О, якое цёплае, цёплае, цёплае мора

О, якое цёплае, цёплае, цёплае мора.
Як драбіцца ў ім сонца — Зевесаў распалены шчыт.
О, як добра руцэ на тваім перагрэтым і чорным,
На апырсканым кроплямі мора, салоным плячы.
Ў такт нячутнаму спеву самкнёныя вусны
смяюцца і плачуць.
Вочы змежаны. Веі дрыжаць у салодкай журбе.
Так шчаслівая яшчарка дрэмле на камні гарачым…
Добра табе?

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.16 [1968 г.?].
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 197.

Яндекс.Метрика