Ён нарадзіўся і вырас у Беларусі — Аркадзь Русецкі

Нямала стварыў Уладзімір Караткевіч за
чвэрць стагоддзя літаратурнай працы… Леп-
шыя з яго твораў, безумоўна, надоўга заста-
нуцца ў скарбонцы роднай літаратуры, бо
на ягоныя тэмы можна, напэўна, напісаць
горш, а магчыма, і лепш, але напісаць так,
як гэта зрабіў ён, не зможа ніхто. Мастакі з
такім выразна адметным талентам, з такім
своеасаблівым бачаннем свету нараджаюцца
не часта…
В. Быкаў

Розны ён быў, ох які розны, Уладзімір Ка-
раткевіч! І зусім няма патрэбы далучаць яго
сёння да «ліку святых»… Яго самога гэта
смяшыла б і абурала. Ён быў у жыцці і ў
сваіх кнігах святы грэшнік. Таму і застаўся
ў нашай памяці і ў нашым эмацыянальным свеце
як непаўторная з’ява.
А. Васілевіч

Жыццялюб, фантазёр і рамантык відушчы,
Не сябе шанаваў, не сабой даражыў -
Са стагоддзяў ён нёс, нібы з горнае пушчы,
Кветку матчынай чыстай душы.
В.Жуковіч

«…Зноў перад намі запаветная хата. Семдзесят гадоў таму назад у гэтай хаце пачуўся яго дзіцячы голас. Якім моцным стаў гэты голас з гадамі, як грымеў ён над зямлёю, калі перад сялянскім хлапчуком адкрыўся зорны шлях! А выйшаў жа ён на гэты шлях з гэтай хаты. Выйшаў басанож. Шмат перад ім наперадзе было сустрэч, шмат песень, шмат сонечных ранкаў і сноў аб роднай Беларусі. І ён пайшоў, ён ідзе… І разам з ім ідзём і мы, бо і пасля смерці ён застаецца нашым настаўнікам і паплечнікам і сумесна з намі пракладае шлях наперад» (VIII, кн.2, 14)

І яшчэ:

…Нішчу я паноў, замкі іх палю,
Я ламаю іх векавы бізун,
Помшчу за маю бедную зямлю,
За яе жальбу, за яе слязу,
За тваю красу, за маю любоў,
Што ў пакоях іх кветкай адцвіла…
(«Машэка». І, 40)

Нататкі пра творчы шлях Уладзіміра Караткевіча — вядомага беларускага пісьменніка, паэта, драматурга — пачаты ўрыўкамі з гэтых твораў зусім не выпадкова. І справа не толькі ў тым, што і верш «Машэка», які больш вядомы аматарам і даследчыкам яго паэтычнага майстэрства, і менш вядомая дарожная замалёўка «Вязынка» з’явіліся ў друку ў адным і тым жа 1955 годзе і сталі яго першымі друкаванымі творамі. У. Караткевіч з’яўленне іх у друку лічыў пачаткам сваёй творчай дзейнасці. Адказваючы на пытанне, як ён прыйшоў у літаратуру, пісьменнік зазначыў: «Вельмі дзіўна атрымалася са мною. Шчыра кажучы, я і не збіраўся стаць пісьменнікам. Але пачаў пісаць даўно, яшчэ ў школе. Вершы і прозу — для сябе. Што-нішто з маіх пісанняў было змешчана ў школьным рукапісным часопісе. А аднойчы разам з сябрам вырашыў пабыць на радзіме Янкі Купалы. Пешшу дайшлі да Вязынкі. Аб гэтым падарожжы я напісаў нарыс і паслаў жонцы паэта Уладзіславе Францаўне. Яна ўключыла яго ў зборнік „Янка Купала. Збор матэрыялаў аб жыцці і творчасці паэта“. Так з’явіўся мой першы друкаваны твор… (Дарэчы, да тэмы, звязанай з жыццём народнага песняра, звернецца У. Караткевіч і ў васьмідзесятыя гады, калі ў часопісе „Маладосць“ будзе надрукавана драма „Калыска чатырох чараўніц“. — А. Р.) У гэтым жа годзе адзін мой знаёмы настаяў, каб я прыслаў яму частку вершаў у часопісы „Вожык“ і „Полымя“. З „Вожыка“ я атрымаў адмоўнае пісьмо, што мяне вельмі засмуціла. А вось у „Полымі“ з’явіўся мой верш „Машэка“, і я падумаў, што ўсё ж штосьці магу зрабіць. Паступова пачалі друкаваць мае вершы і іншыя часопісы».

На наш погляд, два гэтыя разнапланавыя творы даюць глебу для больш грунтоўных разважанняў і вывадаў, галоўны сярод якіх заключаецца ў тым, каб і сёння, праз сорак гадоў пасля пачатку творчай дзейнасці, убачыць вытокі ўсёй шматпланавай творчасці У. Караткевіча. У вершы «Машэка» — гэта і своеасаблівае, прасякнутае баладнымі матывамі, паэтычнае бачанне свету, і цяга да глыбокага пранікнення і спасціжэння гістарычнага мінулага, і рамантычна-ўзнёслае ўспрыманне з’яў і падзей беларускай гісторыі. У нарысе «Вязынка» — разуменне неадрыўнасці і абумоўленасці сучаснага культурнага і мастацкага жыцця традыцыямі беларускай мастацкай культуры, імкненне ў нарысавай форме выразіць свае асабістыя адносіны да сучаснага жыцця з усімі яго супярэчнасцямі, яго хараством і прывабнасцю, нарэшце, адчуванне неадрыўнасці сваёй творчай асобы, сваіх творчых дасягненняў ад штодзённага і карпатлівага авалодвання багаццем той мастацкай спадчыны, што пакінулі сучаснікам заснавальнікі беларускай літаратуры.

Пасля таго як з друку выйшаў першы том Збору твораў У. Караткевіча (у 8-і т.) — а тут змешчана больш 20 вершаў, створаных паэтам ці яшчэ да з’яўлення, ці то ў год з’яўлення першага верша ў друку (дарэчы, каля 10 вершаў датаваны 1956 г.), — чытачы змаглі пераканацца ў справядлівасці нашага вываду. Сярод малавядомых вершаў — творы з казачным элементам («Казка пра сноп»), прысвячэнні роднай прыродзе («На рацэ», «Вясновая непагода»), радкі, у якіх адчуваецца цяга пачынаючага аўтара да спасціжэння сутнасці разумення гістарычнай сувязі пакаленняў, перадачы ад аднаго да другога традыцый у светапоглядзе і светаадчуванні («Бацька», «Кастальская крыніца», «Шыпшына і ружа», паэма «Зямля дзядоў»).

На наш погляд, усе ўражанні, спробы, падыходы У. Караткевіча да асэнсавання як асабістых, так і грамадскіх адчуванняў тагачаснага перыяду знайшлі сваё канцэнтраванае выражэнне ў вершы ў прозе «Слова Міцкевічу» (на жаль, яго чамусьці зусім не ўключалі як у прыжыццёвыя, так і выданыя пасля смерці У. Караткевіча кнігі).

Меў рацыю У. Караткевіч у сваіх меркаваннях: душа Адама Міцкевіча, якая, па народным паданні, 26 лістапада, у дзень яго смерці, з’яўляецца над нашай зямлёй, — гэта не здань і не містыка. Гэта — валадар духоўнага пачатку, які з дабрынёй і пяшчотнасцю нябачанай заглядае «ў кожную хату, у кожную адрыну, на дно кожнага глыбокага возера» і які, як моц і мудрасць духу народнага, адначасова прысутнічае «на рудых берагах Дняпра і на беразе Світазі», «…у сініх лясах Гродзеншчыны і на гары Маяк».

Гучыць некалькі алегарычна, але не пагадзіцца з У. Караткевічам аб уздзеянні шматпланавай творчасці Адама Міцкевіча на духоўнасць беларускага грамадства, развіццё інтэлектуальна-асабістых якасцей асобы проста няма высновы: «А ты глядзіш на яго і калі бачыш, што сумленныя вочы ў яго бацькоў, даеш яму добры і сумленны лёс.

Аднаму ты даеш будучыню слаўнага казачніка, другому — будучыню добрай маці, трэцяму — славу вялікага героя, а чацвёртаму — проста славу Чалавека, працаўніка, рукі якога робяць усё на зямлі і кормяць таксама ўсіх.

Мяне ты чамусьці зрабіў паэтам, даў мне вочы, якія бачаць сум явара над вадою; вушы, якія чуюць песню чалавечую; рукі, якія здольны перабіраць, як струны, галіны прырэчных верб; ногі, каб выхадзіць зямлю; і глотку, каб спяваць язычаскія песні, песні сонцапаклонніка.

Я не кажу, што твой вялікі голас гучыць у нашым. Проста маленькім ялінам добра ў цені адвечнага дрэва.

Пераблыталіся нашы шляхі, шлях тваёй Радзімы і шлях маёй, і шляхі ўсіх краін славянскіх зліліся ў адну раку, і не адрозніш, дзе тая, а дзе іншая плынь.

Патабня і Каліноўскі і Траўгут баранілі праўду тваю, рускі, беларус і паляк, і славаю іхняй быў бяссільны плач кабеты, пра які ты пісаў, і моцны ўдар нашчадкаў, якія павалілі спрадвечнае пудзіла.

Вялікае сонца славянскае, ты ж бачыш іх, калі прыходзіш да нас у лістападаўскую ноч, ты ж сам ведаеш гэта лепей за нас.

Як сонца ў маленькай кроплі, адбіўся гэты вялікі шлях у непрыкметнай долі маёй.

…Вось кніга тваіх вершаў перада мною. Яе падараваў мне твой нашчадак (нацыя ж заўсёды нашчадак лепшага свайго паэта).

І на вокладцы напісаў ён словы твае: «Вашы чужаземныя твары маюць права пражывання ў сэрцы маім».

Бачыш, вось зямля, вось новае жыццё на ёй.

Настала «сіла праваў», і праз стагоддзе абняліся ўнукі славянскія" (І, 322 — 323).

Зразумела, што ўсе гэтыя якасці ў самых першых творах У. Караткевіча не існуюць самі па сабе, у «чыстым» выглядзе. Але дэталёвы аналіз яго прозы, паэзіі, драматургіі, эсэ (дарэчы, форма якраз і садзейнічала праяўленню творчай індывідуальнасці), дзе сучаснасць вымяраецца гісторыяй, дзе суседнічаюць узвышанае і пахабнае, дзе жыў і жыве чалавек, дае падставу для падобнага вываду.

…Духоўная атмасфера ў сям’і Караткевічаў была спрыяльная для развіцця будучага пісьменніка. Яго маці Надзея Васільеўна ў свой час скончыла Марыінскую гімназію ў Магілёве і некаторы час працавала вясковай настаўніцай. Рыгор Барадулін сведчыць, што Надзея Васільеўна была «прыроджана панавітая і тонкая ў веданні людзей, яна была рэхам, адгалоскам былое годнасці і велічы старадаўняга беларускага роду. Яна была нейкім чынам прататыпам інтэлектуальна-велічных натур у творах сына». Дзед «быў атэіст і спачуваў марксістам, …цудоўна бачыў дурасць і ўмеў пусціць яе голай. Валодаў нязмернай духоўнай і фізічнай сілай, бязмежнай энергіяй і азартам». Наогул, «сям’я, — як успамінае сястра Валодзі Наталля, — была вельмі спакойная. Мы, дзеці, ніколі не чулі, каб бацькі сварыліся. Да нас яны ставіліся заўсёды чула і разумна. Калі цяпер чую ці чытаю пра Валодзеву дабрыню, сардэчнасць, павагу да людзей, думаю, што гэта ўсё вынік выхавання ў сям’і. Талент ад Бога, а ўсё астатняе — ад маці і бацькі. А што тычыцца цікавасці да гісторыі, дык яна напэўна перадалася ад дзеда Васіля Юльянавіча і ад дзядькі, матчынага брата — Ігара Васільевіча Грынкевіча, які настаўнічаў у Рагачове і ведаў шмат паданняў і легендаў…» Магчыма, менавіта ад яго пачуў будучы пісьменнік аповеды пра двараніна-прыгодніка Выліваху, цыганскае каралеўства, дзікае паляванне караля Стаха ды вызваленчыя паўстанні на Магілёўшчыне, у Віцебску і ўсім Беларускім краі. І дзед Васіль быў тым чалавекам, які, на думку Наталлі Кучкоўскай, «даў Валодзю ўрок натуральнай беларускасці, бо маці… па-беларуску не гаварыла. Лічыла, што недастаткова ведае мову. Бацька больш карыстаўся дыялектам. А сустрэчы з дзедам адкрывалі Валодзю глыбіню і мудрасць беларускай народнай душы». Да таго ж у доме было мноства кніг: і рэшткі дзедавай бібліятэкі, і кнігі бацькоў, і свае. Усё гэта прывяло да таго, што маленькі Валодзя «чытаць, непрыкметна для іншых, навучыўся ў тры з паловаю гады, а пісаць трохі пазней». Нават недзе гадоў у шэсць пачаў пісаць вершы, але, па асабістым прызнанні, «на шчасце, хутка кінуў гэты занятак». Спрабаваў пісаць апавяданні, ілюстраваць іх. Таленты выяўляў разнастайныя: апрача «пісьменніцкай» дзейнасці маляваў, хадзіў у музычную школу. Праўда, усё гэта было «разнавіднасцю дзіцячай гульні» (VIII, кн. 2, 6).

Уладзіміру Караткевічу, як і сотням тысяч яго аднагодкаў, давялося спазнаць жахі Вялікай Айчыннай вайны, сербануць «вайны вышэй глоткі». Масіраваныя бамбёжкі Оршы ўжо ў самыя першыя ваенныя дні, няўдачная спроба эвакуацыі, нялёгкае партызанскае жыццё, інтэрнат на Урале, неаднаразовыя, прычым няўдалыя, уцёкі на фронт… Пра ўсё гэта пісьменнік напіша потым у адным са сваіх самых аўтабіяграфічных твораў — аповесці «Лісце каштанаў». «…Што ж датычыцца мяне, то мой лёс склаўся — у двух словах — так.

Эвакуіравацца не здолелі. Пайшлі ў пушчу. Бацька — партызанскі разведчык, я — партызанскі сувязны. Пазней, калі прыляцеў з Вялікай зямлі першы самалёт — чатырох дзяцей з нашага атрада вырашылі адправіць з ім, далей ад небяспекі. Я хацеў перасядзець у лесе — выдала, зараза, сучка нашага „баці“. Адправілі сілком. Адзінае было суцяшэнне, вельмі дурацкае, што ніхто з гэтых дарослых боўдураў, нават „баця“, не бачыў, як прыгожа выглядае зверху лінія фронту, асабліва калі б’юць зеніткі.

Інтэрнат на Урале, некалькі беспаспяховых уцёкаў. Урэшце, уцёк зусім і некалькі месяцаў беспрытульнічаў. Краў, што праўда, толькі ў чужых гародах. Даходзіла да таго, што пасвіў у паўночным Казахстане вярблюдаў — хочаце верце, хочаце не. Дзівам адшукаў бацькоў (бацька быў дужа патрэбны спецыяліст, і яго перакінулі „на мацярык“ адным з наступных рэйсаў)» (ІІІ, 338).

…Потым быў разбураны гітлераўцамі Кіеў. Крашчацік, што разам з прылеглымі да яго вуліцамі ляжаў у руінах. Было такое ўражанне, адзначае пісьменнік, «нібы вялікая рака ў страшэнным разліве панішчыла не толькі свае берагі, але і берагі ў вусцях тых рэк, што ўпадалі ў яе» (ІІІ, 339). Тыя некалькі месяцаў, што будучы пісьменнік правёў у Кіеве, былі настолькі запамінальныя, што амаль праз трыццаць гадоў змаглі стаць асновай для аповесці «Лісце каштанаў». Дарэчы будзе прывесці ацэнку твора, што даў народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў. У сваёй прадмове да двухтомніка «Выбраных твораў» У. Караткевіча, што выйшаў да яго 50-годдзя ў 1980 годзе, ён піша: «Некалькі асобна ў творчасці У. Караткевіча стаіць ягоная аповесць „Лісце каштанаў“. Дакладна і лёгка выпісаныя вобразы юнакоў і дзяўчат вялікага горада з яго нялёгкім пасляваенным бытам грунтуюцца на пэўных прататыпах, і нават трагічны фінал аповесці ўзяты з жыцця, пабудаваны на аснове канкрэтнага факта. У гэтай аповесці Караткевіча шмат горкіх і трудных рэалій, узаемаадносін і акалічнасцей, і хіба толькі ў першых праявах юнацкага кахання знаёма гучыць, хаця і не пазбаўлены драматызму, улюбёны рамантычны матыў».

Восенню 1949 года У. Караткевіч зноў вернецца ў Кіеў, каб вучыцца на філалагічным факультэце Кіеўскага дзяржаўнага універсітэта імя Т. Р. Шаўчэнкі. Але да гэтага шчаслівага (як прызнаваўся пісьменнік) моманту трэба было прайсці праз «сапраўдны разор», «зону пустыні», што пакінулі фашысцкія захопнікі на беларускай зямлі. Было ўсё — і холад, і пасляваенная галадуха, і адзін падручнік на ўвесь клас. «Да голаду і холаду, — успамінае пісьменнік, — было не звыкаць, але тут, на выпаленай зямлі, так намерзліся, што часам хацелася памерці, абы толькі цябе пахавалі ў печцы» (VIII, кн. 2, 7).

Гады вучобы ў Кіеве вельмі паўплывалі на Валодзю. І гэты ўплыў Наталля Кучкоўская (Караткевіч) вызначае так: «Па-першае, яго захапленне самім горадам, украінскай культурай, помнікамі старажытнасці яшчэ больш разбудзіла ў ім беларуса, дапамагло вастрэй адчуць, што і Беларусь багатая на спадчыну. Па-другое, ён зразумеў, што трэба дасканала ведаць гісторыю сваёй бацькаўшчыны. …Менавіта Валодзя адкрыў мне вочы на мінуўшчыну нашай роднай Аршаншчыны. Колькі разоў хадзіла паўз Куцеінскі манастыр, Ільінскую царкву, рэшткі Васкрасенскага сабора і базыльянскага манастыра, царкву Пятра і Паўла (якой сёння ўжо няма зусім), а нават не здагадвалася, што за гэтым стаіць. …Валодзя ў студэнцтве пачаў сур’ёзна вывучаць мінулае нашага краю. І ў літаратуру ён прыйшоў з глыбокім веданнем гісторыі і разуменнем яе сэнсу ў жыцці кожнага беларуса».

І ўсё ж Караткевіча, як і многіх яго равеснікаў-землякоў (згадаем хоць бы Янку Сіпакова, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна), цягнула да вершаў. Яны былі патрэбны ім, тыя вершы, што пісаліся пры святле газовак, «гільзавых лямпаў», на газетнай паперы, на нямецкіх бланках. Вершы, што горача абмяркоўваліся, змяшчаліся ў школьных насценных газетах або рукапісных часопісах. Як успамінае У. Караткевіч, за першыя пасляваенныя гады ён напісаў не менш за дзвесце вершаў. Некаторыя з іх, а таксама прыгодніцкая аповесць «Загадка Неферціці» былі «надрукаваны» ў школьным «Званочку». Праўда, усё гэта «недзе згубілася, і шкадаваць аб ім, пэўна, няма чаго» (VIII, кн. 2, 8).

Вучоба ў Кіеве, а потым настаўнічанне ў Лесавічах Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці (аб гэтым месцы пісьменнік выкажацца ў эсэ «І будуць людзі на зямлі»: «Сяла прыгажэйшага за мае Лесавічы, па-мойму, няма на Украіне») — а месца гэта было зусім недалёка ад радзімы Тараса Шаўчэнкі. Разам з дзецьмі малады настаўнік хадзіў «у Лысенку над Гнілым Цікачам, сяло, сто разоў апісанае паэтам». Мясціны тыя настолькі запалі ў душу У. Караткевічу, што ён на працягу ўсяго свайго жыцця пастаянна звяртаўся да гісторыі і культуры суседняга славянскага народа.

Усё ж на колькі хвілін вернемся ў кіеўскія і першыя паслякіеўскія (лесавічскія) гады жыцця У. Караткевіча. Яны, па-нашаму, нацянькі вядуць да вытокаў яго творчасці, яго прыходу ў вялікую літаратуру. І галоўным аўтарытэтам (каб не было сумненняў у чытача) тут будзе сам Караткевіч. У аўтабіяграфічных накідах, надрукаваных ужо пасля смерці пісьменніка, занатавана: «успамінаю гэты час (кіеўскі. — А. Р.) са змешаным пачуццём глыбокай пяшчоты, агіды і сораму. Пяшчоты — таму, што была навука, старыя рукапісы, кнігі, музыка, музеі, дзяўчаты, сябры, свае і чужыя вершы. [...]

Мне хацелася самому зразумець, чаму і нашто, і таму на некаторыя лекцыі я не хадзіў, а замест таго сядзеў у публічнай бібліятэцы.

Гэта — і яшчэ самастойнасць думкі — зрабілі тое, што не мінала і года, каб мне не выносілі некалькі вымоў. Але вымовы нікога ніколі не «выпраўлялі».

Як ні дзіўна, я не хацеў быць літаратарам. Вершы пісаў для сябе. А ў будучым хацеў быць літаратуразнаўцам. Напісаў некалькі прац: «Багдановіч і сучаснасць», «Моўная стыхія Пушкіна», «Цёмныя месцы «Слова», «Беларускія і ўкраінскія школьныя драмы», «Авакум і літаратура расколу», «Справа пра „Саборныя дзеянні“ (гісторыя палітычнай падробкі і яе выкрыцця, як „кнігі ў паўдзесць, старажытным беларускім характарам пісанай)“.

Асабліва ўсё абвастрылася пасля дыпломнай працы аб сацыяльных казках і легендах ва ўсходнеславянскім фальклоры. Толькі дзякуючы таму, што мяне падтрымалі настаўнікі, …я атрымаў вышэйшую адзнаку, але шлях у аспірантуру быў закрыты. Пасля я здаў кандыдацкі мінімум і пачаў быў пісаць дысертацыю пра паўстанне 1863 года…

…Два гады я працаваў на вёсцы… Напісаў я за дзевяць год — горы. Нават трагедыю белым вершам. Жахліва тр-рагічную.

Але друкавацца і не думаў».

А потым у пісьме да М.Танка, датаваным 12 лістапада 1955 г. (за год да звароту ў родную Оршу), Уладзімір Сямёнавіч адзначае: «Пісаў многа, бо дадому цягнула. Там, між іншым, і „Машэку“ напісаў. А потым нешта так яно і скончылася. Галоўнае — мала хто разумеў. Пачаў быў прыстасоўвацца, напісаў гэтага злашчаснага „Вашчылу“ і інш. Выходзіла дрэнна, раззлаваўся сам на сябе і кінуў зусім. Амаль тры гады не пісаў нічога акрамя выпадковых рэчаў. Усё ж не кінуў зусім, бо гэта ж такая зараза, гэтыя вершы. Часам лавіў сябе на тым, што ўначы пішу.

…А потым выпадкова паслаў таварышу некалькі вершаў, а ён аднёс Анатолю Сцяпанавічу (Валюгіну. — А. Р.), і загарэўся сыр-бор.

Якую вы справу добрую зрабілі для мяне і як я вам удзячны за гэта, і Цімахвею Васілевічу (В. Вітка. — А. Р.) і Уладз. Іванавічу (У. Корбан. — А. Р.), і тт. Зарыцкаму, і Няхаю, і ўсім-усім. Гэта, ведаеце, упэўненасць. Цяпер я ўжо не кіну. Так хочацца працаваць, і адчуваю я сябе нейкім новым, іншым.

Столькі задумаў і ідэй. Вершы цякуць. Быццам усё, аб чым думаў тры гады, раптам прарвалася. І не толькі вершы, хоць гэта галоўнае.

Зараз у мяне ёсць планы (і сёе-тое пішу) на добры дзесятак апавяданняў. …Пішу, і вось што дзіўна: да ўсяго даходзяць рукі. Усё паспяваю рабіць. …Усё прываблівае. Эх, каб яшчэ да легенд, якія ведаю, ды трохі больш матэрыялаў, а то фантазія без цвёрдых рамак разыходзіцца.

Думак шмат. Тут і пра сучаснасць і пра мінулае…»

Пройдзе колькі гадоў. З друку выйдуць кнігі вершаў, прозы, будуць надрукаваны драматычныя творы, казкі, апавяданні.

Далей, хацелася б прывесці цікавую, можа, нават арыгінальную думку вядомага беларускага літаратара Арсеня Ліса пра падабенства творчых «украінска-беларускіх» сцежак У. Караткевіча і Ф. Багушэвіча. «Валодзя Караткевіч вяртаўся з Украіны паэтам і паэтам, беларускім, усімі памкненнямі сваёй душы, творчай натуры. У гэтым ён несвядома паўтарыў шлях свайго земляка паэта Францішка Багушэвіча. Паўтарыў у іншых сацыяльных і палітычных умовах. Яго папярэднік трапіў на Украіну паўстанцам, ратуючыся ад мураўёўскай пятлі ці сібірскай ссылкі. Вярнуўся ж на Беларусь паэтам-дэмакратам, песняром беларускай мужыцкай нядолі, будзіцелем сваёй зямлі».

З першых кніг У. Караткевіча стала зразумела, што ў беларускую літаратуру прыйшоў аўтар самабытнага і яркага даравання, са сваім рамантычна-чалавечым успрыманнем і асвятленнем жыцця. Прыйшоў, як зазначае В. Каваленка, на незанятую нікім вольную «тэрыторыю» ў нацыянальнай прозе, каб вярнуць свядомасці беларускай літаратуры мінулае народа, апаэтызаваць яго, зрабіць яго прыцягальным для сучаснага чытача. У. Караткевіч — пісьменнік, які ўмее спалучаць грамадзянскасць і паэтычную ўзнёсласць, смелую метафарычнасць, глыбіню пранікнення ў жыццёвыя з’явы і працэсы, кансерватыўнасць і карнавалізацыю народнай культуры з новымі накірункамі ў літаратурнай творчасці, мае свае адметныя ад іншых тэмы. «Як ні парадаксальна, — адзначае В. Быкаў, — але менавіта… у таленце У. Караткевіча з’явілася і надоўга зацвердзілася яшчэ адна яго адметная схільнасць — паглыбленая цікавасць да гістарычнай мінуўшчыны нашага народа».

Мастацкаму ўвасабленню гістарычных падзей У. Караткевіч прысвяціў шэраг твораў, што былі напісаны ў 60-я гады. Сярод іх — аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» (1964), раманы «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966), «Каласы пад сярпом тваім» (1968). Адначасова ён вёў актыўныя творчыя пошукі і ў іншых літаратурных жанрах. З друку выходзяць дарожныя эсэ «Казкі янтарнай краіны» (1963), «Званы ў прадоннях азёр» (1969), аповесць «Чазенія» (1964), навеяная ўражаннямі ад некалькіх месяцаў жыцця У. Караткевіча на Далёкім Усходзе, зборнік вершаў «Мая Іліяда» (1969). У гэты ж перыяд ствараюцца сцэнарыі фільмаў «Сведкі вечнасці» (1964), «Памяць каменя» (1966), «Будзь шчаслівай, рака» (1967).

Апрача адзначаных, у розныя перыяды творчай дзейнасці У. Караткевіч напісаў такія адметныя творы, як апавяданні «Як звяргаюцца ідалы», «Вока тайфуна», легенда «Ладдзя Роспачы», п’есы «Званы Віцебска», «Кастусь Каліноўскі», кніга пра Беларусь «Зямля пад белымі крыламі». Шматлікія раманы, аповесці, апавяданні, кінасцэнарыі, нарысы, эсэ, рэцэнзіі, апрача ўжо названых, аб’яднаны ў двухтомнік «Выбраныя творы» (1980), кнігі «Вока тайфуна» (1974), «Каласы пад сярпом тваім» (1977), «З вякоў мінулых» (1978), «Чорны замак Альшанскі» (1983). Сярод твораў У. Караткевіча асобнае месца належыць аповесці «У снягах драмае вясна», з якой чытач змог пазнаёміцца праз трыццаць гадоў пасля напісання (упершыню яна з’явілася ў друку ў майскім нумары часопіса «Полымя» за 1988 год). Асобнае таму, што аўтар адным з першых у беларускай літаратуры зрабіў спробу спасцігнуць трагізм людзей, складанасць духоўнай атмасферы грамадства 50-х гадоў, у якім «господствовала» ідэалогія сталіншчыны.

Адметна тое, што ў кожным з жанраў пісьменнік вырашаў адну і тую ж усеабдымную задачу — спалучыўшы ў творчасці купалаўскую палымянасць і багдановічаўскую светлую веру, выявіць мастацкімі сродкамі тэндэнцыі таго далёкага часу, калі ў барацьбе з феадальным, рэлігійным і сацыяльным прыгнётам, у стыхійных народных паўстаннях абуджалася нацыянальная самасвядомасць беларусаў, мацнела векавое жаданне «людзьмі звацца».

Цяжка, ды бадай і немагчыма, выявіць, што ў творах У. Караткевіча з’яўляецца праўдай, а што вымыслам і дзе пачынаецца і канчаецца гульня багатай фантазіі. Галоўнае — у канцэптуальным ідэйным, стылёвым і творчым адзінстве задумы пісьменніка і спосабах яе вырашэння. Такім цэментуючым ядром творчасці выступае гістарызм, які ў спалучэнні з філасофіяй, эстэтыкай, народнай мастацкай культурай даў літаратуры і чытачу непераймальныя, непадуладныя часу творы.

Заўважым, што творы У. Караткевіча выдаваліся не толькі на беларускай мове, але і на рускай, украінскай, літоўскай, латышскай і іншых мовах народаў СССР. Творчасць У. Караткевіча добра ведаюць далёка за межамі нашай краіны. У Польскай Рэспубліцы, напрыклад, выдадзены зборнік апавяданняў «Блакіт і золата дня», у Чэхаславакіі — чатыры кнігі твораў, у тым ліку аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» пад назвай «Каралеўская помста» і раман «Нельга забыць» пад назвай «Леаніды не вернуцца». Яго творы перакладзены таксама на нямецкую, англійскую, шэраг іншых моў.

Патрэбна адзначыць і такую дэталь, як выкарыстанне твораў У. Караткевіча рэжысёрамі кіно і тэатра для стварэння новых, арыгінальных твораў мастацтва. У рэпертуары Беларускага дзяржаўнага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга акадэмічнага тэатра імя Я.Коласа шмат гадоў значацца гістарычныя драмы «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі». Дзяржаўны тэатр оперы і балета Беларусі паставіў оперы паводле аповесцей «Сівая легенда» і «Дзікае паляванне караля Стаха», Магілёўскі абласны драматычны тэатр даў сцэнічнае ўвасабленне аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха», Гомельскі тэатр — «Ладдзі Роспачы». Раманы «Чорны замак Альшанскі» і «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», аповесць «Дзікае паляванне…» пакладзены ў аснову мастацкіх фільмаў, створаных на кінастудыі «Беларусьфільм». З’явіліся песні, напісаныя на вершы У. Караткевіча.

Усё гэта было лепшым сведчаннем апантанасці і шматпланавасці творчай натуры У. Караткевіча, неабдымнасці яго інтарэсаў, адзінага імкнення як можна больш і як можна пераканальней распавядаць чытачу пра родную Беларусь, яе знакамітых людзей, незалежна ад таго, жылі яны разам з ім, ці адышлі ў глыбіню стагоддзяў, або будуць жыць яшчэ праз колькі год, пра трагічныя і гераічныя старонкі гісторыі.

Але ўсё ж для паўнаты ўяўлення аб творчым станаўленні Караткевіча зробім невялікі экскурс у яго аршанскі (пасля звароту з Украіны) перыяд жыцця.

Успамінаюць, што калі будучы пісьменнік кіраваў школьным драматычным гуртком 8-й аршанскай школы, то ён выконваў ролю не толькі мастацкага кіраўніка, але і аўтара, і рэжысёра, і артыста, і дэкаратара. Сваімі шматлікімі рукапіснымі газетамі, сяброўскімі шаржамі, гумарэскамі, карыкатурамі, вершамі-прысвячэннямі ён заахвочваў, ініцыяваў, падштурхоўваў дзяцей і настаўнікаў да творчасці і самавыражэння, да пазнання сутнасці і вялікай мэты прыгожага. Выкладчык гісторыі з Оршы І. Яршоў зазначае, што менавіта дзякуючы школьным вечарам У. Караткевіч застаўся ў памяці шматлікіх вучняў як чалавек просты, жыццярадасны, шчыра-адкрыты, які не толькі прапагандаваў дабро, але і нёс яго…

У гады настаўнічання ў жыцці У. Караткевіча адбыліся дзве значныя падзеі. У 1954 г. будучы пісьменнік упершыню стаў удзельнікам рэспубліканскай нарады маладых літаратараў у Каралішчавічах, а ў красавіку 1957 г. яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў БССР (рэкамендацыі далі А. Бялевіч, А. Вялюгін і М. Лужанін).

Мяркую, што чытачы не без цікавасці аднясуцца да ўспамінаў аб каралішчавіцкім семінары народнага паэта Беларусі Р. Барадуліна. На канферэнцыі ў Оршы, прысвечанай 65-годдзю з дня нараджэння У. Караткевіча, ён распавядаў: «Упершыню ўбачыў я здзіўленавокага, нязвыкла даверлівага, амаль па-малечы цыблакаватага і разам з тым мажнога хлопца, у якога нечакана спалучалася вяскова-местачковая беларуская шчырасць з урабністычнай еўрапейскай шырынёй і ўзважнасцю.

…У Каралішчавічах у тую першую нашу сустрэчу далёка заходзілі мы па тады яшчэ ціхай дарозе. Уладзімір здзіўляў мяне і ашаламляў і развагамі, і задумамі. Глядзеў я на яго, як тубылец на касманаўта. І, трэба быць шчырым, да апошніх дзён заставалася жыць у мяне гэта пачуццё багавейнасці і здзіўлення. Сам Уладзімір ніколі, нічым і ніяк не падкрэсліваў ні перад кім сваёй перавагі, сваёй адметнасці. Яна сама выдавала яго, незвычайнасць Караткевічава. Любіў маштабнасць, любіў гіпербалу. Любіў размах».

Прыём У. Караткевіча ў члены Саюза значна актывізаваў яго творчую актыўнасць (напрыклад, у ліпеньскім нумары часопіса «Полымя» была надрукавана новая нізка вершаў). Але тая ж актыўнасць выклікала неадназначныя ацэнкі творчасці як калегамі па паэтычнаму цэху, так і журналістамі. Асабліва мясцовай прэсай. У аршанскай газеце ад 31 ліпеня 1957 г. з’явіўся артыкул «Не ў нагу з жыццём», аўтар якога, называючы У. Караткевіча мясцовым паэтам (забыўся, што ён ужо быў членам СП БССР), абураецца яго «нізкапробнымі практыкаваннямі». Маладога паэта не проста папракаюць за яго захапленне гістарычным мінулым аршанцаў, іх нацыянальна-патрыятычнымі традыцыямі, але і адкрыта вінавацяць у тым, што ён не бачыць сучасных дасягненняў, вялікасных і светлых здабыткаў нашых дзён. Я.Сіпакоў пазней выкажацца вельмі пераканальна: «А настаўнік быў малады — мог зламацца. Не зламаўся. Выстаяў».

Зноў жа аб станаўленні і сталенні паэтычнага майстэрства У. Караткевіча (старонкі жыцця, якія мала вядомы сучаснаму чытачу). Пачынаючы віцебскі аўтар Давід Сімановіч і пачынаючы паэт У. Караткевіч у час сваёй сустрэчы ў Віцебску спрачаліся (даказваючы кожны сваё) аб сутнасці і грамадскай ролі літаратурнай творчасці. Якія кожным з іх былі выказаны довады, ведае толькі гісторыя. Але для сучаснікаў застаўся важкі доказ той сяброўскай дыскусіі — ліст У. Караткевіча ў Віцебск да Д. Сімановіча, датаваны чэрвенем 1958 г. Прывядзём яго поўнасцю:

«Шаноўны знішчальнік літаратурных Галіафаў!

Лайдак ты, браце, вось што! Чакай, я яшчэ дабяруся неяк да цябе, калі прыеду ў Віцебск, будзеш ты глядзець на свет праз уласныя рэбры. Адзіным суцяшэннем для мяне з’яўляецца тое, што я і сам такі самы лайдак, калі яшчэ не горшы. З вершамі затрымаўся, нікому не пішу, нічога не пішу — бяда ды й толькі. Праўда, у школе маёй ідуць экзамены, і сяджу там, як ёлуп, на розных там геаметрыях. Памятаеш, як у пятроўскія часы казалі:

„Богомерзостен перед господом богом всяк, любяй геометриу“.

Вядома, значна лепей было б шпацыраваць па бульвару з асобай, пра якую зноў-такі продкі казалі:

„Нагамі намізаюшча, вачыма іграюшча. Завесіла вушы каменіем дарагім і не слухае слова божага“.

Але гэта ўсё пакуль што толькі мара. Пакуль што існуюць лаянкі, спрэчкі і іншыя пастылыя аксесуары настаўніцкай нівы і фразы з твораў, накшталт:

„Пьера женили на Элен, но он сам не понимал: зачем это“.

Або „Плюшкин был прорехой в теле человечества, спустился до такой степени низости, что нельзя было различить, мужчина он или женщина“.

Дасылаю табе сваіх „Калумбаў“, а ты мне дашлі свайго „Левітана“, рэч патрасаючую. Не бойся, Інстытут Прыстойных Людзей імя Берыя нядаўна зачынілі, „перапраізводства“, а то былі б мы там кандыдатамі з табою.

Я, браце, часта прыпамінаю нашу кароткую і такую добрую сустрэчу. Застанецца яна мне як адзін з лепшых успамінаў. І думаю, што не апошняя сустрэча (сведчанне, што гэта было так, з’яўляецца цудоўны помнік У. Караткевічу ў Віцебску, які з’яўленнем сваім у значнай ступені абавязаны менавіта Давіду Сімановічу. — А. Р.). Прывітанне тваёй сімпатычнай сяброўцы ад аршанскага барсука. Хай не думае, што я такі непрыгожы. Шыя мая прайшла, і я зараз гожы, тоўсты парнішча. Ну, паціскаю лапу. Дасылай верш. Твой Уладзімір».

Творы У. Караткевіча былі з’явай новай, нязвыклай. І ўспрыняты чытачамі, аматарамі яго творчасці, літаратурнымі крытыкамі яны былі па-рознаму (зусім справядліва лічыць сястра пісьменніка, што на пачатку творчасці Валодзя сутыкнуўся з непаразуменнем свайго таленту, свайго жадання паказаць беларусам, што Беларусь — старажытная краіна, у якой ёсць і мова, і гісторыя, і культура).

Чытачы адразу і назаўсёды сталі прыхільнікамі яго адметнага таленту. Выступленні ж крытыкаў, нават таварышаў па пяру такія адназначныя не былі. Рэцэнзіі, артыкулы, поўныя захаплення, чаргаваліся з сур’ёзнымі папрокамі аўтару. Хвалячы за выразную гуманістычную скіраванасць, самабытнасць, талент, майстэрства, крытыкі папракалі яго за кніжнасць, складанасць сюжэта, саладжавасць, капанне ў пыле «архіўных папірусаў», перанасычанасць твораў цяжкай, часам малазразумелай мовай. Згадаем сумнае прызнанне маладога Караткевіча: «Т. Вялюгін кажа пра маю кепскую мову. Я сам гэта ведаю, але ж скуль мне яе ўзяць, добрую мову? Я выжываю памылкі, але проста з крывёю. Орша адносна мовы наогул не запаветная зямля. Там шмат русіцызмаў, там блытаюць канчаткі роднага і часам меснага склонаў і г.д. Да таго ж і сям’я. Бацька размаўляў заўсёды на дыялекце, мова няправільная. Маці, калі захоча, можа вельмі добра гаварыць, асабліва калі распавядае пра старыя часы і розныя напаўанекдатычныя выпадкі. Але часцей за ўсё яна размаўляе па-руску, беларускія словы ўжываючы для асаблівай выразнасці». Але ці можна было тады прадбачыць, што некаторыя супярэчлівыя моманты ў творчасці У. Караткевіча — моманты пошуку сваіх падыходаў, свайго разумення, нарэшце, свайго асэнсавання рэчаіснасці, будуць з’явай часовай, можа быць, з’явай творчага росту. Тым больш што сам аўтар вельмі перажываў недахопы першых твораў. «Яўген Іванавіч, — пісаў ён у лісце М.Танку, — ведаеце, мне б дужа хацелася, каб нехта проста, як старэйшы друг, а не так, як у кансультацыі, без громкіх слоў, сказаў, па якім шляху трэба ісці, чаго пазбягаць і на што звяртаць увагу, што зараз самае патрэбнае».

Аднак гэта — у пісьме. Але калі паглядзець на справе, то кінецца ў вочы апантаная цяга самога У. Караткевіча да спасціжэння жыцця, таямніц літаратурнага майстэрства, нязведаных старонак гісторыі, багацця і мудрасці народнай творчасці. І адкрываў для сябе непазнанае ён самым розным чынам: падарожнічаў па роднай краіне, сустракаючыся з мясцовымі старажыламі і цікавымі людзьмі, шмат часу праводзіў у архівах, спасцігаючы «сівую мінуўшчыну», занатаваную ў хроніках, летапісах, старажытнай літаратуры, дзе б ні быў, цягнуўся да сакавітага народнага слова. Дарэчы, вучыўся. У 1960 г. скончыў у Маскве Вышэйшыя літаратурныя курсы, а ў 1962 г. — Вышэйшыя сцэнарныя курсы.

Гады вучобы пачынаючага паэта ў Маскве з яе тэатрамі, музеямі, музычнымі заламі, літаратурнымі вечарамі з удзелам А.Твардоўскага і Ю. Бондарава, Г. Бакланава і Б. Акуджавы, Я. Еўтушэнкі і А. Вазнясенскага… Пачатак грамадскіх перамен, усталяванне ў грамадстве гуманістычна-абнаўленчай плыні, натуральнасць у мастацкім жыцці. Можа, таму і творы, напісаныя ў гэтыя гады, сведчаць аб імкненні У. Караткевіча засвоіць шляхі развіцця славянскай культуры, супаставіць яе з еўрапейскім накірункам змен і адкрыццяў, знайсці іх перакрыжаванні і сумесныя знаходкі ў маральных і эстэтычных вартасцях.

Распавядаючы пра сустрэчы з У. Караткевічам, Р. Барадулін так апавядае пра вучобу ў Маскве: «У Маскву раіў мне падацца на Вышэйшыя літаратурныя курсы Уладзімір. Ухапіўся я за гэтую ідэю. Пасля універсітэта паслаў належныя паперы. Адказ прыйшоў неўзабаве. Адмовіць. А ўсё пасля Караткевіча. Энцыклапедычна адукаваны слухач Вышэйшых літаратурных курсаў, У. Караткевіч літаральна да слёз даводзіў сваімі як бы наіўнымі пытаннямі выкладчыкаў. Спытае нешта. Выкладчык не ведае, абяцае заўтра адказаць, а заўтра ў Караткевіча новае пытанне. Не хочацца шмат казаць пра выкладчыкаў, хопіць аднаго, што, напрыклад, Леў Ашанін меў званне прафесара. Былі, вядома, і сапраўдныя свяцілы. Але Караткевіч заганяў у казіны рог ашанінскую прафесуру. І, як вынік, рэктар ВЛК… Лапцеў падпісаў загад не прымаць на вучобу асоб з філалагічнай адукацыяй — хопіць, адпакутавалі з разумнікам Уладзімірам Караткевічам! Мая заява якраз і падпала пад загад. Караткевіч раіў паступіць, і ён жа не дапусціў да вучобы, сам таго не ведаючы».

Але не толькі творчага характару заўвагі прыходзілася пераадольваць У. Караткевічу. Больш моцныя перашкоды ставіла тагачасная бюракратычная машына ў арганізацыйна-выдавецкай дзейнасці. Сам ён, праўда, не любіў пра тое распавядаць. А вось сябра пісьменніка — народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль — адзначае: «Кнігу „Нельга забыць“ я назваў шматпакутнай. Паміж яе часопіснай публікацыяй і першым асобным выданнем прайшло больш за дваццаць гадоў. Перачытваеш цяпер і дзіву даешся, чаго, за што, навошта чапляліся да кнігі адкрытыя ды закрытыя выдавецкія рэцэнзенты, куды глядзела само выдавецтва, чаму не больш настойліва змагалася за правы таленту пісьменніцкая грамадскасць? Раман „Каласы пад сярпом тваім“, у якім з дыстанцыі, пры перачытванні, яшчэ больш удзячна бачыцца ва ўсёй гістарычнай грунтоўнай эпічнасці яшчэ і чыстата, шчырасць захаплення, мудрасць высокай чалавечнасці, — раман гэты трэба было прабіваць (курсіў. — Я.Б.) згуртаванымі сіламі літаратараў і навукоўцаў. З няменшым націскам прабіванне ішло і ў Маскве, дзе ў адным шаноўным выдавецтве мне давялося пачуць, што Караткевіч — аўтар двухтомных „Каласоў…“, „Дзікага палявання караля Стаха“, яшчэ некалькіх ёмкіх аповесцей, многіх яркіх апавяданняў, вершаў, нарысаў, п’ес, — што Караткевіч, бачыце, „не дарос да асобнай кнігі“!.. Такога могуць дамагчыся крыкуны ды шаптуны, зайздроснікі ды знаўцы!..

…Цяжкасці, перашкоды… Усё такое ды падобнае трэба было пераносіць чуламу сэрцу, вострай сумленнасці, абражанай годнасці чалавека і мастака. Аднаму, у горкай самоце, з роднымі і сябрамі, дзе былі і мудрая падтрымка, і бездапаможнае спачуванне, і шкоднае перазахвальванне з застольных вуснаў спачувальнікаў не вельмі шчырых або проста і недалёкіх, а гэта ж і для моцнай мэтанакіраванай натуры можа стаць згубным…»

«Караткевіч, — успамінаў Алесь Асіпенка, — балюча перажываў кожны выпад у ягоны адрас, хоць храбрыўся, рабіў выгляд, што яму мала абыходзіць разносная тэндэнцыйная крытыка. Але паспрабуй не зважай на тую крытыку, калі за ёй ішлі вельмі адчувальныя санкцыі.

Яе ён, такі чуллівы і безабаронны, трываў і не зварочваў з аднойчы выбранага ім шляху? Іншыя не вытрымлівалі, зварочвалі і надоўга гублялі сябе як творцы, змянялі ўласны твар на маску з саладжавым выглядам.

Ён вытрымаў, выстаяў, адстаяў сябе ў літаратуры і грамадстве».

Выпрабаванні, якія выпалі на долю У.Караткевіча, дапамаглі яму зразумець, што «праўда і веліч жыцця не могуць быць залежнымі ад выпадковасцяў асабістага шчасця». Да месца будзе спаслацца на вядомага рускага філосафа У. Салаўёва, які дыялектыку «Асоба — Радзіма» раскрываў праз ацэнку творчасці А. Міцкевіча (мяркую, што словы гэтыя з поўнай высновай могуць быць аднесены да У. Караткевіча): «Пра любоў да народа ці да бацькаўшчыны трэба сказаць тое ж, што і пра каханне да жанчыны. Тут і ў самой выключнасці пачуцця ёсць прадвесці вялікай праўды, што і народнасць, гэтаксама, як і асоба чалавечая, мае вечнае і бясспрэчнае і павінна стаць адной з вечных, самакаштоўнасных і незаменных формаў для дасканалай паўнаты жыццёвага зместу. Але, каб прадвесце вышэйшай праўды не ператварылася ў пустую, хлуслівую і згубную прэтэнзію, трэба, каб абвесны лад простага патрыятычнага пачуцця: «я люблю сваю радзіму», — ператварыўся ў загадны лад патрыятычнага абавязку: «дапамагай радзіме ва ўсведамленні і выконанні яе вышэйшай задачы.»

Прайшоў час. Жыццё вынесла свой вердыкт. Асабліва калі зыходзіць з пазіцыі, што адметнасць новых твораў характарызуецца не толькі сюжэтна-кампазіцыйным ладам, але глыбінёй, шматмернасцю аўтарскага пранікнення ў дыялектыку жыцця, уменнем аўтара ў падзеях сівой даўніны знаходзіць і даносіць да сучаніка яе павучальныя ўрокі. «З-пад яго пяра, — адзначае В. Быкаў, — выходзяць усё новыя творы, прысвечаныя гісторыі і нязменна азначаныя лепшымі рысамі яго непаўторнага таленту… Створанае аўтарам красамоўна сведчыць, што ў ягонай асобе мы маем рэдкі талент, які ў спалучэнні з зайздроснай працавітасцю даў нашай літаратуры творы менавіта такога характару, якога ёй не хапала».

Можна без перабольшання сказаць, што асновай усіх творчых поспехаў У. Караткевіча была яго вялікая эрудыцыя, энцыклапедычнасць ведаў. У. Караткевіч — знаўца гісторыі Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы, іх матэрыяльнай і мастацкай культуры. Ён добра ведаў архітэктуру, батаніку, геалогію, заалогію, літаратуру і гісторыю літаратуры. Быў знаўцам побыту і традыцый, звычаяў народных і легенд, нацыянальных убораў і нацыянальных песень. Па сутнасці, гэта была «жывая энцыклапедыя», увасобленая ў адным чалавеку. Вось успаміны славацкай пісьменніцы і перакладчыцы Гелены Крыжанавай-Брындзавай, якой давялося падарожнічаць з У. Караткевічам па Славакіі: «Караткевіч пазнаваў кожнае дрэва, кожную расліну, пытаўся, як яны называюцца па-славацку, і ставіў нас часта ў няёмкае становішча, бо мы не заўсёды маглі яму адказаць. Мне здавалася, што я ведаю дастаткова многа раслін, асабліва лекавых, але Валодзя, здавалася, ведаў усе, і пры гэтым не толькі беларускія назвы раслін, але і рускія і лацінскія. Быць субяседнікам Валодзі было вельмі цяжка. Яго веданне прыроды, гісторыі, літаратуры, мастацтва і розных галін навукі было настолькі рознабаковым і дакладным, што часам мы адчувалі сябе з ім як школьнікі».

Пісьменнік карпатліва вывучаў гісторыю беларускага народа, знаёміўся з яго сённяшнім жыццём, імкнуўся пабачыць усё новыя і новыя мясціны. Дарэчы, амаль кожнае з падарожжаў па краіне (а У. Караткевіч пабываў на Далёкім Усходзе, у Сярэдняй Азіі, на Урале, у Грузіі, Прыбалтыцы, а таксама ў Польшчы, Чэхаславакіі, іншых краінах) было пакладзена ў аснову літаратурнага твора. Пасля паездкі на Далёкі Усход, напрыклад, з’явілася аповесць «Чазенія», палескія ўражанні сталі асновай для шэрагу апавяданняў, жыццё ў Кіеве — для аповесці «Лісце каштанаў».

Але часцей за ўсё шляхі вандраванняў вялі У. Караткевіча па беларускіх гарадах і вёсках, вялі туды, дзе можна пачуць трапнае слова, яшчэ не чутую шырокім колам людзей песню, сустрэцца з жывымі людзьмі, убачыць гістарычныя помнікі. Свядомая любоў да роднай зямлі, яе народа, далёкай і блізкай гісторыі — гэта былі тыя жыццёвыя карані, тая сіла Антэева, якая падтрымлівала творцу духоўна і псіхалагічна, маральна і сацыяльна.

Сваю адданасць Бацькаўшчыне — Беларусі — У. Караткевіч сцвердзіў не толькі асабістым жыццём, але і вобразамі тых герояў — Кастуся Каліноўскага, Алеся Загорскага, Янкі Купалы, Агны Вецер, Васіля Вашчылы, Максіма Багдановіча і шмат якіх іншых, — якія сваім жыццём і ўчынкамі пісалі, тварылі, стваралі багаты гістарычны і культурны жыццяпіс беларусаў.

Знаёмства з запіснымі кніжкамі У. Караткевіча «У дарозе і дома», якія былі надрукаваны ў двух першых нумарах часопіса «Полымя» за 1989 год, дазваляе лепш зразумець, чаму з’явіліся «Казкі Янтарнай краіны» і «Краіна Цыганія», «Зямля пад белымі крыламі» і «Мсціслаў», чаму з-пад яго пяра выйшлі такія паэтычныя словы: «Палессе! Ты ўсё — бясконцая і вечная паэма. Кожная лясная рэчка твая — драмлівы рэчытатыў ліры. Кожнае тваё ўрочышча — урачысты хор магутных галасоў. Кожнае дрэва тваё — Песня Песняў. Кожная галіна пад ветрам — неўміручы радок. І кожны „свепет“ на дзічках тваіх — ода гэтаму вялікаму небу, на якім зараз ласкавыя і чыстыя адценні вечара» («Дрэва вечнасці». ІІ, 302). Створанае ў час палескай паездкі лірычнае апавяданне «Дрэва вечнасці» (першапачатковая назва «Дуб Крывашапкі») — гэта, па сутнасці, паэтычны гімн роднай зямлі, увасоблены пісьменнікам у вобразе магутнага і неўміручага «дуба Крывашапкі», дрэва, якое было «сведкам усёй пісанай нашай гісторыі. Сведкам разгрому беларусамі татарскай навалы, сведкам канца радавога строю, сведкам з’яўлення князёў і ўвядзення хрысціянства, сведкам паўстанняў семнаццатага стагоддзя і сведкам апошняй вайны.

Крый божа стаць яму сведкам вайны атамнай, сведкам канца чалавецтва і сваёй смерці разам з ім. Гэтага не павінна быць. Гэтага не будзе. Залог гэтага — мудрыя чалавечыя вочы, чорныя рукі і апошні водсвет заходу на вяршыні Дрэва Вечнасці» (ІІ, 309).

Роднай Беларусі пісьменнік прысвяціў сваю кнігу «Зямля пад белымі крыламі», названую літаратурнымі крытыкамі своеасаблівай "візітнай карткай Беларусі«2.

Гэта, бадай што, першая ў беларускай літаратуры па-сапраўднаму мастацкая гісторыя Беларусі (у апошні час яна даволі часта перапісваецца, нават «падпраўляецца», сучаснымі аўтарамі — У. Арловым, У. Бутрамеевым і інш.), без перабольшвання можна сказаць, што «Зямля пад белымі крыламі» — своеасаблівая даніна любові аўтара да роднай заямлі, яе гісторыі і мастацкай культуры, асвечаная арыгінальнай думкай і адметным поглядам У. Караткевіча на працэсы гістарычнага развіцця беларусаў і іх суседзяў. Не абыходзячы супярэчлівасці, пісьменнік аналізуе гісторыю і сучаснасць, этнаграфію і фальклор, літаратуру і мову, раслінны і жывёльны свет. Дапаўненне матэрыялу старажытнымі легендамі і паданнямі, казкамі і песнямі (у спалучэнні з мяккім беларускім гумарам) робіць кнігу прывабнай і чытабельнай (было б вельмі нядрэнна, калі б «Зямля пад белымі крыламі» стала даступнай для кожнага пачынаючага жыццё беларуса). «І я дужа жацеў бы, — зазначыў у прадмове да кнігі У.Караткевіч, — каб вы мне верылі, нават калі я стану вам расказваць самы незвычайныя рэчы. Таму што жыццё багацейшае, чым мы яго ўяўляем. Жыццё часам бывае настолькі подобнае на казку, што нельга не ўскрыкнуць: «Ды не можа гэтага быць!» (VІІІ, кн.1, 385). Ён не прыхільнік пісаць мак, каб галоўным быў вонвавы бок займальносць, тое, што ён абазнычыў, як «не можа быць»; ён піша мастацкую гісторыю як займальную кнігу, у якой усё і «можа быць» і «можа не быць».

У кнізе мы знойдзем і характарыстыку беларускіх рэгіёнаў, і традыцыі роднай вёскі з апісаннем хатняга ўбранства (лава, стол, абразы, ручнікі і г.д.), вясковай ежы (хлеб пшанічны і хлеб чорны, праснакі і цацні, боршч і мачанка з грыбамі, мяса, рыба і ракі і інш.). Даволі іранічная заўвага пра апетыт беларуса: «Прадаў на рынку кабана, пайшоў закусіць. З’еў тры міскі капусты з боханам хлеба, сала хатняга з фунт. Тут купіў яшчэ тры порцыі смажанай каўбасы ды ўмяў. Пасля бульбы змамоніў міскі тры. Зноў баршчу міску ўбіў з булкай. А пасля, як успомніў, што брат у салдатах, то як завязала» (VІІІ, кн.1,401).

Выклікаюць цікавасць успаміны пісьменніцы Алены Васілевіч аб рабоце над гэтай працай з У. Караткевічам: «З характэрным яго пяру раблезіянскім размахам Караткевіч — у самай першай рэдакцыі «Зямлі пад белымі крыламі» — маляваў побыт беларусаў такімі нясцерпна буйнымі фарбамі, што, збоку зірнуўшы на такое піраванне жыцця (а ў першыню «Зямля пад белымі крыламі» выйшла на Украіне, у нас яна ішла ўжо як бы аўтарскім самаперакладам з украінскае мовы), кожны сказаў бы: «А чорт іх не браў, гэтых беларусаў, як цары, жылі, елі сала з салам і спалі на саломе)… На самай жа справе хто з нас, людзей яшчэ старэйшага пакалення, не памятае, не ведае, як раскашаваў «пан сахі і касы». Хлеба да новага ўраджаю мала ў каго хапала, не тое каб выстаўляць на святочныя сталы па якіх трыццаць абавязкова традыцыйных беларускіх страў… Каб гайсаць па паляваннях ды фарсова прытупваць бліскучымі чаравічкамі ды хромавымі — у гармонік — ботамі «лявоніху… была, была, вядома, і людская здатнасць, і непатробная весялосць, і, як прысак, іскрысты гумар… Але быў, быў і пэўны перакос у маючай быць кнізе… І перш за ўсё ад вялікіх пачуццяў, што перапаўнялі аўтара, ад нястрымнай, натхнёнай сілы ў руцэ, якая вадзіла маляўнічым пэндзлем…

Патрабавалася, была відавочная неабходнасць „ураўнаважыць“ кнігу рэалістычнай (і гістарычнай!) аўтарскай развагай. І аказалася гэта — напачатку — вельмі няпроста…

— Хто гэта будзе мяне вучыць?.. Мяне — чытаюць!

Патрабаваўся „трацейскі суд“. І аўтара „вучыў“ лепшы яго друг, сябра (і наш — рэдакцыйны — вельмі паважаны аўтар і дарадца). Яны — упоравень — абое — стаялі і па сваіх энцыклапедычных ведах, і па сваёй літаратурнай вазе… Бескампрамісную („Платон, ты мой сябра, але ісціна…“), аднолькава патрабавальную і добразычлівую рэцэнзію для рэдакцыі друг У. Караткевіча напісаў, здаецца, на трынаццаці старонках… Я запрасіла па тэлефоне Уладзіміра Сямёнавіча прыйсці пазнаёміцца з рэцэнзіяй.

Ён прыйшоў вельмі хутка. Стрымана павітаўся. Распрануўся, павесіў паліто і сеў у самым зацішлівым закутку… Караткевіч чытаў засяроджана, доўга, сціснуўшы вусны і сурова звёўшы бровы. А калі скончыў, узняўся і неяк як бы пазяхнуў: „Рэцэнзент — дурань! Ён нічога не зразумеў…“ Згарнуў рэцэнзію, паклаў у кішэню і, цырымонна пакланіўшыся агульным паклонам усім, хто сядзеў у пакоі, выйшаў.

…Раней як праз тыдзень прынёс ён у рэдакцыю рукапіс „Зямлі пад белымі крыламі“. Чысты, нанава перадрукаваны. Пасля дапрацоўкі — па рэцэнзіі Друга. Ніводную нязгоду не толькі па зместу, а нават па стылю, па сінтаксісу, ніводнай „косачкі“ не пакінуў ён без увагі. І павагі — да ўвагі Друга…

І кніга — на гонар аўтару, …а можа, найгалоўней, на гонар нашай беларускай зямлі і літаратуры таксама — высока і шырока ўзмахнула сваімі белымі крыламі! Далёка і за межамі яе таксама».

«Беларусы ведаюць каля тысячы страў з бульбы. Ад звычайнай печанай на начлезе, якую так добра выкаціць з прыску, абскрэбці, разламаць і, калі яна яшчэ дыміцца, саліць і, захлыняючыся, глытаць — ад гэтай, печанай, і да „клёцак з душамі“ (вялізныя клёцкі з цёртай бульбы, начыненыя мясам), да бульбы, фаршыраванай сушанымі грыбамі і запечанай у гарачай печы. Апісаць усе спосабы немагчыма. Але і проста вараная, з падгарэлымі вяршкамі, высыпаная на абрус на стале яна — дзіва! Бяры і еш. А да яе сала, салёныя агуркі (з кропам, халодныя) і селядзец (раней бульбу мачылі ў селядцовы расол — лёк). Або зялёны, канапляны ці залаты сланечнікавы алей, масла каровіна ці міска кіслага халоднага малака, якое ў маёй мясцовасці падсольваюць. Кепска было раней, калі яшчэ не было бульбы. Тады замест яе былі параныя рэпа, бручка ці нешта такое іншае. Дарэмна нас дражняць бульбаю. Ёсць бульба, ёсць і да бульбы» (VІІІ, кн.1, 400). Яшчэ адна — пра самога беларуса. «Тыповага беларуса я досыць лёгка адрозню сярод іншых, хаця б ён яшчэ не сказаў ніводнага слова (калі скажа, тады ўжо, нават калі ён гаворыць на іншай мове і без акцэнта, яго лёгка пазнаць па асаблівай будове сказа, па тым, што колькі паветра набрана ў лёгкія, столькі і аддадзена, шчодра, да апошняга, нават з лішнімі словамі, каб мелодыя сказа была завершана…).

Гэта тое,што ў абліччы, амаль няўлоўнае. Пераказаць яго цяжка. Яно ў форме носа, вушэй, у вачніцах і разрэзе саміх вачэй, у манеры рухацца, жэстыкуляваць, гаварыць, дый ці мала яшчэ ў чым. Паўночны беларус ростам пераважна высокі (не рэдкасць бамбізы па два метры ростам). На поўдні часцей трапляюцца людзі сярэдняга росту, больш прыземістыя (паўтараю яшчэ раз, што гэта не агульны закон, а толькі найбольш распаўсюджаныя рысы), затое больш каржакаватыя…

Чарнявых сярод беларусаў няшмат. Найчасцей яны сустракаюцца ў Палессі, на паўдзень ад Прыпяці і чамусьці пераважна сярод мужчын, ды яшцэ ў некаторых мясцінах на Гродзеншчыне („гродзенцы-гракі“), што часта вучоныя тлумачаць рэшткамі прымесі старажытнай ятвяжскай крыві… Цёмна-русых і шатэнаў менш. Адпаведна і колер вачэй часцей за ўсё блакітны, шэры ці сіні.

Рысы аблічча мяккія, склад здаецца, на першы позірк, крыху далікатны, але гэтая далікатнасць падманвае. Праявы знешняй сілы, якая уразіць на хвіліну дый звяне, замяняе тут вынослівасць, жылаватасць, цягавітасць. Там, дзе другі можа апусціць рукі, беларус будзе цягнуць. Іначай у старыя часы чалавек проста не выжыў бы сярод гэтых дрымучых лясоў і неабсяжных балот, на гэтай скупаватай зямлі. І гарт той застаўся ў яго характары на вякі. Нездарма яшчэ ў даўніну беларусы лічыліся незаменнымі на такіх цяжкіх работах, як земляныя (граборства) і лесасплаўныя. Ды і пазней гэта праяўлялася. Напрыклад, у нясцерпна цяжкіх сітуацыях на вайне і ў партызаншчыне» (VІІІ, кн.1, 446 — 447).

Новы сюжэт — пра найлепшага з беларусаў, паэта, выключнога «па разностайнасці вершаў, па форме іх, па адметнасці генія», пра Максіма Багдановіча, які "паспеў даць узор самай мужной і высокай паэзіі ў нашай літаратуры. Мала таго, узняў нашу літаратуру да сусветнага ўзроўню. Вершы ягоныя, пры ўсёй нацыянальнай стыхіі, цікавыя для ўсіх людзей Зямлі.

Арыгінальная яго паэзія — з’ява выключная. Гэта і свет казкі з Лесунамі, падвеямі і Вадзянікамі, і рэальны боль за народ, і песня народная, і складаныя класічныя формы, і вершы аб старажытнасці.

Але што там казаць? Вазьміце томік яго лірыкі і паспрабуйце прачытаць некалькі вершаў, хай сабе спачатку і самых простых. Бо лепей за генія ўсё роўна не скажаш«(VІІІ,кн.1, 545 — 546).

Адказваючы на сфармуляванае ім самім жа пытанне «Чаму Максім Багдановіч застаецца для нас ледзь не самай сімпатычнай і роднай постаццю ў гісторыі беларускай літаратуры?», У. Караткевіч піша: "Па-першае, ён змагаўся наводдаль ад сваёй арміі. Іншым было лягчэй. Яны былі сузор’ем. Ён — самотнай зоркай, якая, вядома, бычыла святло ад вялікай галактыкі свайго, народа і ад сузор’я лепшых сыноў яго, паплечнікаў сваіх — але ўсё ж палала наводдаль. Іншыя нарадзіліся ва ўлонні свайго народа, чулі ўвесь час яго мову, усмакталі яе з малаком маці і з вадою беларускіх крыніц. Гэты — чуў яе ад лічаных людзей. Ён большую частку свайго жыцця не бачыў Радзімы, а калі ўбачыў, то спустошанную вайной, няшчасную, знявечаную і збрыджаную. Убачыў, каб адразу ж самотна памерці наводдаль ад яе.

Іншыя, можа, больш зрабілі. Але трагізм і веліч гэтага кароткага жыцця, пагрозная і шчымлівая яго нота — глыбей закранаюць наша сэрца. Мы супакутуем яму, і таму ён не толькі наш настаўнік, але і нібыта святло сэрца нашага, улюбёны сын, з нараджэннем якога мы пачалі новае жыццё, які зрабіў нас мудрэйшымі і дабрэйшымі, адкрыў нам вочы на нас саміх, прымусіў па заслугах ганарыцца сабой.

І адышоў, не пакінуўшы нам суцяшэння.

Па-другое, гэты чалавек ніколі не зведаў кампрамісаў, ніколі не дапусціў сваё сумленне да згоды, не пісаў таго, чаго не думаў, цвёрда ішоў па адзіна магчымым для чалавека шляху, шляху годнасці і сцвярджэння права на сваю, адметную, незалежную думку. Без гэтага называцца чалавекам не мае права ніхто. І вось ён, незайманы, кінуў нас, застаўшыся ў сэрцах нашых найвышэйшым прыкладам такога вось Чалавека.

Па-трэцяе, ён бараніў годнасць чалавечую, клікаў да гуманізму і на гэтай дарозе адступленняў не ведаў.

Па-чацвёртае, быў наскрозь гістарычным паэтам, у тым сэнсе, што абуджаў у народзе гістарычнае мысленне, а значыць, і гонар. Вось аб гэтым апошнім хацелася б сказаць. Атрымалася так, што за многія і многія дзесяцігоддзі бяспраўя з людзей выбілі памяць. Здавалася, маўчалі вякі, здавалася, у нас не было і акрэсленай будучыні.

І вось з’яўляецца юнак і, падобна летапісцу з уласнага верша, раптам дае гэтай спячай памяці першы штуршок:

— Падымі галаву! За табою — веліч! За табою — барацьба! Ты не бязбацькавіч! У цябе ёсць продкі, якімі можна і трэба ганарыцца…" (VІІІ, кн. 2, 304 — 305).

У. Караткевіч адзначае і тое, што, дзякуючы вось такім характарыстыкам, беларуса да рэвалюцыі (у абразу менавіта яму, беларусу!) заўсёды лічылі «няшчасненькім». Як нам здаецца, пісьменнік усё ж бліжэй да думкі М. Дабралюбава, які аднойчы адзачыў: «Так вот целый край взяли да забили. Посмотрим, что еще скажут сами белорусы». Тым больш «рахманасць народа» ён вельмі пераканаўча развенчвае прыкладамі з больш новай гісторыі (асабліва прыкладамі з Вялікай Айчыннай вайны).

А пачытайце Караткевічавы занатоўкі з гісторыі беларусаў! Даследаванне вядзецца ад прадгісторыі да сучаснасці, ад першадзяржаўнасці — да Беларусі сучаснай. Менавіта тут бегацце думак не літаратара, а гісторыка-даследчыка, гісторыка-аналітыка (напрыклад, разважанні аб тым, што яднанне ўласна літоўскіх зямель — Жэмайціі і Аўкштаціі — з землямі беларускімі было з’явай неабходнай — уваходжанне беларускіх княстваў у княства Літоўскае дазволіла захаваць мову і пісьменасць народа. Таксама як і дзяржаўнасць Рэчы Паспалітай — «похоронить» гэту мову і гэтак далей). Тым больш што гістарычныя звесткі дапаўняюцца трапнымі заўвагамі аб дзеячах Высокага Адраджэння — Францыску Скарыне, Пятру Мсціслаўцу, Сымоне Будным, Васілю Цяпінскім, Сімяоне Полацкім… У спалучэнні з кароткімі, але ўражваючымі разважаннямі аб творцах мастацкай культуры беларусаў у больш позні перыяд (Паўлюк Багрым, Ян Баршчэўскі, Франц Савіч, Генрых Вейсенгоф, Францішак Багушэвіч і інш.) ствараецца маштабнае палатно аб накірунках і мастацкіх выніках дзейнасці нашых продкаў.

І яшчэ некалькі радкоў. Але ўжо з другой кнігі — кнігі эсэ «Мсціслаў», якая чытаецца як паэма зямлі, горада, яго людзей. «Я магу напомніць вам, мсціслаўцы, і іншым людзям, што на многіх шляхах чалавечай годнасці вы былі першыя, што горад зрабіў для прагрэсу краіны больш, чым некаторыя вялікія і слаўныя гарады.

Я магу нагадаць вам, што вы людзі з мінулым, славе і мужнасці, розуму і таленту якога могуць пазайздросціць вельмі і вільмі многія, і што толькі ад вас залежыць, каб гэтая слава тых, хто заўсёды ідзе наперадзе, не прападала ў будучых вяках, каб вы заўсёды былі поўныя незалежнай высокай годнасці ў кожным слове і ў кожным учынку, годнасці тых, хто ніколі не плёўся ў хвасце, хто быў і будзе ў ліку лепшых» (VІІІ, кн. 2, 204).

Мы наўмысна выдзелілі гэтыя месцы пра беларусаў, іх гістарычную памяць, М. Багдановіча, нарэшце, беларускую бульбу. Наўмысна, каб не толькі паказаць, што значыла ўсё гэта для У. Караткевіча, але, галоўным чынам, засяродзіць увагу чытача, выклікаць у яго роздум над усім тым, што складае годнасць Беларуса, яго маральныя і духоўныя каштоўнасці.

Як Дрэва Вечнасці, наша зямля, нягледзячы на навалы і страты, усё ж выстаяла ў навальнічных завірухах гісторыі, захавала сваю мову, самабытную культуру, сваю нацыянальную самасвядомасць.

А без адчування роднай зямлі, без адчування сваёй Радзімы «пісьменніка няма і быць не можа. Гэта пачуццё ім рухае, застаўляе вымяраць шагамі зямлю, пераносіць у маладосці нястачу і ўсё жыццё нязручнасці і нават тумакі».

Мяркую, што для чытача разуменне ўздзеяння мастацкага ўвасаблення У. Караткевічам часовага і вечнага, лірычнага і гістарычнага, трагічнага і фантастычнага ў гісторыі і сучаснасці дасягалася менавіта дзякуючы ўменню пісьменніка ўкладваць у свае творы многае са здабыткаў сусветнай літаратуры, афарбоўваючы набытае ў нацыянальныя колеры і адценні. Між іншым, адзін з кірункаў творчасці У. Караткевіча — пастаяннае і няспыннае вывучэнне іншых літаратур, твораў іншых пісьменнікаў. Сведчаннем тут могуць быць яго натхнёныя і па-мастацку дасканалыя эсэ пра Ф. Скарыну, Т. Шаўчэнку, Я. Купалу, М. Багдановіча, Я. Брыля, М. Лужаніна.

Усяго некалькі радкоў з нарыса «Saxifraga», прысвечанага творчасці Лесі Украінкі, каб зразумець, як высока цаніў У. Караткевіч яе грамадзянскую і асабістую мужнасць і творчае майстэрства. Л. Украінка — гэта вялікая выратавальніца духоўнай спадчыны — «ваявала не толькі супраць прыгнятальнікаў, але і супраць хутарскага беспардоннага „патрыятызму“, які лёкайствуе перад моцнымі, ліжа ім рукі, кідаецца ад гучных лозунгаў да халуйства і спадзяецца на цемру народную як на адзіную надзею, што народ той будзе жыць. Супроць патрыятызму галушак і світак, за патрыятызм адукаванай грамады, якая, вядома, і галушак не забыла, але дайшла да вышынь духу чалавечага, культуры чалавечай». У «асобе Лесі Украінкі ва ўкраінскую літаратуру ўвайшло тое, чаго не хапала ў той час украінцам і нам: спалучаныя з высакароднай ідэяй інтэлігентнасць, вытанчанасць і, пры ўсёй нацыянальнай стыхіі, Сусветнасць у самым вышнім сэнсе гэтага слова. У нас гэта зрабіў Багдановіч, у іх — яна» (VІІІ, кн. 2, 161).

Саму Л. Украінку пісьменнік параўноўвае з народнымі лірнікамі і кабзарамі, а яе творчасць — гэта вулканавая лава, на якой пасля так раскошна буяюць кветкі, серабрацца слівы, наліваецца празрыстасцю вінаград.

Подзвіг Лесі Украінкі, адзначае У. Караткевіч, «быў не толькі ў творчасці і абароне слова і песні. Ці не найвышэйшы подзвіг быў у абароне годнасці і краіны» (VІІІ, кн. 2, 159).

Такія ж цёплыя словы можна прачытаць і ў адносінах да вучонага С. Прашковіча («Прыўкрасны, удумлівы вучоны, выключна добры, добрасумленны, спагадлівы да чужога гора чалавек…»), паэтысы Л. Геніюш («Кніга (маецца на ўвазе «Невадам з Нёмана». — А. Р.) атрымалася выдатная, у ісцінных аматараў паэзіі ёсць яшчэ адна паэтэса…«), археолага М. Чарняўскага (…імпануе… жывым, вясёлым норавам, пачуццём гумару… Вельмі любіць Беларусь, што не перашкаджае яму вельмі добра ведаць культуры іншых народаў…»), вучонага А. Ліса («Адзін з самых таленавітых нашых вучоных,… стрыманы ва ўсіх праяўленнях чалавечай натуры») і інш.

«Пісьменнік павінен добра ведаць тое, пра што піша» — гэта было абавязковым правілам У. Караткевіча. Таму і даводзілася яму заседжвацца ў бібліятэках, вывучаць архівы, сустракацца з вучонымі і, канечне, чытаць. Сярод любімых пісьменнікаў — фантасты Лем, Шэклі, Брэдберы, браты Стругацкія, гісторыкі Вальтэр Скот, А.Грын, А. М. Талстой, аўтары дэтэктываў Сіменон, Крысці, Стывенсан. Сярод любімых твораў — раман Ф. Дастаеўскага «Браты Карамазавы».

Адзін з сяброў Караткевіча, чалавек, які з ім поўнасцю прайшоў курс Кіеўскага універсітэта, а ў апошні час прафесар універсітэта з Варшавы Фларыян Няўважны, да месца зазначае :"Я памятаю, як ён зачытваўся Маркам Твенам, як ён любіў Яраслава Гашака, Мікалая Гораля. Але, з другога боку, ён любіў такіх пісьмннікаў, як Аляксей Талстой, Генрых Сянкевіч, Канстанцін Паўстоўскі, Аляксандр Грын. Дзякуючы яму я пазнаёміўся за паэтам Аляксеем Талстым, які не ўключаўся ні ў якія універсітэцкія праграмы«.

Караткевіч многа пісаў. Пра тое, як ствараліся яго творы, гаварыў у шматлікіх інтэрв’ю. Хоць бы вось у гэтым: «Хтосьці ў свой час пусціў чутку, што пішацца мне лёгка і што напісанага я амаль ніколі не праўлю. Гэта няпраўда. Калі гаварыць ужо аб нейкай „творчай кухні“, то працэс пісання выглядае прыкладна так. Спачатку з’яўляюцца запісныя кніжкі. У іх думкі, назіранні, выпіскі. Потым нараджаецца кароткі план. Паміж яго радкамі ўпісваюцца ўсё новыя і новыя кавалкі. Не хопіць месца — бяру новы ліст паперы і перапісваю ўсё занава. Прастаўляю спасылкі на запісныя кніжкі. Такі план перапісваецца разоў з пяць. А потым, калі ўсё адстаялася і адшліфавалася ў галаве, — перапісваю начыста. Лёгка і без асаблівых паправак… Вядома, калі ўжо нешта ёсць, тады папраўкі дазваляюць палепшыць твор». У гэтай сувязі вытрымка яшчэ з аднаго інтэрв’ю: «…Думаю аб тым, каб напісаць першы ліст без адзінай памаркі. гэта значыць, што потым усё пойдзе добра. Гэта мой своеасаблівы забабон: не прытрымліваюся „эстэтыкі скрэсленага рукапісу“. Усякую справу патрэбна рабіць дабротна. Думаю над кожнай фразай, перабіраю мноства варыянтаў».

Цікавасць выклікае і адказ на пытанне «У каго вучыўся?» — «Цяжкае пытанне. Бадай, больш у Багдановіча, Купалы, Коласа і Гарэцкага. Люблю Кіплінга. Але заўсёды імкнуўся заставацца ў творчасці самім сабой». Яшчэ адна думка пра лабараторыю асабістай творчасці. «Як пачынаецца верш?» — «У мяне ён пачынаецца з радка. З аднаго або двух-трох. Вядома, радок немагчымы без думкі. Радок нясе думкі. Напрыклад, верш «Паўлюк Багрым» пачаўся з радкоў: «Нельга верыць у Бога, калі ён такое дазволіў…» Потым усё астатняе «падганялася пад гэтыя радкі. Праўда, часам бывае наадварот — калі ідзеш ад агульнай ідэі. Але гэта — рэдка». — «А ў прозе?» — «У прозе ўсё пачынаецца з настрою. Настрой нараджае адпаведную думку. Разам узятыя, яны і даюць той ключ, у якім будзеш весці апавяданне, якім „адамкнеш“ тэму…»

«Мне ўяўляецца, — успамінае Алена Васілевіч, — як пісаў свае кнігі Уладзімір Караткевіч.

Фантасмагорыя самых неверагодных праяў і вобразаў сядлала яго ўяўленне, і яно, як дзікае паляванне караля Стаха, неслася, імчала наперад, не прыпыняючыся і не аглядваючыся, не звяртаючы ўвагі ні на што на сваёй дарозе… Таму, напэўна, невыпадкова, што пры ўсёй сваёй такой красамоўнай выразнасці мастацкае палатно Караткевічавай працы часам не-не ды і спыніць зрок на моўнай хібе, здзівіць недакладнасцю, а часам і вельмі прыблізнай псіхалагічнай характарыстыкай. І ўражанне пакіне такое (магчыма, гэта суб’ектыўнае маё ўражанне-ўспрыманне), што ён не заўсёды паспяваў перачытаць, на слых «спрабаваць» усяго таго, што нараджалася з-пад яго імклівага пяра, асядланага неверагодным уяўленнем.

Аднак ён не даваў чытачу часу, ні настрою не ствараў у яго, каб вось узяць і настырна і нудна вышукваць і аловачкам падкрэсліваць, адзначаць, выпісваць… («…Дзед выцер жалейку аб прыпол сарочкі». «…За пісьмовым сталом, за якім яны спяшаюцца запісаць апошнія палаючыя думкі, дыхаючы кавалкамі лёгкіх…». «Апошнія адбіткі промняў падалі на яго твар, які ляжаў у мяне пад пахай»…)

Дзе там! Вы імчалі за ім далей. Вы былі ўжо ў зусім іншым, але ўсё роўна зноў у тым жа Караткевічавым «вымярэнні».

Можна пагадзіцца з тымі вобразнымі характарыстыкамі, у якіх свет для Караткевіча падаецца, як тэатр, людзі з’яўляюцца акцёрамі, а сам ён выступае галоўным рэжысёрам, падпаракоўваючы акаляючы яго свет адмысловай рэжысёрскай задуме.

Проза і паэзія, драматургія і кінадраматургія, літаратурная крытыка і пубіцыстыка — у кожным з гэтых жанраў У. Караткевіч стварыў адметныя, падуладныя толькі яго пяру, творы. Як нам здаецца, сакрэт такой адметнасці не толькі ў тым, што У. Караткевіч любіў людзей і ненавідзеў усё дробязнае, меркантыльнае. Ён быў адным з рэдкіх у наш час «бессеребреников», якія любяць аддаваць людзям усё, нічога не патрабуючы ўзамен. Вызначальным будзе тое, што і яго самога любілі людзі розных характараў і светапоглядаў, цягнуліся да яго, адчуваючы неардынарнасць і глыбіню яго розуму, натуральнасць узаемаадносін і дабрыню, вялікасць яго чалавечага сэрца (а менавіта бясхітраснасці чалавечых адносін У.Караткевіч заўсёды аддаваў перавагу). Ён быў з пароды тых жыццялюбаў, якія ўсё радзей сустракаюцца ў нашым жыцці, тым больш нячаста ажыццяўляюцца ў мастацтве (В.Быкаў).

Тонкі лірызм, глыбокі псіхалагізм у стварэнні характараў, здольнасць бачыць жыццё ў маштабных вымярэннях, уменне адслаіць заканамернае ад выпадковага, вечнае ад часовага, шырокае выкарыстанне нечаканых асацыяцый, ідэйна-эстэтычнага багацця фальклору (гераічныя быліны, эпас) і этнаграфіі, летапісаў і грамат, моўнае багацце твораў — усё гэта характэрна для творчасці У. Караткевіча. Але галоўнае ўсё ж, на наш погляд, заключаецца ў мастацкім асэнсаванні дыялектычных суадносін паміж гісторыяй і сучаснасцю, глыбокім разуменні гістарычнага працэсу і стварэнні на гэтай аснове мастацка-гістарычнага летапісу жыцця і лёсу беларускага народа.

Сучаснае неаддзельна ад мінулага, наша гісторыя ў нас саміх, нас, сённяшніх, хто павінен заўсёды памятаць, што мінулае наша мае істотнае значэнне і для сённяшняга і для заўтрашняга жыцця. Вуснамі свайго героя пісьменнік сцвярджае, што нашы продкі не адышлі, што яны заўжды з намі, жывуць нашымі радасцямі і горычамі, перамогамі і паразамі. «Бо ніхто не ўцячэ ад іх, як не уцячэ ад сябе».

Зрабіўшы вызначальнай тэмай сваёй творчасці ўзнаўленне падзей мінулага, духу далёкіх ад нас эпох, асвятліўшы іх сваёй бязмернай любоўю да Беларусі, пісьменнік сфармуляваў сваю творчую пазіцыю, можа, нават сваё філасофскае асэнсаванне гістарычнага працэсу: «Трэба зберагчы народную памяць аб нашых слаўных продках, аб лепшых старонках сваёй гісторыі… І кожны, хто ведае, хто можа ведаць, павінен збіраць гэтыя падрабязнасці і перадаваць іншым», — вось ён, галоўны лейтматыў творчасці У. Караткевіча. Пры гэтым падыход пісьменніка да паказу жыцця і гераічнай барацьбы нашых продкаў быў адметны не толькі ў мастацкім сэнсе, але і арыгінальным у тым плане, што нічога падобнага яшчэ не было ні ў грамадскай навуцы, ні ў сучаснай беларускай літаратуры. У мастацкай «рэканструкцыі» гістарычнай мінуўшчыны У. Караткевіч ішоў ад легендарна-фальклорнага матэрыялу да ўсё больш глыбокага аналізу канкрэтных гістарычных фактаў, многія з якіх упершыню ўключыў у літаратурны ўжытак.

Хай чытач даруе за велікаватую цытату, але менавіта яна, на наш погляд, вельмі пераканаўча раскрывае грунтоўнасць гістарычнай падрыхтоўкі У. Караткевіча: «Перш за ўсё эпоха. Якой яна павінна быць.

1) Эпохай з віруючым жыццём, эпохай, калі народу трэба было ўсе сілы пакласці, каб выратаваць жыццё і сумленне і права дыхаць, калі смяротная пагроза навісла над краем, калі народ стаяў перад рэальнай і грознай небяспекай гвалтоўнай асіміляцыі. Гэта патрэбна для выяўлення характару героя («Блажен, кто посетил сей мир в его минуты роковые»).

Наша эпоха таму сама сабой адпадае, дый занадта сладанае яе жыццё, каб адзін чалавек выразіў яго.

2) Эпоха, як бачым, павінна быць трагічнай, каб чытач сказаў:"Вялікія людзі цёмнага веку. Загінулі, але я веру ў будучае такога народа«.

3) Але чымсьці светлым гэты век таксама павінен вызначацца.

4) Герой павінен быць як мага больш поўным выразнікам волі народа (хоць можа быць асобай выгаднай, нават фальклорнай), вялікім у сваёй кроўнай блізкасці да яго. «Лепшым з роўных».

5) Ён, вядома, не пан. Паколькі справа пойдзе і пра тое, якую ролю адыгрывае мастацтва ў жыцці народа, лепш было б, каб ён быў чалавекам мастацтва. Гэта будзе ўвасабленне духу народнага.

6) Намячаючы шляхі ўзнікнення будучага эпасу, трэба заўважыць, што поруч з героем духу звычайна крочыць яго антыпод і паплечнік. Напэўна, і тут так будзе, і гэты чалавек будзе ўвасабляць волю народа, яго лірычны склад розуму. Але гэта не будзе Санча, бо й галоўны герой не будзе Дон-Кіхотам, бо Санча — гэта чэрава, а ён будзе мускуламі.

7) Вы потым з ходу маіх думак зразумееце, чаму яны — асноўныя носьбіты ідэі — павінны быць жыхарамі места, дзе тады групавалася жыццё краіны.

8) Герой павінен быць не толькі гераічным, захапляючым, тыповым, але павінен таксама мець ужо некаторую літаратурную традыцыю, яго павінны ведаць усе.

Якая ж эпоха, які існуючы герой адпавядаюць усяму вышэйнапісанаму?

Першае, адносна эпохі. Гэта не сівая старажытнасць, калі нацыя яшчэ не склалася, і не Грунвальд, калі славянства перамагло. Застаецца адзіная эпоха: прыход уніі, менавіта пачатак яе.

Спачатку ў Фларэнцыі прыраўнялі католікаў да праваслаўных, а потым пачалося:

1533 — Нясвіж пераходзіць у рукі Міколы Радзівіла Барадатага. Сын яго яшчэ не вельмі даваў рабіць розныя дурніцы.

1565 — памірае Мікола Радзівіл Чорны, апошні вораг уніі. Народу здрадзілі.

1569 — Люблінская унія. Пратасевіч выпісаў езуітаў, украінскія землі адышлі да Польшчы, Літва палітычна памірае. Бацька героя мог бачыць, як хрысцілі апошніх ятвягаў пад Скідалем, як ашуканыя людзі на сваю галаву разбілі Абаленскага на Іванскіх палях пад Улай.

Сумны летапіс!

Полацк аддалі езуітам — і пачалося. Дапамогі чакаць было няма ад каго: Баторый аблажыў Пскоў.

Потым чорнай памяці Жыгімонт ІІІ, Лівонская вайна, налёт Мацюшкі Гультая на Магілёў (1-ая ластаўка), змова нацыяналістычнага панства на чале з Забржатоўскім, да якой спачатку прыстаў быў і народ (мог і герой).

Потым унія ў Брэсце, потым «названы» Дзмітрый уступае ў Маскву і з ганьбаю ўцякае стуль.

Паўстае Магілёў і віруе чатыры гады. І зноў разгром, і сябра героя можа загінуць тут. І зноў бадзянні, і нарэшце можа наступіць загібель ў агні палаючага Турава, які душыў у 1649 г. Януш Радзівіл.

Рамкі жыцця прыблізна 1565 — 1649, 84 гады цікавых здарэнняў. Для людзей нестарэючых — глупства.

Што ж, скажаце Вы, можна тут знайсці светлага?

Можна.

Эпоха, нягледзячы на яе трагізм, гераічная, багатая мужнасцю і верай. Але не гэта самае галоўнае.

Галоўнае тое, што гэта эпоха — эпоха Рэнесансу на Беларусі«.

Сам пісьменнік цікавасць да гістарычнай тэматыкі растлумачваў наступным чынам: «На гістарычных сюжэтах я ствараю сваю матрыцу будучага. Калі ты ў пэўнай сітуацыі калісьці зрабіў так, а не інакш, то і праз сто, тысячу гадоў ты ў падобных абставінах зробіш ў нечым падобны ўчынак. Кожны гістарычны сюжэт — гэта адкрытая размова з сучаснікам. А дзе яшчэ можна паказаць так поўна чалавека, што стаіць перад выбарам, кім яму быць, калі не на фоне гісторыі, вайны, экстрэмальных умоў, у якія трапляе гэты чалавек і праяўляецца ўвесь, да канца, да тых рыс характару, якія ён, можа, і сам не падазраваў у сабе».

Прызнаннем літаратурных заслуг У. Караткевіча ў распрацоўцы гістарычнай тэматыкі з’яўляецца параўнанне пісьменніка з лепшымі прадстаўнікамі літаратурнага рамантызму — Майн Рыдам, Вальтэрам Скотам, Генрыхам Сянкевічам. Вядомы беларускі крытык Серафім Андраюк лічыць, што У. Караткевіч рабіў у нашай літаратуры тое, што ў свой час у англійскай літаратуры зрабіў Вальтэр Скот, у польскай — Ю. Крашэўскі, у чэшскай — А. Ірасек, — даследуе і паэтызуе гераічнае мінулае, выхоўвае любоў і павагу да нацыянальных традыцый.

Немалаважна і тое, што гістарычная скіраванасць творчасці У. Караткевіча стала той цудадзейнай глебай, з якой прараслі творы І. Чыгрынава, Л. Дайнекі, К. Тарасава, В. Іпатавай, іншых беларускіх аўтараў. Прызнаюся, што на пачатку даследніцкай працы аб творчасці У. Караткевіча і я падыходзіў да яе ацэнак па прынцыпу «так ці не так» (толькі рамантычны ці толькі рэалістычны падыход). Але далейшае заглыбленне ў творчасць пісьменніка, спасціжэнне яго падыходаў да асэнсавання гістарычна-маральна-эстэтычнага развіцця народа прывялі да з’яўлення новых ацэнак — «так» і «так» (і рамантычнае, і рэалістычнае, і лірычнае, і эпічнае, і філасофска ўзвышанае, і жыццёва прыземленае). Катэгарычнасць (па законах дыялектыкі) уступае месца дыялектычнаму падыходу — ад простага да складанага, ад чытацкага ўспрымання да спробы спасцігнуць матывы дзеянняў і ўчынкаў Караткевічавых герояў. Мяркую, што не будзе шмат праціўнікаў у наступным заключэнні: над усім гэтым пануе, уладарыць асоба аўтарская, асоба пісьменніцкага таленту, асоба творцы, у якой спалучаюцца і зыходныя і выніковыя крокі адліку жыццядзейнасці празаічных, паэтычных і драматургічных герояў.

Талент У. Караткевіча як мастацкага летапісца гісторыі (а гэта тэма з’яўляецца стрыжнёвай з вытокаў і да вяршынь яго творчасці) паспяхова рэалізаваўся і ў паэзіі, і ў прозе, і ў драматургіі. У кожным з жанраў пісьменнік вырашаў адну і тую ж задачу — выявіць мастацкімі сродкамі тэндэнцыі таго далёкага часу, калі ў барацьбе з феадальным і рэлігійным прыгнётам, у стыхійных паўстаннях беларускага народа абуджалася яго нацыянальная самасвядомасць. Добрае веданне гісторыі беларускага народа, уменне пранікаць у дух і характар гістарычных падзей, улюбёнасць у манускрыпты і летапісы дазволілі У. Караткевічу даць жывое, непасрэднае адлюстраванне побыту, звычак, духоўнага жыцця розных народных слаёў у гістарычна аддаленую ад нас эпоху. Літаратурныя творы пісьменніка насяляюць паўстанцы, змагары за народнае шчасце, мужыкі і прарокі, інтэлігенты, якія шукаюць сябе, рыцары, прыгоннікі, кардыналы і чароўнай прыгажосці дзяўчаты. Фігуры яго галоўных герояў маштабныя, яны людзі моцныя, гераічныя, яны ўмеюць па-свойму любіць, ненавідзець, пакутаваць, адстойваць свае погляды і перакананні, іх лёсы неадрыўныя ад гістарычных падзей і абумоўлены гэтымі падзеямі. І ў кожным творы за іх вобразамі — эпоха, складаны і часам трагічны лёс Белай Русі, народ, які не загінуў у нястачах і прыгнёце, народ, які прагне волі і долі, выяўляючы ў барацьбе цвёрдасць духу і душэўную прыгажосць, патрыятызм і гуманізм.

«Для кожнага народа, — пісаў В. Г. Бялінскі, — ёсць дзве вялікія эпохі жыцця: эпоха натуральнай непасрэднасці, або дзяцінства, і эпоха свядомага існавання. У першую эпоху жыцця нацыянальная асаблівасць кожнага народа выражаецца больш рэзка, і тады яго паэзія бывае пераважна народнаю. Паэзія кожнага народа знаходзіцца ў цесных суадносінах з яго гісторыяй: у паэзіі і ў гісторыі роўным чынам заключаецца таямнічая псіхея народа, і таму яго гісторыя можа быць растлумачана паэзіяй, а паэзія гісторыяй.» Ужо ў першым літаратурным зборніку У.Караткевіча «Матчына душа» (1968) чытачы змаглі пазнаёміцца з каларытнымі фігурамі нашых продкаў. Увасабляючы ў сабе галоўную сутнасць народнага характару, яго стойкасць і жыццялюбства, народныя заступнікі змагаюцца за чалавечую годнасць, за нацыянальную самасвядомасць жыхароў Белай Русі, іх жыццёвыя інтарэсы.

Вобразы Машэкі і паўстанца Ваўкалакі стаяць першымі ў галерэі вобразаў народных абаронцаў, створаных пісьменнікам. Потым гэта галерэя значна дапоўніцца, атрымае шырокае жанравае выражэнне. Распрацоўка гераічных вобразаў будзе весціся У. Караткевічам у двух кірунках. Калі першы працягвае рамантычную лінію ў стварэннні адметных, гераічных характараў, то другі (у «Матчынай душы» прадстаўлены вобразам славутага беларускага песняра ХІХ стагоддзя Паўлюка Багрыма) звязаны са стварэннем мастацкіх вобразаў рэальных гістарычных асоб.

Гераічны і драматычны лёс аўтара славутага верша «Зайграй, зайграй, хлопча малы» Паўлюка Багрыма не толькі прыцягнуў увагу У. Караткевіча, але і стаў асновай для стварэння арыгінальнага верша. Вуснамі героя вядзе паэт гаворку пра цяжкую долю беларускага народа, трагічны лёс паўстанцаў Крошына, тыя здзекі, што даводзіцца цярпець простаму люду.

Галоўная адметнасць твора — усё ж выражэнне ўпэўненасці і веры Паўлюка Багрыма ў аптымізм беларускага народа, бясконцасць яго жыватворчага пачатку.

Паміраю і веру:
Калісьці над светлымі водамі,
Над свабоднай зямлёю
І над Белаю Руссю маёй
Шчасце сонцам заззяе…
(«Паўлюк Багрым». І, 31)

«У 50-я гады верш Караткевіча быў, бадай, першым удалым захадам, каб стварыць мастацкі вобраз беларускага таленту, задушанага жорсткімі ўмовамі манархічнай дэспатыі. Верш быў створаны на вялікім накале пачуцця, сягаў шырокіх сацыяльных абагульненняў».

Нельга не пагадзіцца з тымі літаратурнымі крытыкамі, якія лічаць, што верш «Паўлюк Багрым» можна з поўным правам уключыць у любую прадстаўнічую анталогію беларускай паэзіі.

Ужо першыя творы, напісаныя пісьменнікам на аснове спалучэння рэалістычнага і рамантычнага пачаткаў, прынеслі вядомасць аўтару. Творы, у якіх мінулае як зыходны пункт творчасці бачылася ў жывых дзеях і карцінах, а потым рамантызавалася, атрымлівала легендарна-паэтычнае асэнсаванне і менавіта свой, караткевічаўскі стыль (паводле слоў В. Быкава, ён заключаецца ў гарманічным спалучэнні «пэўнага характару літаратурнага таленту і падлеглай яму творчай задачы»), знайшлі свайго чытача.

Надаючы гістарычным, а часам і легендарным сюжэтам сучасную мастацкую форму, У. Караткевіч кіраваўся адным-адзіным творчым правілам — не паўтараць іншых, ступаючы ў чужыя і прытым ужо знаёмыя сляды, заўсёды быць арыгінальным, расказваць займальна, трымаць чытача ў пастаяннай напружанасці, весці яго ад адной нечаканасці да другой. Сведчаннем творчых пошукаў пісьменніка, якія дазваляюць яму, з аднаго боку, пазбегнуць гатовых штампаў і, з другога, пісаць гісторыю Беларусі, з’яўляюцца такія гістарычна- прыгодніцкія творы, як аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» (першы варыянт быў створаны яшчэ ў 1950 г.) (VІІІ, кн. 2, 430) і раман «Чорны замак Альшанскі». Створаныя ў адпаведнасці з правіламі рамантычна-прыгодніцкай літаратуры, яны сталі адкрыццём у сучаснай беларускай літаратуры і, у першую чаргу, яе дэтэктыўна-прыгодніцкім кірунку. В. Быкаў, напрыклад, адзначае, што «Дзікае паляванне караля Стаха» мае нейкую адметную таямніцу-загадку, якую цяжка ўспрымаць з пункту гледжання логікі, яе «можна хіба адчуць».

У адным з сваіх інтэрв’ю У. Караткевіч абазначыў «Чорны замак Альшанскі» як «чысты дэтэктыў» (ёсць, праўда, яшчэ адна аўтарская думка. У пісьме ад 26 жніўня 1979 г. украінскаму пісьменніку, гістарычнаму раманісту Раману Іванычуку Караткевіч характарызуе «Чорны замак Альшанскі» як «псіхалогію з дэтэктывам») і растлумачвае: «…Я ніколі не лічыў дэтэктывам раманы пра маёра Проніна. Дэтэктыў, калі яго разумець як трэба, гэта таксама добрая літаратура (іншая справа, ці здолеў я ў „Замку“ ўзняцца да яе). Перш за ўсё таму, што там не павінна быць голай схемы, па якой дзейнічаюць загадзя ясныя нам героі, а павінны быць жывыя людзі. І яшчэ павінна быць смяротная нянавісць да зла».

А з другога боку, як зазначыў у свой час класік англійскага дэтэктыва Д. Чэстэрсон, «калі дэтэктывы чытаюць часцей, чым даведнікі, значыць, яны цікавей».

У адзначаных творах атрыбуты прыгодніцка-дэтэктыўнага жанру часта знешнія, хоць у творах ёсць і таямнічыя здарэнні, і любоўная інтрыга, і іншыя прыкметы прыгодніцкай літаратуры. У «Дзікім паляванні караля Стаха», напрыклад, цесна пераплятаюцца авантурная рыцарская фабула з казачнымі элементамі, у «Чорным замку Альшанскім» — метад лагічнага аналізу ў спалучэнні з экскурсамі пісьменніка ў розныя галіны ведаў з дагадкамі, гіпотэзамі дазваляе раскрыць заблытаную таямніцу, звязаную са злачынствам. І ў першым, і ў другім творы дзеянне разгортваецца востра, нечакана, што дазваляе аўтару трымаць чытача ў пастаянным напружанні. Таямніцы маёнтка «Балотныя яліны» і Альшанскага замка заблытаныя, раскрываюцца паступова, тут шмат нечаканых сюжэтных паваротаў, непрадбачаных калізій і сітуацый, якія звязваюць непарыўнай сувяззю старыну і сённяшні дзень Беларусі. Агульным для рамана і аповесці з’яўляецца паглыбленая сацыяльнасць і філасафічнасць, уменне пісьменніка карыстацца гістарычнай інфармацыяй, свабодна пераходзіць ад аб’ектыўных мастацкіх карцін і вобразаў да лірычных і публіцыстычных адступленняў лінгвістычнага аналізу, роздумаў аб вуснай народнай творчасці, мастацкай культуры, роднай мове і г. д. І для рамана, і для аповесці адметнымі таксама з’яўляюцца вытанчаны дыялог, дынамізм дзеяння, псіхалагічная дакладнасць характарыстык, эмацыянальнасць уздзеяння на чытача, такое перапляценне ілюзіі і рэальнасці, што губляецца канкрэтнасць часу, а мінулае і сучаснае выступаюць як адзінае прастора-часавае вымярэнне. У выніку ў чытача не ўзнікае ўражання надуманасці сюжэта, ён верыць у натуральнасць апісаных падзей і герояў. Як адзначае Сяргей Астраўцоў, «у нашай літратуры цяжка шукаць нейкія паралелі гэтаму раману (маецца на ўвазе «Чорны замак Альшанскі». — А. Р.) і аповесці «Дзікае паляванне…».

На першы погляд творы прыгодніцкія, і здаецца, што ў іх няма магчымасці для вырашэння адвечных праблем чалавечага быцця. Але пісьменнік, у якога абвостранае адчуванне глыбінных жыццёвых пластоў, і тут размяжоўвае сваіх герояў паводле маральна-этычных прынцыпаў: з аднаго боку — тыя, хто спрадвеку стварае ўсе каштоўнасці, і матэрыяльныя, і духоўныя, і з другога — тыя, для каго зло выступае вядучым, вызначальным прынцыпам. Галоўнае для У. Караткевіча — выкрыць зло, незалежна ад таго, ці выступае яно ў іпастасі сярэднявечча з яго варварствам ці ў абліччы сучаснага фашызму. Тым больш калі яно датычыцца не толькі аднаго чалавека, а многіх людзей. І яшчэ — для пісьменніка важна прасачыць, ці заўсёды зло бывае пакарана, знайсці тую мяжу, што аддзяляе дабро ад зла, вернасць ад здрады, што дазваляе чалавеку адчуваць чужое гора як сваё. Таму ў цэнтры сваіх прыгодніцкіх твораў пісьменнік ставіць праблему злачынства і пакарання, яго цікавіць няпросты працэс назапашвання чалавечага ў чалавеку. Андрэй Беларэцкі і Антон Косміч — галоўныя героі аповесці і рамана — асобы дзейныя, якія не могуць мірыцца з несправядлівасцю і насіллем. Галоўны прынцып іх жыццядзейнасці можа быць сфармуляваны наступнымі радкамі: «…нічым на свеце, ніякімі нават вышэйшымі меркаваннямі нельга апраўдваць крыўду, якую наносяць жывому чалавеку» (VІІ, 394). Антон Косміч выказваецца яшчэ больш адназначна: «Занадта гэта подлая штука беспакаранасць! Занадта тугі клубок сплёўся з усяго гэтага: сівой даўніны і нядаўняй (для мяне) вайны з яе „санітарнымі акцыямі“ над сотнямі бязвінна забітых, з даўнімі забойствамі і забойствам зусім нядаўнім…

Я павінен не толькі зрабіць усё магчымае, каб дапамгчы разблытаць клубок гнілых, гноем і крывёю, хлуснёй і здрадай залітых учынкаў.

Я павінен, калі гэта толькі магчыма, адпомсціць. Так, адпомсціць, хаця ніколі не быў помслівы…» (VІІ, 470). Таму з аднолькавай настойлівасцю яны імкнуцца выкрыць сацыяльнае зло розных эпох. Маральныя і духоўныя пазіцыі Беларэцкага і Косміча дыктуюцца гуманнасцю іх ідэалаў, знітаванасцю з роднай зямлёй, яе гісторыяй і культурай, усведамленнем гістарычнай памяці, як перадумовы існавання народа. «Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае — асуджаны зноў перажыць яго. Безліч разоў» (VІІ, 470).

Сацыяльны і псіхалагічны аналіз, рамантычнасць светаўспрымання, вострасюжэтныя хады, вольны палёт творчай фантазіі — усё гэта выкарыстоўвае пісьменнік, каб апаэтызаваць мужных і непадкупных людзей, больш глыбока спасцігнуць філасофію грамадскага развіцця, паўней раскрыць для сучаснікаў карані гістарычнай памяці народа. Прыцягальнасць кнігам надае насычанасць іх гістарычнай інфармацыяй, дакладнасць пісьменніка ва ўсіх гістарычных асобах, падзеях, датах. Уласна кажучы, дэтэктыў для Караткевіча — гэта яшчэ адна магчымасць спасцігнуць гісторыю Беларусі. Нельга не пагадзіцца з А. Асіпенкам, які лічыць, што «аповесць „Дзікае паляванне караля Стаха“… многіх маладых людзей далучыла да беларускай мовы і памножыла шарэнгі прыхільнікаў творчасці Уладзіміра Караткевіча».

Неяк крытык Уладзімір Калеснік, аналізуючы аповесць У. Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха», зазначыў, што гістарызм у творы выступае як «сродак узвышэння маральных праблем да маштабаў агульначалавечых». Своеасаблівым працягам гэтай думкі, але ўжо ў адносінах да рамана «Чорны замак Альшанскі», з’яўляецца наступнае выказванне В. Каваленкі: «У рамане „Чорны замак Альшанскі“ ясна выступае ідэя сувязі сучаснага чалавека, яго этычных ідэалаў з народнымі традыцыямі шматвяковай барацьбы за праўду і справядлівасць. Пісьменнік стварыў у многім новы ў беларускай літаратуры вобраз героя, для якога духоўная гісторыя роднага краю стала натуральным зместам асабістага жыцця, імпульсам стваральнай энергіі, звернутай да сучаснікаў». Адзнакі слушныя. І з імі нельга не пагадзіцца.

У дадатак да гэтых ацэнак прывядзём наша, аўтарскае бачанне годнасцей рамана. Канечне, ад дэтэктыўна-авантурнай фабулы нікуды не дзенешся. Але галоўнае не ў прыгодніцтве і мужных і гераічных учынках. Сутнасць — у абвостраным пачуцці Радзімы, нацыянальнага менталітэту беларусаў, паэтызацыі Бацькаўшчыны, роднай мовы, традыцый і звычаяў. (Успомнім, як паэтычна звяртаецца да Радзімы галоўны герой рамана Антон Косміч: «Край мой! Родная мая зямля! Як жа мне жыць, калі я пайду з цябе? Як мне быць, калі я памру, і, можа, быццё маё яшчэ некаторы час не скончыцца — гэта й ёсць абяцанае мне пекла? Без цябе» (VІІ, 431 — 432). У веданні гісторыі, яе славутых і горкіх старонак, у гістарычных уроках і гістарычнай памяці бачыць У. Караткевіч вытокі таго супярэчлівага і бясконцага працэсу, які «ачалавечвае» і грамадства і кожнага асобнага Чалавека. З другога боку, пісьменніку пашчасціла праявіць у рамане лепшыя якасці дэтэктыўнага жанру — дынамізм і напружанасць сюжэта, сцісласць аўтарскага апавядання, псіхалагічную дакладнасць характарыстык і павагу да герояў, эмацыянальнасць уздзеяння і непазбежнасць перамогі ісціны, справядлівасці. Пераплеценыя, знітаваныя разам, азначаныя характарыстыкі падводзяць «Чорны замак Альшанскі» да вяршынь дэтэктыўнага жанру, робяць яго запамінальным, вучаць інтэлектуальнасці, лагічнасці мыслення, уменню суадносіць свае паводзіны з нормамі і прынцыпамі акаляючага грамадства.

Размова пра шматпланавасць творчасці У. Караткевіча, яго ўвагу да гістарычнага жанру дае падставу для шэрагу вывадаў, якія, на наш погляд, могуць быць сфармуляваны наступным чынам. Па-першае, гэта грунтоўнасць гістарычнага мыслення, якая мацуецца на разуменні сутнасці гістарычнага працэсу — з аднаго боку, і дыялектычнай узаемасувязі гісторыі, філасофіі, эстэтыкі і публіцыстыкі — з другога, на аснове якой пісьменнік фармулюе законы і правілы гістарычнай раманістыкі, вызначае межы жанру і перспектывы яго далейшага развіцця. Па-другое, шырокае выкарыстанне і распрацоўка (як нікім іншым у беларускай літаратуры!) сюжэтаў і матываў з Бібліі, якія дазвалялі пісьменніку не толькі акцэнтаваць увагу на тых ці іншых баках грамадскага жыцця, але дапамагалі адчуваць глабальныя працэсы ў развіцці грамадства, месца і ролю ў іх рэлігійных веравызнанняў. Прызнаючы і ўхваляючы Божае (Слова, Любоў, Мудрасць, Жыццё) у чалавеку, пісьменнік усё ж не выступае апалагетам рэлігійных ідэй. Яго творы, наогул, уся творчасць сведчаць пра тое, што адносіны чалавека да рэлігіі і яго рэлігійнасць вызначаюцца не веданнем Бібліі ці нейкага аднаго веравызнання (напрыклад, праваслаўя), а выцякаюць з самой прыроды чалавека, яго Чалавечнасці. Спашлёмся на А. Мальдзіса, які сведчыць пра размову У. Караткевіча з архіепіскапам Мінскім і Беларускім Антоніем (А. Мельнікавым). Адказваючы на пытанне аднаго з удзельнікаў паседжання Сусветнага савета хрысціянскіх цэркваў: «Ці ёсць на Беларусі гістарычны раман?», архіепіскап згадаў У. Караткевіча. Яго субяседнік не пагадзіўся. Маўляў, гэта не гістарычныя, а «блюзнерскія раманы». «Тут я запярэчыў, — адзначае архіепіскап, — Караткевіча турбуюць не столькі пытанні рэлігіі і атэізму, колькі пытанні чалавечай асобы, яе адказнасці перад… гісторыяй… Скажыце, калі ласка, Уладзімір Сямёнавіч, ці правільна я запярэчыў яму?..» — «Ну вядома ж… Я не быў бы мастаком, калі пісаў бы голыя агіткі. Мяне сапраўды куды больш хвалюе, што такое чалавек і чаму ён можа мець уладу над іншым чалавекам, чым розныя там канфесійныя праблемы. З-за гэтых праблем у гісторыі майго народа было столькі войнаў, столькі трагедый…» Па-трэцяе, гуманістычная насычанасць твораў. У пошуку і асэнсаванні «слядоў даўно мінуўшых год» тоіцца вялікі чалавекаісны сэнс — і праз гістарычную памяць народа, духоўнае засваенне мінуўшчыны яго творы ўплываюць на свядомасць сённяшняга і наступных пакаленняў, фарміруюць у іх разуменне простай і мудрай ісціны, што наша гісторыя з’яўляецца тым бясцэнным багаццем, без якога не магло б быць нас сённяшніх і не можа быць заўтрашніх. Уваскрасіўшы гістарычнасць нашых вольналюбівых продкаў і абудзіўшы павагу і гонар за іх гістарычныя дзеянні, творы У. Караткевіча знайшлі свайго шматлікага і зацікаўленага чытача і моцна трымаюць яго ў полі свайго прыцягнення. Карацей кажучы, адзначала В. Палтаран, яны прарабілі і надалей будуць рабіць вялікую патрыятычную работу, кандэнсуючы ў нашых сэрцах пачуццё радзімы. Патрэбна таксама адзначыць моцную эмацыянальную насычанасць, маляўнічасць і ёмістасць мовы, дасягнутую актыўным выкарыстаннем вусна-паэтычнага пачатку. У. Караткевіч упершыню «обжил» у сваіх творах у такім шырокім аб’ёме і на высокім літаратурным узроўні матэрыялы хронік, летапісаў, гістарычных дакументаў, старажытную кніжнасць, парафразы біблейскіх тэкстаў, паданні, народныя песні і выслоўі. Пры гэтым фальклорная аснова з кожным новым творам густа «абрастала» фактычным матэрыялам, насычалася гістарычнымі дакументамі, імёнамі рэальных гістарычных асоб, прымаючы выгляд гістарычнай праўдападобнасці. Своеасаблівае гучанне творам надае пільная ўвага пісьменніка да этнаграфіі, звычаяў народа, падрабязнае апісанне гістарычных рэалій і аксесуараў — замкаў, зброі, адзення. Надаючы нечаканыя тлумачэнні і сэнсавыя павароты вядомым словам і словазлучэнням, аўтар выкарыстоўвае іх для стварэння адметных характарыстык герояў і падзей. Пры гэтым, аднак, ён дзейнічае ў суадносінах з патрабаваннямі эстэтычнай меры: калі ён звяртаецца да міфалогіі, гісторыі ці сусветнай мастацкай культуры, то адбірае менавіта тое, без чаго немагчыма ўвасабленне творчай задумы. Нарэшце, адметнасць творчага метаду, у якім непаўторна спалучаюцца рэалістычны і рамантычны пачаткі.

У. Караткевіча, карыстаючыся тэрмінам М. Горкага, можна характарызаваць як тыповага прадстаўніка рэалістычнага рамантызму, у творах якога існуюць напружаны драматызм у сутычках супярэчлівых ідэй і тэндэнцый, яркія характары, выключныя жыццёвыя факты, рамантызаваныя абставіны, узвышаныя эмацыянальныя словы. Пераплеценыя з канкрэтнымі гістарычнымі падзеямі, канкрэтнымі дзеючымі асобамі, яны надаюць творам У. Караткевіча такі праўдзівы, такі рэальны характар.

У сваёй творчасці пісьменнік не толькі даследаваў гістарычныя падзеі, перакідваючы ад іх масткі ў сённяшні дзень. Мастацкаму спасціжэнню складаных праблем чалавечай жыццядзейнасці ў супярэчлівым ХХ стагоддзі ён аддаваў значную долю творчага часу, асэнсоўваючы сучасныя праблемы ў паэтычных і празаічных творах. Галоўнае месца сярод іх адводзіцца Чалавеку, яго сувязям з другімі людзьмі, яго адносінам да дабра і зла, яго разуменню складаных маральна-этычных праблем. Пры гэтым найбольш актыўна У. Караткевічам выкарыстоўваецца баладная форма вершаскладання, якая для паэта не проста малая форма паэтычнага эпасу, а сродак для сінтэзу лірычных, драматычных, эпічных элементаў.

У кожным з паэтычных зборнікаў чытач знаходзіць балады, якія ў У. Караткевіча прымаюць своеасаблівае двухпланавае дзеянне. Найбольш вядомымі сталі «Балада пра смяротнікаў», «Балада пра галубіныя пер’і», «Балада аб арганаўтах», «Балада пра Невядомага, Першага», «Балада пра архангелаў» і інш.

Праверку на чалавечую годнасць лірычны герой У. Караткевіча праходзіць у розных, часам складаных ці нават экстрэмальных умовах — на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі Беларусі («Партызанская балада»), у канцэнтрацыйным лагеры («Балада пра смяротнікаў»), на роднай бацькоўскай зямлі («Дзядзькаў кубак»). Паэт гнеўна выкрывае ўсіх, хто падымае руку на чалавечую годнасць. Не можа быць месца на зямлі тым, што «вяжуць жанчын да танкаў, дзяцей з аўтаматаў б’юць».

Таму сілу свайго паэтычнага майстэрства У. Караткевіч накіроўваў супраць падпальшчыкаў новай вайны. Паэт быў надзвычай чуйны да важнейшых імпульсаў сучаснасці. Розныя сюжэты — ад біблейскіх да атамных — з’яўляюцца водгукам на іх. Напрыклад, у вершах «Апошняя песня Дантэ», «Землятрус» у апакаліптычных відовішчах пекла і сусветнага земляздрыгу ён намаляваў жахлівую карціну, што можа напаткаць чалавецтва ў выніку ядзернай катастрофы, у вершы «Буслы вучаць дзяцей» — векавое імкненне народа да свабоды. Негрыцянскі правадыр кажа дзяўчыне:

«…Калі ж схопіць чужынец мяне і замучыць,
Я памру не героем — рабом памру.
Чараду забяруць з крааляў калючых,
І цябе з сабою яны забяруць.
Я прайду праз лясы, дрыгву і завалы,
Я забуду твой цёплы, смяшлівы рот,
Я на мгнве паспрабую дзіды трываласць:
Ці праб’е яна ворагу прагны жывот».
(І, 81)

Барацьбе за свабоднае існаванне, барацьбе з чалавеканенавісніцкай ідэалогіяй фашызму, сцвярджэнню гуманізму прысвячае У. Караткевіч адзін са сваіх буйных паэтычных твораў — паэму «Слова пра чалавечнасць».

За гуманізм на зямлі трэба змагацца, сцвярджае пісьменнік. Ён павінен быць дзейсны, а не сузіральны. Такім жа дзейсным з’яўляецца для У. Караткевіча і патрыятызм, якім напоўнены вершы з цыкла «Таўрыда», уступны верш «Беларуская песня» да паэтычнага зборніка «Мая Іліяда», вершы «Мокрыя травы», «Гусі-лебедзі ў лугах зялёных», «Матчына душа», «У векавечнай бацькаўшчыне клёны…», «Развітальная песня», «Віно дажджоў», «Старажытны беларус», «Паэма пра явар і каліну», іншыя паэтычныя творы.

Глыбокай павагай да роднага народа, набыткаў нацыянальнай культуры прасякнуты вершы «Скарына пакідае радзіму», «Багдановічу», «Домік Багдановіча», вершы-прысвячэнні калегам па пяру.

Яшчэ некалькі радкоў з верша «Надпіс на камені над крыніцай» з паэтычнага зборніка, прасякнутага глыбока патрыятычнымі пачуццямі, якія ў дадзеным выпадку проста нельга не прывесці:

…У кожнай крапліне жыццё незгасальна звініць.
Душы забітых — аблокі — вітаюць зару.
Дзе мірыяды чужынцаў? — Спытай у слабенькіх
крыніц!
І ў акіяна, якому імя -
Беларусь.
З цемрай, са сталлю, з хлуснёй крывадушнаю йшлі,
Але Зямля, і Вада, і Дабро скаранялі той зброд…
Будуць давеку крыніцы на гэтай зямлі,
Будзе давеку наш мужны і мудры, вялікі народ.
(І, 251)

Як зусім справядліва зазначае адна з даследчыкаў творчасці У. Караткевіча Вольга Шынкарэнка, у эстэтычным крэда мастака спалучаюцца дзве вызначальныя рысы сапраўднай народнасці. «Менавіта: несупыннае сцвярджэнне нацыянальнай самакаштоўнасці Беларусі з неадрыўным ад яго бязмерным клопатам пра еднасць, братэрства ўсяго чалавецтва».

У. Караткевіч узбагаціў сучасную беларускую паэзію новымі ідэямі і тэмамі, прыкметна абнавіў рытміку, пашырыў магчымасці верша, спалучыў яго традыцыйнае разуменне з экспрэсіяй сучаснай паэтыкі, з матывамі сусветнай літаратуры. Рытмічна раскаваны радок у пэўнай ступені стварае пісьменніку дадатковыя магчымасці для выяўлення творчай думкі. Філасафічнасць, інтэлектуальная заглыбленасць, чалавечнасць паэзіі У. Караткевіча, своеасаблівасць яго паэтычнага светаўспрымання, цяга да падкрэсленай метафарычнасці як важнага сродку асэнсавання пераходу ад канкрэтыкі мінуўшчыны да агульначалавечых каштоўнасцей вядуць да стварэння твораў, насычаных яркай і багатай фантазіяй, спалучэннем рэальнага і фантастычнага. Паэтычнае асэнсаванне з’яў і падзей мінулага і сучаснасці пачынаецца з умення вобразна і эмацыянальна паказаць штодзённасць жыцця, прымусіць чытача па-новаму зірнуць на рэчы даўно знаёмыя і звыклыя. Творы пісьменніка насычаны дабрадушным гумарам («Заяц варыць піва»), прасякнуты інтымным пачуццём («Жаданы госць», цыкл вершаў «Калі памірае каханне…» у зборніку «Мая Іліяда»), значнымі філасофскімі абагульненнямі («Фантазія»).

Сведчаннем высокага паэтычнага майстэрства, адметнага творчага мыслення аўтара выступаюць тыя вершы, у якіх У. Караткевіч звяртаецца да вядомых твораў жывапісу, архітэктуры, дойлідства, сюжэтаў антычнай гісторыі. «Дзіва на Нерлі», «Архангельскае», «Трызненне мужыцкага Брэйгеля», «Самсон», «Чурлёніс», «Безгаловая Венера» — кожны з іх вызначае не эстэцтва, а жывое чалавечае пачуццё і значная філасофска-эстэтычная думка. Здзіслаў Нядзеля, успамінаючы аб сваіх сустрэчах з У. Караткевічам у старажытным Кракаве, адзначаў яго апантаную цягу да знаёмства з прыгожым. Яму імпанавала кракаўская архітэктура, асабліва пабудовы ў стылі барока (мастацтва готыкі адштурхоўвала сваёй чужасцю), спектаклі ў кракаўскіх тэатрах (у Старым тэатры Кракава пісьменнік, напрыклад, глядзеў «Каханне і гнеў» па п’есе Джона Осбарна, «Мазепу» Юльяна Славацкага), творы сучаснага кінамастацтва (такія, як амерыканскі фільм жахаў «Землятрус»), мастацкія знаходкі ў археалагічных музеях, творы сучаснага выяўленчага мастацтва. Сярод яго сяброў было шмат творцаў-пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў, дзеячаў тэатра, кіно, навукоўцаў. Сярод апошніх — вядомы русіст з Кракава, прафесар Рычард Лужны, прафесар з Бялграда Стаян Субоцін, перакладчык з Прагі, выдатны знаўца беларускай мовы Вацлаў Жыдліцкі, вядомыя польскія вучоныя прафесар Фларыян Неўважны, славіст Станіслаў Стахоўскі, гісторык мастацтва Тадэвуш Хшаноўскі, тыя ж З. Нядзеля, Г. Крыжанава-Брындзава і інш.

Спрыяе абагачэнню паэтычнага ўспрыняцця і выкарыстанне паэтам дыялектычнага руху літаратурных жанраў, іх сутыкненне і перапляценне. А ўзмацненне ўсяго гэтага актыўным выкарыстаннем тропаў (параўнанняў), разнастайных рэальнасцей, асацыяцый, злучаных паміж сабой з дапамогаю метафар і іншых вобразных сродкаў, робіць паэзію У. Караткевіча эмацыянальна-ўзрушанай і інтэлектуальна-ўражлівай.

Паэтычная творчасць У. Караткевіча, у якой цесна знітаваны ў адзінае цэлае лірыка-паэтычны і эпічна-апавядальны пачаткі, адмысловасць формы і багацце выяўленчых мастацкіх сродкаў, займае адметнае месца ў сучаснай беларускай літаратуры. Яе шматмернасць і значнасць, аптымізм і жыццесцвярджальнасць, па-філасофску глыбокае асэнсаванне асноўных жыццёвых высноў — гэта і працяг класічнай, купалаўскай традыцыі, і наватарскае развіццё яе. Як зазначыў В. Быкаў, з першых вершаў «у асобе маладога аўтара беларуская паэзія набыла тады яркае і самабытнае дараванне, поўнае паэтычнай узнёсласці, смелай метафарычнасці і глыбіні».

У сярэдзіне 70-х гадоў чытачы пазнаёміліся з трэцім паэтычным зборнікам «Мая Іліяда» (1969). Праўда, гэты перыяд характэрны напружанай працай у іншых мастацкіх жанрах. А што ж паэзія, з якой фактычна і нарадзіўся У. Караткевіч як творца? Больш пераканальна даў адказ на такое пытанне сам аўтар. «Вершы я не пакідаю пісаць і цяпер, — гаварыў ён у інтэрв’ю газеце „Чырвоная змена“, — хоць аддаю гэтаму менш часу. Але выданне яшчэ аднаго-двух зборнікаў лічу магчымым». І як сведчанне — кніга паэзіі «Быў. Ёсць. Буду», з якой чытач пазнаёміўся ў 1986 годзе, але, на жаль, ужо пасля смерці У. Караткевіча. «Паэзія Уладзіміра Караткевіча, — пісаў Я. Сіпакоў, — нічога не страціла з той маладой пары, з той першай публікацыі ў „Полымі“, з той першай юнацкай кніжкі „Матчына душа“ — яна засталася такой жа зычліваю, шчыраю, захопленаю жыццём (памятаеце: „закаханы ў кожную мушку“?). Нават даўні яго „абдуванчык“, які запомніўся з першых вершаў, захаваўся ў ёй і тут, у апошняй кнізе, побач з такімі неспадзяванымі словамі, як „устаткаваны“, „брохнула“, „стагны“. Але амаль за трыццаць год нялёгкага шляху паэта ў літаратуры яна і набыла вельмі шмат — глыбіню і шырыню, яснае ўсведамленне свайго абавязку, мэты жыцця і творчасці. …вельмі да месца прыйшліся тут вершы і паэмы ранейшага Караткевіча, узятыя з рамана „Нельга забыць“ (творчасць Андрэя Грынкевіча) — яны не толькі не аказаліся чужароднымі гэтай новай кнізе, а, наадварот, пацвердзілі яе адзінства і цэласнасць, пашырылі яе тэматычна, яшчэ раз пераканалі нас у думцы, што паэт заўсёды, ва ўсе перыяды свайго жыцця толькі сур’ёзна і толькі стала адносіўся да любой творчасці».

Дарэчы будзе спаслацца на М. Яраша, які асаблівасці паэта У. Караткевіча бачыў «у яго нястомным імкненні да шматграннасці, у зайздросным уменні пераўвасабляцца, у неспакойным жаданні перадаць у вершы, у цыкле рух гісторыі, спалучыць вобразы і рытмы розных эпох, адчуць галасы мінулага, што зусім натуральна ўліваюцца ў сённяшнюю песню нейкім арганічным струменем».

Актуальныя маральна-этычныя праблемы сучаснасці даследаваў пісьменнік і ў шэрагу празаічных твораў. Шырокую папулярнасць у чытача атрымалі раман «Нельга забыць» (у шэрагу зарубежных выдавецтваў ён выходзіў пад назвай «Леаніды не вернуцца да Зямлі») і аповесці «Лісце каштанаў», «У снягах драмае вясна», «Чазенія», апавяданні «У шалашы», «Карней — мышыная смерць», «Блакіт і золата дня», «Ідылія ў духу Вато», «Былі ў мяне мядзведзі», «Барвяны шчыт», «Вока тайфуна», дарожныя нарысы, замалёўкі пра жыццё і побыт беларусаў, украінцаў, латышоў, іншых народаў нашай краіны. «Валодзя ўваходзіў у кожную хату, — адзначае Р. Барадулін, — як свята, як багатая каляда, як Вялікадне. А наогул ён заўсёды… уяўляецца навальнічнай хмарай, якая, цяжарная вобразамі і залатымі ліўнямі, ападае на паперу: вершамі, апавяданнямі, аповесцямі».

Мастацкае даследаванне гісторыі і сучаснасці ў іх супярэчлівым развіцці У. Караткевіч у першую чаргу рабіў на матэрыяле роднай Белай Русі, што ўзгадавала і вырасціла яго. Дала, як выказаўся хтосьці з паэтаў, «залатую падаплёку крылаў маладому, звонкаму шпаку». Да месца адзначыць і такую акалічнасць, як шырокае выкарыстанне гістарычных рэалій роднага Падняпроўскага краю. У празаічных творах У. Караткевіча можна прачытаць аб «ёлупе хвашчоўскім», «куцеянскіх старцах», «аршанскім агні», абразах «Божай Маці Куцеянскай» і інш. У рамане «Каласы пад сярпом тваім» пісьменнік выкарыстаў сапраўдную гісторыю з жыцця князя Ксаверыя Любамірскага з Дуброўны, а ў аповесці «Сівая легенда» амаль даслоўна працытаваў «Устаўную каралеўскую грамату аб павіннасцях мяшчан аршанскіх», напісаную 2 лістапада 1593 г.

Праз «времен связующую нить» ён імкнецца спасцігнуць рух гісторыі, у гістарычным шляху свайго народа знайсці ключы для больш глыбокага асэнсавання сучаснасці. Вопыт У. Караткевіча пераканальна сведчыць, што меў рацыю вядомы рэжысёр дакументальнага кіно Ёрыс Івенс, калі характарызаваў дыялектыку мінулага і сучаснасці ў мастацкай творчасці наступным чынам: «Сапраўдныя творы мастацтва, якія заснаваны на матэрыяле аб мінулым, не толькі абуджаюць памяць, іх мэта — перш за ўсё прымусіць убачыць свет, народ у адпаведнасці з гісторыяй, з сучаснасцю».

Сёння з упэўненасцю можна зрабіць вывад, што філасофска-эстэтычная канцэпцыя творчасці У. Караткевіча поўнасцю вызначаецца дыялектыка-матэрыялістычным падыходам да асэнсавання гістарычнага працэсу, ролі і месца ў ім Чалавека і мастацтва. Галоўныя прынцыпы творчага метаду пісьменніка, у якасці філасофскага фундаменту, на наш погляд, маюць, па-першае, пераемнасць у гістарычным развіцці, непарыўную сувязь падзей мінулага з сучасным і будучым; па-другое, узаемапранікненне адной з’явы ў другую, іх дыялектычную сувязь, якая абумоўлівае цэласнасць мастацкага ўспрымання розных часавых і прасторавых характарыстык; па-трэцяе, непарыўнасць шляхоў героя і народа, навуковае разуменне ўзаемаадносін асобы і грамадства; па-чацвёртае, духоўную пераемнасць пакаленняў, вызначальны ўплыў мастацкай культуры мінулага на сучаснае развіццё літаратуры і мастацтва. Нарэшце, яшчэ адна і, напэўна, галоўная асаблівасць. Гэта тое, што вызначальным пачаткам у творчасці У. Караткевіча выступае Чалавек з усёй шматпланавасцю яго ўзаемаадносін з прыродай, грамадствам і іншымі людзьмі.

І яшчэ таму, што сам ён быў не толькі Вялікі Творца. Ён перш за ўсё быў Чалавекам, які жыў сярод людзей, заўсёды цягнуўся да іх, вельмі і не вельмі любіў іх, разумеў і падзяляў людскія боль і радасць. Яму, «як простаму смяротнаму», былі ўласцівы ўсе адценні чалавечай псіхалогіі — ад шчырасці, адкрытай павагі і мяккасці да пагарды і непавагі, ад дзівоцкіх учынкаў і безагляднасці натуры да крытычнай самаацэнкі дзеянняў і паводзін, ад хвіліннай разгубленасці да аптымістычнага ўзлёту. Сябры і таварышы па пяру так выказваюцца аб Караткевічу-Таварышу, Караткевічу-Сябру, Караткевічу-Чалавеку.

Генадзь Кісялёў: «Быў ён тады ў самай лепшай форме і здаваўся проста нейкім цудам. Маладосць, шчырасць, дружбацкасць, эрудыцыя, тактоўнасць. Ужо не кажу пра нейкую асаблівую беларускую мяккасць. І пры ўсім тым — паэт, аўтар цудоўных вершаў, якія ён ахвотна чытаў у кампаніі. Манера яго чытання падкупляла. У манеры гэтай не было ніякіх знешніх эфектаў. Ён не шаманстваваў, як некаторыя іншыя паэты, а чытаў тактоўна, нягучна і ўсё ж як найлепей даносіў свой твор да слухача. …Адбываўся цуд яднання людзей. І зноў… дасціпнасць, тактоўнасць, вытанчаная галантнасць».

Пётр Драчоў: «У Караткевіча быў неверагодна магнетычны характар: ён прыцягваў да сябе ўсіх, хто сустракаўся на ягоным шляху. Ён быў вельмі добразычлівы, мяккі да ўсіх, каго любіў і цаніў, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці, прафесіі, узросту. Нам, ягоным сябрам і таварышам, у гэтых адносінах ён выкладаў урокі рэдкакаштоўнай чалавечнасці і павагі адзін да аднаго. …Дарэчы, Валодзя быў такі гасцінны гаспадар, якіх я не сустракаў дагэтуль. У сябе ў хаце, у Мінску, ён умеў рабіць літаральна ўсё: па нейкіх старажытных рэцэптах марынаваў, ставіў капусту, гатаваў наліўкі і зёлкі».

Алена Васілевіч: «З мужчынамі ж, часам нават і з вельмі блізкім сябрам, калі той не надта далікатна наступаў на любы яго мазоль і закранаў яго самалюбства, ён рабіўся раптам ганарысты і пагардлівы, як пыхлівы пан ці старадаўні шляхціц. («Гэта вы хочаце павучаць мяне добраму тону?..» — і абавязкова з блізкага сяброўскага «ты» пераходзіў на пагардлівае «Вы».).

Барыс Фіршэйн: «Пачуццё гумару ў Караткевіча было наогул вельмі развітае і, думаецца, было неад’емнай часткай яго жыццялюбнага характару. Характару, якому ў вялікай ступені была ўласціва незалежнасць. Колькі помніцца, ён ніколі не займаў ніякіх пасад і не меў „партфеляў“, увесь свой час ён аддаваў чалавеказнаўству — вывучэнню людзей, жыцця, служэнню яе вялікасці Літаратуры».

На наш погляд, меў рацыю Р. Барадулін, калі загадку, творчы феномен У. Караткевіча ён параўнаў з загадкай бурштыну. Колькі стагоддзяў жывіцы беларускага духу, беларускага клёку, беларускага слова трэба было згушчацца ў самы цёплы і самы светлы камень, каб пасля сагрэць сталыя руіны нашае гісторыі, каб асветліць ноч нашага падняволення, які цяжар і ціск давялося вытрымаць жывіцы беларускай жывучасці, каб стаць самым лёгкім каменем, які хочацца на сэрцы насіць, бо ён гоіць душу. Мы маем наскі, беларускі бурштын. Ён з беларускай жывіцы, з беларускага сонца. Ён трымае ўсмешку нашага сонца. У нас свой духоўны бурштын — Уладзімір Караткевіч, талісманны камень крывіцкай душы.

Творчасць У. Караткевіча — гэта «не выпадковасць, а заканамернасць, абумоўленая заканамернасцямі развіцця самой літаратуры» (А. Мальдзіс); гэта сама грамадзянскасць у дзеянні, актыўнае і ваяўнічае непрыманне ўсякага зла, якія б абліччы яно ні прымала, падзвіжніцтва ў імя ідэалу гуманізму, дабра і справядлівасці; гэта вера ў адраджэнне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў; гэта гімн жыццю, звычайнаму, штодзённаму, супярэчліваму, шчырасці, прастаце, жыццярадаснасці, паэтычнасці простых беларускіх людзей. Яна мае шырокае кола прыхільнікаў, колькасць якіх пастаянна расце. З другога боку, усенародная любоў аказвала значны ўплыў на пазіцыю і мірапогляд пісьменніка. У гэтым сэнсе заслугоўвае ўвагі прамова У. Караткевіча на юбілейным вечары ў гонар яго 50-годдзя і ўзнагароджання ордэнам Дружбы народаў: «…няўжо вы думаеце, што я быў бы чагосьці варты без вас, якія сышліся сюды з большай ці меншай там кожны дозай сімпатыі да мяне. Мабыць, нічога не быў бы варты без вас, дарагія. Без зямлі беларускай вялікай, без вялікага беларускага народа, без вялікай беларускай мовы. І таму дзякую вам за тое, што вы ёсць. Дзякуй зямлі беларускай за тое, што я еў яе хлеб чорны, піў смачную ваду, дыхаў яе паветрам. Паціскаў самыя верныя на свеце мужчынскія рукі ў дружбе — рукі нашых мужчын. І зрэдку шанцавала і мне цалаваць рукі самых мілых істот на свеце — нашых жанчын. Дзякуй вам, людзі!»

Сведчаннем грамадскага прызнання творчасці У. Караткевіча сталі ўзнагароджанне яго ордэнам Дружбы народаў, прысуджэнне Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа.

Спавядальна гучаць словы галоўнага героя рамана «Чорны замак Альшанскі» Антона Косміча: «Ведаю толькі адно. Пастараюся пражыць жыццё, рэшту яго, спаўна. Як у гэтыя дні. Аддаць сябе поўнасцю братам. І тады я пайду на спатканне з богам, калі ён у мяне ёсць, сваімі нагамі і простай хадой. Не паўзучы. Не згібаючы нават каленяў. І не буду маліць у яго, як не маліў ні ў каго пры жыцці. І я скажу адкрыта: «Я адрабіў спаўна і па сваёй ахвоце сваю катаргу на зямлі. Я зрабіў нават болей таго, што мог. І не для сябе, а дзеля іх, дзеля гэтага акіяна, народа майго» (VІІ, 562). Гэта і роздум пісьменніка аб пражытым і перажытым, і асэнсаванне пройдзенага шляху, і своеасаблівая споведзь перад нашчадкамі, якая дазваляе і заклікае іх прадоўжыць справу Адраджэння нацыянальнай годнасці, свядомасці, культуры.

У прадмове да пасмяротнага зборніка вершаў «Быў. Ёсць. Буду» Р. Барадулін падкрэсліў: «Любая літаратура можа сказаць, што яна багатая і сталая, калі мае свайго Уладзіміра Караткевіча. Ты пісаў, як дыхаў. Сваім асабістым прыкладам творцы паказаў узор служэння Радзіме, Народу, Мове. Далёкі ад марнай сумятні, ад дробязных страсцей, з кнігай і шчодрым сэрцам прыйшоў Ты на свет, каб пакінуць свету кнігі свае па-беларуску шчырыя і па-караткевічаўску рамантычна-незамутненыя, ранішнія. Кнігі Твае чыталіся, чытаюцца і будуць чытацца, бо яны напісаны як бы навырост. Тыя, хто прыйдуць на зямлю ўслед за намі, будуць зайздросціць нам як Тваім сучаснікам, Тваім першачытачам.

Ты стварыў у літаратуры нашую гісторыю, стварыў нанова нашае мінулае. З Тваёй лёгкай рукі вякі загаварылі з намі як добрыя субяседнікі, цікава і даходліва».

Ёсць усе падставы, каб зрабіць наступны вывад: насычаная рамантычнымі вобразамі і дакладнымі гістарычнымі карцінамі, абагачаная дыялектычнай еднасцю Дабра і Прыгажосці, апяваючая гісторыю і народ Зямлі пад белымі крыламі, творчасць У. Караткевіча сведчыць сучасніку аб тым, што задуманае ім (хоць і не ўсё!) на пачатку творчага шляху здзейснілася:

Цяжкі крыж, але вельмі пачэсны,
Пераліць на свае аркушы
Казку мудрую, простую песню,
Кветку матчынай чыстай душы.
(І, 53)

Як філосаф і пісьменнік, чалавек з асабістым бачаннем гістарычных падзей (я так мяркую!), ён зразумеў бы і сённяшнюю сітуацыю на Белай Русі. І, напэўна, заклікаў бы нас да аднаго, да таго, што сам рабіў усё жыццё: «Працаваць, працаваць і працаваць дзеля Беларусі», але «рабіць сваю справу чыстымі рукамі, з адкрытым забралам, як сапраўдныя рыцары Адраджэння».

Ёсць шмат твораў, прысвечаных У. Караткевічу, што напісаны і вядомымі, і больш маладымі аўтарамі. Да месца будзе закончыць гэты раздзел якраз вершам больш маладога Караткевічавага землячка — віцебскага паэта Алега Салтука:

Над Ушаччынай жнівень стаяў,
Адвячоркавы — росны
і свежы.
Ты сказаў:
— Вось. Рыгор напісаў:
«Праз мяне прарасла Белавежа…»
Змоўк.
Чупрыну шукала рука.
Ведаў ты, ды такое штосьці,
Нібы сам быў равеснік вякам
І травінцы на кожным пагосце…
Нылі недзе няўлоўна званы,
Можа, ў Віцебску, можа, ў Гародні,
Ведаў ты, як пражыць
без маны,
І адкуль, і якога ты роду.
Каласы ўжо чакалі сярпоў.
Незабыўны то час,
незваротны.
Ты памёр? Не — дадому
прыйшоў,
Задуменны, шчаслівы,
гаротны.
Ты ляжыш пасярод зямлі.
І вярба, і чазенія ў скрусе.
БЫЎ. ЁСЦЬ. БУДУ.
Не будзеш калі -
Значыць, Бог уцячэ
з Беларусі.