Дзве вады
Шум горных ручаін за вокнамі маімі
І мора мерны шум. Накатваюць валы.
Салёны Понт не хоча водаў Крыма
І гоніць іх назад да скал, вяршынь, імглы.
А ўсё ж бяжыць крышталь да пенных хваль салёныx
І ломіць іх, хаця ўстаюць сцяной, —
Няма цяплей, радней марскога лона,
Які б там гнеў ні строіла яно.
І ведай, як бы ты ні прагнула адрынуць
І як бы ні была ты халадней ільда, —
Сальёмся мы з табой у вечным і адзіным,
Крыштальная вада і сіняя вада.
Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.23, з паметай: 29 сакавіка 67 г.., Ялта.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 200.