і так напісана шмат!» Другія гэтак жа катэгарычна пярэчаць: «Пісаць трэба зноў і зноў, таму што пра каханне напісана мала». Як ні парадаксальна, але і тыя, і другія маюць рацыю. Так, пра каханне напісана многа і пра каханне напісана мала. Многа, таму што сучаснаму чытачу прапануюцца сотні, тысячы, дзесяткі тысяч узнёслых хвалюючых радкоў, прысвечаных гэтаму цудоўнаму пачуццю. А мала, таму што пачуццё кахання такое ж невычэрпнае, як і само жыццё. І колькі б пра яго ні пісалі — заўсёды будзе мала, таму што яго складанасць, яго лірызм, драматызм, часта нават трагізм ніколі не могуць быць вычарпаны да дна. І кожнае новае пакаленне аўтараў імкнецца па-свойму асэнсаваць, па-свойму выказаць мастацкімі сродкамі гэтае пачуццё, унесці свой уклад у шматвяковую сусветную літаратурную традыцыю. Леў Талстой неяк зазначыў: «…Калі колькі галоў, столькі розумаў, то столькі сэрцаў, столькі родаў кахання».

Шматпланавай паўстае перад чытачом любоўная лірыка У. Караткевіча. З аднаго боку, яна неадрыўная ад усіх іншых тэм, што знайшлі адлюстраванне ў творчасці паэта. З другога, каханне само, па сутнасці, з’яўляецца імем самога жыцця. У цэнтры паэтавага разумення кахання, як самага свабоднага, незалежнага і непрадбачанага выяўлення глыбіні чалавечай асобы, стаіць чалавек, яго душа, яго сэрца, яго пачуцці, яго адносіны да жанчыны — сяброўкі, маці, каханай. А што сам Уладзімір, якім ён быў у падобных сітуацыях? «Ён умеў быць такім абаяльным, — адзначае А. Васілевіч, — што жанчыны, сустрэўшыся з ім і адпіўшы з келіха яго чараў, няхай сабе толькі маленькі глыток, непрыкметна самі рабіліся чараўніцамі. І, думаю, гублялі галаву не так ужо і рэдка. („Яка чудова, яна чарівна людына!“ — чуецца мне здалёку даўні ўсплёск жаночага захаплення, пра якое сам Караткевіч напэўна нават і не здагадваўся)».

І аб адносінах да маці (у той жа А. Васілевіч): «Я бачыла, як стаяў ён і пачціва падтрымліваў (у трамваі) сваю высакародную ў цёмным адзенні маці, калі праводзіў на вакзал у дарогу. «Гэта мая мама», — наколькі дазваляла трамвайная таўхатнеча, з гонарам пазнаёміў ён мяне з тою, якая ўзводзіла яго па ўласнай радаслоўнай лініі ці не да беларускіх «інсургентаў».

Каханне ў паэзіі У. Караткевіча — гэта не вузкаэгаістычнае пачуццё, скіраванае на самаўдасканаленне асобы, вырашэнне яе асабістых інтарэсаў. Яно праяўляе сацыяльна-маральную актыўнасць асобы і ідэалізацыю любімага чалавека, адноснае самазабыццё і бескарыслівасць, валодае ўсёачышчальнай сілай, фарміруе духоўнае ў чалавеку, далучае яго да самага ўзвышанага ў свеце.

У творах У. Караткевіча лунае любоў да жыцця, да сонца, да маці, да каханага і каханай. Каханне выступае як адмаўленне зла і станаўленне гарманічных адносін паміж людзьмі.

У адной са сваіх апошніх паэм «Грубае і ласкавае» У. Караткевіч так сцвярджае гэту думку:

…Ёсць яно,
Але ёсць каханне, -
І люблю я больш
Зямлю і людзей.
Больш ні ў чым на зямлі мне няма патрэбы:
Толькі б шчасця болей яе сынам,
Больш любві, пяшчоты, сумленнага хлеба,
Менш хлусні, менш свінцу, менш агню палям.
Толькі б хлопцы былі да дзяўчат, як ветрык,
А дзяўчаты да хлопцаў, як сонца, былі.

Караткевічаўскае разуменне кахання дзесьці збліжаецца з той характарыстыкай, якую даў яму вядомы нямецкі філосаф Гегель: «Сапраўдная сутнасць кахання заключаецца ў тым, каб адмовіцца ад асэнсавання самога сябе, запамятаць сябе ў другім Я і, аднак, у гэтым жа знікненні і забыцці ўпершыню знайсці самога сябе і валодаць самім сабой».

Ужо ў першым зборніку «Матчына душа» У. Караткевіч выходзіць на разуменне кахання як пачуцця, якое не існуе само па сабе, як раз і назаўсёды дадзенае чалавечай асобе для задавальнення яе індывідуалістычных намераў і інтарэсаў. Пачуццё кахання ставіцца паэтам у залежнасць ад успрымання жыцця, пазітыўных маральных якасцей асобы. Незалежна ад таго, на якім узроўні разглядаецца гэта праблема. Ці то праз асабістыя ўражанні паэта аб сваіх юначых гадах, праз юначае каханне (верш «Размова з Кіева-Пячэрскім сланом»), ці праз раскрыццё кахання як самаахвяравання ў імя жыцця любімага чалавека («Партызанская балада»), ці ў глыбокім па змесце паэтычным вершы-апавяданні аб каханні двух пажылых людзей — жанчыны і мужчыны, якія, згубіўшы ў агні Вялікай Айчыннай вайны сваіх блізкіх, засталіся жыць у адзіноце (верш «Жаданы госць»).

Нешматслоўнымі з’яўляюцца сустрэчы Яе і Яго ў вершы «Жаданы госць». Звычайныя прывітанні («Добрага ранку, ўдава-гаспадыня…»), звычайныя словы («Дзень які добры…»), звычайныя сустрэчы вяскоўцаў-суседзяў. Але якая глыбіня, якая напоўненасць пачуццямі гэтых кароткіх дыялогаў. Вось словы Яго: «…Ранак быў цяжкі. Стамілася, мусіць? А выглядаеш, як сліва ў расе. Добраю б жонкай была ты камусьці…» і Яе адказ: «Дзякуй на слове». — «Я… пайду пакрысе (І, 35).

Глыбіня сапраўдных пачуццяў і іх прыхаванасць… Так, яны непадзельныя. Пра свае пачуцці людзі не крычаць на вуліцы, не афішыруюць іх нават сярод знаёмых і блізкіх сяброў. Часта бывае так, што доўга даводзіцца чакаць хвіліны, каб выказаць запаветныя словы прызнання ў каханні. У сваім вершы У. Караткевіч не піша, колькі мінула вечароў, пакуль не настаў той, калі Ён нарэшце наважыўся на прызнанне:

Што ж ты сядзіш без святла, гаспадыня?
Пэўна, стамілася? Дзень даўгі…
Ведаеш… восень — цяжкая штука,
Але ж бывае і цёплай яна.
Калі трымаеш жончыны рукі -
Сэрцам адчуеш: зноўку вясна.
Што ж ты такое зрабіла са мною,
Што ад цябе мне дарогі няма,
Што на душы мне так неспакойна,
Што ў галаве маёй нейкі туман.
Снег замятае шляхі-дарогі.
Любая. Што ж ты? Не трэба, не плач…
Падае,
Падае на падлогу
З рук гаспадыні чорны рагач.
(І, 35 — 36)

Стрыманасць, з якой паэт апісвае каханне пажылых людзей у вершы «Жаданы госць», уступае месца павышанай эмацыянальнасці, узнёсласці, нават рамантычнасці ў вершы «Размова з Кіева-Пячэрскім сланом». Лірычны герой верша ў тым юначым узросце, калі ў памяці застаецца ўсё — і дотык «каханых рук», і месца кожнай сустрэчы, і прагулкі па начным Кіеве.

Трэба быць такім шчаслівым у сваім каханні, каб убачыць, упамятаць,

…Як кацілася знічка з нябёс.
Я такога не бачыў яшчэ на вяку,
Я не бачыў такога ў жыцці:
Затуліла павекі, працягнула руку
І сказала: «Ляці ж! Ляці!»
(І, 50 — 51)

У народзе кажуць, што калі ў час палёту знічкі задумаць якое-небудзь жаданне, то яно абавязкова спраўдзіцца. Героі верша не карыстаюцца гэтай народнай згадкай. Але кожны з іх у гэты час думае пра сваё, запаветнае. І калі юнак, бачачы знічку, упэўнены ва ўзаемнасці кахання, то для яго сяброўкі палёт знічкі — гэта сустрэча ў думках з тым чалавекам, каго яна кахае па-сапраўднаму.

Я быў вельмі дурны і не зразумеў,
Што за зорку чакала яна.
І прыйшла чарга невясёлым дням,
Паміж намі стала сцяна,
І не верыў ніхто, і не верыў я сам,
Што чакала зорку яна.
(І, 51)

Так, у каханні неаддзельныя адно ад аднаго радасць і смутак, шчасце і расчараванне, стрыманасць і павага. Індывідуалізм і эгаізм тут заўсёды церпяць паражэнне. Перажывае няўдачу свайго кахання і наш лірычны герой: кожны можа і павінен адчуць наканаваныя яму радасці і беды. Ён вытрымаў жыццёвы экзамен на вернасць пачуцця, на шчасце. І вось доўгачаканы ліст, а разам з ім і новая надзея — каханне жанчыны прымірае мужчыну з самім сабой, робіць яго больш разважлівым, моцным:

У сэрцы зноўку парасткі даўніх надзей
Пад вясеннім ветрам пяюць.
Можа, зоры ляцяць сапраўды да людзей?
Можа, я спаймаю сваю?
(І, 51)

Аказваецца, злавіць гэтую зорку не так проста. Ідуць гады, а герой У. Караткевіча ўсё яшчэ на раздарожжы. Вось радкі з верша «Засуш» са зборніка «Вячэрнія ветразі»:

Што рабіць, калі сэрца дурное цябе ўспамінае
І ляціць да цябе праз ляснога пажарышча дым?
Я ж не ведаю нават, кахаеш або не кахаеш,
Помніш часам мяне ці адразу забыла зусім.
Але жыць не магу без цябе, як засмяглыя травы,
Па якіх сухавеі начамі і днямі ідуць…
Я зрываю рамонак, што вырас з ускраю раллі,
І гадаю з трывогаю:
будзе кахаць ці не будзе?
(І, 78 — 79)

Як не можа пасля доўгай засухі прырода дачакацца жыццядайных кропляў дажджу, так стомленая душа і сэрца з нецярпеннем чакаюць адказу на каханне, абуджэння пачуццяў, напоўненых узнёсласцю, пяшчотай, чысцінёй. Заключныя радкі верша «Засуш» — гэта ўзнёсла-рамантычны гімн юнацкаму каханню:

О каханая, ты, што вясеннія дорыш світанні,
Ты — пачатак жыцця, што ніколі не будзе канцом,
Не забі мяне градам, дай вільгаць, жыццё і каханне,
Дай мне славіць цябе пад сярэбраным цёплым
дажджом.
Дай сустрэць цябе ротам раскрытым, грудзьмі
і рукамі,
Дай мне вечнае шчасце: над вымытай злівай травой
Зліцца ў крыку любові з пакутнымі тымі палямі,
Што чакаюць цябе, што загінуць без ласкі тваёй.
(І, 79)

Надзея… Гэты стан чалавечай псіхікі, чалавечай душы бадай што часцей за іншыя спадарожнічае каханню. Вось і ў вершы «За старым, закінутым млынам…» герой жыве надзеяй на хуткую сустрэчу з каханай: «Ты прыходзь, далёкая, любая, ты развей усмешкай тугу. Пакладзі мне далонь на губы. Не магу без цябе. Не магу» (І, 75).

Свайго лірычнага героя па шляху пошукаў шчасця, радасці, кахання У. Караткевіч праводзіць праз усю паэтычную творчасць. Праўда, у залежнасці ад абставін герой будзе і чараўніком, і арганаўтам, і салдатам Вялікай Айчыннай вайны, і негрыцянскім правадыром, і Невядомым, Першым. У вершы «Лясная казка» знаходзіць сваё каханне — дачку ляснога аб’ездчыка Алёну — прыгожы чараўнік Ян.

«У дрымотнай глушы лясной не ведаў я аднаго: сцежкі да хаты тваёй, сцежкі да сэрца твайго. Дай мне сваю далонь. Не трэба стаяць, пайшлі. Вядзі на мірны агонь…» (І, 71).

Свае апошнія словы адрасуе каханай астранаўт, з якім у час палёту на Месяц адбылася трагічная катастрофа:

Слухайце, слухайце, слухайце.
Мяне раздушыла скала.
…Забудзь пра мяне, каханая, забудзь,
што калісь я быў,
Прымірыся з Зямлёй без мяне,
прымірыся з холадам ніў.
Усе жанчыны на свеце — ты,
ўсе мужчыны на свеце — я.
Для цябе, для цябе адной подых мой і пагібель мая.
(«Балада аб арганаўтах». І, 85)

Таксама захавала сваё каханне Яна, пакуль Ён знаходзіўся ў міжпланетным падарожжы, ляцеў дамоў «з далёкіх зорных светаў»:

…І мы вось так маглі
Глытаць салёны вецер акіяна,
Ў шумлівых пушчах раскладаць касцёр,
Ў садах малочных сустракаць світанак
Ўсе дваццаць год, што ты ляцеў да зор.
І ўсё ж мне добра, што тугу і старасць
Пакінула сабе, як лепшы дар.
Я ганарылася табою ў марах,
Адважны мой, каханы мой Ікар…
(«Трагедыі не знікнуць пры Камуне…». І, 67)

У паэтычнай творчасці У. Караткевіча каханне не толькі лірычнае, інтымнае пачуццё, якое існуе як нейкая аб’ектыўная дадзенасць, раз і назаўсёды адрасаваная людзям. У розных абставінах яно напаўняецца адметнымі, своеасаблівымі адценнямі, нюансамі, характарыстыкамі. Яно лірычнае і драматычнае, узнёслае і трагічнае, звычайнае, зямное і рамантызаванае. Каханне для паэта — гэта не толькі шчасце і радасць надзей, якія збываюцца. Гэта і барацьба за само яго існаванне, за права свабодных людзей на каханне. Гэта таксама і ўменне перажыць няўдачы, здраду, прадажніцтва. Гэта, нарэшце, памяць пра тых, хто ўжо ніколі не зможа ні пакахаць, ні стаць каханым.

Бадай што, найбольш поўна такое дыялектычнае разуменне кахання і любові чытач знаходзіць у паэме «Слова пра чалавечнасць». На долю галоўнага героя паэмы вучонага Рыгора Чаховіча — іранічнага дзівака з невядомай краіны — выпадае «поўны букет» жыццёвых калізій. З аднаго боку, шчасцем для Рыгора з’яўляецца каханне да прыгажуні Ганны і захапленне, адданасць даследніцкай працы вучонага-гісторыка і лінгвіста:

…Раскапаўшы пяць-шэсць курганоў,
Ён вяртаўся з работы, як негр, загарэлы,
Адчуваў, што здароўе вяртаецца зноў.
Ён хапаў сваю жонку рукамі грубымі,
Называў каханай і дарагой,
Цалаваў яе ў надзьмутыя губы,
Бо яна злавалася на яго.
(І, 99)

З другога боку, неразуменне Рыгоравай адданасці каханню і любімай справе той жа Ганнай, эгаізм і саманадзейнасць якой прыводзяць да распаду сям’і, драматычнага разрыву паміж Ганнай і Рыгорам. З аднаго боку, сцвярджэнне Рыгорам Чаховічам ваяўнічага гуманізму (а значыць, і неабходнасці ўмення пастаяць за сваё шчасце, за сваё каханне), з другога, нейкая незразумелая абыякавасць да звестак пра тое, што яго жонка «Ганна Львоўна зноўку замуж выходзіць і што ў мужа дзве крамы і рысакі». Нават тады, калі Рыгор атрымаў ад жонкі такі ліст: «Ты жыццё мне зламаў, ты разбіў мае мары, ты мяне ашукаў. Пражыві адзін» (І, 102). Праўда, калі Ганна з маленькай дачкой зноў застаецца адна, пакінуўшы мужа — яна не прыйшлася даспадобы свайму палюбоўніку, — Рыгор Чаховіч становіцца больш рашучым. Ён праяўляе клопат аб жонцы, дасылае ёй грошы, спадзяецца, што ўсё ўсталюецца: «Ён чакаў. А гады над ім праляталі. Ён чакаў» (І, 104).

Але… час рабіў сваю справу — забывалася каханне, забывалася прыгожая Ганна — «год самотны за годам павольна канаў. У трыццаць восьмым жонка раптоўна памерла… А дачку сваякі кудысьці забралі. Людзі ў вёсцы не ведалі нават куды» (І, 105).

З аднаго боку, на пачатку фашысцкай навалы «непротивление злу насилия» — «…людзі сцерпяць, адбудуюць калісьці свой светлы дом…», з другога, нечаканая рашучасць, калі размова ідзе аб выратаванні чалавечых жыццяў. Вось дыялог Чаховіча з Невядомым:

Невядомы
А калі вы зможаце?
Чаховіч
(адвярнуўшыся)
Сёння. Зараз.
Пакажу я вам сноба… паршыўцы вы.
(І, 112)

І стары выратоўвае чатырох асуджаных на смерць падпольшчыкаў, вывеўшы іх з падзямелля праз аднаму яму вядомы патаемны ход (як потым аказалася, сярод уратаваных была яго дачка Марына).

Гэтак жа рашуча паводзіць сябе Рыгор Чаховіч і на допыце ў нямецкага афіцэра, калі яго арыштавалі па падазрэнні ў выратаванні вязняў. Прычым мужнасць яго паводзін становіцца яшчэ больш асэнсаванай, калі ад афіцэра вучоны даведваецца, што выратаваная ім дзяўчына — гэта менавіта яго дачка Марына. Цвёрда ўпэўніўшыся, што дачка выратавана, ён вырашае расквітацца са здраднікам Лучко: «За жыццё Лучка, за адзіную кулю заплачу вам сумленна хоць сотняй людзей» (І, 128). Немцы згаджаюцца на прапанову старога, не падазраючы пра яго сапраўдны намер.

…І тут пераможа смеласць.
І Чаховіч кінуўся ўбок, як кажан.
Афіцэра збіў проста ў цёмны калодзеж
І адзіным, з апошняй сілы, скачком
Скокнуў некуды ў цемру, насустрач свабодзе
Нечакана моцным пруткім рыўком.
(І, 129 — 130)

Выбраўся з падзямелля Рыгор Чаховіч. Дапоўз да сваіх. Ачуняў на руках… дачкі Марыны: «Сэрца радасцю поўніцца. Ён не адзін», ён «не той, што раней». Але не вытрымлівае такіх перагрузак сэрца старога вучонага. Партызанскі доктар заключае: «Стан вельмі трывожыць. Надта слабае сэрца. Зусім не лячыў. Дарагая, яно і адмовіць можа, можа, нават зараз, сёння ўначы» (І, 132).

Паэт свядома паказвае цяжкія, трагічныя абставіны, у якіх завяршаецца жыццё вучонага. І падаюцца яны, на наш погляд, не толькі для таго, каб узняць патрыятычны пафас фінальнай часткі паэмы, раскрыць драматызм усенароднай барацьбы з ворагам. Уся складанасць асабістага жыцця Рыгора Чаховіча, драматызм і трагізм гістарычных падзей яшчэ больш рэльефна адцяняюць жыццёвасць кахання, якому не падуладны час, прастора, асабістыя лёсы, грамадскія падзеі і з’явы. Таму зусім зразумелым з’яўляецца наступны зварот паміраючага Рыгора да Юрася, абранніка Марыны:

Ты кахай, ты любі яе, сынку мой любы,
Бо жанчыны варты кахання (выдзелена аўтарам. — А.Р.), павер.
(І, 134)

Цяпер зробім экскурс у больш аддаленую ад сучаснасці эпоху сярэднявечча, якая ў многіх выпадках давала багаты матэрыял для твораў У. Караткевіча. У далёкай мінуўшчыне знайшліся адметныя жыццёвыя сітуацыі і для пашырэння гарызонту любоўнай лірыкі. Зазначым, аднак, што маральна-філасофская сутнасць гэтых твораў не абмяжоўваецца тым далёкім часам. Калізіі кахання сцвярджаюць жыццёвасць і вечнасць такіх яго характарыстык, як адданасць, вернасць, бескарыснасць, беззапаветнасць. Менавіта такімі якасцямі валодаюць кароль, «што аддаў за каханне свой трон» («Раманс пра караля, што пакінуў трон»), ратнік Ян з войска Давіда Гарадзенскага («Паэма пра явар і каліну»), закаханы таўр («Раманс аб расстраляным каханні»), паўстанец Ваўкалака («Балада пра паўстанца Ваўкалаку»), беларуска Марыся («Балада пра развітанне»), Кастусь Каліноўскі (адзіны паэтычны твор якога «Марыська, чарнаброва галубка, мая»).

Вось «Паэма пра явар і каліну». Выпраўляючы свайго сына на вайну супраць крыжакоў, маці кажа яму:

— Ян!
Запомні!
Немцы
І прусы…
…У няроўным баі яны мову душылі.
У няроўным баі твайго бацьку забілі
І зямлю спалілі тваю.
І прусы -
Няхай пад прымусам…
(Кляты, рабскі народ!)
Зрабілі табе,
беларусу,
Найгоршую з горшых шкод.
Яны спалілі Айчыну.
І ты з імі тое ж зрабі.
Дзіця…
Старога…
Жанчыну…
Дань не бяры…
Забі!!!
(І, 302)

Войска Давіда Гарадзенскага разбіла крыжакоў. Адзін з ратнікаў Ян — а гэта быў той хлопец, якому маці давала такі жорсткі наказ, — прабіўся праз варожы строй, «магістра зваліў з каня …зламіў таму быдлу шыю». Вялікі Давід хоча ўзнагародзіць Яна: «Прасі чаго можаш!.. То прасі хоць свет у мяне…» Здавалася б, «свет» ад князя Давіда і матчын наказ даюць магчымасць маладому чалавеку займець для сябе і багацце, і паланянак, і становішча. Але… (Каб чытач адчуў неадназначнасць становішча маладога ратніка, зробім своеасаблівы дыялог.)

Янка. Княжа… Мне паланянку…
Марыю…
Яна… пакахала мяне.
Князь. Хочаш — золата колькі важыш?
Ці бурштынаў,
каб аж скамянець?
Янка. Княжа… Мне паланянку…
Марыю…
Яна… пакахала мяне.
Князь. Хлопча!!! Аб’еўся блёкату!?!
Немец з прусам кроў нашу п’е…
Яна пруска! Балтка! Рабыня!
Янка. Княжа, я кахаю яе.
А над дыялогам увесь час вісіць для Янкі
суровы матчын наказ.
Маці. Пруска!!! Яны пад прымусам
(Кляты, рабскі народ!)
Зрабілі нам, беларусам,
Найгоршыя з горшых шкод.
І няхай яны знікнуць знічкаю…
Князь. Д-добра, бяры яе ў жонкі, -
Усё ж паправа для нашых ніў…
Бяры, калі так кахаеш…
Толькі вось што…
Хочаш не хочаш,
А матцы дашлі ганца.
Бо яшчэ прыпасе табе вілы,
Бо яшчэ глядзіш — і канец!..
(І, 303 — 304)

І маці, ні на хвіліну не задумваючыся аб тым, што для лёсу яе сына значыць абраная ім пруская дзяўчына, што, мабыць, гэта тое адзінае, што надасць яму шчасце, вырашае атруціць будучую нявестку…

— Піце на хмель і на руту,
Піце, дзеці мае.
(Падае Марыі атруту,
Яму — віно падае.)
(І, 305)

Здаецца, легенда. Здаецца, так не магло быць. Але кніга жыцця кожнай сваёй старонкай надае новыя і новыя павароты ў вырашэнні праблемы: каханне — маці і сын, маці і дачка, маці і абранніца ці абраннік. Хто ж у такой сітуацыі правы? Маці? Таму, што яна маці, і таму ўсё павінна адбывацца так, як вырашае яна. Сын? Таму, што для яго сэнс жыцця яшчэ і ў тым, што апроч маці ў яго жыцці ёсць месца і для каханай. Што галоўнае, што важней, што пераважае? Сляпая мацярынская любоў да дзяцей ці пачуцці дзяцей да сваіх абраннікаў? Мяркую, сваім творам У. Караткевіч адназначна выказаўся наконт гэтай праблемы:

Проста каню пад ногі
Сын вылівае віно.
— Марыя! Віно, і світанне,
І апошні смяротны ўздых,
І шчасце адно, і каханне.
Пі палову майго кахання.
Астатняе я…
Каханне.
І сонца адно нам, Каханне,
І Зямля адна на дваіх.
(І, 305)

«Ледзь паспелі схапіць яго слугі, калі ён валіўся з каня». І ўсё гэта на вачах у маці. Яна бачыла ўсё… І ў свядомасці адна за другой як бы пракручваліся няпісаныя карціны здзекаў, пакут і нягод ад крыжакоў і прусаў («…Забыўся, ануча, пад чыёй рукою ляглі бацька, друзі, браты, таварышы на праклятай, на спаленай гэтай зямлі»). Страшныя відовішчы памяці… А яна яшчэ больш трагічная — пераможны, вялікі дзень і разам з ім… апошняе матчына паражэнне: двое мёртвых, яе сын і яго каханая пруска Марыя. З болем прамовіла маці:

— Што ж, людзі,
Гэта лёс.
Падрыхтуйце ім дом
Ля царквы.
Дзеля Яна -
пад правым.
Дзеля дзеўкі -
пад левым крылом.
(І, 305 — 306)

Сляпая мацярынская любоў (а ў «Паэме пра явар і каліну», нават трагічная) да дзяцей — гэта яшчэ не заўсёды іх шчасце. Нават больш, яна вельмі часта (на жаль, і ў сённяшні час) з’яўляецца прычынай канфліктаў, разладаў, незадаволенасці ў сям’і. Зразумела гэта і маці Яна. У сваім пазасмяротным успаміне яна сцвярджае:

— Пэўна, дзесь мае дзеці
У вялікім каханні жылі.
(І, 306)

Вера ў сілу кахання надае чалавеку ўстойлівасць і ўпэўненасць у яго адносінах да сучаснага супярэчлівага свету. І дрэнна яму бывае, калі такой веры няма ці каханне пакідае яго. Які тады душэўны стан у чалавека? Што ў яго ў сэрцы, што ў думках? Якія пачуцці адольваюць яго?

На наш погляд, адказ на гэтыя пытанні чытач знаходзіць у лірычным цыкле «Калі памірае каханне…». На долю лірычнага героя тут вызначана ўсё, што перажываюць закаханыя — ад летуценных мараў аб хуткай сустрэчы сваёй адзінай і суджанай да расставанняў і глыбокіх псіхалагічных перажыванняў у драматычных сітуацыях разладу з каханнем. Як, напрыклад, у вершы «Я іду лугавою дарогай…»:

Глуха так, так цяжка і дрэнна
Мне ніколі яшчэ не было.
Ўсё было: пацалункі світаннем,
Над ракою туман залаты,
Бедны прывід майго кахання,
Што здушыла разважліва ты.
Сэрцам ведаю: так не трэба.
І ніколі халодны разлік
Не заменіць дарогі пад небам,
На якім ледзяны маладзік.
(І, 165)

Але якія б цяжкасці ні даводзілася пераадольваць герою ў сваім каханні, ён не губляе аптымістычнага настрою, не паддаецца разгубленасці, адчаю. Ён можа дапусціць, што паміраюць дрэвы, жывёлы, гарады, нават планеты, — усё адыходзіць у небыццё. Чалавек таксама смяротны. Не памірае толькі каханне. Яно вечнае. «Яно вечна застаецца ў грудзях лікуючай тугою слоў, безнадзейным болем і непатольнай пяшчотай…» Адно сэрца помніць яго, і жывое, і мёртвае… Жывое — «аб пушыстым снезе бясконца яно ўспамінае, аб слядах на снезе, аб любых заснежаных веях, аб журботнай усмешцы і аб горкіх, апошніх, бязважкіх пацалунках у вочы, запясці і вуснаў ражкі…». Мёртвае — «аб тым, чаго не было і не будзе болей ніколі: аб агні ачага, аб неадчэпных цёплых дзіцячых далонях, аб жаданні пакласці жыццё за яе і з успоратым горлам прыпаўзці і падохнуць ля ног, уратаваных табой» (І, 169).

Хоць у вершы «Калі паміраюць…» — а менавіта аб ім ідзе размова — цесна знітаваны рэальнасць з алегорыяй, галоўная думка паэта акрэслена зусім выразна: сэрца кожнага асобнага чалавека і памяць, але ўжо не толькі яго аднаго, але і чалавецтва з’яўляюцца захавальнікамі кахання, перадаючы нашчадкам усю складанасць і супярэчлівасць яго існавання і развіцця, выказаных па-свойму ў кожным выпадку, у кожным чалавеку, у кожную канкрэтную гістарычную эпоху. І ўжо незалежна ад таго, што чакала Чалавека — неразуменне і непрыняцце яго кахання, пагарда ці нават страшны боскі або людскі суд. Фантазіяй паэта створаны «Клуб адрынутых» у вершы «Фантазія», клуб, у які У. Караткевічам уключаны Людвіг Бетховен, Міхаіл Лермантаў, Дантэ, Петрарка, Катул, Багдановіч, «столькі гасцей, што й ліку няма». І ўсе яны «здраджаны дбаннем кабет зямных». Вось, напрыклад, Лермантаў:

…І таго не кахалі,
Хто ж тады варты гэтага больш?
…Геній, каханне, сэрца свабоднае,
Вершы алмазныя з-пад пяра -
Ўсё прамяняла яна на злодзея,
Слаўнага тым, што каштоўнасці краў.
І не рука, што «Мцыры» стварыла,
А пяцярня, што рубіны ўзяла,
Песціла рукі адзінай і мілай,
Доўгія косы яе распляла…
(І, 166)

Цяжка не пагадзіцца з простымі па сваёй форме, але глыбокімі па маральна-філасофскай напоўненасці, заключнымі радкамі верша:

Тыя, што варты стакрот кахання, -
Тыя не маюць яго на зямлі.
Потым, як пойдуць ў зямлю сырую,
Сотні прыгожых дзяўчат і дам
Статуям іхнім рукі цалуюць,
Быццам лягчэй ад таго касцям.
(І, 167)

І ў гісторыі, і ў сучаснасці герой У. Караткевіча праяўляе ў каханні цярпімасць, высокую маральнасць, чалавекалюбства. Нават тады, калі размова ідзе аб здрадзе і прадажнасці. Кожнаму з нас цяжка быць адрынутым у каханні. Тым больш балюча чалавеку паэтычнай натуры, абвострана ўспрымаючаму такія маральныя сітуацыі. Горыччу пранізаны думкі мастака з верша «Песня колаў»: «Прадала, прадала, прадала ты мяне, прадала , галавой аддала. На спакой змяняла крылаў страду… на смецце — гордае золата дум, на даброты — музыку слоў» (І, 171). Горыччу не толькі за сваё няўдалае каханне, але і за лёс той адзінай, якая адхінула яго: «Што ж цяпер за здраду будзе з табой? Не магу і ўявіць сабе…» І ўсё ж… Усё ж верх бярэ чалавечнасць. Нават у такім прыгнечаным духоўным стане перамагаюць не эмоцыі, а розум. Мастак вырашае:

І ў імя таго, што на цвердзі зямной
Кветкі ёсць, і любоў, і трава, -
Вы… даруйце за подласць жанчыне дурной.
Даруйце…
Як я дараваў.
(І, 172)

Трэба ўмець валодаць сваімі пачуццямі, сцвярджае У. Караткевіч. Не нервавацца, не бегчы, зламаўшы галаву, за кожнай новай абранніцай, а даць магчымасць сэрцу супакоіцца, прайсці выпрабаванне часам. Менавіта час з’яўляецца для закаханых і лекарам, і лепшым дарадчыкам.

Нешта такое адбываецца і з лірычным героем цыкла «Калі памірае каханне…». Пройдзе зусім няшмат часу, і новы духоўны стан авалодвае ім…

Былое маё ажывае,
Што кахаю, кахаю,
Безнадзейна кахаю,
Па-вар’яцку,
Шалёна
Кахаю цябе.
(І, 175 — 176)

Ён зноў адчувае, што «да болю, да болю хочацца жыць, хочацца жыць, хочацца жыць».

Боль шчаслівы сэрца маё звязаў,
Лёгка жыць было на зямлі.
(ІІІ, 139)

Герой стаў паэтам, дастойна жыў, пісаў творы.

І ён пакахаў, як на гэтай зямлі
Не кожны ўмее кахаць.
І была яна хай далёка не першая,
І сонца агонь яе залаціў.
Многа вершаў, дурацкіх вершаў
Добрай гэтай паэт прысвяціў.
(ІІІ, 143 — 144)

Ужо не юначы максімалізм, а разважлівасць і жыццёвая мудрасць выступаюць яго дарадчыкамі. Здавалася б, да шчасця заставалася зусім нямнога. Але… Не ўлічыў паэт адну акалічнасць (а менавіта яна стане рухаючай сілай драматычнага фіналу) — тое, што яго каханне не атрымала ўзаемнага разумення. Як і ў ранейшых выпадках, асабістая закаханасць ператвараецца ў эгаістычнае каханне, у мерку адносін праз свае асабістыя інтарэсы. Таму зусім заканамерным для такога кахання становіцца наступны фінал: «Калі-небудзь заходзьце дамоў да мяне…» Глыбокі роздум: дзе, што было прычынай? Чаму раней ён быў такі сляпы? «Бегчы, бегчы трэба было, бегчы прэч ад яе. Як я мог не заўважыць, што пралеска другому цвіце? Як я мог не заўважыць пярсцёнка на тонкай руцэ? Як я мог не заўважыць, што розны нам шлях у жыцці? Як я мог не заўважыць? Не заўважыў!!! Плаці!!!» І вось яна — плата… Адзінота… Гэта жудасна. Быць з людзьмі, сярод людзей, а адчуваць сябе адзінокім. Тым больш што думкі, думкі-здрадніцы зноў і зноў вяртаюцца да яе. І тады нараджаецца сам-насам вось такі дыялог «з тым, каго кахае яна»:

…Каб ты спазніўся на пару год,
Я б цябе не пашкадаваў,
Як ты мяне. І значыць, язык
Мне замкнуць і цягаць з сабой.
— А я, ты знаешь, просто привык,
Что она всегда со мной.
— Чуеш, не смей,
Ты аб гэтым — не смей,
Ты проста кахай і жыві.
Ніхто на свеце,
Дальбог,
Ніхто
Не варты большай любві.
Кахай яе,
Да скону кахай,
І ў радасці, і ў журбе,
Калі ты паспрабуеш яе не кахаць,
Я проста заб’ю цябе.
(ІІІ, 141)

Якім бы складаным для героя У. Караткевіча ні быў шлях у каханні, галоўным для яго застаецца духоўнасць кахання, яго чалавечнасць, маральны сэнс. Ён не разважае ў каханні аб пакутах, здрадах або шчасці. Не, ён сам імкнецца да кахання, перажывае ўсе яго складанасці, радуецца або пакутуе. Такая шчырасць падабаецца чытачу, ён адчувае духоўныя перажыванні героя, пранікаецца складанасцю сітуацый, а значыць, глыбока суперажывае яму. Мяркую, што калі паэт разам са сваім лірычным героем кажа слова «Кахаю!», — яму можна верыць. Ён кахаў так моцна, да самазабыцця, што нават на страшным судзе — а суддзямі былі Хрыстос, маці Хрыста, князь Уладзімір і Сатана — яму не прад’явілі абвінавачванняў у бэшчанні кахання ці пагардлівых адносінах да яго:

Голас маці Хрыста і маёй:
— Ён кахаў, і за гэта палову віны
Выкраслі з кнігі сваёй.
І душа яго была, як палі
Ў сонечнай майскай расе.
Ён кахаў прыгажэйшую на зямлі, -
Выкраслі віны ўсе.
Ён так кахаў, як ніхто з мужчын.
Свет паклаў на каханай далонь.
Жанчына я і стаю за жанчын.
Кідай лісты ў агонь.
(ІІІ, 171 — 172)

Падводзячы вынік даследаванню, можна з упэўненасцю зазначыць, што многія творы У. Караткевіча аб каханні — гэта споведзь паэта аб пражытым і перажытым, гэта размова з чытачом аб высакароднай галіне паэзіі, якая дае магчымасць успрымаць еднасць чалавека і акаляючай рэчаіснасці як адзіную цэласнаць з усім. Нягледзячы на тое, што ў вершах і паэмах даволі часта прасочваюцца асабістыя матывы, а жыццядзейнасць лірычнага героя пераплятаецца з біяграфічнымі даведкамі паэта, творы ўсё ж не нясуць у сабе эгаістычнай замкнутасці. Вершы, балады і паэмы У. Караткевіча аб каханні — антыэгаістычныя. Яго лірычнае «я» нібы зліваецца з унутраным светам чытача, яго пачуцці перадаюцца чытачу і ўспрымаюцца апошнім як свае асабістыя. Індывідуальны вопыт паэта, такім чынам, становіцца вопытам чытача, нават калі любоўныя пачуцці яго ў жыцці яшчэ не захоплівалі ў свой палон. Чытачу раскрываецца ўся шматграннасць кахання — ад першых парасткаў юначага пачуцця да драматычна-ўзвышанага стану душы і сэрца на зыходзе чалавечага жыцця. Праўда, уся гэта гама пачуццяў не навязваецца чытачу, яна падаецца стрымана, у асобных выпадках нават аскетычна.

У вершах пра каханне мы не знаходзім эротыку, цынічных адносін да жанчыны, ухвалення лёгкіх мімалётных сувязяў. Паэт не прызнае кахання па разліку. Для любоўнай лірыкі У. Караткевіча характэрны пяшчота, цеплыня, загадкавасць, пранікненне ў тайну сэрца закаханага, шчаслівага ці таго, хто яшчэ жыве надзеяй на спасціжэнне радасці кахання. Яна напоўнена паэтычнасцю, што пранізвае ўсе іншыя адценні чалавечых адносін: любоў да маці, родных мясцін, дружбу, таварыства. Лірычнае самавыяўленне паэта, — гэта зусім справядліва падмеціла Т. Чабан, — паядноўваецца з яскравым адлюстраваннем, рамантычны пафас — з рэалістычным адлюстраваннем рэчаіснасці. Трэба адзначыць і такую адметную рысу лірыкі паэта, як незвычайны аптымізм . Творы паэта прасякнуты любоўю да людзей, верай у перамогу справядлівасці над сіламі зла, у тое, што кожны наступны дзень будзе больш шчаслівым, чым папярэдні.

Творы У. Караткевіча аб каханні, кажучы словамі В. Бялінскага, — гэта мелодыя сэрца, музыка душы, якая не перакладаецца на чалавечую мову і тым не меней заключае ў сабе цэлую аповесць…