Маральна-эстэтычная скіраванасць паэзіі Ў.Караткевіча — Аркадзь Русецкі

Пастрабуем выдзеліць некаторыя, на наш погляд, галоўныя кірункі мастацкага аналізу праблем маралі і эстэтыкі, характэрныя для паэзіі У. Караткевіча.

Па-першае, гэта імкненне глыбока пранікнуць у духоўны свет чалавека, спасцігнуць яго характар, матывы яго паводзін, дзеянняў і ўчынкаў, ажыццявіць мастацкае даследаванне тых маральных якасцей асобы, што спрыяюць поўнай рэалізацыі «чалавечага» ў чалавеку.

Па-другое, гэта паэтычны аналіз адвечнай маральнай сітуацыі — барацьбы дабра і зла, выкрыццё ўсялякай сацыяльнай несправядлівасці, развенчванне чалавеканенавісніцкай маралі фашызму, генацыду, здзекаў над людзьмі, прыніжэння чалавечай годнасці, незалежна ад таго, дзе і калі чыніцца такая несправядлівасць.

Па-трэцяе, гэта насычанасць твораў сучаснай маральнай праблематыкай праз увагу і паэтычнае даследаванне такіх яе значных аспектаў, як мараль і чалавек ва ўмовах навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, мараль і барацьба за захаванне свету ад ядзернай катастрофы, чалавек — мараль — экалогія, мараль і развіццё інтэлектуальнага патэнцыялу грамадства і г.д.

Па-чацвёртае, гэта абуджэнне і ўзбагачэнне ў паэтычнай форме гістарычнай памяці беларускага народа, пошук у духоўнай атмасферы «сівой мінуўшчыны», тых маральных каштоўнасцей, што і сёння ўзбагачаюць і мацуюць нацыянальную самасвядомасць беларусаў, фарміруюць яе ў непарыўным адзінстве з сусветнай мастацкай культурай, развіццём інтэрнацыянальных і патрыятычных якасцей людзей, ухваленне дружбы і супрацоўніцтва паміж народамі як асновы для станаўлення і развіцця высокай культуры міжнацыянальных адносін.

Нарэшце, гэта высокая культура творчага мыслення аўтара, этычнасць яго паэзіі, глыбокае веданне аўтарам мастацкіх твораў розных часоў і народаў, багацце думак, меркаванняў, вывадаў, самабытных ацэнак аб прыгожым у прыродзе, грамадстве, мастацкай культуры, якія зліваюцца ў адзіную цэласную і своеасаблівую сістэму эстэтычных поглядаў У. Караткевіча.

Неяк Андрэй Вазнясенскі адзначыў:

Усе прагрэсы бесчалавечны,
калі рушыцца чалавек.

Шукае свае падыходы да захавання чалавека і У. Караткевіч.

Бачачы шматпланавасць і шматаспектнасць тэмы, ён ставіць перад сабой усё новыя і новыя пытанні, якія, быццам вехі, вядуць паэтычную думку шляхам пранікнення ў сутнасць жыцця чалавека, складанасць яго маральнага і духоўнага свету, дазваляюць спасцігнуць матывы яго паводзін, дзеянняў і ўчынкаў. Дык хто ён такі — Чалавек? Чым ён жыве? Што рухае яго ўчынкамі? У чым яго сіла і слабасць? Як вымераць чалавечае ў Чалавеку? Хто для яго ёсць галоўны суддзя? Асабліва адметна тое, што адказы на такія пытанні-пошукі чалавекам свайго месца ў жыцці, яго сувязі з грамадствам, адносін з іншымі людзьмі паэт вядзе на самых розных узроўнях.

Тут і даследаванне чалавечых узаемаадносін у інтымных абставінах сямейнага жыцця і закаханых людзей, тут і глыбокае пранікненне ў звычайны вясковы побыт, майстэрскае ўменне заўважыць за будзённымі рэаліямі жыцця складаны свет чалавечых пачуццяў, высакароднасць дачыненняў паміж людзьмі, гэта мастацкае асэнсаванне дыялектыкі асабістага і грамадскага, асабістай пазіцыі і грамадскага абавязку, матываў дзеянняў і ўчынкаў людзей як у звычайных, так і ў экстрэмальных умовах, тут, нарэшце, і спроба прасачыць, як фармаваліся рысы нацыянальнага характару беларусаў, што знайшлі сваё выяўленне ў асаблівасцях культуры і побыту народа. Аднак ва ўсіх выпадках першаасновай маральнага прагрэсу, рухаючым пачаткам маральных якасцей асобы для паэта выступаюць яе адносіны да сваёй Радзімы і да роднай Беларусі.

Таму зразумелай становіцца максімальная дыдактыка У. Караткевіча, яго адносіны і патрабаванні да Чалавечай Асобы, галоўнае з якіх і заключаецца ў неабходнасці «зберагаць годнае і вялікае старое. Ствараць годнае і вялікае новае. Толькі годнае. Толькі вялікае. (Выдзелена мной. — А.Р.) (VIII, кн. 2. С. 181). Гэтая вызначальная рыса паэзіі У. Караткевіча сваё канкрэтнае выяўленне ў кожным творы, у дзеяннях і ўчынках герояў знаходзіць кожны раз па-свойму, у залежнасці ад часу, месца і сацыяльных умоў жыцця.

Літаратурная практыка пераканаўча сведчыць, што ў творчасці кожнага аўтара ёсць такі стрыжнявы пачатак, да якога ён звяртаецца амаль у кожным творы ці кнізе. Для паэта У. Караткевіча такім стрыжнем выступае разуменне чалавека, яго імкненне да волі і незалежнасці, змаганне супраць гвалту і сацыяльнай несправядлівасці. Менавіта ў барацьбе за дасягненне свабоды, прычым не толькі асабістай, эгаістычнай ці анархічнай, а такога духоўнага і душэўнага стану асобы, калі мэтай яе развіцця выступае ўжо не дасягненне асабістага камфорту і асабістых жаданняў і запатрабаванняў, але і дасягненне такіх сацыяльна-эканамічных і ідэйна-маральных умоў у грамадстве, калі ствараюцца ўсе перадумовы для свабоднага развіцця ўсіх людей, для ўсебаковага і гарманічнага развіцця кожнай асобы.

У. Караткевіч прасочвае, як развівалася імкненне чалавека да волі на ўсіх этапах развіцця чалавечага грамадства — ад першабытнага ладу да нашых дзён, малюючы чытачу паэтычныя карціны беларускай гісторыі. Не мог заставацца абыякавым Невядомы, Першы («Балада пра Невядомага, Першага»), калі яго аднапляменніц знішчала страшэнная пачвара. А побач

…з жахам глядзелі людзі,
Як явелі дзень за днём
Дзявочыя рукі і грудзі
Пад крамянёвым нажом.
І ён наважыўся даць бой страшылішчу-чалавекаеду:
I Першы, гнеўны, трывожны,
Забіў ударам нажа
Таго, хто дзяўчат прыгожых
Браў, як арды важак.
І праўленне яго шчаслівае
Паклала забойствам канец.
І стала ў ардзе справядлівасць:
Кавалак табе і мне.
(I, 88)

Магчыма, гэта быў той самы першабытны камунізм, калі ўсе былі роўныя і ўсё было для ўсіх. Але паказальна тое, што ўжо для таго Невядомага, Першага галоўнай мэтай існавання быў клопат пра шчаслівае жыццё народа. І нават сваю трагічную смерць («А потым скананне прыйшло, лютым мамантам стала, на біўні яго ўзняло») ён змог павярнуць на карысць сваіх аднапляменнікаў:

Нават уласным сконам
Племю даў ежу ён.
Усю зіму не ведалі гора,
Сыты глыталі дым,
І доўга ў цёмных пячорах
Гучалі легенды аб ім.
(I, 89)

Легенды гэтыя атрымалі сваё гучанне ў пазнейшы перыяд грамадскага развіцця, калі ў вуснай народнай творчасці былі створаны вобразы легендарных заступнікаў працоўнага люду ад прыгнятальнікаў. У творчасці У. Караткевіча набыткі народнага паэтычнага багацця знайшлі шматжанравае выяўленне. Народным змагарам прысвечаны вершы, паэмы, а больш за ўсё — балады. Пры гэтым У. Караткевіч праводзіць чытача па старонках гісторыі, нібы гартаючы іх адну за адной — ад паказу барацьбы супраць феадальнага прыгнёту да раскрыцця найвышэйшых духоўных якасцей савецкага чалавека ў суровыя гады Вялікай Айчыннай вайны, ад змагання супраць царызму да нашых дзён. І ў кожным з гэтых перыядаў у цэнтры ўвагі паэта былі людзі з вялікай душой і чулым сэрцам. Дзякуючы Караткевічу, да нас дайшлі паэтычныя вобразы народных змагароў з сярэднявечча — Машэкі, Гаркушы, Ваўкалака. Над сярэднявеччам пануе вобраз Скарыны. Дзевятнаццатае стагоддзе прадстаўлена вобразамі Паўлюка Багрыма, Адама Міцкевіча, Кастуся Каліноўскага. З дваццатага стагоддзя на старонкі паэтычных твораў У. Караткевіча ўзышлі Максім Багдановіч, Ігнат Буйніцкі. А побач з імі ў якасці галоўных герояў зусім звычайныя, зусім радавыя, працоўныя людзі, для маральных, духоўных якасцей якіх лёс падрыхтаваў самыя суровыя выпрабаванні, што калі-небудзь выпадалі Чалавецтву.

Розныя часы, розныя эпохі, розныя характары… Але пры больш паглыбленым пранікненні ў вершы, балады, паэмы У. Караткевіча можна заўважыць тое адметнае, сутнаснае, што звязвае гэтыя рознасці ў адзінае непарыўнае цэлае. Гэта высокая маральнасць Чалавека, які або сам спазнаў, што такое сапраўдная Воля і вольнае развіццё чалавечых сіл, або з’яўляецца носьбітам Волі для другіх людзей, нястомным змагаром за яе.

Што трэба падкрэсліць асабліва, дык гэта тое, што паэт не ідэлізуе сваіх герояў, не ператварае іх у звышчалавекаў, якія толькі тое і робяць, што змагаюцца са злом. Наадварот, ён разглядае іх жыццё і змаганне як заканамерны вынік і працяг той супярэчлівай рэальнасці, з якой яны непарыўна звязаны. Калі, напрыклад, Машэка паўстае перад чытачом як чалавек-аскет, для якога, апроч барацьбы з прыгнётам, нічога больш не існуе (менавіта такім малюе гэты вобраз і вусная народная творчасць), дык паўстанцу Ваўкалаку зусім не чужыя і каханне, і сыноўскі абавязак перад маці, і братнія пачуцці да сястры. Прычым каханне, на першы погляд, нават не зусім зразумелае: адбіў ад пана сваю каханую і… уступіў яе другому, пакорліваму, добраму, святому. І нават ім

Дапамог канём і каровай,
Няхай сабе ў міры жывуць…
(I, 39)

І не таму, што ён быў асобай бязвольнай. Здаецца, тут справа ў іншым, у тым падтэксце, які адчуваецца ў творы. На наш погляд, паэт вельмі глыбока пранік у сутнасць душы Чалавека-змагара, які здолеў пераадолець нават сваё здабытае ў цяжкай барацьбе каханне, калі яно ўзамен набліжэння да «волі вялікай» вуснамі каханай (у гэтым менавіта мы і бачым падтэкст балады) запатрабавала ад Ваўкалака ўладкаванага, аднастайнага сямейнага жыцця. Свядомае самаахвяраванне, свядомы адказ ад асабістага добраўпарадкавання ў імя штодзённага і небяспечнага змагання з прыгнятальнікамі, у імя Волі для дзесяткаў і соцень прыгнечаных, знаёмых і незнаёмых Ваўкалаку людзей, — гэта і ёсць Маральнасць беларуса, які ніколі не мірыўся са сваім рабствам і не хацеў, каб яно распаўсюджвалася на другіх людзей.

Не асабістая слава, не задавальненне прыватных амбіцый былі рухаючым пачаткам для Кастуся Каліноўскага, калі ён узначаліў кіраўніцтва паўстаннем 1863 года, і Ігната Грынявіцкага, які 1 сакавіка 1881 года забіў цара Аляксандра II, адпомсціўшы тым самым царызму за крывавую расправу над паўстанцамі. Высокае разуменне асабістага грамадзянскага і маральнага абавязку перад сваім народам, усёй недарэчнасці прыгонніцтва і эксплуатацыі чалавека чалавекам, гатоўнасць ахвяраваць сабою ў імя волі другіх людзей павялі Каліноўскага, Грынявіцкага, сотні іншых змагароў на барацьбу «за край, даўно адвучаны ад бою, ад мовы, гонару і языка».

Яны не перамаглі. Гісторыя наканавала ім іншы лёс — царскія катаргі, шыбеніцы, расстрэлы, «пакутваць цяжка гневам і журбою, у пустыні марна да пяскоў гукаць…». Тым больш, быць сведкам гібелі сваіх таварышаў, «што вось-вось сканалі, але яшчэ не ўпалі ў вечны смерч…», у сваёй апошняй ледзяной калысцы «чуць, як лікуе крумкачоў імша, усе словы чуць у гневе і бяссіллі, пакуль не вернецца ў Нішто душа».

Няўдачы, паражэнні, роспач, «цела — ў мёртвы лёд закула Смерць». А ў мозгу —

«бы ў сполаху
зарніцы» — думкі пра «дальнія гады»,
Калі нашчадкі ўзвядуць грабніцы
Усім тым, каго распялі іх дзяды,
Каго пабілі на стагнах каменнем,
Каго на плаху валаклі з турмы…
(I, 292)

І апошняе перадсмяротнае жаданне, як, напрыклад, у Кастуся Каліноўскага, апошні зварот да нашчадкаў —

Пачуць, як лёсу валяцца муры,
Пачуць, хаця і ў першы дзень па сконе,
Ў згасанні мозгу ярасны ваш крык.
І зразумець, што вы ўзламалі краты,
Апошняй думкай, цяжкай, як свінец,
Што блізкі ён, вялікі ваш пачатак,
Што блізкі ён, вялікі мой канец.
І ў водбліску згасальнае заранкі
Апошнім промнем, як лязом нажа,
Пайсці раллёю, мною узаранай
Для руні, невядомай і жаданай…
Пайсці да вас…
(«Прарок». I, 293)

На наш погляд, у гэтым маналогу У. Караткевіч даволі ўдала знітаваў у адно і рэвалюцыйную праграму самога Кастуся Каліноўскага, і глыбокі роздум паўстанца і паэта Паўлюка Багрыма, і стыхійныя пазіцыі такіх змагароў супраць прыгнятальнікаў, як Машэка, Ваўкалака, Гаркуша, Вашчыла. Невялкі твор, але ў ім і няскоранасць духу беларусаў, і мара аб яго свабодным развіцці, Надзея і Вера ў светлае будучае роднага краю, Еднасць з народам і Упэўненасць у няўхільнасці грамадскага прагрэсу. Дыялектычная ўзаемасувязь адзінкавага і ўсеагульнага дапаўняецца дыялектыкай асабістага і грамадскага, асабістага і чалавечага, раскрыццём гэтага адзінства супярэчнасцей у Чалавеку.

Паэтычны аналіз узаемазалежнасці паміж паняццямі Чалавек — Народ — Радзіма, размова з чытачом аб нашых спрадвечных маральных каштоўнасцях, сцвярджэнне гераічнага пачатку ў народным характары ў творах, прысвечаных народным заступнікам, будуць яшчэ больш адчувальныя і зразумелыя, калі разглядаць іх у непарыўнай сувязі з творамі, што прысвечаны роднай Беларусі, і, у першую чаргу, такімі, як «Беларуская песня», «На Беларусі бог жыве», «Старажытны беларус», «Беларускае мінулае», «Матчына душа» і інш.

Добрым дапаўненнем да паэтычнай характарыстыкі роднай Беларусі з’яўляюцца словы У. Караткевіча, выказаныя ім у прадмове да кнігі «Памяць зямлі беларускай». «Якая яна, мая зямля? Гэта залатыя палі збажыны з сінімі вочкамі васількоў, светлыя ад бяроз гаі, што аглухлі ад птушынага звону, і пушчы, падобныя на гатычныя храмы, пушчы, дзе горда нясуць свае кароны алені. Гэта бясконцыя жылы рэк, у якіх плешчуцца бабры і рыба на захадзе сонца, і гэта амаль адзінаццаць тысяч азёр, чыстых, як усмешка дзіцяці.

Гэта ў мінулым гераічная і шматпакутная зямля. Безліч разоў, з пачатку дзён, грукаталі па ёй калясніцы вайны. Але мы… ганарымся тым, што ў гэтых войнах яна ніколі, запамятайце гэта, ніколі не была агрэсарам. Іншая справа, што яна заўсёды мужна і да канца бараніла свой ачаг, сваю праўду і веру».

Чытачу добра вядома «Беларуская песня» У. Караткевіча. У гэтым месцы падкрэслім такую важную яе асаблівасць, як скіраванасць у будучыню. Беларусы для Караткевіча не толькі тыя, хто жыў і хто жыве на родных прасторах, але і тыя, хто прыйдзе на змену сённяшнім пакаленням, хто будзе працягваць і развіваць традыцыі і славу беларусаў. Бадай што ні адно даследаванне патрыятычна накіраванай творчасці У. Караткевіча не абыходзіцца без выкарыстання гэтага твора. У гэтым адна з характэрных асаблівасцей «Беларускай песні». Другая — у тым, што змястоўнасць шырэй зместу, і менавіта таму яе ідэі знайшлі сваё далейшае развіццё ў наступных творах паэта. З якой цеплынёй піша паэт аб роднай Беларусі, напрыклад, у вершы «На Беларусі бог жыве»:

…А няма нідзе
Вярнейшых сяброў
І прыгажэйшых жанчын.
Гэта край раскрытых душ і дзвярэй,
Гэты край —
Твой дом і сабор…
У нас дваццаць з лішнім тысяч рэк,
Адзінаццаць тысяч азёр.
Нам ёсць што піць,
З падмосткаў ліць,
Чым палі свае акрапіць,
А як давядзе, то ёсць нам дзе
І ворага ўтапіць.
(I, 242)

А што гэтых ворагаў было многа, сведчыць «Надпіс на камені над крыніцай»:

Ворагі хмарай смяротнай знішчыць ішлі. І тады
Наша зямля бараніла знямоглых сыноў…
З цемрай, са сталлю, з хлуснёй крывадушнаю йшлі,
Але Зямля, і Вада, і Дабро скаранялі той зброд…
(I, 251)

Магчыма, тут і прысутнічае нейкая метафізіка, а магчыма — гэта той нацыянальны міф, які створаны пісьменнікам (успомнім хоць бы тое, што «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»!), але ўсё гэта скіравана на вырашэнне караткевічаўскай звышзадачы — паказаць, што Беларусь, Родная Бацькаўшчына — самабытны край, які мае ўражальную гісторыю і культуру, з аднаго боку, і народ якога разам з іншымі народамі робіць свой унёсак у агульначалавечую гісторыю, з другога.

Дарагой цаной здабывалася Воля — у нетры зямлі «адыходзілі храмы і гарады, білі крыніцы адтуль і даносіла водгук званоў». Так было і ў далёкай гісторыі, і ў нашы дні. Адрозненне толькі ў тым, што ў наш час гэта плата была проста жудаснай. У адным канцлагеры Трасцянец фашысты колькі знішчылі людзей:

…Час адной папяросы — і попел густы
Асядаў на бяроз галлё…
(I, 139)

У імя Міру, захавання жыцця на Зямлі паэт заклікае людзей, заклікае іх заўсёды помніць пра жудасныя ўрокі мінулай вайны, не толькі пра яе матэрыяльныя, духоўныя і людскія страты, але, галоўным чынам, пра невымерныя вынікі вайны, якія цяжкімі кашмарамі вісяць над памяццю тых, хто жыве сёння. Катэгорыя «памяць» ва У. Караткевіча набывае рэальны сэнс і змест — кожны павінен ведаць і памятаць як даўнюю гісторыю, так і сённяшні дзень. Не забывацца, што было і так:

За дрот валакуцца строем…
З «ведзьмаў» высмоктваюць кроў…
Дзяцей, старых і герояў
Бульдозер зграбае ў роў…
Вулканы Мінска і Кіева…
Трэблінкі — вар’яцкі сон…
Вусны жанчын, у якія
Асвенцімскі рвецца «цыклон».
Забітых халодныя горы…
Котлішчаў вечны спакой…
(I, 140)

Але проста ведаць — гэта мала. Патрэбна актыўнасць. І не толькі ў адносінах да гістарычнага мінулага, але, галоўным чынам, у развіцці нацыянальнай самасвядомасці народа, яго мовы, культуры, маралі. Памяць — гэта не данасць навек, не проста музейны экспанат. Яна садзейнічае сталенню нацыі, арыентуе новыя пакаленні на тое, каб

Не пагарджаць святым сваім мінулым,
А заслужыць яшчэ,
і вартым быць яго.
(I, 289)

Ідэя святасці, Волі і незалежнасці Радзімы, родных вытокаў дамінуе ў многіх творах паэта. Створаная ім умоўная іерархія «я — бліжні — народ — Радзіма — чалавецтва — Галактыка — Бог» (як агульны прынцып уладкаванасці Сусвету) уносіць пэўную гармонію ў тую сукупнасць чалавечых пачуццяў, якія характарызуюць яго ў стасунках да кожнага з азначаных паняццяў. Каб любіць Радзіму, неабходна (але гэтага недастаткова) мець уласную годнасць, любіць не толькі сябе, але любіць і блізкіх і далёкіх людзей, любіць народ, край, Бацькаўшчыну…

У шэрагу твораў паэт як бы напамінае чытачу пра яго грамадзянскі абавязак, пра яго асабістую ролю ў гістарычным развіцці. І паказвае, як звычайныя людзі ў самых незвычайных абставінах выкоўвалі яго. Шэраг твораў (паэмы «Бацькава сэрца» і «Слова пра чалавечнасць», «Партызанская балада», «Балада пра смяротнікаў», «Балада пра галубіныя пер’і», вершы «Разведчык», «Пры смерці» і інш.) паэт прысвячае раскрыццю менавіта гэтай тэмы. У. Караткевіч імкнецца (і ў большасці твораў — паспяхова) асэнсаваць вытокі мужнасці і гераізму, чалавечнасці і ахвярнасці савецкіх людзей, трагічнасць многіх чалавечых лёсаў у агні Вялікай Айчыннай вайны.

Будзе правільным у творах У. Караткевіча, прысвечаных барацьбе з фашысцкімі акупантамі, адзначыць адну акалічнасць, характэрную, на наш погляд, менавіта для яго творчасці. Гэта — ахвярнасць Чалавека, яго гатоўнасць аддаць нават сваё жыццё, каб захаваць жыцці другіх людзей. І не толькі знаёмых і каханых («Партызанская балада»), але і незнаёмых (паэма «Бацькава сэрца»), а то і зусім чужых людзей («Балада пра смяротнікаў»).

Вобразамі Паўліны з прыдняпроўскай вёскі Казлы («Партызанская балада»), партызанскага камандзіра Яна Карповіча (паэма «Бацькава сэрца»), вязняў з фашысцкага лагера смерці («Балада пра смяротнікаў») паэт, з аднаго боку, сцвярджае дзейснае чалавекалюбства і як яго аснову Чалавечае ў Чалавеку, з другога, імкнецца раскрыць спрадвечны канфлікт гуманізму з дэспатызмам. Мабыць, найлепш гэта думка сцвярджаецца ў «Баладзе плахі»:

Кожны дзень гінуць мужнасць і святасць…
Кожны дзень яны бураць Бастылію:
Чалавечы свой, просты жах.
Але йдуць і за век свой ратуюць,
За дзіцячы след на траве,
За высокую годнасць распятую,
За найменне тваё, Чалавек.
(I, 141)

Чалавечнасць — вось мера ўсіх рэчаў і адносін паміж людзьмі. Добрым можна быць толькі да добрага — лічыць галоўны герой паэмы «Слова пра чалавечнасць» стары вучоны Рыгор Чаховіч. Калі ж ганьбяць твой чалавечы гонар, калі здзекуюцца і знішчаюць людзей, такім тады патрэбен адказ самы рашучы і суровы. У знішчэнні фашысцкай навалы праяўляецца самая высокая Чалавечнасць…

Чалавечнасць у пушчы пайшла старажытная,
Бо не хоча рабства на новай зямлі.
Чалавечнасць падпальвае спелае жыта,
Каб яго забойцы ўзяць не змаглі.
Чалавечнасць за ворагам пільна сочыць
З-за рачных сітнягоў, з-за ляснога кража
І глядзіць захопнікам проста ў вочы
Кожным днём туманным, кожнаю ноччу
Цёмнай дзіркай нацэленага ружжа…
(I, 133)

Зразумеўшы антычалавечнасць фашызму, тую небяспеку, што нясе ён свету, стары, хворы вучоны сам гатовы ўзяць стрэльбу ў рукі, стаць у рады актыўных змагароў з ворагам.

У паэме «Слова пра чалавечнасць» з асаблівай сілаю гучыць гуманістычны акорд, вера ў творчыя магчымасці Чалавека, стваральную сілу яго розуму. Чалавек і Мір, Чалавек і Шчасце — гэтыя паняцці ўзаемазалежныя, яны ўзбагачаюцца ўсім ходам гістарычнага працэсу, асабліва ў наш час, калі кожны Чалавек хоча бачыць будучае сваіх дзяцей без страху перад атамным, усёзнішчальным пажарам.

У. Караткевіч верыць у творчыя магчымасці Чалавека і ўслаўляе іх. Рэальнай явай сталі касмічныя палёты, пра якія амаль трыццаць гадоў таму пісаў паэт у сваёй «Баладзе аб арганаўтах». Таксама, пэўна, недалёкі і той час, калі людзі будуць «шукаць разумнае, шукаць людзей… у туманнасці далёкай Андрамеды» («Трагедыі не знікнуць пры Камуне…»). Ва ўслаўленні Чалавека як галоўнай сілы сучаснага прагрэсіўнага развіцця, як носьбіта Свету і змагара супраць Зла і гвалту, менавіта і выяўляецца гуманістычны характар паэзіі У. Караткевіча.

Размова пра маральна-этычную накіраванасць паэзіі У. Караткевіча будзе не зусім завершаная, калі не звярнуць увагу на ўменне паэта неназойліва, тонка, нібы мімаходзь, выкрыць недасканаласці чалавечых узаемаадносін, звярнуць увагу чытача на неабходнасць удасканалення маральных сувязей паміж людзьмі.

Што такое ёсць справядлівасць,
Калі капануць глыбока?
Яе няма, калі гнецца
Хоць адна ад крыўды спіна.
Як кулак — не кулак без пальца,
І «ў абодва не зрыць» аднавокі,
Так грамадства з адным нешчаслівым
Каштуе не болей лайна.
(I, 288)

Не абыходзіць паэт увагай здраду ў каханні і дружбе, прадажніцтва і крыўду, зайздроснасць і абыякавасць.

Наогул, адносіны паміж людзьмі даследуюцца паэтам у самых розных праявах — лірычны герой і жыццё, паэт і жыццё, паэт і яго лірычны герой. І ў кожным з гэтых зрэзаў свае калізіі, нюансы, супярэчнасць. Разгледзім, напрыклад, такі аспект, як лірычны герой і жыццё. Тут ёсць усё, чым так багата наша рэчаіснасць: цнатлівасць першага кахання і яго першыя трывогі і засмучэнні, гонар за родную Беларусь, дзе нарадзіўся і вырас, і патрэба ў падарожжах і новых знаёмствах, радасць ад пастаянных сустрэч з блізкімі людзьмі і роднымі мясцінамі і заклапочанасць лёсам сучаснай цывілізацыі.

Вось, напрыклад, верш «Дзядзькаў кубак». Пакінуўшы родны дом, лірычны герой У. Караткевіча шмат вандраваў па свеце. Закруціла, завіравала яго жыццё, дзе там было да родных масцін, пакінутых калісьці «з лёгкім-лёгкім сэрцам». Праўда, няўмольны суддзя-час у адзін пэўны момант жыцця напомніў пра сябе. Горкім было гэтае празрэнне:

Гады мінулі. Шмат я разгубіў
І шмат я страціў на шляхах сваіх.
Сябры забылі. Вершы падманулі.
І ўсё часцей я ўпамінаў чамусьці
Лёт зімародка над ракой начною,
Бяссонныя шаломы курганоў,
Дубы часоў варажскіх у размывах
Пустынных берагоў. Лістоты шум.
Бязгучныя, крывавыя зарніцы
І неадольны кліч маёй зямлі…
О, мой народ! Даруй дурному сыну,
Што кінуў дом бацькоў дзеля карыта,
З якога еў са свіннямі свой хлеб…
(I, 230)

Як тонка адчуты душэўны стан героя. Якая лаканічная, але жыццёва праўдзівая самаацэнка прыжытага і перажытага. І раздзяліць яе маглі б многія з чытачоў — колькі разоў у нас узнікала жаданне кінуць усё аднойчы, каб сустрэцца з дарагімі і блізкімі людзьмі, прыпасці да родных масцін, да сваёй Бацькаўшчыны, «да грудзей — тугіх узгоркаў, да вачэй — азёраў сініх, і замерці ў пацалунку на гадзіны і вякі» (I, 68). І хай не ў кожнага ёсць такі мудры дзядзька, як у героя азначанага верша, але ў кожнай роднай мясціне ёсць тыя векавыя сімвалы Дабрыні, Мудрасці, Дабрачыннасці, пад уплывам якіх фармаваліся грамадзянскія і маральныя якасці многіх пакаленняў і якія на працягу ўсяго жыцця ажыццяўляюць нябачную сувязь паміж далёкім дзяцінствам і больш сталымі перыядамі чалавечай біяграфіі.

Шмат розных дарог (паэт дае ім філасофска-алегарычную назву «вуліцы») даводзіцца прайсці, пераадолець чалавеку, каб дасягнуць разумення сутнасці жыцця, яго адвечных ісцін. Першая вуліца дзяцінства ў памяці паэта засталася

Вечнай Вуліцай Абдуванчыкаў
(Залатых-залатых на зялёным).
Вуліцай Мокрых Падтыннікаў,
Вулкай Звону з-за Весняй Дубровы,
Вуліцай — Яйка Качынага
У Нетрах Сонечна-лапуховых,
Вуліцай Вось ты і Дома,
Вуліцай Душ Сагрэтых…
(I, 265)

Вялікая Айчынная вайна дала гэтым вуліцам другую назву: дзіцячая Вуліца Першай Радасці

…стала Вуліцай Ірада,
Тупіком немаўлятак забітых.
Стала Вулкай Руін і Змарлых,
Стала Вулкаю Год Праклятых,
Вулкаю Клятага Карліка,
Вулкай Сусветнага Ката.
(I, 268)

Усё тая ж тэма роднага парога ў вершы «Вуліцы» набывае новы маральны адценак: дзе б ты ні быў, дзе б ты ні «сноўдаўся ценем», да роднага краю дарогі вядуць «Вулкай Мудрасці і Сумлення, Вулкай Гневу і Барыкады».

Праз філасофска-этычныя абагульненні У. Караткевіч ставіць перад чытачом «вечныя пытанні», пошукі адказаў на якія, з аднаго боку, вядуць чалавека да спасціжэння глыбіні жыцця і, з другога, дазваляюць яму ўсвядоміць у сабе Чалавека.

І яшчэ пра адну тэму паэтычнай творчасці У. Караткевіча — тэму адказнасці кожнага чалавека за шчасце і лёс іншых людзей, усяго чалавецтва. Тэма шматпланавая, шматаспектная: ад ахвяравання ў імя жыцця каханага чалавека («Партызанская балада» — зборнік «Матчына душа») да разумення шчасця радзімы як свайго асабістага шчасця (верш «Нявесце Каліноўскага» — зборнік «Мая Іліяда»), ад барацьбы кангалезскага народа за сваю незалежнасць (верш «Буслы вучаць дзяцей» — зборнік «Вячэрнія ветразі») да адлюстравання мужнасці і гераізму байцоў «нябачнага фронту» (верш «Разведчык» — зборнік «Быў. Ёсць. Буду»). Адметна, што для выразнага раскрыцця гэтай тэмы паэт выкарыстоўвае шырокі арсенал паэтычных прыёмаў — баладныя матывы, лірычныя звароты, фальклорныя традыцыі. Своеасаблівым эпіграфам, стрыжнявым пачаткам у раскрыцці азначанай тэмы могуць быць наступныя словы з верша «Буслы вучаць дзяцей»:

…Ёсць народ, што ніколі не крыўдзіў другіх,
Што бязмерным гонарам я ганаруся,
І мацнее штодзённа мая любоў,
Бо скупая зямля маёй Беларусі
Не раджала рабоў і не мела рабоў.
(I, 81)

І не скарылася, не стала рабыняй нават падчас фашысцкай навалы. Наадварот, з першых дзён акупацыі беларусы актыўна ўключыліся ў барацьбу з ворагам, дэманструючы такую самаадданасць, мужнасць і ахвярнасць, што здзіўлялі нават ворагаў. Наўрад ці маглі фашысты ўявіць, што людзі «ніжэйшай расы» здольныя на праяўленне найвышэйшых па сваёй маральнасці і духоўнасці ўчынкаў. Такіх, напрыклад, як асабістае ахвяраванне ў імя захавання жыцця іншых людзей.

Так дзейнічае гераіня «Партызанскай балады», жанчына са звычайнай маленькай вёскі на прыдняпроўскай зямлі «са смешнаю назвай «Казлы». Партызана-падрыўніка (неабходна было знішчыць два масты, па якіх на партызан «немцы мяркуюць падвесці вялікі карны атрад»), фашысты схапілі на выгане ля сяла. За забойства нямецкага вартавога, які паспеў нанесці падрыўніку штыкавую рану, што стала галоўным доказам яго віны, партызана чакала пакаранне смерцю. І вось жанчына, якая кахала яго ў юнацтве, дваццаць гадоў назад, ідзе да нямецкага каменданта і заяўляе, што гэта ніякая не штыкавая рана, а нажавая, таму што менавіта яна за здраду ў каханні ўдарыла яго нажом. «І яе тапталі нагамі, яе катавалі пяць дзён, а яна ўпарта казала: «Каханы, каханы ён». Перад смерцю ім далі магчымасць сустрэцца. І жанчына расказала свайму любаму «пра свой свядомы паклёп»:

Мой разлік быў тонкі і верны.
Пра каханых заўсёды маўчаць.
Ты бачыш, я паміраю. Канец. Крычы не крычы.
Любы мой, любы мой, любы… Маўчы, неадменна маўчы…
Дзеля вечнага, добрага шчасця, што будзе над нашай зямлёй.
(I, 17)

Жанчына гіне. Але застаецца жыць яе каханы, тыя людзі, якіх яны разам выратавалі ад нямецкіх карнікаў: «Назаўтра два дальнія выбухі скаланулі балотны туман».

Падобна дзейнічае камандзір партызанскага атрада Ян Карповіч з паэмы «Бацькава сэрца». «Дзвесце шэсць партызанаў і дзве тысячы трыста мірных людзей» трапілі ў акружэнне на другім леце вайны. Здавалася б, выратаванне блізка: людзі выйшлі на выспу сярод дрыгвяных балот і затаіліся, «схаваліся, зніклі», каб перачакаць блакаду. Але ажыццявіць намечанае не ўдалося. Часовае зацішша, аказваецца, фашысты выкарысталі, каб падцягнуць войскі і з новай сілай абрынуцца на партызан: «Зараўла артылерыя — з недалётам. Сітнягамі папоўз удушлівы дым. З громам падала сталь на кілім балота і рабіла новыя вокны ў ім». Янук зразумеў: калі не прарвацца праз блакаднае кальцо, загінуць усе: «Нам трэба хутчэй збірацца. Выспа будзе пустою ў ранішні час. Нас тры тысячы. Хочам мы жыць і змагацца. Мы прарвёмся. Ёсць іншая сцежка ў нас».

Восем вёрст ідзе атрад па вузенькай сцяжынцы праз дрыгву ў мёртвай цішы. Нават тыя, хто звальваецца ў дрыгву, тонуць і… маўчаць. Застаўся апошні рубеж — у бязмоўнай цішыні прапаўзці, прасачыцца праз варожыя пасты. І раптоўна прарэзліва, тонка

…Заплакаў Янаў дзіцёнак…
І зайшлося сэрца ў многіх людзей.
І Карповіч сказаў: «Дай мне сына, жонка».
І прыціснуў пад курткаю да грудзей.
Ён заціснуў рот неразумнаму сыну,
Ён далонню гладзіў дрыжачы задок:
«Памаўчы, памаўчы, памаўчы хвіліну,
А пасля крычы колькі хочаш, сынок».
(I, 64)

Людзі прасачыліся праз фашысцкія пасты. Але… «На зямлі стала болей адной магілай. На зямлі засталіся тры тысячы жыць».

Гэта што? Вызначальная для таго часу трагедыя ці сцвярджальнасць жыцця? Мабыць, гэта тое, што

У. Вішнеўскі неяк азначыў трагедыяй, але трагедыяй «аптымістычнай».

Незразумелы быў для фашыстаў і інтэрнацыянальны саюз вязняў лагера смерці, якія, не баючыся пакарання, «найлепшага хлопчыка па крывавай матчынай згодзе… выкралі з першага блока і цішком схавалі» ў сябе.

…Хавалі яго тры месяцы.
Хавалі ў кухонных дровах,
У яме, за кубам у кухні…
Хацелі, каб выжыў дзіцёнак,
каб неба пабачыў безнадзейна асуджаных,
Каб за ўсіх безнадзейна асуджаных
святкаваў на зямлі Першамай.
(I, 57 — 68)

У самых нечалавечых умовах, у штодзённых здзеках і пакутах людзі тым не менш не думалі пра смерць. Барацьба за захаванне дзіцячага жыцця была не толькі працягам іх барацьбы з фашысцкім злом. Гэта было таксама змаганне за будучыню, за захаванне і ўсталяванне Чалавечнасці на зямлі. Злачынствы фашыстаў павінны навечна застацца ў памяці людской, сцвярджае паэт. Усе, асабліва такая жудасная «арыфметыка», пра якую напамінае адна з фабрык смерці — беларускі Трасцянец:

Суайчыннік!
Запомні навек:
Тры гады па сто трыццаць сем у дзень,
І ў гадзіну — па шэсць чалавек.
Гэта значыць, што кожныя дзесяць хвілін
Тут навекі чарнеў небакрай.
Попел сэрцаў нашых ракоча ў зямлі:
Памятай…
Памятай…
Памятай!!
(I, 139)

Гуманізм, любоў да людзей і чалавеканенавісніцтва ў творах У. Караткевіча пераплятаюцца, знітаваны ў адзінае цэлае, у якім выступаюць як два процілеглыя, супярэчныя бакі, што знаходзяцца ў пастаяннай варожасці і непрымірымай барацьбе. Развенчваючы рэакцыйнасць ідэалогіі фашызму з яго ідэямі расавай няроўнасці, сусветнага ўладарання, паэт сцвярджае неадольнасць перамогі жыццесцвярджальнага пачатку, чалавекалюбства. Але за ўсё гэта трэба змагацца. «Гуманізм, ён павінен быць ваяўнічым», — вельмі канкрэтна выказваецца Рыгор Чаховіч, галоўны герой паэмы «Слова пра чалавечнасць». Дарэчы, у паэме найбольш яскрава прасочваюцца такія тэматычныя кірункі творчасці паэта, як тэма вялікай і малой радзімы, тэма гуманізму і патрыятызму, тэма гістарычнага прагрэсу. У спалучэнні з філасофскім асэнсаваннем універсальных, усеагульных праблем жыцця і смерці, вайны і міру яны набываюць асаблівы маральна-філасофскі змест і гучанне, выкрышталізоўваючы высокую грамадзянскасць паэта, яго заклапочанасць будучыняй чалавецтва.

У свой час сітуацыю, апісаную паэтам у вершы «Дзяўчына пад дажджом» (ён напісаны дзесьці ў другой палове 60-х гадоў), можна было лічыць надуманай ці нават фантастычнай. Беларуская дзяўчынка выбегла пад сонечны дождж, цешыцца, радуецца сонечным кроплям — «Бэзам з садоў павявала, вечна хацелася жыць. Дзяўчына ад шчасця спявала». Яна не адчувала і нават не думала, што гэты цёплы ў яркі сонечны дзень дожджык не такі ўжо ласкавы. Ён падманлівы, а яе радасць ужо азмрочана подыхам смерці. «Стронцый быў у дажджы». Мінула не так ужо шмат часу — усяго каля дваццаці гадоў, — і мы сталі сведкамі такога «сонечнага, цёплага» стронцыевага дажджу, «чарнобыльскага» дажджу. Трэба на свае вочы ўбачыць яго вынікі (аўтару гэтых радкоў давялося бачыць «зону адсялення» і сустракацца з людзьмі, якіх закруціла ў сваёй завірусе чарнобыльская трагедыя), каб пераканацца ў жахлівасці прадбачанага паэтам. Дзяўчына пад стронцыевым дажджом у Караткевіча — гэта ўсё ж літаратурны персанаж. А калі ўбачыш людзей — дзядоў, бабулек — патомных палешукоў, ды і маладзейшых, якія спакойна, без усялякай разгубленасці, разважаюць: «Сыночак, ды што ж ты хвалюешся? Бачыш, надвор’е, сонца якое? Толькі радавацца вясне, закладваць новы ўраджай. А радыяцыя? Вы кажаце, што для нас гэта нейкі вораг… Які ж гэта вораг? Вось калі ў сорак першым фашыст на нас наступаў, дык мы дакладна ведалі, што гэта вораг і што трэба рабіць — эвакуіравацца, хавацца, ці яшчэ што… А сёння… Сёння ж сонца! Сёння ўсё не так. Так што не хвалюйцеся, добрыя людцы, за нас», — адчуваеш, наколькі сітуацыя непрадбачаная і неадназначная.

Словы гэтыя набываюць асаблівую трагічнасць, калі іх нагадаць у сувязі з асабіста бачаным аўтарам відовішчам у адной з вёсак у «зоне». Пачынаеш губляцца, бачыць і іншых, і сваю недарэчнасць, разважаць: «На што ж ты сёння здольны, чалавек?» А чаму відовішча? Іншых слоў не трэба шукаць, ды іх, напэўна, і не знойдзеш. Мяркуй, чытач, сам. Усё ў вёсцы ажыло, красуе, набірае сілу. Усюды заквітнеў прыгожы бэз, усё зазелянела… Наогул, майская палеская вёска. Больш «жорсткай яна будзе ў жніўні». Толькі… Нікога ні на вуліцы, ні на прызбе, ні ў гародчыку… Мёртвая, жудасная цішыня… Адны «жыхары» — каты, сабакі, якія пачалі ўжо дзічэць, некалькі кінутых наспеху курэй… А ў жніўні?.. І над усім гэтым веснавое, як у Караткевіча, а потым і жнівеньскае — «сонца ў кожнай слязе». Праўда, цяжка ўявіць, як бы бачыў і як бы рэагаваў на сваё прадказанне У. Караткевіч пасля чарнобыльскай трагедыі.

Паэт сцвярджае аптымістычны пачатак, верыць у тое, што

…І не будзе канца ні вясне, ні іскрыстай расе, ні каханню,
І спрадвеку, давеку, магутныя, будуць яны
Цараваць над вясенняй зямлёй, над гаямі ў цёплым тумане,
Над гаямі, дзе…
Так нечакана прыгасла зязюлі куванне.
Дзе ля касак прабітых міргаюць калматымі веямі сны.
(I, 275)

Вера ў вечнасць быцця і чалавечага існавання прыводзіць У. Караткевіча да філасофскага спасціжэння такіх агульначалавечых ісцін і паняццяў, як, напрыклад, «Што ёсць жыццё?», «Што ёсць чалавек?», «Як чалавеку жыць належыць?». Адметным у творчасці паэта з’яўляецца тое, што іх асэнсаванне вядзецца праз сутыкненне супярэчнасцей: дабра і зла, вернасці і здрады, любові і нянавісці, узвышанага і недарэчнага, высокіх ідэалаў і несправядлівасці. Асабліва пераканальнымі ў гэтым плане з’яўляюцца «Балада плахі», «Балада аб трыццаць першым сярэбраніку», «Балада аб нашэсцях», «Балада аб асуджаных і аб чалавечым «даруй», «Мой век», «Амаль хрысціянскі тост за ворагаў», «Старажытны беларус», «Дэман», паэмы «Плошча Маякоўскага», «Грубае і ласкавае». Дарэчы, сам У. Караткевіч добра разумеў, што легендарнае, баладнае па сваёй насычанасці праблематыкай, па глыбіні пранікнення ў сутнасць чалавечага быцця мае не меншую сілу маральна-эстэтычнага ўздзеяння на чалавека, чым сённяшняе, актуальнае.

Неабходна падкрэсліць, на наш погляд, такую адметную акалічнасць паэзіі У Караткевіча, як маральны максімалізм, своеасаблівы «панмаралізм». Паэт вывучаў жыццё як чалавек з яснай і выразнай грамадзянскай і маральна-этычнай пазіцыяй. Таму для яго няма ніякіх «трохі». Калі гэта «Дабро, то і імя яму Дабро, калі Зло,

то — Зло. Шчасце называецца Шчасцем, Няпраўда — Няпраўдай».

Дарэчы, сам паэт ні ў жыцці, ні ў творчасці не дапускаў ніводнай фальшывай ноты, ніякага прыстасавальніцтва. Занадта вялікі запас душэўнага агню, любасці да ўсяго духоўна прыгожага, адоранасці і інтэлектуальнасці напаўналі яго сэрца, каб яно магло аддаваць перавагу карыслівасці і прыстасаванству. Гонар і сумленне для У. Караткевіча былі святымі паняццямі:

Час стагоддзі, як касой, сцінае,
Веры, царствы, догмы йдуць да ценяў…
Усё мінае — Гонар не мінае,
Бо народжаны адным сумленнем.
Калі сонца выб’ецца з туману,
Толькі іх і ўспомніць хор народаў,
Воінаў сваіх, святых і зраненых,
Рыцараў сумлення і свабоды.
(I, 395)

Паэту таксама чужыя практыцызм і рацыяналізм XX стагоддзя, адчужанасць паміж людзьмі, страта многімі з тых, хто жыве на зямлі, адвечных маральных каштоўнасцей:

І горад ад неона сіні,
Дзе век прыстанак свой знайшоў.
Трымае ў вуліцах жанчыну
З дзіцячай, спуджанай душой.
У адвечнай празе чалавека
Яе душа, яе рука
Шукае месца ў гэтым веку
І ўсё не можа адшукаць.
…Мана — ад прагі ўстаткавання,
Мана — ад снегу за акном.
Няма святла, няма кахання.
Халодны свет. Халодны дом.

Галоўная філасофска-эстэтычная якасць паэзіі У. Караткевіча — сцвярджэнне вечнасці чалавечага быцця, разуменне чалавекам асабістага месца ў гэтым існаванні, яго адказнасці за спакой на зямлі, на наш погляд, пераканальна выказаны ў вершы «Па-над шчыраю Шчарай…». Вось толькі некалькі радкоў:

Можна верыць. А жыць? Як там жыці, о дружа,
Калі ведаць і там, што бяжыць збажына,
Што барвее на поплыве дзікая ружа.
Шчара плешча — без нас, кані плачуць — без нас?
Не! О не! Збыць анёльства і стаць чалавекам,
Доўга, цяжка пакутваць пакутай жывых, —
Толькі б майскай часінай давеку, давеку
Над вячэрняю Шчарай цвілі паплавы.
Сыты быў бы, здаецца, паветрам духмяным,
А п’яны — ад празрыстай расінкі адной,
І любіў бы, і вымаліў людзям і каням
Дараванне, світанне, любоў і спакой.
(I, 233)

Менавіта ў гэтым і прыцягальнасць паэзіі У. Караткевіча, і невымяральная сіла яе ўздзеяння на чалавека. Як зусім справядліва адзначыла крытык Вера Палтаран, У. Караткевіч — гэта «пасыльны службы часу, які нястомна шукаў „времен связующую нить“, каб зберагчы чалавечую душу ад духоўнай эрозіі, каб паразумець людзей, з’яднаць іх высокай мэтай добраўпарадкавання свету».

Паэтычнае асэнсаванне маральна-этычных праблем у творчасці У. Караткевіча арганічна звязана са спасціжэннем прыгажосці, яе чароўнай сілы ўздзеяння на чалавека. Ён імкнецца знайсці прыгожае ў прыродзе, стварэннях рук чалавечых і асабліва раскрыць хараство чалавечых дум і ўчынкаў нават тады, калі яно з’яўляецца зусім непрыкметным. І кожны з твораў у значнай ступені адлюстроўвае эстэтычныя адносіны паэта да свету, да чалавека і яго спраў (без таго эстэцтва, аб якім часта кажуць у творчасці неардынарных аўтараў).

Пачуццём гордасці за мастакоў розных часоў і народаў, якія стварылі такія непаўторныя помнікі мастацтва, як Венеру Мілоскую, Царкву Пакрова на Нерлі, архітэктурны ансамбль у Архангельскім, прасякнуты яго вершы «Безгаловая Венера», «Дзіва на Нерлі», «Архангельскае» і інш. Эмацыянальна-эстэтычнай насычанасцю напоўнены вершы, прысвечаныя не толькі роднай прыродзе, бацькаўшчыне, Беларусі, але і мясцінам, дзе жылі старажытныя таўры, грэкі, дзе жывуць народы-суседзі.

Нават для чалавека, які не валодае пэўным мастацкім уяўленнем, не складзе цяжкасці аднавіць у памяці неаднойчы бачаную карціну — вясёлку над вясковымі прасторамі. Асабліва калі ён пазнаёміцца з паэтычным апісаннем гэтай з’явы ў вершы У. Караткевіча «Мокрыя травы»:

Мокры край. Дажджы і сонца.
Вільгаць сонечнага лета.
Жарабя бяжыць па лузе,
Радасна задраўшы хвост.
Цэлы век вісіць вясёлка
Над краінай мокрай гэтай,
І глядзяць спакойна коні
На нябесны дзіўны мост.
(I, 68)

Часцей за ўсё хараство рэчаіснасці, прыродных з’яў не адразу разумеецца людзьмі, якія непасрэдна яе назіраюць. У. Караткевіч праз паэтычныя карціны роднай прыроды, перадаючы свае ўражанні ад яе ўспрымання, падкрэслівае менавіта яе эстэтычную каштоўнасць, вучыць людзей разумець яе прыгажосць. Мастацкая асалода, якую чалавек атрымлівае ад кантактаў з прыгожым, вельмі часта залежыць ад таго, якія бакі жыцця і з якой сілай, паўнатой і глыбінёй раскрывае літаратурны, музычны або іншы твор. Вось, напрыклад, якімі ўзвышанымі словамі вельмі неназойліва для чытача перадае У. Караткевіч свае ўражанні ад убачанага аднойчы геніяльнага помніка старажытнарускага дойлідства Уладзімірскай, а дакладней — Багалюбскай Царквы Пакрова на рацэ Нерлі, пабудаванай яшчэ ў 1165 годзе. Яе белакаменная сутнасць, яе «строгость и изысканность» прапорцый, яе аскетычная пластыка і выразнасць на няяркім полі навакольнага краявіду выліліся ў паэта ў такія радкі:

Белая песня ў лугах залацістых,
Кліч адзвінеўшых стагоддзяў зямлі,
Кволая-кволая, чыстая-чыстая,
Быццам дзяўчына, царква на Нерлі.
Кроў і забойствы ў агні і дыме,
Подласць і жорсткасць у лютым баю, —
Нават яны праходзілі міма,
Пашкадаваўшы нявіннасць тваю.
(I, 82 — 83)

Менавіта гэтае строгае хараство царквы Пакрова на Нерлі, як выразны сімвал Русі, раскрыла перад іншаземцамі маральную сутнасць народа, памкненні яго духу, сутнасць вольналюбівай душы, клікала народ да яднання. Храм, які, паводле выказвання С. Дошчулава, стаў сцягам рускай самабытнасці, і сёння радуе чалавечае вока, яднаючы ў непарыўнае цэлае эстэтычныя формы і маральна-этычны змест.

Такія ж шчырыя, эмацыянальна-ўзнёслыя словы пра архітэктурнае цуда на Нерлі чытач знойдзе яшчэ ў адным малавядомым творы «Подыхі продкаў» (У. Караткевіч называў яго «Імпрэсія». На наш погляд, гэта самы сапраўдны «верш у прозе», асабліва ў той яго частцы, дзе размова ідзе аб самой царкве). Некалькі радкоў з твора. «Простая, стройная, дасканалая на дасканалай зямлі, яна чакае нас, і вакол ні душы, быццам яна сама вырасла з гэтых лугоў і зажурылася, стаіць над княжычам, што загінуў тут на паляванні восем стагоддзяў таму.

О пяшчота мая!

Я чэрствы і грубы, не верыў, што можна плакаць, гледзячы на каменні. Я веру ў гэта цяпер. Птушкай узаўюся перад табою, Сірынам заспяваю, закрыўшы вочы, між маладых, гусіна-пушыстых дрэў, феніксам згару і ўваскрэсну з попелу.

…Усё паўторана на свеце, і толькі ты адна непаўторная. Тысячы разоў яшчэ будуць ліць кроў і крыўдзіць, але хто, хто наважыцца пырснуць барвянай чалавечай крывёю на гэтыя белыя каменні, запэцкаць тваю белую нявіннасць і чысціню?!

…І здарылася дзіва. Быццам нябачны град явіў позіркам адзінае, самае дасканалае сваё стварэнне, схаваўшы ўсё астатняе.

І ззялі вакол лугі, і вясёлка абаперлася пятою ў ваду яе царквы, запрашаючы цуда ўзысці на аблокі і явіць сябе ўсім людзям.

Не, продкі не адышлі. Яны тут і заўсёды прабудуць тут: як песня, якую мы атрымалі ад іх, як іхнія радасці і боль».

Як справядліва адзначыў калісьці В.Р. Бялінскі, эстэтычныя пачуцці ёсць аснова дабра, аснова высокай маральнасці і чалавечнасці. Здаецца, што сувязь паміж этычным і прыгажосцю найбольш удала раскрыта У. Караткевічам у вершы «Архангельскае». Паркавы ансамбль, створаны лепшымі рускімі і замежнымі мастакамі, упрыгожаны мноствам бюстаў, статуямі, паркавымі збудаваннямі («І Ахіл у абдоймах сціскае Патрокла: не ад ран, а ад палак канае друг») павінен быў бы для ўсіх — і гаспадароў і гасцей — стаць крыніцай выхавання прыгажосці, маральнага ўдасканальвання людзей. Аднак, будучы ўласнасцю спачатку князёў Галіцыных, а потым Юсупавых, гэты амаль казачны ансамбль стаў месцам здзекаў над людзьмі, месцам распусты:

І прыгонных актрыс кладуць яму ў ложак,
Каб халодныя ногі грэлі яму.
Хто ім верне мары дзявочыя, светлыя?
Хто ім верне кахання светлага час?
Лепей гвалт, лепей жорсткасць — толькі не гэта,
Не бяссільны, старэчы холад пляча.
(I, 87)

І, зразумела, такое мастацтва не можа пакінуць паэта абыякавым: «Калі рай купляюць людской пакутай, хай ён дымам згіне, такі Эдэм». Ацэнка, як бачым, адназначная: мастацтва павінна быць з народам і для народа. Яно і менавіта яно можа спрыяць яго духоўнаму росту, узбагачаць яго інтэлектуальны і эмацыянальны свет. Эстэтычная якасць верша «Архангельскае», на наш погляд, якраз і заключаецца ў тым, што паэт не толькі паказвае адмоўнае і яго нежаданасць у жыцці, але выкрывае адмоўнае ва ўсёй яго антыэстэтычнасці, выхоўвае ў людзей непрыманне ўсяго, што супярэчыць прыгажосці і прыніжае яе. Паэт не застаецца абыякавым у такой сітуацыі. Сваю пазіцыю ён выказвае рашуча, нават катэгарычна:

Я сябе адчуваю, як вы, зганьбаваным
І рыдаю гаручаю вашай слязой.
(I, 87)

Яскравая эмацыянальнасць аўтара ніяк не можа застацца безуважнай для чытача. У гэтым выпадку менавіта яна выступае тым вузлом пераўтварэння пачуццяў, які вядзе ўспрыманне чытача ад пачварнага, брыдкага праз іх адмаўленне да разумення адвечных маральных каштоўнасцей, што ляжаць у аснове станоўчых эстэтычных катэгорый. А аўтарская ацэнка, дзякуючы сваёй павышанай эмацыянальнасці і эстэтычнай завостранасці, набывае сілу доказу і перакананасці. Адзначым, што сінтэз рэчаіснасці і непаўторнага свету паэта, яго творчай індывідуальнасці характэрны для многіх вершаў, балад, паэм У. Караткевіча. Паэт даволі часта акцэнтуе ўвагу на тых эстэтычных каштоўнасцях, без якіх цяжка зразумець унутраную сутнасць мастацкага твора. У выніку атрымліваецца цэласны, пачуццёвы, індывідуальна-непаўторны вобраз. Як, напрыклад, у вершы «Безгаловая Венера»:

Стаю ля яе ў задуменні
І голас пяшчотны чую:
«Прыйдзіце, мужчыны, ад зброі, —
Ўлонне маё сумуе.
Прыйдзіце, мужчыны, ад сечаў,
Ад турмаў, ад страт на світанні.
Адзінае ёсць на свеце:
Сумленне, братэрства, каханне».
І думаю я неадчэпна:
За што ж ты бяду спаткала?
За што галаву ты згубіла?
Якую праўду сказала?
(I, 236)

Творы, прысвечаныя з’явам мастацкай культуры, не толькі садзейнічаюць пазнанню рэчаіснасці. Адметна тое, што яны высвечваюць асобу паэта, чалавека, які, паводле слоў М. Горкага, «умее распрацаваць свае асабістыя — суб’ектыўныя — уражанні, знайсці ў іх агульназначнае — аб’ектыўнае — і які ўмее даць сваім уяўленням свае формы».

Нельга не адзначыць і такую адметную рысу эстэтыкі У. Караткевіча, як насычанасць яго твораў элементамі ўзвышанага. Праз інтарэс да мінулага, праз пранікненне ў сярэднявечча, выкрыццё феадальнага ўціску, пераканальныя вобразы народных заступнікаў паэт спасцігае своеасаблівасць нацыянальнага характару і духу беларусаў, іх духоўнай культуры. Яго творы «Балада пра паўстанца Ваўкалаку», «Машэка», «Баявыя вазы», «Чорная балада Гаркушы», «Балада аб нашэсцях», «Бекеш, або Ода Ерасі» і іншыя прасякнуты жыццесцвярджальным пафасам, непрыманнем гвалту, страснасцю яго выкрыцця, неадольнай верай у будучае. Кожны з герояў гэтых твораў з іх бунтарскім характарам і гераічнай прыўзнятасцю мог бы выказаць свае мары і пажаданні гэтак жа адназначна, як і герой-вальнадумец з твора «Бекеш, або Ода Ерасі»:

Вашага бога не ведаю з раем рабоў і гаротных,
Пекла яго не баюся, бо ўсё гэта ваша багно,
Не клапачуся аб целе, ані аб душы бессмяротнай,
Тым бессмяротнай, што зробіць, каб потым пагаснуць са мной,
Тут пабудуйце свой рай. Бо ён у руках вашых чорных,
У Людзях на гэтай зямлі, людзях, што робяць свой лёс,
У праве на праўду і слова, на свенты агонь непакорны,
У праве на веру не браць, нават як скажа Хрыстос.
(I, 280)

Чытач любіць такога рамантычнага героя, як Машэка ці Ваўкалака. Такія вобразы надзелены ў большай ці меншай ступені маральнай годнасцю чалавека-змагара і тым самым уздзейнічаюць на людзей як прыклад вялікай эмацыянальнай сілы. З другога боку, вобразы рамантычных герояў актыўна адмаўляюць аджылае, нежаданае і гэтак жа актыўна сцвярджаюць мару аб будучым, аб ідэале. Тым больш што ў творах рамантычнага кірунку добрае выступае перад чытачом у нічым не прыхаванай, падкрэсленай форме — як узвышанае, ідэальнае, гераічнае, а дрэннае — як найбольш адмоўнае, нявартае існавання.

Эстэтычны бок паэзіі У. Караткевіча значна ўзбагачаецца пастаяннымі зваротамі паэта да мастацкай творчасці розных часоў і народаў. Без перабольшання можна сказаць, што тыя імёны гісторыкаў, літаратараў, кампазітараў, мастакоў і твораў, якія згадваюцца ў вершах, баладах, паэмах і празаічных творах У. Караткевіча, маглі б скласці прадстаўнічую мастацкую энцыклапедыю. Тут ёсць аўтары далёкай старажытнасці — Флавій, Назон, Гамер, Катул, Плутарх; сярэднявечча на розных этапах яго развіцця — Дантэ, Петрарка, Босх, Бацічэлі, Брэйгель, Мікеланджэла, Бруна, Рафаэль; новага часу — Бетховен, Шуберт, Гоя, Байран, Дэга, Курбэ, Манэ, Пікасо, Хемінгуэй. Тут рускія — Рублёў, Казакоў, Лермантаў, Чайкоўскі, Станіслаўскі; украінцы — Т. Шаўчэнка і Л. Украінка; палякі — М. Агінскі і А. Міцкевіч, літовец — Чурлёніс, беларусы — Скарына, Паўлюк Багрым, Багдановіч, Ігнат Буйніцкі, Купала і Колас, Танк і Панчанка, Брыль і Калеснік, Кашкурэвіч, Паплаўскі, Шырма, Быкаў.

Цяжка выявіць канкрэтны ўплыў азначаных аўтараў на эстэтыку паэтычнай творчасці Ў. Караткевіча. Але безумоўна адно: яны значна ўзбагацілі змястоўны, інтэлектуальны бок паэзіі беларускага майстра, напоўнілі яе актуальнай праблематыкай, вывелі на новы ўзровень чытацкага ўспрымання. У спалучэнні з багаццем маральных праблем атрымалася паэтычная кніга жыцця, жыцця, якое не проста існуе ў часе і прасторы, але галоўным чынам скіравана на ўдасканаленне Чалавека, развіццё яго эмоцый і пачуццяў па найвышэйшых законах Дабрыні і Прыгажосці.

Яндекс.Метрика