Лебедзь
Ў старажытным парку графскім,
Над цяністаю затокай
Лебедзь чорны ў дрэме плача
Аб Аўстраліі далёкай.
Тут спакой, любоў і радасць,
Сонца ззяе ў добрым небе.
Што ж табе ў тым дальнім краі?
Што ты ўспомінў, дэман-лебедзь?
Эўкаліптаў лёгкіх пер’е?
Дынга? Лёт бяроз прыгожых?
Стой… Якія ж там бярозкі?!
Тфу ты… пане ты мой божа!
Але ты, няўцешны, плачаш,
Бо далёка рай твой мілы,
Эўкаліпты… і асіны…
І асіны на магілах.
Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 7, с.15, з паметай: май — 20 кастрычніка, Алупка — Мінск [1968 г.?]; аўтограф — Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 4, с. 60, з прысвяч. Івану Бурсаву.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 196.